Читать книгу Каханні. Дваццаць рэальных гісторый - Ніна Лістота - Страница 2

Лабірынт

Оглавление

Ён прывёў мяне ў лабірынт. Ведаеце, атракцыён такі. Бясконцыя павароты, меланхалічнае ззянне фосфарных лямпаў. Там не ўяўляеш, куды прывядзе наступны крок і колькі іх яшчэ будзе.

Яго зубы глядзеліся ненатуральна белымі, і я не верыла гэтай усмешцы. А сваю, што гэтаксама ззяла ад флюарэсцэнтных лямпаў, імкнулася схаваць. Каб не бачыў ні ён, ні нехта выпадковы.

Хто я?.. Хто ты?.. Чаму не бачна, калі скончыцца гэты калідор ззяння? Чаму твая постаць знікае за паваротамі, але зноў апынаецца так блізка-блізка? Чаму я раствараюся ў бясконцым мігценні, як матылёк, што здаўся і не хоча больш ляцець? Уратуй мае крылы. Выпусці на волю. Пакуль я не згубіла з табой сябе…

Гэта былі звычайныя гатычныя лаўкі ў такім сабе, без прыўкрас, пахмурным парку. Доўгавалосая стракозка ў цёмным плашчы пераскоквала з адной на адну. Яна трымала за руку доўгага, такога ж светлага, як і сама, багамола ў скураной куртцы. Прагаворвала лічылку, ступаючы на кожную новую лаўку. Сама смяялася ўласным дасціпным жартам.

Багамол крочыў, згублены дзесьці ў сваіх думках, ― як здаць апошні іспыт, па якім не мае ніводнай адзнакі, як паведаміць бацькам, што яго пазбаўляюць стыпендыі пасля паўгода вучобы?

«Вось вар’ятка! Чаго яна скача, як той конік, па лаўках?» ― абурана сказаў адзін з мінакоў, верагодна жукнасарог, свайму сябру, разглядваючы стракозку. Але раптам убачыў знаёмца, які трымаў яе за руку:

– О, Багамолаў, Кастусь, здароў быў! ― звярнуўся да таго жук-насарог, ён жа Макс.

– Прывітулі. Даўненька вас не бачыў. Як маецеся?

– Ды нармалёва. Праўда, не ведаем, як вечар прабавіць. Думаем на вышку схадзіць. Пайшліце з намі.

– А што, можна, ― багамол запытальна глянуў на стракозку і прадставіў яе: ― Пазнаёмцеся, мая сяброўка, Агатка.

– Файная ідэя, пойдзем! ― падтрымала тая і спырхнула з лаўкі.

Шлях да вышкі быў няблізкі. Колішняя сушылка для збожжа, пабудаваная блізу хлебнага камбіната, стаяла за горадам і цяпер была закінутая. Бетонная грамадзіна тырчэла адна пасярод поля. Роўныя перакрыцці, металічныя лесвіцы ― сапраўдная аскетка, нічога лішняга ў канструкцыі.

Далягляд сягаў далёка наперад. І чым вышэй узбіраешся, тым болей можна было заўважыць. Але залазіць на апошнія паверхі асмельваліся хіба што самыя адчайныя. Парэнчаў не было. Ад неверагоднай вышыні магла закруціцца галава.

Гэта месца любілі многія нефармалы горада. І вольныя студэнты, ахвочыя збегчы з лекцый і праседзець іх тут.

– Вох, на самы верх не пойдзем, таварышы. Прапаную спыніцца, ― азвалася Агатка, калі яны пераадолелі некалькі металічных і бетонных пралётаў.

Іх кампанія размясцілася на перадапошнім паверсе. Калі хтосьці рызыкаваў стаць на край бетоннай столі-падлогі і зірнуць уніз, перад вачыма ўсё нібы плыло.

– Калі ласка, не падыходзь так блізка, тут вышыня! ― спужалася Агатка, гледзячы на аднаго з сяброў. ― Не хачу прыносіць кветкі на тваё пахаванне.

Той, нібы жартуючы, зрабіў яшчэ адзін невялікі крок, нахіліўся.

– Не хвалюйся, усё будзе добра, ― сказаў юнак, яшчэ колькі імгненняў гуляючыся з вышынёй, а пасля вярнуўся на сярэдзіну пляцоўкі.

Кампанія расселася на пустых пакрышках, якія валяліся тут жа. Іх прыцягнуў сюды хтосьці з заўсёднікаў вышкі.

Навокал згушчаўся змрок. Вязкія прыцемкі залівалі поле і далягляд. Удалечыні, адзін за адным, запальваліся агні горада ― нібы маякі для мінакоў, якія збіліся са шляху і заблукалі ці проста спяшаліся ўпасці ў абдымкі вечаровага горада.

– Вогнішча тут развесці ці што? А то ўжо добра сцямнела, ― азваўся адзін з хлопцаў.

– Доўбня, а дзе ты дровы возьмеш? ― пачулася ў адказ. А што, мала дроў? Пайду куста якога наламаю ці яшчэ што знайду.

