Читать книгу Шоўк (зборнік) - Мікола Адам - Страница 9

Насця
Аповесць
8

Оглавление

Прайшоў усяго тыдзень, але ён мне здаўся вечнасцю. Я адчуваў сябе бездапаможным загнаным у пастку ваўком, як у тым сне, што мітусіўся, шалеючы, з кута ў кут па пустой нежывой кватэры, а нежывой таму, што ў ёй не было Насцінай усмешкі, Насцінага голаса. Кватэра выглядала змрочнай і панура-маўклівай, як могілкі. Да поўнага параўнання не хапала крыку крумкача. Мне і так было нядобра, і мурашкі бегалі па скуры, а мо і па поўсці; я баяўся падысці да люстэрка ўпэўніцца: ці чалавек я яшчэ, ці ўжо звер; пачуўшы крумкачыны крык, я, відаць, не тое б, што пасівеў, адназначна, звар’яцеў бы. Не ратаваў ад тугі, адчаю і пякучага суму і блакітны шаўковы халацік, які я бяздумна камечыў у руках, быццам аркуш паперы з няўдалым вершам. Халацік вельмі падабаўся Насці, і водар, што зыходзіў з ейнага цела, яшчэ не зусім выпетрыўся, але я чамусьці больш не верыў яму. Не верыў і плямам крыві, засохлым на далікатнай тканіне, хаця яны з’яўляліся важнымі сведкамі таго, што Насця была і ёсць. Аднак усё іншае казала пра тое, што такой дзяўчыны ўвогуле не існавала. Я кожны дзень набіраў нумар ейнага тэлефона мільён разоў, але ён упарта маўчаў. Толькі аднойчы адказаў, але далёка не Насціным голасам – злосным, брудным, хрыплым… Я спытаў Насцю, голас адказаў, што ніякай Насці ведаць не ведае. Як жа так? Нумар жа тэлефона сыходзіцца?! Я праверыў адрас, і адрас сышоўся. Тады чаму мне сказалі, што ніякая Насця па гэтым адрасе не пражывае і ніколі не пражывала ні з бацькамі, ні без бацькоў. Злосна плюхнулася трубка на тым баку дрота, а мая запікала, як заведзеная, як пакрыўджаная, што малое дзіця, у якога адабралі любімую цацку. Нешта тут не тое, але што? Няўжо я Насцю толькі сніў? Але ж сон такім рэальным і матэрыяльна фізічным на дотык не бывае. Хіба трызніў? Можа Насця, насамрэч, была ўсяго толькі русалкай-практыканткай; але ж радзімка пад левай смочкай, радзімка над левай верхняй губкай не могуць быць сном ці трызненнем, хаця б і п’яным.

Я ж добра памятаю белыя, як сырадой, Насціны грудзі, саланаваты прысмак ейных смочкаў, шнарчык у выглядзе лічбы 1 пад пупком, а валасы… іхны пах… я іх таксама прыдумаў? Падобная яна ж была на Варум? Падобная. Гэта я на Агуціна не цягну. Ну так, не маленькі ростам, ну, худы, ну, патлаты, але з вусамі, і вушы, як лакатары… што не перашкаджае кожнаму знаёмаму параўноўваць мяне з Ісусам Хрыстом, наўмысна выклікаючы ўва мне злосць, бо я ненавіджу, калі мяне параўноўваюць з ім. Бачыў ты таго Хрыста, што чэпішся з ім да мяне? Агуціным, як бачна, мне не быць і, значыць, Насця не магла быць Анжалікай Варум. Яна магла быць толькі Насцяй!

Я сеў за стол, на якім стаяў камп’ютар і попельніца, закурыў.

Да драбніц мог успомніць, што было, як і колькі… Ды што толку? Хіба ўспамінамі дапаможаш? Так, я гэта памятаю, але, калі звярнуся з аповедам пра Насцю да каго-небудзь, ён палічыць мяне за вар’ята і пастараецца як хутчэй запраторыць у псіхушку. Але ж я цалкам нармальны! Хіба мая віна ў тым, што Насця прапала з банка дадзеных жыцця, як памяць камп’ютара, з’едзеная вірусам? Вядома, я вінаваты, але не ў тым, што яна знікла… хаця, калі падумаць, ва ўсім вінаваты толькі я. Не зрабі я гэтага глупства, не пайшла б ад мяне Насця, і не казалі б мне розныя па тэлефоне, што такая ніколі не пражывала па гэтым адрасе.

