Читать книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам - Страница 5

Насця
Аповесць
4

Оглавление

– Насця! – паклікаў я дзяўчыну, але яна не адгукалася, зачыніўшыся ў ваннай. Верагодна, пакрыўдзілася, але я не адчуваў за сабой ніякай віны. – Насця! – зноў паклікаў я. Аднак дзяўчына маўчала. Я закурыў. Дым прыемна затуманіў мазгі, якія ўжо заплеснелі бескарыснымі думкамі. Дзверы ваннай адчыніліся. Насця грацыёзнай хадою кошкі падалася да мяне. Матава-бледны твар яе захоўваў непарушны спакой, нібыта нічога не здарылася, але кава вачэй здалася мне такой халоднай, гатовай выплеснуцца і замарозіць у імгненне ўсё жывое. Яна вырвала з маіх губ цыгарэту і зламала яе сутаргавым рухам пальцаў у попельніцы. Незатушаны цалкам попел разгарэўся зноў і задыміў. Дым падымаўся ўгару, як ад кубачка кавы – пара, толькі вось ад той кавы, якая мне падабалася, сыходзіў далёка не пахучы парочак. Насця, відаць, пачула, як я валэндаўся з запалкамі, таму і вызвалілася дачасна з добраахвотнага пастарунка. У мяне склалася ўражанне, што дзяўчына прыняла блізка да сэрца маю хваробу, бліжэй, чым я сам. Нашы позіркі, што сустрэліся, нібы два мячы ў бойцы, застылі ва ўпартай рашучасці і асабістай праваце, моцна самкнёныя вусны пакуль адмаўляліся ад ролі пасрэднікаў.

Насця першаю апусціла вочы, якія адразу пацяплелі, і я прыкмеціў ледзь заўважны, як ад цыгарэты, дымок.

– Табе нельга курыць, – стомлена прамовіла яна і села побач, узяла маю галаву ў свае цёплыя рукі з доўгімі нервовымі пальцамі.

– Я ведаю, – згадзіўся я, абняўшы Насціны рукі сваімі, з жоўтымі ад цыгарэт пальцамі.

– Тады навошта?..

– Зразумей, што хутка, ні з таго ні з сяго, нічога не робіцца, – патлумачыў я. – Як бы я не хацеў, вось так адразу ніколі б не кінуў курыць. Ды й навошта? Як ні банальна гучыць фраза, што Адам без цыгарэты – не Адам, – гэта праўда.

– Гэта глупства.

– Магчыма. Толькі іначай не атрымаецца. І хопіць пра гэта. Я не збіраюся пакуль на той свет. Куды ты знікла раніцай ды яшчэ ў маёй кашулі?..

Насця гладзіла мае валасы і не спяшалася з адказам. Мажліва, яна яго сачыняла, толькі я не хацеў чакаць, пакуль той адказ сфармулюецца ў звязны тэкст. Я вызваліўся з Насціных пяшчотных рук і падняўся з канапы…

Учорашнія Насціны намаганні разбіліся, бы аб сцяну гарох. Яна хацела ведаць пра мяне ўсё, толькі ўсё пра сябе не ведаў нават я сам.

– Навошта табе мая біяграфія? – пытаўся ў яе. – Няўжо нешта з гэтага зменіцца ў свеце? Стабілізацыя эканомікі ці ўсе народы раптам спыняць войны, зразумеўшы, што на працягу двух тысяч гадоў займаліся глупствам, і палюбяць адзін аднаго навечна? Не.

– Я пра цябе зусім нічога не ведаю, – цягнула сваё Насця, – акрамя самага горшага.

– Тым лепш, – падсумаваў я. – У цябе ёсць магчымасць да гэтага горшага лепшае прыдумаць. Мы можам фантазіраваць разам.

– Баюся, у мяне не атрымаецца, – прызналася Насця. – Калі я пачну фантазіраваць, – не хопіць часу, каб усё некаму выслухаць, калі я буду распавядаць, ні паперы, калі нешта запісваць.

– Затое ты паб’еш рэкорд Томаса Вулфа.

– Зараз так ніхто не піша. На тоўстыя кнігі няма ні грошай, ні часу, каб іх купляць і чытаць.

– А ты запісвай на касету. І ніякіх праблем. На касету ці на дыск можна запісваць бясконца.

– Мяне палічуць вар’яткай і ўпякуць у Навінкі, – усміхнулася Насця.

– Я цябе буду наведваць па выхадных.

– Сумняюся.

