Читать книгу Каханні. Дваццаць рэальных гісторый - Ніна Лістота - Страница 7
Цягнік Менск-Гомель
ОглавлениеМая Наташа ― найлепшы спецыяліст па вандроўках. Доўгія ночы ў цягніках, гутаркі з каларытнымі кіроўцамі машын, сотні і тысячы кіламетраў, пераадоленых на аўтобусах, ― нічога не палохае. Часцей за ўсё ездзіць папуткамі ці набывае квіткі на цягнікі. Яна кажа, што калі выбіраеш аўтаспын, то цікавая размова ― гэта тая плата, якой чакаюць кіроўцы, каб не сумаваць у дарозе. Але калі сядаеш у купэ цягніка, таксама ёсць свае сакрэты. Вы або адразу пачынаеце размаўляць з выпадковым суседам ― і тады ўся дарога праходзіць у нязмушанай гутарцы. А калі не загаворыце спачатку, так і будзеце маўчаць да канца паездкі. Кожны ― сам-насам з уласнымі думкамі.
Я сядзела ў цягніку ля акна і памешвала гарбату, налітую ў фірмовую шклянку з падстаўкай ― такія шклянкі падабаюцца мне з дзяцінства. Мажліва, таму што маці ― чыгуначніца, ёй давалі бясплатныя квіткі і мы ўвесьчасна вандравалі цягнікамі, замаўляючы гарбату ў тым самым посудзе.
Побач праносіліся іншыя, не такія яскравыя светы, ― электрычкі. Людзі ў іх, нібы куры на жэрдачках, сядзелі на агульных лаўках. Ні пагутарыць свабодна яны не маглі, бо побач шмат старонніх вушэй, ні затуліцца ва ўласны маўклівы свет: вакол дыхаюць, шапацяць абгорткамі, набываюць газеты ў гандляроў, што заходзяць на прыпынках.
У цягніку ты больш абаронены ад выпадковасцяў. Суседзі па купэ як наканаванне, а не збег абставінаў. І таму, як сапраўдны ўладар лёсу, сам вырашаеш ― завесці гутарку з новым чалавекам і прабавіць пару гадзін ці занурыцца ва ўласныя думкі, разглядаючы краявіды.
За вокнамі мільгацелі станцыі, чыгуначныя вузлы. Змянялі адзін аднаго дамы, мітуслівыя днём і засяроджанапустыя ў ранішні час гарады. Дарога заўсёды абяцала прыгоды. Я спрабавала ўявіць жыццё тых, паўз каго мы праляталі на поўнай хуткасці ― кім працуюць, ці шчаслівыя яны?
На пачку з цукрам было напісана «Беларуская чыгунка». Я высыпала яе ў гарбату і павольна размешвала, не адрываючы позірк ад акна. У купэ ўвайшоў прыемны малады мужчына. Ён сеў на суседняй лаўцы, паклаў побач з сабою скураны партфель і прывітаўся. Зняў цёмна-сіні шалік, чорнае драпавае паліто і павесіў іх на кручок ля верхняй паліцы.
За акном паласкаў зямлю шэры дождж. Можна было толькі паспачуваць мінакам, якія праходзілі паўз наша акно, затуліўшыся каўнярамі, насунуўшы на вочы капюшоны і капелюшы.
– Такое надвор’е, цяпер лепш на вуліцу не паказвацца, ― са спачуваннем вымавіла я, трымаючы ў руках шклянку.
За размовай з гэтым мужчынам я думала прабавіць колькі часу (хоць і мела з сабой цікавую кнігу), таму дадала: