Читать книгу Каханні. Дваццаць рэальных гісторый - Ніна Лістота - Страница 6
Крык
Оглавление– Болей за ўсё я баялася, калі крычаць. Асабліва блізкі чалавек. І ты не можаш супрацьстаць. Не сыходзіш. Не тлумачыш. Не крычыш у адказ ― а калі і робіш гэта, то пасля шкадуеш. Моўчкі глытаеш чужы крык. А ён ядам пранікае пад тонкую скуру, пачынае атручваць волю.
– Чаго ты баішся, чаго?.. Мы знайшлі нашага новага ворага ― ты не кажаш праўду самой сабе! Падумай: што можа здарыцца самага страшнага? Што нехта прагоніць цябе? Што сыдзе? Што ўдарыць? Ну нічога, крыху пабаліць, затое станеш свабоднай… Вось як. Што будзе крычаць. Гэта не страшна насамрэч. Не бойся.
– Многія, каго я лічыла сваімі, рабілі так. Я не буду пералічваць. Пэўна, яны і не памятаюць ужо. Проста я прызвычаілася. Сціскаюся, каб зрабіцца незаўважнай. Быццам нікога няма. Але ж я ёсць. І крык, як радыяцыя, прапітвае скуру. Можа быць, яны маюць рацыю? Можа быць, я праўда такая дрэнная?
– Ты не вер чужым словам. Яны проста салёны вецер. Галоўнае, давярай сабе.
– Я ўжо навучылася казаць праўду. Умею. Цяпер я баюся, што калі ты на мяне закрычыш, я сыду ад цябе…
– Часам крык – гэта проста крык.
…Ёй было шаснаццаць. Гарэзлівая сімпатычная дзяўчынка з афрыканскімі коскамі да пояса. Стыльная, зграбная ― такая міленькая ўся. Старэйшы на тры гады Вадзім запрыкмеціў яе адразу. Прывабная дзяўчына, што і казаць. Падысці ці не падысці?.. Спачатку ён вывучаў. Запытаў у агульнага знаёмага, што за яна. А на наступны раз адважыўся. Пазнаёміліся. Насця.
У Вадзіма адразу закахалася яе лепшая сяброўка з той жа кампаніі. Заўсёды круцілася побач, калі ён прыходзіў, пісала, тэлефанавала, спрабавала прызначыць сустрэчу…
Што рабіць? Давялося залегчы на дно. Іншага спосабу мірна адчапіцца ад яе і не рассварыцца з лепшай сяброўкай Насці ён не бачыў. На пэўны час знік з гарызонту адносінаў.
Крыху падастыла гора-знаёмка, і ён зноў пачаў праяўляць сваю сімпатыю да Насці. Неяк запрасіў яе ў парк Горкага.
– Ох, як добра, што мы сюды выбраліся, ― казала дзяўчына, уладкаваўшыся ў адкрытай кабінцы кола агляду.
Карусель, нібы ўзмахваючы нябачнымі крыламі, паціху падымала іх усё вышэй.
– Але трэба было браць закрытую кабінку. А тут неяк боязна мне, ― Насця нібы ў апошні раз зірнула на зямлю, якая аддалялася, і падсунулася бліжэй да Вадзіма.
Хлопец, злавіўшы нейкую шалёную думку, узяўся абедзвюма рукамі за парэнчу кабінкі і пачаў яе з сілай разгойдваць.
– А-а-а-а, ― закрычала дзяўчына, ― Вадзім, ты што, хворы?! Мне і так страшна. Супакойся!
Юнак крыху пасмяяўся, але, зірнуўшы на Насцю і ўбачыўшы, што яна ледзь не трасецца ад страху, спыніўся. Ён вырашыў заняць яе ўвагу чым-небудзь іншым:
– Паглядзі, над намі пралятае чародка буслоў, ― паказаў некуды ў далечыню юнак. ― Цікава, куды яны накіроўваюцца?..
Насця задуменна паглядзела на іх і прамовіла:
– Вяртаюцца на сваю радзіму, на якое-небудзь прыгожае возера.
Унізе свежай зелянінай пачынаў буяць парк. Разгалістыя дрэвы ўбіраліся ў сілу пасля стрыманай вясны. Маленькія сцяжынкі тонкімі шэрымі ніткамі, быццам акуратнай вышыўкай, разбівалі прастору на роўныя кавалкі. Было дзіўна, што дрэвы займаюць так шмат месца ў гэтым вялікім горадзе. Яны паўсюль. І калі азірнуцца назад, і калі ўгледзецца далёка наперад.
– Паглядзі, якія цікавыя пабудовы з чырвонай цэглы там, ― Вадзім паказаў Насці невялікія каляровыя плямкі пасярод зеляніны. ― Пэўна, гэта нейкія старыя дамы. Падобныя да тых, што на вуліцы Кастрычніцкай. Дзіўна, чаму я іх ніколі раней не бачыў?
