Читать книгу Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве - Наталія Бадзілоўская - Страница 13

Напярэдадні казкі
Альгат – горад Сымонэ і Эспэра

Оглавление

Казка пачынаецца

Ёсць у Дацкім Каралеўстве змешчаны на поўдні цудоўны, невялічкі і вельмі ўтульны горад Альгат, дзе жывуць героі гэтай казкі – хлопчык Эспэр, яго сястрычка Сымонэ, тата ды котачка Міле.

Эспэр і Сымонэ вучацца ў мясцовай школе, а пасля ўрокаў займаюцца спортам. Яны захапляюцца спартыўнай гімнастыкай. Эспэр часта ўдзельнічае ў паказальных выступленнях, разам з сябрамі па камандзе дэманструе смелыя акрабатычныя практыкаванні. Любіць скакаць на батуце, які ў Даніі называваюць «трамбалінам». Таксама Эспэр – заўзяты футбаліст, гуляе за школьную каманду і імкнецца быць падобным да футбольных “зорак”. Сымонэ, апроч спартыўнай гімнастыкі, захапляецца маляваннем. З яе можа атрымацца добрая мастачка. Яе тата нават змясціў арыгінальныя малюнкі дачкі на самым бачным месцы ў гасцёўні.

А котачка Міле любіць шпацыраваць вакол дома. Нягледзячы на тое, што знешне Міле – мініяцюрная, спакойная, яна дэманструе зайздросны спрыт, скачучы з падлогі на значную вышыню, у адно імгненне залазіць на высокую шафу, выдатна ловіць мышак-палёвак.

Сымонэ і Эспэр таксама захапляюцца падарожжамі. Нярэдка яны выпраўляюцца ў вандроўкі з аднакласнікамі па розных рэгіёнах Даніі. Займальнай была экскурсія на востраў Борнхальм, дзе знаходзіцца старадаўні таямнічы замак. Сымонэ і Эспэр дома часта з цікавасцю разглядаюць фатаграфіі, зробленыя на Борнхальме. У верасні ў Даніі традыцыйна адзначаецца Дзень бульбы. Датчане, як і беларусы (ліцвіны – гістарычная назва), вельмі любяць бульбу, гатуюць з яе мноства смачных страў. У Дзень бульбы Эспэр і Сымонэ разам з усімі дацкімі школьнікамі збіраюць на полі гэтую цудоўную гародніну.

Шмат цікавых падзей адбылося ў жыцці Эспэра і Сымонэ. 9 красавіка іх прабабцы Карэн споўнілася 100 гадоў! Адзначала стагадовы юбілей Карэн ўся вялікая сям’я. Іх цудоўную, непаўторную, мілую прабабулю павіншавала сама каралева Даніі Маргарэтэ II. Павіншаваў яе і мэр Ольгата.

Прабуля Карэн атрымала мноства прыгожых падарункаў і прыняла шмат віншаванняў.

Гэта быў незабыўны, выдатны дзень!

А праз тыдзень віншавалі Сымонэ. Адбылося свята Канфірмацыі. У Даніі яго ўрачыста адзначаюць дзеці і іх бацькі, сваякі. Свята сімвалізуе пераход дзяўчынак і хлопчыкаў з дзіцячага ўзросту ў падлеткавы.

Разам з іншымі дзяўчынкамі і хлопчыкамі Сымонэ, апранутая ў прыгожую белую сукенку, з лёгкім белым напаўпразрыстым шалікам, з прыгожай фрызурай, падобная на прынцэсу, прыйшла ў царкву. Там адбылося святочнае набажэнства. Пастар урачыста дабраславіў дзяцей. Пасля госці павіншавалі Сымонэ і астатніх удзельнікаў Канфірмацыі… А затым, ужо дома, Сымонэ віншавалі тата і мама, бабуля, іншыя сваякі. Якое ж свята без падарункаў?! Тата падарыў лічбавы фотаапарат і новы, белага колеру ровар. Падарункамі быў завалены ўвесь стол, прызначаны спецыяльна для іх. Было весела і цікава.

Усіх уразіў сваім суперавангардным строем Эспэр.

У гэты дзень было зроблена шмат фатаграфій. У тым ліку і новым фотаапаратам Сымонэ. Канфірмацыя Сымонэ, вядома ж, запомнілася і захавалася ў памяці ўдзельнікаў падзеі. Цяпер гэтыя фота можна ўбачыць у ноўтбуку. Што з задавальненнем робяць усе тыя, хто хоча трапіць у атмасферу прыгожага і непаўторнага свята Канфірмацыі.

Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве

Подняться наверх