– Па-першае, пакажы мне, дзе ты тут бачыў хаця б адзін куст. А па-другое, сырыя галіны ўсё адно не распаліць. Таму кінь дурное.

– Спадарства, эўрыка, мы жывём у XXI стагоддзі, і ва ўсіх нас ёсць ліхтарыкі на мабілках, ― гарэзліва заўважыла стракозка. ― Мы можам запаліць іх, і зробіцца крыху святлей.

Колькі часу яны гаманілі. То паглядвалі адзін на аднаго, то ўзіраліся ў водбліскі горада. Нарэшце вырашылі, што варта дастаць гітару, якую Макс увесь гэты час нёс у чахле за спінай, каб ён заіграў і заспяваў. Дружна падсвяцілі зорку гэтага вечара сваімі ліхтарамі.

З-за цёмных аблокаў выплыў таўсташчокі месяц. Пару зорачак, нібы балерыны на падтанцоўцы, выскачылі следам за ім з цемры. Свавольны вецер ганяў хмары, нібы драпіроўкі па сцэне. Калі яны апыналіся блізу начнога свяціла, іх краі афарбоўваліся ў светла-жоўты.

– Зірніце, а вунь ззяе наш палітэх. Ніколі б не падумаў, што яго будзе заўважна адсюль і што ён так добра падсвечаны, ― сказаў багамол, абдымаючы Агатку.

Крыху грузны, але статны і прыгожы, жук-насарог нарэшце выпраміўся і пачаў іграць. Загучалі звонкія гітарныя пераборы. Затым паліліся словы вядомай песні. Яны раствараліся ў чорным наваколлі.

Чым болей слухала яго спеў стракозка, тым больш яе ахоплівала адчуванне, што вось, толькі што, яе працяла маланка і электрычныя разрады яшчэ бягуць па целе. Да гэтага моманту Агатка нібы не заўважала Макса. А цяпер, быццам сляпы, якому вярнуўся зрок, яна ўбачыла святло.

«Ну ўсё, я ўліпла, утрэскалася па самыя вушы. Эх, Агатка, Агатка, што ты цяпер будзеш з гэтым рабіць?» ― падумала сама пра сябе.

Той вечар на вышцы змяніў жыццё легкадумнай стракозкі. Не, яна не перастала лётаць і пераскокваць з лаўкі на лаўку, ад калюжыны да калюжыны. Проста дзесьці ў сэрцы засела маленькае джала. Хтосьці б сказаў, што яно выдзяляе атруту. Але Агатка ведала, што гэта не яд, а нектар.

Кожны носіць сваё сонца з сабою. Так і стракозка да пары да часу вырашыла нікому не паказваць каханне. Трэба толькі дачакацца, калі надыдзе ў іх адносінах пацяпленне… Дзяўчына спрабавала па-ціхаму разысціся са сваім былым маладым чалавекам ― іх агульным сябрам. Хацела незаўважна даць зразумець, што гэта быў нібы курортны раман і час яго прамінуў. Ды багамол не збіраўся адпускаць сваю Агатку. Яна казала сябрам, што яны ўжо разышліся. Ён жа гаварыў, што ў стракозкі цяпер цяжкасці, што ён проста не можа пакінуць яе адну і што іх каханне пераадолее нягоды.

– Мы больш не разам, ― казала яна сябрам.

– Разумеем, разумеем. Ён нам усё патлумачыў, не хвалюйся, ― адказвалі тыя. ― Усё ў вас будзе добра.

Агатка спрабавала давесці, што ніякага добра яна не хоча і так быць не можа. Але ў выніку ўсё заставалася на ранейшых месцах.

Раззлаваны багамол ― тым, што лета стракозкі для яго скончылася, ― аднойчы ўдарыў яе. Гэта паўтарылася зноў. Яна не ведала, як выблытацца з ліпкай сеткі, у якую трапіла.

Макс знаходзіўся на адлегласці літаральна выцягнутай рукі. Яны даволі часта бачыліся ў кампаніі. І Агатка была шчаслівай проста ад таго, што ён побач.

Неяк дзяўчына пазнаёміла Макса са сваёй лепшай сяброўкай Багірай. Яна прыехала ў іх горад на лета з Масквы. Хлопец сур’ёзна закахаўся. Цэлых тры месяцы з захапленнем глядзеў на іншую. Агата пакутавала, але на людзях імкнулася нічым сябе не выдаць.

Прайшло паўгода, Багіра напісала Максу, што ўсё ў іх скончылася і яны больш не пара. Той моцна перажываў, але што зробіш? Адлегласць умее лячыць і такія раны.

Агата ж не магла справіцца з сабой. Унутры яе нешта дало збой. Было страшна, нават жудасна. Яна адчувала сябе вельмі-вельмі адзінокай, нікому не патрэбнай і лішняй. Вырашыла зачыніцца на пэўны час дома, папрасіла сяброў, каб не чапалі.

Быць сам-насам аказалася яшчэ больш невыносна, чым з іншымі. Агата стварыла сабе выдуманую сяброўку ў сеціве. Нават імя ёй прыдумала досыць рэальнае ― Ліля Новік.