– Чаму? – не зразумеў я. – Не такі я ўжо і дрэнны чалавек…

– Не з гэтай прычыны. – Насця таямніча прымружыла вочы. – Месца ў Навінках хопіць і для цябе. Нашы палаты будуць знаходзіцца насупраць.

– Не, – запярэчыў я. – Мяне ў вар’яты ты не запісвай. Я-то пры чым?

– А пры тым, што людзі, якія праслухаюць хаця б частку майго трызнення, запісанага на касету ці на дыск, зацікавяцца асобай, пра якую я распавядала, і будуць шукаць і пытацца адзін у аднаго, што ж гэта за чалавек такі з нестандартнымі паводзінамі і філасофіяй жыцця? Запросяць дасье з усіх устаноў, дабяруцца да інтэрнэту і вылічаць, што чалавек гэты – Адам, беларускі пісьменнік, якога толькі за адзін род дзейнасці неабходна ізаляваць ад грамадства, пакуль яно не захварэла на тую ж хваробу, што і вышэй названы чалавек. Яны пазвоняць у дзверы тваёй кватэры, ты не адчыніш, таму што будзеш заняты… За адзін толькі твой занятак яны без размоў апрануць на цябе смірыцельную кашулю і як самага буйнага вар’ята павязуць у машыне з закратаванымі вокнамі пад эскортам пяці велізарных медбратоў.

Я з цікавасцю выслухаў Насціну гіпотэзу, але дазволіў сабе заўважыць, што яны ніколі не дазнаюцца аб тым, што я беларускі пісьменнік, таму што ў мяне няма ніводнай кніжкі, а часопісы такія людзі не чытаюць.

– Ты забываеш, што я назвала інтэрнэт, – абяззброіла мяне Насця, але я не здаваўся і сказаў: нават калі яны даведаюцца, што я беларускі пісьменнік, каму яны больш павераць? Беларускаму пісьменніку ці голасу на касеце або дыску, што належыць невядома каму? На самай справе, на голасе ж не напісана, хто яго ўладальнік, да таго ж я буду абараняцца…

– Ты не зможаш і пальцам паварушыць, – зноў «апусціла» мяне Насця, – таму што на табе будзе смірыцельная кашуля.

– Дык што? – проста, каб штосьці сказаць, бо слоў я ўжо не знаходзіў, нібыта яны закаціліся, як капейкі, пад ложак да самай сценкі, дзе шмат павуціння і павукоў, сказаў я.

– А тое, што палаты нашыя будуць насупраць, – нібы прысуд, вынесены суддзёю, прамовіла Насця, – будзь упэўнены. А калі сур’ёзна, – прамовіла пасля, – можаш мне нічога не распавядаць, я ўсё адно дазнаюся.

– Якім чынам? – мне ўсё ж такі было цікава, асабліва тое, як яна здолела трапіць у маю кватэру, не маючы ад яе ключоў і не ведаючы, дзе я жыву? За сябе я не мог адказваць. Раней ці пазней я выбалбатаў бы ўсё пра сябе, толькі слухай, але не зараз, калі ўсё так ненадзейна і туманна, бы ў адкрытым акіяне, а на табе толькі выратавальны круг і колцамі вакол – акулы.

– Табе скажы! – усміхнулася Насця. – Калі-небудзь сам даведаешся.

– Калі-небудзь – гэта калі?

– Калі-небудзь.

Мы ляжалі ў адным ложку, на адной падушцы, укрытыя адной коўдрай, пры святле вісячай лямпы, толькі займаліся не адным. Насця выводзіла нейкія ўзоры на тварах Ван Дама і Бандэраса (таксама, як і халацік, пакінутых сястрой на сценах) указальным пальчыкам. Магчыма, малявала ім вусы або бароды, або і першае, і другое разам, а магчыма, пацалункі, сляды ад памады мностваў прыхільніц. Я, лежачы на жываце і ўтыркнуўшыся тварам у падушку, нібы ў пясок, глытаў сліну і час ад часу шморгаў носам, дзейнічаючы тым самым на нервы Насці, але нічога змяніць не мог. Прастуда не выбірае час і не пытаецца, калі ёй можна прыйсці ў госці. Як вайна, яна ўрываецца ў жыццё і здароўе чалавека неспадзявана і імгненна.

– У цябе было шмат жанчын? – раптам спытала Насця.

– Шмат, – не задумваючыся, адказаў я.

– Я ведала, што менавіта такім і будзе твой адказ, – задаволена ўсміхнулася Насця. – І з усімі ты спаў? – спыталася.

