Читать книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам - Страница 8

Насця
Аповесць
7

Оглавление

«Ноч апусцілася сцяной. Я адчуваў сябе ваўком, загнаным у пастку. Хутчэй, ваўчанём ці, лепей, шчанём, таму што забраўся ў сабачую будку, хаваючыся ад немцаў і паліцаяў, якія лавілі габрэяў. Я ўжо ведаў, – калі трапіш на вочы фашыстам, яшчэ горай, «бобікам», – дабра не чакай. Усіх, каго я ведаў: і дзядзьку Мойшу, і цётку Сару, і іх дачок Марыю і Хрысцю, і бацькінага брата Абрама, які пісаў харошыя вершы і дапамагаў мне ў складанні, – я не бачыў з мінулага лета. Іх, таксама, як і цяпер, уначы выгналі з уласных дамоў, загадалі ўзяць самае неабходнае і некуды павялі. Праз некаторы час у мястэчку пайшлі чуткі, што іх пастралялі. Бацька хаваў ад мяне праўду, але я ўжо не маленькі і сам разумеў, што немцы за нешта ненавідзяць габрэяў і знішчаюць усіх. Бацьку яны закалолі штыкамі. Ён паспеў перакінуць мяне цераз плот на суседскі гарод і загадаў бегчы, ратавацца. Але ж там, з бацькам, засталіся маці і цяжарная сястра Міра. Я яшчэ прыслухоўваўся да гукаў, што даносіліся з нашага двара, і нячутна плакаў. Слёзы каціліся самі па сабе, і далоні пераўтвараліся ў кулакі таксама міжволі, але нічым дапамагчы родным я не мог. А пасля ўсё скончылася. Крыкі і брудную лаянку заглушыў шум матора грузавіка, які паглынуў іх, нібыта ежу, не разжаваўшы як след.

І тады я пабег. Ажно вецер свістаў увушшу. Я шукаў, бегучы, схованку, але вочы ні за што не чапляліся. Толькі ў адным з пустых двароў, ці то мне проста падалося, я заўважыў сабачую будку. Сабак увогуле ва ўсёй акрузе не было, іх пастралялі немцы. Можа, мяне не знойдуць… Мяне калаціла, як у ліхаманцы, ад страху перажытага і страху за будучае, пра каторае я і думаць не хацеў, ды думкі пчаліным роем кружлялі ў галаве, бо я хацеў жыць, занадта ж малады, каб памерці.

А можа, мяне калаціла ад холаду? На дварэ стаяў студзень, а ўва што я паспеў апрануцца? Ватоўка і кажух, як віселі, так і засталіся вісець на вешалцы ў верандзе. Добра яшчэ, што паспеў улезці ў кірзавыя боты, але на босую нагу, і ногі зараз мерзлі, і сам я мерз у адным споднім, толькі сэрца тахкала, як заведзенае. Я баяўся, каб яно не зазвінела, як будзільнік. Тады мне канец. Я схапіўся аберуч за сэрца, сціскаючы яго, каб яно перастала так шалёна грукацець, бо магло, як тая міна, узарвацца… І тут я пачуў крокі і галасы, што належалі, няйначай, паліцаям. Яны проста праходзілі міма, ды раптам спыніліся ля майго схову; я затаіў дыханне, стараючыся не дыхаць, аднак у мяне нічога не атрымоўвалася. «Бобікі» закурылі, абмяркоўваючы сённяшнюю аблаву і пазіраючы на хату, у якой, па ўсім відаць, яшчэ не паспелі «пагаспадарыць».

Я чыхнуў. Два разы запар.

Паліцаі насцярожыліся, наблізіліся да будкі. Я спадзяваўся, што яны не пачуюць, але… мой позірк сустрэўся з позіркам аднаго з «бобікаў». У апошнюю секунду я дзіка закрычаў, у сваю чаргу, закрычалі і «бобікі», выцягваючы мяне са схову.

– Юдын? – невядома адкуль узяўся даўганогі немец з вялікім носам, як у Бураціна.

– Юдын, пан афіцэр, юдын, – зларадна ашчэрыўся паліцай, які выцягваў мяне з будкі. – Шчанём прытварыўся.

Далей нейкі туман і каша ў галаве, хаця мяне не білі. Рэзкасць відарысу праявілася тады, калі я ўжо быў у камендатуры і стаяў перад нейкім дзядзькам у бальнічным халаце абсалютна голы. Лысы чэрап дзядзькі блішчэў, як добра памытая каструля, акуляры на мясістым носе і шчокі, як кісель, выклікалі агіду, а ён мяне лапаў сваімі тоўстымі пальцамі з абгрызенымі пазногцямі, нібы дзяўчыну, дыхаючы ў твар перагарам.

Я стаяў нерухома. Бегалі толькі вочы ў надзеі адшукаць паратунак, але ніводзін вугал і не патыхаў ім. Дзядзька пачынаў цяжка дыхаць, калі кранаўся мяне, я міжволі адхіснуўся. Тады ён пільна паглядзеў у мае вочы, абдзёрнуў халат і сеў за стол; узброіўся самапіскай і нейкім бланкам. Размаўляў са мной па-руску, і я ўпэўніўся, што да немцаў, як арыец, не мае ніякага дачынення. Ён такі ж паслугач, як і «бобікі».

