Читать книгу Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве - Наталія Бадзілоўская - Страница 2

Прынцэса краіны… Кніга

Оглавление

Аўтар можа зрабіцца літаратурным героем, і літаратурны герой можа стаць аўтарам. Звычайная вандроўка альбо проста паездка да сяброў можа здзейсніцца літаратурным творам. У кожнага героя ёсць свая краіна і ў кожнай краіны ёсць свой герой. У любой краіны мноства герояў. Але не ў кожнага героя (гераіні) ёсць некалькі краін.

У кожным дарослым жыве дзіцёнак, і з кожнага дзіцяці вырастае дарослы. Наталія ў дарослым жыцці – адказная асоба. Стваральніца тэкстаў і генератарка ідэяў… Дзіцячая літаратура патрабуе асаблівай адказнасці, і таму маюць права пісаць чароўныя казкі толькі шляхетныя асобы.

У дарослым і рэальным жыцці аўтар даследуе архітэктуру, Данію яна ўспрымае як цацачную краіну, у вандроўцы становіцца Прынцэсай. Па жанры аповяд можна вызначыць як дзіцячую казку для дарослых і дарослы аповяд для дзяцей. Гэта і дапаможнік для турыстаў, і рэальна-фантастычная гісторыя для вандроўнікаў, і Нанават параграф у падручніку, напісаны паэтычнай мовай.

Кніга змяшчае ў сабе як па-мастацку аформленыя статыстычныя дадзеныя пра краіну, так і бытаповяд. Перад тым, як ехаць у пэўную краіну, варта запытвацца ў тых, хто ўжо быў у тых мясцінах. Неабходна даведацца пра звычаі і традыцыі, што трэба браць з сабой і чым можна ўзбагаціцца там, як у матэрыяльным сэнсе, так і духоўным.

Такім чынам, У Даніі з’яўляецца, прытуляецца ліцвінская (беларуская) Прынцэса, дзе сустракае Прынца.

Што атрымалася далей? У рэцэнзіях ці рэфлексіях да прыгодніцкіх твораў не прынята раскрываць, чым скончваецца сустрэча Прынцэсы з Прынцам. Хіба што… адрозніваецца ад звычайнага (прынамсі, так мне падалося), і пра гэта можна будзе напісаць (прагаварыць) у прадмове да наступнай кнігі.

Яе абавязкова трэба прачытаць, асаблiва тым, хто збіраецца ў Данію, тым хто там знаходзіцца, і тым хто вярнуўся, каб супаставіць свае назіранні. Тым, хто прачытае кніжку, нельга пасля не трапіць у Данію, якая пачынае прыцягваць як нейкім чароўным магнітам, як цацка дзіцяці, як неба для летуценніка.

Бывае, кнігі робяцца жывымі істотамі, героямі. Кніжка можа таксама стаць шляхетнай асобай, яна трапляе ў асяроддзе такіх жа высакародных асоб на кніжнай паліцы, спіс адпаведнага шляхетнага выдавецтва, рэйтынгі рэкамендаванай для чытання літаратуры.

Алесь ТУРОВІЧ,

пісьменнік, паэт,

літаратурны крытык

Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве

Подняться наверх