– Ні з адной, – зноў не задумваючыся, адказаў я.

– Гэта як? – відаць, мой адказ здзівіў яе. Насця павярнулася тварам да мяне, і зараз мы дыхалі адно адному ў твар, удыхаючы пах кожнага асабіста, ад чаго кружылася галава і хацелася большага, чым проста ляжаць і займацца абы чым, толькі не тым, чаго абое жадаем з нечуванай прагай, але не можам сабе дазволіць вольнасці. Не можам разняволіцца і адпусціць тармазы, бы ў аўтамабілі, адначасова, як у матацыкле, завёўшы матор, выціснуць на счапленні ўсё мажлівае.

– Мяне з кожнай хапала толькі на некалькі дзён, – тлумачыў я. – Мы не паспявалі дабегчы ці дабрысці да ложка. Я іх выкарыстоўваў як удзячных слухачак, рэкламуючы самога сябе, упіваючыся ўвагай да сябе такіх прыгожых дзяўчат, на якіх заўсёды азіраюцца міма праходзячыя хлопцы і зайздросна думаюць: «Во пашэнціла казлу…» Калі мой запал высыхаў, як крыніца, мне ўжо нецікава было з той, каму я ўсё распавёў, ды й не было аб чым з ёю больш гаварыць, я пераносіў свой позірк на іншую, і паўтаралася тая ж карціна.

– А яны не біліся паміж сабой?

– Не, дзякаваць богу.

– Ты хочаш сказаць, што мне пашанцавала? У наш век знайшла адзінага на ўвесь свет дарослага чыстага чалавека?!

Колькі часу мы глядзелі адно адному ў вочы. Насця не верыла мне, а паверыць у праўду мною сказаных слоў ёй вельмі хацелася, як хацелася ўведаць, што ў маіх думках, ці сапраўды я адношуся да яе з пяшчотай і каханнем, ці прытвараюся. Я не баяўся ейнага позірку, не баяўся патануць у топкай багне разлітых кавай вачэй, таму што, як ніколі ні з кім, з ёю быў шчырым. Я казаў праўду, што здаралася вельмі рэдка. Ды я і не маніў ніколі, проста праўду трэба было шукаць на задворках і завулках слоўных вуліц і кварталаў. Насця паверыла, спадзяюся, бо сказала, што ГЭТА менавіта і хацела пачуць ад мяне, хоць штосьці праясніла для сябе. А мне чамусьці нясцерпна захацелася есці; галодныя спазмы страўніка выконвалі ледзь не сімфонію Шастаковіча, патрабуючы ежы, толькі дома ў мяне нічога не было. Апошнюю тушонку мы з Насцяй даелі перад тым, як я прыняў лекі, і пасля таго, як пакурыў. Я адчуваў сябе так, быццам, калі чаго-небудзь не з’ем у бліжэйшы час, – памру. Пра сваю бяду я распавёў Насці.

– Есці сярод ночы? – здзівілася яна. – А ты не можаш патрываць да раніцы?

– Не магу. Арганізм патрабуе, не чуеш?

Быццам у доказ, у страўніку пачуўся паланэз Агінскага, прычым Насця пагадзілася, што гэта быў менавіта паланэз і менавіта Агінскага.

– У мяне дома ёсць макароны, – прамовіла яна. – Калі хочаш, можам паехаць.

– А бацькі? – спытаў я. Зрэшты, бацькі мяне не хвалявалі, я проста так спытаў, дзеля прыліку, таму што згадзіўся ехаць з першых яе слоў. Ды Насця запэўніла мяне, што бацькі ў камандзіроўцы і прыедуць толькі ў нядзелю, а Торы – у Варанкова, да таго ж у іх хутка вяселле.

Апранаючыся, я зноў спытаў Насцю пра тое, што мяне турбавала, у прыватнасці, ці ёсць у яе сала?

– Знойдзем, – запэўніла яна.

Апрануўшыся, абуўшыся, я здзіўлена пазіраў на Насцю, якая сядзела на ложку, хутаючыся ў халацік, і ціха смяялася.

– Што такое? – не зразумеў я.

– Ты падумаў, на чым мы паедзем? Я не надта блізка жыву, каб датопаць на сваіх дзвюх, – прамовіла Насця.

– На тралейбусе, вядома. – Я зусім забыўся, што зараз ноч і нёс нейкую бязглуздзіцу, а Насця не пераставала смяяцца. Мяне, як мне здавалася, ейны беспрычынны смех раздражняў.

