Читать книгу Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве - Наталія Бадзілоўская - Страница 4

Напярэдадні казкі
Маленькая краіна, дзе заўсёды вясна

Оглавление

Ёсць на паўночным захадзе Еўропы невялікая краіна – Каралеўства Данія.

Гэтая дзяржава – краіна казачнікаў і казак.

Разам з тым, гэта адна з краін Скандынавіі. Яна займае тэрыторыю 43 098 квадратных кіламетраў, дзе жыве крыху болей за 5,5 млн чалавек. Часам Данію называюць паўночнай Італіяй. І небеспадстаўна. Як і Італія, яна з трох бакоў атачоная марской вадой і далёка заходзіць у мора. І на мапе Еўропы Каралеўства знаходзіцца амаль паралельна Італіі – толькі Італія на поўдні – а Данія на поўначы.

Данія займае паўвостраў Ютландыю, а таксама два вялікія астравы і яшчэ больш за 400 драбнейшых, сярод якіх найбольш вядомыя Зеландыя, Фюн, Лоланд, Фальстэр і Борнхальм. Абмываюцца яны двума морамі з усходу Балтыйскім, а на захадзе Паўночным.

На поўначы праліў Скагерак адмяжоўвае Данію ад Нарвегіі, пралівы Катэгат і Эрэсун ад Швецыі, а на поўдні краіна па сушы мяжуе з Германіяй.

Данія лічыцца невялікай краінай. Але насамрэч яна найбуйнейшая еўрапейская дзяржава. Справа у тым, што Данія валодае найвялікшым у свеце востравам Грэнландыяй, які знаходзіцца ў Атлантычным акіяне, і Фарэрскімі астравамі ў Нарвежскім моры. Грэнландыя па плошчы больш як у 50 разоў перавышае Данію, а яе насельніцтва (каля 58 тыс. чал.) складаецца, галоўным чынам, з эскімосаў, грэнландцаў і датчанаў.

Больш за тысячу гадоў Даніяй кіруюць каралі і каралевы. Гэтая краіна, між іншым, самае старое Каралеўства свету! У ім захаваліся маёнткі, якія будаваліся ці набываліся дацкімі каралямі на працягу доўгіх стагоддзяў.

Дзяржаўны лад Даніі – канстытуцыйная манархія. Гэта значыць, што на чале дзяржавы стаіць кароль, але сваю вярхоўную ўладу ён ажыццяўляе сумесна з аднапалатным парламентам, які тут называюць «фолькетынг». Дарэчы, з 1972 г. Данію ўпершыню ўзначаліў не кароль, а каралева Маргарэтэ II. І яшчэ трэба дадаць, што ад самага пачатку ўзнікнення Еўразвязу Данія ўваходзіць у яго склад, хоць і не карыстаецца агульнаеўрапейскай валютай еўра, захоўваючы свае грошы – крону.

На ўзбярэжжы ў Балтыйскім і Паўночным морах тут ёсць цудоўныя бухты, дзе вада ў ліпені-жніўні дастаткова цёплая, каб у ёй плаваць. Агульная ж працягласць берагавой лініі перавышае 7300 кіламетраў. Таму ніводзін датчанін не жыве далей за 52 кіламетры ад мора!

Клімат у Даніі марскі, умераны, з мяккай зімою.

Краіна мае багатыя гісторыю і культуру. Асноўная рэлігія тут – евангелічнае лютэранства.

У гэтай цудоўнай краіне шмат увагі надаюць дзецям: тут мноства аквапаркаў, цэнтраў забаваў.

Дацкае Каралеўства славіцца сваімі шматлікімі сярэднявечнымі замкамі, ветракамі, аленямі, якія шпацыруюць на лясных узлесках, выспамі, што патанаюць у марской смузе. Тут, у калысцы мараходаў і казачнікаў, утульна і цікава ў любую пару года.

За трыццаць кіламетраў на захад ад сённяшняй дацкай сталіцы Капенгагена месціцца маляўнічы гарадок Роскіле, які быў сталіцаю Каралеўства да XV стагоддзя. Роскілеўскі сабор адзін з найстаражытнейшых помнікаў скандынаўскай архітэктуры. Ён быў заснаваны ў ХІІ ст. І ўвесь гэты горад абвешчаны ЮНЕСКА «спадчынай свету». Тут знаходзяцца Музей караблёў вікінгаў, царква святога Ёргена ХІ стагоддзя і Каралеўскі палац ХVІІІ стагоддзя.

Востраў Фюн, змешчаны на заходнім беразе праліва Вялікі Бельт, цікавы разнастайнымі помнікамі архітэктуры Сярэднявечча.

Ютландыя, вобласць, якая ўключае большую частку краіны, распасціраецца на 400 км ад нямецкай мяжы да паўночнага ўскрайку Даніі. Тут знаходзіцца знакамітая дзіцячая краіна Легалэнд. Паўвостраў і больш за 400 астравоў розных памераў звязаныя паромамі і мастамі.

Узбярэжную раўніну ажыўляюць пясчаныя выдмы і прыморскія азёры лагуннага тыпу.

На востраве Зеландыя на паверхню выходзяць найстаражытнейшыя ў краіне вапняковыя і крэйдавыя пароды, якія ўтварыліся ў мезазойскую эру. На захадзе Ютландыі наўпрост у моры абрываюцца сточаныя хвалямі белыя скалы вышынёй да 128 метраў, уяўляючы маляўнічыя ландшафты. У далёкім мінулым тэрыторыя Даніі была пакрытая змяшанымі лясамі, тарфянікамі і верасовымі пусткамі. Зараз іх можна ўбачыць толькі ў запаведніках. Праўда, дзе-нідзе захаваліся ліставыя лясы з перавагай дубоў і букаў.

Сучаснае Каралеўства Данія – высокаразвітая ў эканамічным дачыненні краіна. У яе багатыя запасы газу і нафты. Данія – энерганезалежная дзяржава. У казачныя архітэктуру і ландшафт свой адметны штрых уносяць шматлікія высокія ветрагенератары, якія пераўтвараюць магутнасць ветру ў электрычную энергію.

Данія – высокатэхналагічная краіна, у яе магутная і прыбытковая вытворчасць.

Цудоўныя прыгоды ліцвінскай прынцэсы ў Дацкім Каралеўстве

Подняться наверх