Читать книгу Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве - Наталія Бадзілоўская - Страница 7

Напярэдадні казкі
Найбуйнейшыя гарады Каралеўства Данія

Оглавление

Гэта дацкая сталіца – Капенгаген, гарады Орхус, Адэнсе, Ольбарг. Усе яны прывабліваюць сваёй непаўторнай архітэктурай. У Даніі можна сустрэць і гатычныя саборы, і палацы эпохі Рэнесансу. У архітэктуры больш позняга перыяду (палацавыя комплексы Капенгагена) спалучаюцца рысы барока, ракако і класіцызму.

Адметны горад Хельсінгор, заснаваны ў ХV стагоддзі. Там знаходзіцца знакаміты замак Кронбарг. Яго яшчэ называюць замкам прынца Гамлета, які стаў галоўным героем вядомага аднайменнага твора англійскага драматурга Уільяма Шэкспіра.

Замак Кронбарг, пабудаваны ў ХVІ стагоддзі, – адзін з найбольш вядомых гістарычных помнікаў Даніі. Падмуркам шэкспіраўскага сюжэту стала гісторыя, занатаваная ў адной з кніг гісторыка XII стагоддзя Сакса Граматыкуса, дзе распавядаецца пра караля Ютландыі Харвендыле, яго брата Фенгама, жонку Герутэ і сына Амледа.

Кронбарг, змешчаны на паўночным ускрайку вострава Зеландыя, адзін з найбольш прыгожых замкаў эпохі Рэнесансу ў Паўночнай Еўропе.

Гэты замак вядомы таксама як месца адпачынку міфалагічнага ваяра Ольгера Дацкага (Holger Danske), чыя статуя знаходзіцца ў сутарэннях пад будынкам. Паводле легенды, калі Данія ў небяспецы, каменная фігура набывае плоць і кроў і ўздымаецца на абарону Каралеўства.

Зрэшты, у маленькай Даніі больш за 700 музеяў, а ў адным толькі Капенгагене іх некалькі дзясяткаў. Вандроўнікам будзе цікава пабываць у Музеі карэт, у Музеі гісторыі тэатра, у Круглай Вежы, у Музеі працы. Гліптатэка знакамітая сваімі калекцыямі скульптур, а таксама французскім і дацкім жывапісам ХІХ-ХХ стагоддзяў. Багатая калекцыя прадстаўлена ў Нацыянальным музеі.

Шмат адметнага ў Каралеўстве Данія. Але ж самае галоўнае багацце краіны – самі датчане, іх прыязнасць, гасціннасць і гумар. Датчане шануюць свае нацыянальныя старажытныя традыцыі, любяць мастацтва і вельмі беражліва ставяцца да гістарычных фактаў, звязаных са спадчынай іх Радзімы.

Калі жадаеце выклікаць прыхільнасць да сябе датчаніна або датчанкі, пахваліце ад душы Данію. Нацыянальны гонар – агульная рыса жыхароў гэтай гасціннай краіны.

Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве

Подняться наверх