– А давай сходзім і паглядзім, што там? ― прапанавала Насця.
Кола агляду нарэшце апусціла іх на зямлю. І маладыя людзі адразу пакрочылі ў кірунку невядомых пабудоў. Спрабавалі адшукаць іх ужо на зямлі.
Муры з чырвонай цэглы аказаліся абнесенымі вялікім плотам.
– Пэўна, там размяшчаецца нейкая вытворчасць, ― заўважыў Вадзім. ― Але нас гэта не спыніць.
Яны амаль цалкам абышлі плот, калі нарэшце заўважылі, што брамка ў адным месцы прылягае не вельмі шчыльна.
– А вось і лаз, ― узрадаваўся хлопец. ― Хадзем за мной.
Вадзім прабраўся праз невялікую шчыліну. Дзяўчыне нічога не заставалася, як рухацца следам за ім.
Зблізку дамы аказаліся надзвычай велічнымі. Адметная кладка, месцамі зробленая адмысловым узорам. Яркабарвовыя магутныя сцены і не думалі развальвацца пад уплывам часу. Было бачна, што ўзводзілі іх, арыентуючыся не на адно дзесяцігоддзе.
Маладыя людзі зайшлі ўнутр адной з пабудоў.
– Вох, якая велізарная прастора, ― захоплена казала Насця. ― І такія адметныя загагуліны, перакрыцці, зірні!
– Я вельмі добра ўяўляю, як тут магла б размясціцца якая-небудзь выставачная зала. Як у ЦЭХу, напрыклад, ― адгукнуўся Вадзім. ― Вельмі маляўнічае месца.
Яны прайшлі яшчэ некалькі вялікіх плошчаў. Затым натрапілі на іншы, не такі вялікі будынак, падняліся па вузкай лесвіцы. Пачалі блукаць па невялічкіх пакоях. Сцены яшчэ захоўвалі ранейшыя колеры ― сіні, ярка-жоўты, ружовы. У адным месцы ўсё было абліцавана пліткай. У другім куце валялася старая радыёла. То тут, то там ляжалі раскіданыя стосы паперы ― асабістых спраў, кніг па электроніцы, табліц з формуламі.
– Верагодна, тут калісьці было адміністрацыйнае памяшканне, ― рэзюмаваў Вадзім. ― І засядалі ў ім тыя, хто кіраваў рабочымі.
– А з гэтых картачак можна даведацца сапраўдныя імёны працаўнікоў. Так цікава! ― усхвалявалася Насця.
Яны спусціліся ўніз і пайшлі далей па тэрыторыі.
– Маладыя людзі! Што мы тут робім? ― яны пачулі за спінай грувасткі, як цяжкая валізка, голас.
Першай рэакцыяй парачкі было жаданне хутчэй збегчы куды-небудзь. Але Вадзім усё-такі выкарыстаў іншую тактыку:
– Я пішу дыпломную працу па гісторыі закінутых менскіх пабудоў. Вось і зайшлі, каб сабраць матэрыял з натуры.
– Вельмі правільнае месца выбралі, ― адгукнуўся малады мужчына. Ён быў апрануты ва ўсё чорнае і меў добры спартовы склад цела: ― Гэты завод будавалі яшчэ пры цары. Яму ўжо больш за стагоддзе. Але ўсё добра захавалася.
– А што тут цяпер размяшчаецца? ― пацікавіўся Вадзім.
– Некаторыя памяшканні займае наша ахоўная фірма, дзе я і працую адміністратарам. А заадно назіраю за парадкам, каб ніхто лішні не цягаўся па тэрыторыі. Яшчэ частку пабудоў здаюць у арэнду пад склады. У прынцыпе, гэта зручна, цэнтр горада. Аднак хутка тут усё плануюць зносіць. Знайшоўся нейкі арабскі інвестар, які хоча зрабіць забаўляльны цэнтр на гэтым месцы.
– Як шкада, ― усхвалявалася Насця, ― а тут так прыгожа ўсё. Мы ўжо ўявілі, якія выставачныя залы, творчыя майстэрні, кавярні ў былым заводзе можна было б адчыніць! На Кастрычніцкай жа ўсё працуе. Ды ў Еўропе такія памяшканні надзвычай запатрабаваныя.
– Месца сапраўды файнае, тым больш з такой гісторыяй, ― азваўся ахоўнік. ― На фасадзе аднаго з дамоў нават выкладзена дата пабудовы ― 1894 год. Хадземце, я вам пакажу.
Усе трое пакрочылі ў абход аднаго з карпусоў. Пасля абмінулі яшчэ адзін. Але чамусьці зноў вярнуліся назад.