– Чаго ты смяешся? – пытаўся я. – Давай разам пасмяемся…

– Тралейбус ажно да пад’езда падкоціць, містар Адам? – працягваючы смяяцца, сказала дзяўчына.

Тады я дапяў прычыну ейнага смеху і ўсміхнуўся сам.

– Трэба выклікаць таксоўку, – прамовіў я. – Толькі грошай у мяне няма.

– Твае праблемы, – усё яшчэ смяялася Насця. – Ды я жартую, – прамовіла пасля, – выклікай.

Насця зноў апранула маю кашулю і мае джынсы, таму што ў ласінах, у якіх прыехала да мяне, па такім надвор’і можна памарозіць усё, што заўгодна. І заміж ейнай куртачкі я даў ёй сваю скуранку, сам апрануў плашч. Насця яшчэ начапіла маю бейсболку і шакіравала сваім выглядам таксіста, але варта ёй было толькі ўсміхнуцца, як таксіст – сталых гадоў сіваваты мужчына з жывоцікам ад ужывання піва – таксама расплыўся ва ўсмешцы, паказаўшы свае рэдкія жоўтыя пракураныя зубы.

Мы забраліся на задняе сядзенне, а таксіст наўмысна для нас уключыў радыё, па якім якраз спявала Анжаліка Варум. Насця пачала падпяваць спявачцы ў прыпеве. Таксіст прыглядаўся да Насці і прыслухоўваўся, пасля абярнуўся да нас, тым самым ледзь не перакуліўшы машыну ў кювет, таму што прызнаў у Насці вядомую спявачку.

– Вы – гэта… вы? – здзіўлена спытаў таксіст, пераводзячы позірк і тоўсты ўказальны палец з абгрызеным пазногцем з Насці на прыёмнік. Насця толькі згодна хістала галавой.

– А як жа Лёнік? – зноў запытаў ён, утаропіўшыся ў мяне. – Хаця… маўчу-маўчу. Справа маладая…

Усю далейшую дарогу ён не закрываў рота і ўсё паўтараў, што заўтра раскажа таварышам, як вёз вядомую зорку расейскай эстрады, і ніводзін не паверыць. Каб паверылі, Насця з задавальненнем дала яму аўтограф і нават напісала колькі слоў у ягоным нататніку, калі мы прыехалі.

– Эх, Лёнік, Лёнік… – чулі мы, падыходзячы ўжо да дзвярэй пад’езда Насцінага дома. – Лёс у нас такі…

Апошнія словы заглушыў заведзены матор машыны. Мы, апынуўшыся за дзвярыма пад’езда ля выкліканага ліфта, далі волю смеху, які разбіраў нас яшчэ ў машыне. Насця хапалася за жывот і, сагнуўшыся, хадзіла туды-сюды каля ліфта, я, прыхіліўшыся да сценкі, аб’ехаў па ёй уніз, на кукішкі, і закашляўся ад смеху.

Смех смехам, але я хацеў есці. Мы не вінаватыя, што таксіст палічыў Насцю за Анжаліку Варум, а мяне – за шчаслівага суперніка Агуціна. Насця не вінаватая ў тым, што падобна на спявачку, я не вінаваты ў тым, што не падобны на Агуціна. Ва ўсім вінаваты мой страўнік, які зараз выконваў мелодыю песні «Февраль», якую спяваюць Агуцін з Варум, і ліфт, які, як высветлілася, не працаваў, і нам давялося пешшу ўзыходзіць на пяты паверх.

Як толькі мы зайшлі ў кватэру, Насця запіхнула мяне, як кнігу ў шафу, на кухню, забараніўшы пад страхам смерці выходзіць, асабліва заходзіць у ейны пакой. Праўда, я нікуды і не збіраўся выходзіць з кухні. Знайшоў невялікую каструльку, наліў у яе вады з-пад крана і паставіў на газ; сеў на зэдлік каля акна, крыху адсунуўшы стол, каб пралезлі ногі, і стаў чакаць, пакуль вада закіпіць і Насцю з макаронамі.

Нібы красуня з галівудскага блакбастара, у адной белай камбінацыі, што аблеплівала цела, быццам гумай, Насця з’явілася ў калідоры, які вёў як на кухню, так і ва ўсе пакоі (іх было тры). Камбінацыя ледзьве закрывала клубы і давала магчымасць насалодзіцца выглядам пругкіх апельсінавых грудак.

