Читать книгу Каханні. Дваццаць рэальных гісторый - Ніна Лістота - Страница 4
«Веташок, веташок, табе неба…»
ОглавлениеГэта быў адзін з тых залатых вечароў, якія надараюцца хіба што пару разоў на год. І тое, не ўсе могуць пахваліцца, што маюць такі час. На небе ззяў трынаццаты месяц. Прызнацца, я не магу патлумачыць гэту астранамічную з’яву ― але менавіта так пазначана ў нататніку. Верагодна, месяц з’яўляецца з-за таго, што ў кожным дні насамрэч не роўна дваццаць чатыры гадзіны, а на пару секундаў больш. І вось, адна да адной, яны збіраюцца, каб аднойчы стаць яшчэ адным, трынаццатым месяцам.
Магчыма, яго з’яўленне тлумачыцца неяк іначай. Не буду спрачацца. І не так істотна, што па астраноміі ў мяне ў атэстаце стаіць дзясятка. Насамрэч я і мая суседка па парце Марго атрымалі яе, што называецца, за прыгожыя вочкі. Проста астраном ― мужчына. Марго ― яскравая брунетка, а я ― светла-русая, блакітнавокая. Мы сядзелі пасярэдзіне класа і, як цэнтр галактыкі, прываблівалі да сябе ўвагу навакольных зорак, у тым ліку астранома. Прыемны настаўнік паставіў прыемным вучаніцам, брунетцы і бландзінцы, дзясяткі. Вось і ўсё. Ніякіх схаваных сэнсаў.
Карацей, на небе ззяла мая любімая залацістая сырная поўня. Як і ва ўсе іншыя такія ж вечары. Кожны раз я ўспрымала яе як дарунак. Калі ты сядзіш пасярод высачэзных траў, якія ўзвышаюцца над галавой, калі бліжэйшыя сілуэты ― гэта вялізныя старыя дрэвы, а перад табою ― раскладзенае цяпельца, то і поўня, скажу я вам, мае значэнне. І важная тут не толькі яе прыгажосць. Вялізны дадатковы ліхтар над галавой нікому не зашкодзіць. Акрамя хіба што зладзеяў, якія меркавалі зрабіць нешта цёмнае пад покрывам непрагляднай ночы. А нечаканы месяц, як пільны суддзя, зрабіў заўважнымі іх постаці і нават вымаляваў рысы твару. Светлыя ночы зламыснікам не на руку. Яны больш прыдатныя для такіх згуртаванняў, як наша.
Толькі аднойчы нам трапілася не поўня, а веташок. Заўважыўшы яго, бабуля адразу зацягнула сваё павольнае, амаль медытатыўнае:
Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.
Бабуля паўтарала гэта зноў і зноў, у дзясяты раз, нібы па паганскай звычцы продкаў загаворваючы месяц на небе.
Веташок таксама быў дарункам. Бліскучы, востранькі з абодвух рагоў, ён упрыгожваў нябесную сцяну лепш за любую карціну самага выбітнага мастака. У стваральніка прыроды з фантазіяй усё добра. І з густам таксама, гэта дакладна. Мы любаваліся ўсе. А куды яшчэ было глядзець?.. На веташок і на агонь. На агонь і на веташок. І на высокія травы, якія засланялі сабой частку месяца і якія, падсохлыя, можна было кінуць у агонь.
Наша сям’я толькі пару гадоў таму займела гэту звычку ― смажыць разам увечары шашлыкі. Раней і ўявіць такое было складана. Як, адкласці ўсе тэрміновыя працы? Як, не быць стомленым, як лось, пасля ўсяго, што зроблена за дзень?.. Але поўня і веташок сталіся мацнейшымі і пераманілі нас. Цяпер я цалкам веру ў тое, што сіла месяца стварае прылівы і адлівы. Яна аказалася настолькі моцнай, што маіх родных, сталых карэнных вяскоўцаў, завабіла ў рамантыку летніх начэй.
Конікі цыўкалі ў густой зеляніне. То там, то тут чуліся ўсклікванні начных пташак. Наша цяпельца пазірала ў космас круглым вокам. Замест мангала была вялізная пакрышка ад кола трактара. Яшчэ адна поўня, толькі металічная і заглыбленая ўсярэдзіну.
Мяса шыпела, заціснутае між пруткамі рашоткі. Мы падрыхтавалі свежыя агуркі, цыбулю, хлеб да яго. Я, мама, тата, бабуля і брат, што толькі вярнуўся з вандроўкі ў Сінгапур. Мы, вядома, і так збіраліся разам. Але ў такіх начэй быў асаблівы салодкі смак.