– Гэта дата дакладна была, ― засмуціўся ахоўнік. ― Але бачыце, частка сцяны ўжо знесена. Я думаю, яны наўмысна пачалі адсюль, каб ніхто не пабачыў часу пабудовы.
Насця заўважыла, што гэты мужчына, які сваім выглядам нагадваў целаахоўніка галівудскай зоркі ці прэзідэнта, увесь час з цікавасцю паглядваў на яе. Апынуцца побач з ім адной, без Вадзіма, ёй зусім не хацелася.
Парачка выйшла з тэрыторыі завода і зноў пакрочыла ў парк. Доўга блукалі звілістымі сцежкамі. Удыхалі прахалоду вечаровых алей, шмат смяяліся.
Гэтак жа насычана праходзілі і іншыя летнія дні. Залацістым шумным карагодам мінула восень. Стройнай белай чарадой праляцела зіма. Зноў прыйшла чаканая вясна. Па коле мяняліся сезоны.
Маладыя людзі разыходзіліся двойчы. Першы раз ― па ініцыятыве Насці. Яна сказала: тое што было паміж імі ― несур’ёзна, трэба гэта спыняць. Вадзім пакрыўдзіўся вельмі моцна. Ён цвёрда вырашыў, што больш нічога не можа быць з гэтай дзяўчынай. Але… калі Насця вырашыла аднавіць іх адносіны, супраціўляцца не мог і здаўся. Другі раз разыходзіліся па яго жаданні. Эмоцыі, не больш, імгненне, пра якое яны хутка забыліся.
На Насціна дваццацігоддзе Вадзім вырашыў зрабіць ёй прапанову рукі і сэрца. Калі за агульным сталом сабраліся ўсе госці, каб віншаваць імянінніцу, ён урачыста паведаміў, што хоча, каб тая стала яго жонкай. Насця пагадзілася.
Толькі яе бацька крыху сапсаваў кранальную эмацыйнасць моманта:
– Вой, дык а чаму ты загадзя не папярэдзіў? ― не зразумеў ён, а праз пяць секунд дадаў: ― Пачакай, я хоць фотаапарат дастану, каб усё зазняць.
Вырашылі вяселле зладзіць праз год ― куды ім спяшацца? Але адносіны, якія развіваліся доўгі час, ужо былі нібы напятыя струны, гатовыя ў любое імгненне парвацца. Пара адчувала, што або яны хутчэй пажэняцца, або зусім разыдуцца.
Усё склалася, і вяселле згулялі праз тры месяцы.
– Першыя пару гадоў сямейнага жыцця былі проста пеклам, ― неяк распавядаў мне Вадзім. ― Мы не разумелі адно аднаго. І прыслухоўвацца ніхто не хацеў. Пастаянна крычалі. Вельмі складана было трываць. Але мы адразу прынялі рашэнне, што ніякага разводу не будзе, як бы ні рабілася цяжка.
На Вадзіму была апранутая льняная кашуля з нацыянальнай вышыўкай, падпяразаная поясам, падобным да саматканага. Такі строй для яго зрабіла жонка Насця, дызайнерка адзення. Яна апранаецца надзвычай стылёва ― адпаведныя строі заўсёды падбірае мужу. Таму, дзе б яны ні з’явіліся, іх пара выглядае адной з самых элегантных.
Год таму малады чалавек загаварыў у паўсядзённасці на роднай мове. Насця яго ў гэтым падтрымала.
– Доўгі час мы проста крычалі адно на аднаго. Нібы ў глухія сцены, ― працягваў Вадзім. ― Але аднойчы вырашылі сесці і паразмаўляць. Што мы адчуваем, калі крычым? І чаму робім гэта?.. Проста вырашылі, што далей усё будзе іначай. Цяпер няма ніякіх межаў, не існуе перашкодаў. Рухаемся толькі наперад у нашых адносінах.
…Яркія сонечныя промні прымусілі перайсці з асветленага пакоя ў больш прыцемненую кухню. Цішыня на колькі імгненняў абудзілася пранізлівай мелодыяй.
– Алё-малё.
– Я табе цяпер званіў, чаму ты не падышла? Не чуеш свой тэлефон?
– Проста ты мала трымаў гудок, я не паспела дабегчы з іншага пакоя. Вось ужо ператэлефаноўваю.
– А я ішоў акурат міма тваіх акон, ад кліента вяртаўся.
А ты не падышла… Такое сонца цяпер.
– Так, гэта файна, прагуляцца па вуліцы, пагрэцца.
– Што ты робіш, адпачываеш?
– Не, пішу.
– Я ўжо ў вагоне метро. Зараз прападзе…
У голасе пачуўся ледзь улоўны сталёвы скрыгат. Гэта нязвыкла.
І сёння з самага ранку нібыта злы.
Ты ніколі на мяне не…
Гудкі. Маўчанне. Але чаму мне чуецца твой крык?..