Агата пачала перапісвацца са сваім альтэр-эга, і штосьці ў ёй нібы пераключалася ў такія моманты. Падавалася, выдуманы двайнік ― сапраўды жывы і самастойны чалавек.

Ліля дадала ў сябры ў сеціве і Агаціных сяброў. Па манеры зносінаў, яе паведамленнях ніхто нават не здагадваўся, што насамрэч ім піша Агата ― нібы два зусім розныя чалавекі… Натуральна, аднойчы Ліля дадала ў сябры і Макса. Завязалася перапіска ― і добры жук-насарог закахаўся. Часам, калі Агата «прытомнела» і зазірала ў Ліліну перапіску, яе апаноўваў жах. Зноў, зноў яна прывяла ў рукі свайго каханага іншую!

Стракозка нарэшце прыйшла ў сябе. Аднойчы набралася смеласці і выдаліла Лілю з сацсетак. Знішчыла ўсё, што было з ёй звязана. У Макса пачалася паніка: дзе Ліля, што з ёй здарылася? Ён моцна перажываў. Агата ж зноў была ў тупіку. Найбольш яна баялася, што, калі распавядзе ўсё, юнак будзе лічыць яе падманшчыцай. Але хлапца ўсё не пакідала занепакоенасць лёсам зніклай дзяўчыны. Таму яна наважылася і прызналася:

– Так, гэта была я. Стварыла фейкавую старонку і ўвесь гэты час пісала табе ад імя Лілі.

Стракозка апусціла вочы, баючыся, што калі падыме іх на каханага, то ўбачыць дакор.

– Я столькі часу змарнаваў на Лілю. А замест гэтага ўжо некалькі месяцаў мог абдымаць сваю сапраўдную каханую, ― ён пяшчотна дакрануўся да плячэй дзяўчыны.

Агата цалавала яго і дагэтуль. Але толькі цяпер яна адчула, як на дотыкі яе вуснаў Макс адгукаецца ўзаемнасцю.

Стракозка і жук-насарог сталі парай. Прыгожай і крыху шалёнай. Ён сустракаў яе пасля вучобы, прысвячаў песні, казаў усім сябрам, што яго Агатка самая лепшая. Яна таксама была ўсюды, куды ішоў ён. Сядзела на парах у яго музычнай вучэльні, прыходзіла на рэпетыцыі аркестра, у якім ён іграў. Нібы кроплі на дне пустой шклянкі, гэтыя двое прагна прыцягваліся адно да аднаго.

Без сварак таксама не абыходзілася. Наэлектрызаваная атмасфера іх пачуццяў сама нараджала маланкі, якія часам досыць балюча білі.

– Мы вырашылі разысціся. Бо часта сварыліся, а навошта гэта? Нам было добра проста быць побач, бачыцца, як сябры, адчуваць шчасце ад таго, што ён ці я дзесьці ёсць, ― стракозка выдыхнула, узмахнула рукамі і склала іх на каленях.

Агата расказала мне сваю гісторыю пасля моладзевага фестывалю «Час жыць!» у Маладзечне, дзе мы абедзве выступалі як паэткі. Я ― як запрошаны аўтар з Менска. Яна ― як мясцовы Галоўны Кальмар.

Мы сядзелі пад вялізным каляровым дрэвам, сплеценым з пасмачак, якое займала ледзь не паўгрымёркі, пілі гарбату, а яна працягвала:

– Дзесьці праз год пасля расстання ехалі разам на машыне. І нехта з нас, нават не помню хто, прапанаваў пажаніцца. Вырашылі, што гэта слушна. Проста хацелася ўжо з’ехацца і быць разам. Зладзілі сціплы роспіс, куды былі запрошаны толькі бацькі, пару сяброў і сведкі ― без іх проста нельга. Нам яшчэ пашанцавала, што наша свята фатаграфавала сваячка, у якой гэта былі першыя такія здымкі. А ўжо хутка яна стала адным з самых высокааплатных вясельных фатографаў у Менску.

– Агатка, у вас жа ёсць маленькі? ― нашу размову перапыніла дырэктар фестывалю, якая таксама сядзела ў грымёрцы.

– Так. Яму годзік ужо, ― адказала стракозка.

– Ніна, а ты б ведала, як прыгожа Макс спявае і іграе на гітары! ― на гэты раз Марына Іосіфаўна звярнулася ўжо да мяне. ― Агатка такія цудоўныя вершы піша.

– «Мае вершы, твая гітара, мы цудоўная пара», ― прыгадала я радок з папулярнай папсовай песні.

– Крыху шалёная пара, ― дадала Агатка.

Мы выйшлі ў лабірынт, створаны ў холе. Яго зрабілі з папяровых крылаў і кардонных людзей. Яркім, чырвоным былі выведзены іх сэрцы. Наверх нанеслі каардынатную сетку. Рабі разлікі, пацаляй, трапляй. А можаш забраць сэрца проста так. Ці пакінуць некранутым.


Каханні. Дваццаць рэальных гісторый

Подняться наверх