– Хтосьці дорыцьсваім жонкам каштоўныяўпрыгожванні, камяні. А я сваёй ― ровар, гітару, ― распавядаў мой брат.
Гарачыя шашлыкі высыпалі ў вялікую місу. Мы ўсе разабралі сабе па некалькі кавалкаў і, крыху рассмакаваўшы, пачалі нахвальваць, як удала яны былі замарынаваныя мамай і як добра іх пасмажылі нашы мужчыны. Брат працягваў:
– Вось усе кажуць: крызіс. Але калі займацца любімай справай, ніякага крызісу не бывае. Ты проста робіш тое, што любіш. І рана ці позна, яно пачынае прыносіць прыбытак.
Веташок таксама ўважліва слухаў яго аповед. Але не так, як мы. Сваім ззяннем, нібы пражэктарам, ён вымалёўваў сцэну для прамовы. Месяц быў над усім і ва ўсім.
У паўзе паміж размовамі бабуля паўтарыла:
Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.
Нібы музычная паўза ў эфіры радыёстанцыі. І прывітанне ад сваяка ў адным флаконе.
– У Сінгапуры мне спадабалася ўсё, ― казаў брат. ― Куды ні пойдзеш, нейкая забава, атракцыён…
Мне ж пачало ўзгадвацца, што было да Сінгапура. Тым больш што ў гэты крызісны год, за пару месяцаў да таго, брат з жонкай ездзілі адпачываць яшчэ і ў Дубай.
Гадоў шэсць таму будучая каханая майго брата, Надзея, не была заможнай. З бацькам яна не падтрымлівала адносінаў ― нават на вяселле сваё не запрасіла. Іх са старэйшай сястрой гадавала адна маці, якая працавала на камвольным камбінаце. Як толькі кожнай з дзяўчат споўнілася васямнаццаць, выправіла ў далейшае самастойнае плаванне: «Усё, што магла, я вам дала. Далей жывіце самі».
У сваё паўнагоддзе ўчарашнія падлеткі апынуліся самнасам з новай рэальнасцю і вучыліся ў ёй жыць.
Надзея паступіла ў Менск на юрыста. Натуральна ж, на бюджэтнае аддзяленне ― іншыя варыянты нават не разглядаліся. Ёй далі інтэрнат ― і гэта зняло адну з праблем. Але на невялікую студэнцкую стыпендыю трэба было неяк жыць ― есці, апранацца, набываць розныя дробязі. Вучобу на дзённым аддзяленні дзяўчына адразу ж пачала сумяшчаць з працай. Кім толькі яна ні ўладкоўвалася ― нават гандляркай мясам.
Часам падпрацовак было некалькі. Быў перыяд, яна хадзіла адразу на тры працы. Хатнія заданні прызвычаілася рабіць у тралейбусе ― пакуль ехала з універсітэта ў інтэрнат. Такі напружаны графік навучыў яе і ў будучым эфектыўна размяркоўваць час.
Сваю самую вялікую жарсць ― фітнес ― не пакідала ніколі. Займалася ім яшчэ са школы. Знаходзіла час, каб трэніравацца і быць ва ўніверсітэцкай камандзе.
Часам выбіралася з сяброўкамі на дыскатэкі. Толькі на бясплатныя. Але аднойчы падумала: «Што я, працуючы на трох працах, не магу сабе дазволіць платную дыскатэку?» ― і паддалася на ўгаворы сябровак. Усе разам пайшлі ў «Энергію».
Там, сярод цыгарэтнага дыму, грукату дынамікаў, мноства выпадковых людзей, сабраных разам, яна ўбачыла яго… (майго брата). Адразу падумала: «Ну чаго ты стаіш? Падыходзь, знаёмся!» І ён нібы адчуў заклік. Падышоў, прывітаў. Потым пачаставаў кактэйлем. Патанцавалі. Думаеце, банальны такі пачатак гісторыі на адну ноч? Не ў гэты раз.
Праз тры дні Андрэй з’язджаў у камандзіроўку. Надзея паставіла сабе будзільнік на тры гадзіны ночы ― час, калі прыбывае яго цягнік. Каб патэлефанаваць і спытаць, як дабраўся. Хлопца такі клопат моцна ўразіў. Ён задумаўся: можа быць, усё не проста так?
Да сваіх мараў пачалі ісці разам.