– Імя! – вымавіў ён і ўтаропіўся на мяне.

– Адам, – прамовіў я.

– Прозвішча! – ужо не адрываўся ён ад папер.

– Адам, – зноў прамовіў я.

– Прозвішча, а не імя.

– Адам, – спалохаўся я грубага крыку дзядзькі.

– От бесталач, – рассмяяўся ён. – А яшчэ кажуць, што габрэі – разумны народ.

– Я не габрэй, – запярэчыў я.

– А хто ж ты? У цябе на ілбе напісана твая нацыянальнасць!

– Я не габрэй, – стаяў я на сваім.

– Упарты ты чалавек, – відаць, расчаравана ўздыхнуў дзядзька. – Добра, – нібыта пагадзіўся са мной, – так і напішам, што не габрэй.

Ён нешта чыркануў на бланку, пасля зноў спытаўся:

– Год нараджэння?

– 1927-ы.

– У школе вучыўся?

– Так.

– Добра, – адклаў дзядзька выкарыстаны бланк да стосу іншых, падняўся з-за стала і схаваўся за заслонай. Праз колькі хвілін ён выйшаў з ворахам нейкай адзежы ў руках. Працягнуў мне. Прызнацца, я ўжо змерз стаяць голым і быў бы рады любой апратцы, але, як толькі я разгледзеў, што мне даў дзядзька, зачыніўшы ў нейкім невялікім пакойчыку з ложкам, сталом і цяжкай драўлянай шафай, я спалохаўся і адкінуў прэч ад сябе, нібы апёкся агнём, шаўковую жаночую бялізну. Можа, ён памыліўся? Узяў не з той шуфлядкі? Пераблытаў? Не паспеў я так падумаць, як зайшоў дзядзька.

– Ты яшчэ не апрануўся? – здзіўлена зірнуў на мяне.

– Прабачце, – вымавіў я, – але я не дзяўчына, а адзежа, якую вы мне далі – жаночая…

– Бач, які пераборлівы, – незалюбіў дзядзька. – Зараз ідзе вайна, і ты павінен дзякаваць нямецкаму ўраду, што ён выдзеліў табе хоць гэта. Ды што гэта? Гэта ж шоўк, разумееш, дурында ты малая, вопратка каралёў! Апранайся і не дуры галавы!

Што мне заставалася рабіць? Як толькі я апрануўся, дзядзька раптам паваліў мяне на ложак, дыхаючы перагарам і цалуючы. Цяпер я зразумеў усё, але абараняцца ён мне не дазволіў, заламаўшы рукі.

Не ведаю, што б са мной зрабіў дзядзька, калі б у дзверы не пачалі настойліва грукаць, а затым такі ж настойлівы жаночы голас загадаў:

– Гер Кабанкоў, адчыніце! Я ведаю, што вы там! Обер-лейтэнант СС Ева Штайнэр не любіць жартаваць і доўга чакаць!..

– Прынесла сучку нялёгкая, – вылаяўся дзядзька і пакрочыў адчыняць дзверы.

Ёй пасавала форма. Доўгія валасы былі прыколаты заколкай да пілоткі.

– Што вы робіце, гер Кабанкоў? – адразу запытала Штайнэр, праходзячы ў пакой і пазіраючы на мяне.

– Ды вось, – развёў рукамі дзядзька.

– Вы хочаце, каб я данесла пра вашае «ды вось» у гебітскамісарыят? – страшыла Штайнэр.

– Толькі не гэта! – узмаліўся дзядзька.

– Тады зачыніце дзверы з таго боку!

– Абавязкова.

Дзядзька, нібы рак, пяціўся на дыбачках да дзвярэй. Як толькі яны за ім зачыніліся, Ева Штайнэр маланкава скінула з сябе форму і сіганула да мяне ў ложак, гідліва раздзіраючы адзежу, што была на мне.

Яна была, што пантэра. Драпала маё цела і кусалася. Пад раніцу я заснуў. Ева Штайнэр выскачыла з ложка, апранулася, абдзёрнула форму і вынула з кабуры пісталет. Прыставіўшы ствалом да маёй патыліцы, стрэліла…»

Я падскочыў ледзь не да столі, выцягся плячом аб касяк, цяжка дыхаў, паступова вяртаючы сябе з абдымкаў жудаснага сну, таму што Евай Штайнэр была Насця, а бязвусым пятнаццацігадовым габрэйчыкам – я.

Тады я ўзнавіў падзеі мінулага дня і ледзь не завыў з адчаю, як той воўк на поўню. Аднак доўгім выццём бядзе не дапаможаш. Каб хоць неяк суцішыць боль, я навёў чысціню ў кватэры. Мініч пастараўся на славу, нічога не скажаш. Ліхтары будуць асвятляць мне шлях круглыя суткі. Да ліхтароў далучаліся шматлікія драпіны, і я зразумеў, што ў такім выглядзе на вуліцы мне паказвацца нельга.

Я закурыў. Набраў Насцін нумар, але слухаўка маўчала, як рыба. За дзень я тэлефанаваў ёй праз кожныя пяць хвілін, але марна. Тэлефон маўчаў. Я заставаўся ў адзіноцтве і піў адзіноту, нібы каву ў прыкуску з цыгарэтамі.

Шоўк (зборнік)

Подняться наверх