Читать книгу Каханні. Дваццаць рэальных гісторый - Ніна Лістота - Страница 5
Фукусіма-дождж
ОглавлениеПачало закручвацца яно ў той час, калі ўсе мы ўдавалі з сябе малекул, якія змяніліся пасля чарнобыльскай катастрофы. Бязважкія, распластаныя ў прасторы. Пазбаўленыя гравітацыі. Часам мянялі аблічча на кроплі дажджу Фукусімы. Нібы наліваліся нуклідамі. Апускалі ўніз галаву і рукі. Усё ўнутры пералівалася, перакатвалася з боку ў бок. Расслабленасць. Нішто не стрымлівала ў звыклых межах адчуванняў. Малекула, кропля Фукусімы.
Наш эксперыментальны тэатр ставіў спектакль пра радыеактыўнае забруджванне. У дзень прэм’еры здарыўся тэракт у менскім метро. Гледачы і крытыкі прыехалі агаломшанымі. Было незразумела, ці варта іграць пастаноўку ў такі чорны дзень. Вырашылі, што дзея пра Чарнобыль адпавядае змрочнаму часу і што ёсць у гэтым свой сімвалізм. Адыгралі. Млява і стрымана. У паветры была разліта смерць. І гэта перашкаджала ўяўляць сябе малекулай.
Наш тэатр пачынаўся не з вешалкі. А з двух апантаных студэнтак журфака: «А давайце створым свой тэатр!» – «А давайце». На ролю вярхоўнага гуру абралі яшчэ аднаго свайго ― былога журфакаўца. Ён скончыў тэатразнаўчую магістратуру, працаваў літаратурным рэдактарам у Купалаўскім. Меў варункі ў замежных калясцэнічных тусоўках.
Калі больш дакладна, то сцэнаў у тых тусоўках імкнуліся пазбягаць. Пафасныя ўрачыстыя выступы ― гэта ўжо прамінулы дзень. Выходзіць са сваімі дзеямі ў народ, разварушваць шэры застылы натоўп ― вось што было ў трэндзе.
Заезжыя тэатралы-эстонцы, што зазірнулі ў халодны Менск, надзелі на галовы і рукі доўгія панчохі, пафарбаваліся ад макавак да самых пятак у ярка-ружовы. І ў такім выглядзе палохалі мінакоў, не звыклых да эксперыментаў.
І мы таксама не баяліся прыдумляць. Усё сыходзіла ад яго, нашага вярхоўнага жраца Аўдзея. Спачатку запрасілі Аўдзю, каб проста падзяліўся сваім бачаннем, правёў пару майстар-класаў. Але ён неяк вельмі добра прыжыўся і ўжо сам не хацеў нікуды сыходзіць.
Ну хто яшчэ мог прымусіць нас катацца па падлозе роднага факультэта, робячы выгляд, што канаем ад апрамянення? Каму б іншаму прыйшло ў галаву папрасіць уявіць і паказаць, быццам тонем і ніякай глебы пад нагамі няма, знаходзячыся ў гэты момант ля вакон інтэрната Акадэміі музыкі?
Якія загоны?.. Ніводны комплекс пасля таго тэатра ўва мне не выжыў. Я вярталася з рэпетыцый і гатова была бегчы абдымаць любога знаёмца, які ехаў у супрацьлеглым канцы тралейбуса.
Гуру стварыў асаблівы, недасяжны іншым свет.
Ён быў старэйшым за нас гадоў на дзевяць. Невялікага росту, худы, з рэдкай барадой, сінімі ўпадзінамі пад вачыма. Неяк падчас чайнай цырымоніі, куды нас прывёў, зайшла размова пра асабістае. Высветлілася, што жаніцца ён не плануе ― папросту не думае, што такое з ім можа здарыцца.
Але Стэфа, адна з арганізатарак тэатра, закахалася ўсур’ёз. Моцна запала на нашага Рамэа. І не адставала ад яго са сваім каханнем.
…Асфальт плавіўся ад летняй спёкі. Мы падбівалі нагамі каменьчыкі, ідучы на рэпетыцыю ў Тэатр беларускай драматургіі. Удалечыні з’явіліся дзве постаці. Яны крочылі, прыабняўшыся. Пасля адзін з іх, Аўдзей, расчапіў абдымкі і адышоў убок. Не разумеў да канца, што з гэтым усім рабіць. Ён жа выкладчык наш. І нібы адзіночка па жыцці.
Стэфа была неверагодна прыгожай. Невялікага росту, з велізарнымі светлымі вачыма і доўгімі, бы ў русалкі, светлымі валасамі. Сапраўдны анёл у жаночым абліччы. Мара любога мускулістага сімпатычнага Апалона. Але яна не мысліла банальна. Таму выбрала іншы тыпаж.
Аўдзей зусім не быў падобны на ідэальную пару для прыгажуні-студэнткі з добрай сям’і. Яго запалыя шчокі, празмерная худзізна, заўсёдная няголенасць. Не пра такіх жаніхоў для сваіх дачок мараць матулі. Але насамрэч ён быў надзвычайным, можна сказаць касмічным.
Неяк у гадзіну ночы я сустрэла іх у спальным раёне, Малінаўцы. Яны ішлі, ізноў абняўшыся. На гэты раз разбягацца не выпадала. Мы пагутарылі, і шчаслівая парачка растварылася ў святле ліхтароў.
Праз колькі часу вяселле сыгралі ў атмасфернай моднай кавярні. Хутка займелі сваю кватэру, зрабілі ў ёй рамонт. Неўзабаве нарадзілі хлопчыка. Словам, усё як у людзей, ― зажылі.
Але што ж стала з тэатрам і з тымі даўнімі марамі пра ўласныя спектаклі?.. Эксперыментальны тэатр, які паранейшаму ачольвае Аўдзей, зрабіўся папулярным і запатрабаваным. Цяпер квіткі на іх пастаноўкі платныя. Амаль кожны тыдзень прыходзяць запрашэнні выступіць за мяжой.
Нядаўна Аўдзей пакінуў у сацыяльных сетках такі допіс над сумесным здымкам з жонкай і маленькім сынам:
«Наша любімая мама Стэфка перамагла на прэстыжным драматургічным конкурсе. Звычайна пакуль адмаўляемся ад паездак. Але на ўручэнне ўзнагароды ў Маскву ўсё-такі вырашылі з’ездзіць. Любім і ганарымся вельмі».
А вы кажаце – малекулы, Фукусіма-дождж, дзівацкія задумы… Калі адно вар’яцтва памножыць на другое вар’яцтва і прыплюсаваць туды шмат кахання, у выніку атрымліваюцца адразу дзве здзейсненыя мары.