Насця села насупраць, паклала локці на стол, паглядзела на мяне, потым дастала з палічкі нада мной нейкі нумар «Плэйбоя», разгарнула на патрэбнай старонцы і падсунула бліжэй да мяне, каб я ўважліва разгледзеў тое, што там было адлюстравана.

– Ты можаш паўтарыць часопісную рэальнасць прама зараз, – таямніча прашаптала яна.

– Ведаеш, я як-небудзь пасля, – прамовіў я, уволю нагледзеўшыся на вэрхал у часопісе з каляровымі фотаздымкамі.

– Як хочаш, – так жа таямніча адказала яна і паклала часопіс на месца.

Закіпела вада. Я ўсыпаў макароны з пакеціка, што падала мне Насця, размяшаў іх і пасаліў.

– Я заўважыла, ты любіш шаўковыя рэчы, – прамовіла Насця. Яна сядзела насупраць мяне, не змяняючы паставы.

– І што з таго? Выкшталцонасць падабаецца не толькі дамам. А я ўсё жыццё марыў спаць на шоўку і шоўкам накрывацца, – адказаў я. – Толькі не давялося пакуль.

– А халацік? Ты яго апранаў?

– Не мой фасон. Да таго ж, шоўк глядзіцца і пасуе жаночаму целу. Можна сказаць, што толькі на жаночым целе мне шоўк і падабаецца. Дарэчы, у беларускай мове ёсць слова нашмат прыгажэйшае, але з тым жа значэннем – ядваб.

– Што ж, – сказала Насця, – сёння цябе чакае ядваб і не толькі… – Таямніча падміргнула.

Пакуль мы абмяркоўвалі асабістыя густы, макароны зварыліся. Насця хацела ўжо выліваць ваду, але каструльку я ў яе адабраў, апёкшы руку пры гэтым. Ні ў якім разе ў страве, якую я гатаваў, нельга выліваць ваду.

– Нясі сваё сала, – распарадзіўся я, нібы дома.

Нарэзаўшы сала, я ўкінуў яго ў каструльку, затым кубік «галіны-бланкі» і ўсё размяшаў. Цяпер патрабаваўся час, каб страва адстаялася, вада ўвабралася ў макароны.

– Пакуль дачакаешся, калі твая беліберда адстаіцца, можна памерці, – закапрызіла Насця і дадала: – А ты ўпэўнены, што гэта можна есці?

– Яшчэ як, – запэўніў я. – У інтэрнаце, калі я быў студэнтам, гэта была наша ўлюбёная страва.

– У такім разе… – Насця ўзяла лыжку і загрукала ёй аб вугал стала, з нецярпеннем чакаючы, калі я скажу «дабро». – Ціха! – Раптам спыніла сябе і паклала лыжку, не, не паклала, адшпурнула, як гнілы яблык, з якога паказалася галава чарвячка ў кепцы з тварам каўказскай нацыянальнасці і прамовіла «Слюшай, абыдна, да?»

– Што такое? – занепакоіўся я, трывожна прыслухоўваючыся да ночы, якая афрыканскім азадкам намагалася выціснуць вокны.

– Чаго ты спалохаўся? – засмяялася Насця. Відаць, у мяне сапраўды быў спалоханы твар, таму што я насамрэч падумаў, што здарылася нешта сур’ёзнае. – Я проста ўспомніла, што ў нас ёсць віно. Будзеш?

– Чаго ты пытаешся? – Ад колькі кропелек спіртнога я ніколі не адмаўляўся, але гэта не азначае, што я алкаголік.

– Праўда, яно самаробнае, – гаварыла Насця, вымаючы пляшку з драўляным коркам са сценнай шафачкі. Краем вока я заўважыў, што адной пляшкай самаробнага віна запасы Насцінага бацькі не абмяжоўваліся. Там стаялі і гарэлка, і каньяк. Добры, відаць, піток…

Насця адкаркавала бутэльку сама і сама ж разліла віно па фужэрах, якое мы смакавалі разам з макаронамі. Было так смачна, што здавалася, нічога смачнейшага не піў і не еў ніколі. Нарэшце мой страўнік супакоіўся і заснуў Сцяпашкаю з перадачы «Добрай ночы, малышы!».