Дзіўна, але, усвядоміўшы сваю віну, я супакоіўся. Зноў мог лагічна думаць і разважаць, нават чытаць, чым не мог пахваліцца на працягу тыдня. Я адкрыў для сябе Аркадзя Чарнышэвіча, прачытаўшы спачатку яго раманы «Світанне» і «Засценак Малінаўка», а пасля апавяданні, больш за ўсё мне спадабалася апавяданне «Музыка». Я быў здзіўлены талентам чалавека, мовай. Яго ж амаль ніхто не ведае з сённяшніх літаратараў, якія чытаюць баевікі ды фантастыку. Уласная беларуская літаратура іх не цікавіць, бо яны лічаць, што напісанае да іх – туфта і прасавецкая агітацыя. Адны яны – геніі! Што пра іх казаць, калі яны нават на імя Айтматава ніяк не прарэагавалі, калі ўрывачак з «Белага парахода» прачытала маладая паэтка Ксюша Брэчка, якая вырашыла правесці эксперымент. Урывачак крыху нагадваў раздзел з нейкай ненапісанай Ксюшынай паэмы, прынамсі, так здавалася, стылі былі падобны, ці што, – і ёй сказалі, што Ксюша вельмі добра напісала, хай і яшчэ піша. Калі Ксюша паведаміла, што прачытаная рэч не належыць ёй, гэта нікога не закранула, нібы так і трэба. Магчыма, яны падумалі, што Айтматаў – чарговы «геній», якіх Ксюша прыводзіць на літаб’яднанне ледзь не кожны панядзелак (менавіта па панядзелках адбываецца чарговае пасяджэнне), а месцаў для геніяў не хапае, таму і рэакцыя такая, відаць. Якая поскудзь, увогуле, робіцца ў сучаснай літаратуры! Лепш пра яе забыць, хаця б на сёння, ды твары маладых ды ранніх, з вялікімі амбіцыямі, мільгаюць перад вачыма, як ліхтарыкі на навагодняй ёлцы. Самі па сабе яны нічога не вартыя і наўрад ці створаць што-небудзь якаснае, бо, каб самому пісаць добра, трэба шмат чытаць, але не абы-што.

З партрэта на мяне глядзеў, можна сказаць, непрыгожы чалавек, з залысінамі, з доўгім вострым носам, крыху скрыўленым з-за пагардлівай усмешкі. Так здавалася на першы погляд. Нават на фотаздымку пісьменніка, які даўно памёр, адчувалася яго душэўная прыгажосць, чысціня, вера ў будучае.

Вядома, раманы яго, што адлюстроўвалі падзеі пачатку дваццатага стагоддзя, былі крыху наіўнымі і смешнымі толькі таму, што маё пакаленне вырасла ў той час, калі СССР разваліўся, а камунізм і бальшавікі ганіліся не горш за фашызм. Аднак напісаны творы Чарнышэвіча ў той час, калі так людзі і жылі, як напісана, бо я лічу, што аўтар не маніў пра савецкую ўладу, хоць і пакутаваў ад яе.

З-за прачытанага мяне пачала раздзіраць на дзве паловы думка. Я ніколі не быў камуністам, але мне падабалася ідэя бальшавікоў і іх дзейнасць да вайны. Пасля ўжо – не. Мой дзед – па маці – капітан другога рангу. У Вялікую Айчынную служыў на катарах і быў тройчы паранены. З’яўляўся ярым камуністам, але нічога не дазволенага ў жыцці не зрабіў. Не быў ні хабарнікам, ні спекулянтам, ні падхалімам, хоць і займаў пасля вайны вялікія адказныя пасты, і я лічыў яго вельмі добрым чалавекам, браў з яго прыклад. Дзед па бацькоўскай лініі паходзіў з дваранскага роду, да таго ж, займаўся літаратурай. Бальшавікі яго расстралялі. За што? Толькі за тое, што ён пісаў на нацыянальнай мове, ці за тое, што ў маладосці быў царскім афіцэрам? Па сутнасці, я павінен ненавідзець бальшавікоў, бо схільны хутчэй да манархізму, чым да камунізму. Вядома, зараз смешна казаць і некага абвінавачваць, нават дзіка. Усё адбылося так, як і павінна было адбыцца. Ведаю толькі адно: зараз мне не дапаможа ніхто – ні афіцэр, ні бальшавік, бо ўсю маю прыхільнасць да іх забівала Насця, маё каханне да яе, аб чым я не магу ёй ні сказаць, ні напісаць; і словы, гатовыя сарвацца з маіх губ пякельным агнём, застываюць у безнадзейнасці бясформенным студнем, а попельніца збірае мой адчай у выглядзе недакуркаў. Дым чорнай сеткай суму расплываецца па столі, ловячы на хаду, нібыта рыбу ў вадзе, мае невясёлыя думкі.

Шоўк (зборнік)

Подняться наверх