…Насцін пакойчык быў невялікі. Там стаяў ложак, пісьмовы стол, на стале – камп’ютар з прынтарам, крэсла-вярцёлка, вялізная дубовая шафа, сцены абклеены ружовымі шпалерамі з пацалункамі. Кніг было мала і ў асноўным паэзія: Ахматава, Цвятаева, Хадасевіч, Блок, Верлен, Рэмбо, Бадлер, Апалінэр, Лорка, По, Кітс, Эліат, Уайлд, Ясенін, Морысан, Цой, К. Вараб’ёў – «Забіты пад Масквой». На пісьмовым стале ляжала адкрытая на 189-й старонцы кніга. Я адгарнуў фарзац: У. Барроўз – «Мяккая машына». Цікава-цікава…

– Ты доўга яшчэ? – нецярпліва вымавіла Насця. Яна ўжо ляжала пад коўдрай, чакаючы, пакуль я распрануся. Я, між тым, быў зацікаўлены падборам кніг на паліцах. Седзячы на ложку, аслабаніўшы адну нагу з джынсаў, я спытаўся, адкуль у яе Барроўз, таму што імя апошняга з шэрагам паэтычных імён ніяк не стасавалася. Іх немагчыма было параўнаць…

– Гэта Варанкоў даў пачытаць, – сказала Насця. – Барроўз – яго любімы пісьменнік.

– І як ён табе? – вызваліў я другую нагу.

– Я ўжо другі месяц чытаю, – адказала Насця. – Мне нават у рукі кнігу браць агідна.

– Ясна. Далей можаш не распавядаць.

– А ты чытаў?

– Чытаў.

– І…

– Што і?

– Твае ўражанні?

Я крыху падумаў і сказаў:

– Вярні кнігу Варанкову і болей не чытай яе. Насця адвярнулася да сценкі.

Я павесіў джынсы на крэсла.

– Выключы святло, – прамовіла Насця ў сценку. Гук атрымаўся, нібы з трубы. – Але спачатку ўключы магнітафон.

– Якую касету? – падышоў я да падаконня, на якім пузаціўся прайгравальнік.

– Там ужо ўсё пастаўлена, – нервова прамовіла Насця. – Націсні «плэй» і выключы святло.

Я націснуў на «плэй», апарат запрацаваў, але дынамікі маўчалі. Разгублены, я павярнуўся да Насці. Яна перавярнулася на жывот, падтрымліваючы галаву рукамі, локці танулі ў вораху шоўка, нібы ў зыбучых пясках.

– Усё нармальна, – усміхнулася яна, аблізнуўшы вусны язычком, нібы ласка. – Хадзі да мяне… Выключы святло… Я хачу сказаць, што даўно не дзяўчынка…

– Можаш не тлумачыць, я даўно гэта зразумеў.

Нечакана мяне аглушыла вельмі моцная і цяжкая музыка, я ажно падскочыў. Гэта быў Курт Кабэйн.

– Ты ведаеш, як гэта робіцца? – намагаючыся перакрычаць музыку, пракрычала мне ў вуха Насця.

– Здагадваюся, у кіно бачыў…– прашаптаў я сам сабе.

…У тую ноч Насця спярша, нібы настаўніца, праверыла на што здатны я, пасля вучыла мяне ўсяму таму, што ведала і ўмела сама. Толькі пад раніцу мы заснулі. Прачнуўся я тады, калі сонца ўдарыла па вачах, нібы пугай. Насці побач не было. Відаць, яна ўжо прымала душ. Мне да млосці захацелася курыць. Я ўціснуўся ў джынсы і зайшоў на кухню. Адкрыў фортку і запаліў «прыміну».

З клазета пачуўся характэрны гук зліўнога бачка, дзверы адчыніліся. Падцягваючы спартыўнае сіняе трыко з белымі лампасамі, на мяне глядзеў вусаты, што Сталін, дзядзька з голым торсам і татуіроўкай на плячы ў выглядзе змяі і кароны.

– Курыць у хаце нават я не дазваляю сабе, – прамовіў дзядзька. – На лесвічнай пляцоўцы – калі ласка.

Гэта быў Насцін бацька, не іначай. Яна гаварыла, што ён у камандзіроўцы, і я, як той дурань, спытаўся:

– Вы толькі што вярнуліся?

– Адкуль? – не зразумеў Насцін бацька.

– З камандзіроўкі…

– Я толькі што вярнуўся з прыбіральні, а гэта не адно і тое ж, – сказаў Насцін бацька і рэзка змяніў тэму. Ён паведаміў, што Насця пакінула мне цыдулку і дадаў ад сябе, што я доўга сплю. На маё пытанне, дзе сама Насця, яе бацька рассмяяўся мне ў твар і адказаў, што я, калі яшчэ буду так доўга спаць, прасплю ўсё на свеце.

Шоўк (зборнік)

Подняться наверх