На першы сумесны Новы год падарыў ёй навучанне на курсах фітнес-інструктараў. Так рукой клапатлівага садоўніка ў іх сумесным садзе было пасаджана тое, што ў будучым прынесла плады.
– Каму яблыкаў нарваць? ― выгукнула аднекуль з цемры мая мама.
– Чаго ты пытаешся? Усім нясі, раз пайшла, ― адказаў тата, які сядзеў побач ля вогнішча.
Хутка мама вярнулася з поўным фартухом яблык. Яна прысела бліжэй да агню, дзе было святлей, адгарнула край ― сталі бачныя жоўтыя, наліўныя бачкі.
Гэтай начной парой, пасля шашлыка, яблыкі падаваліся асабліва смачнымі. Яны назапасілі ў сабе і саладжавасць дзённага сонца, і вечаровую прахалоду.
Над нашымі галовамі, нібы стрэлы, пушчаныя ўмелай рукой, пранесліся кажаны.
Брат распавядаў пра заморскія дзівы, а мне прыгадалася, аб чым ён марыў у дзяцінстве. У школе Андрэй займаўся ў авіямадэльнай студыі. Майстраваў драўляныя самалёцікі.
Яны, задуманыя як радыёкіруемыя, узляталі досыць рэдка.
Відаць, нечага не хапала іх крылам, каб стаць як птушыныя.
Але жаданне прыручыць нябесную стыхію пасялілася ў сэрцы Андрэя.
У год яго паступлення спрабаваць падаваць дакументы можна было адразу ў дзве навучальныя ўстановы. Хлопец здаваў тэставанні для тэхнічнага ўніверсітэта. І заадно круціўся ў баракамерах, выпрабоўваў вестыбулярны апарат, каб праверыць, ці здольны стаць лётчыкам. Да другога варыянта родныя ставіліся паблажліва ― былі ўпэўненыя, што жорсткі адбор па здароўі ён усё адно не пройдзе.
У тэхнічны ўніверсітэт ён не паступіў. Затое быў залічаны ў Ваенную акадэмію на лётчыка. Сваякі былі шакаваныя. Як такое магло адбыцца, гэта ж небяспечна! Усе раілі хутчэй перавесціся ў службоўцы, якія кіруюць палётамі, не падымаючыся ў паветра.
– Андрэйка, прасіся на зямлю! ― бабуля і сёння часта дае брату такія парады.
Але для яго неба ― не проста так. Ён любіць бяскрайнюю сінь усур’ёз. Садзіцца ў самалёт і, кіруючы ім, разразае пярэстыя аблокі, глядзіць з вышыні на дамкі, якія выглядаюць меншымі за пачкі ад запалак. Падымаецца па-над хмарамі і ўсё больш набліжаецца да сонца ― туды, дзе нават птушкі не асмельваюцца лётаць.
«Андрэйка, прасіся на зямлю…» Ды якая там зямля! Дні палётаў ― самыя шчаслівыя. Лётчыкі чакаюць іх, нібы свята. Гэта ні з чым не параўнаеш, калі за акном ― неба, прасторнае, чыстае, такое свабоднае.
Мы пачулі, як дзесьці ўдалечыні завяла насцярожаную песню зязюля.
– А ты ведаеш, Нінуля, ёсць такая прыкмета: калі кукуе зязюля, трэба лічыць, ― казала мне бабуля. ― Колькі разоў, столькі і гадкоў жыць засталося.
– Ведаю, ― адгукнулася я. ― Толькі ж не веру ў забабоны. Што мне тая зязюля?
Я прыгадала, як Надзея, дзеля таго каб быць разам з маім братам, знайшла размеркаванне ў яго горадзе. А калі скончыліся два гады адпрацоўкі, яны, ужо жанатыя, удваіх вырашылі, што пара ёй усур’ёз заняцца тым, пра што даўно марылася. Дзяўчына стала фітнес-трэнерам.
Спачатку жыццё нібы смяялася і выпрабоўвала сур’ёзнасць намераў. У досыць вялікім горадзе чамусьці складана было знайсці залу для заняткаў. На прадпрыемствах, у спартовых школах, дзе меліся патрэбныя памяшканні, не давалі згоды. Часам усё было дамоўлена, але перад прызначанай трэніроўкай ім раптам адмаўлялі ў арэндзе. Пара цэлы год грукалася ўсюды, куды магла, шукаючы месца.
Паступова лёд пачаў таяць. Нібы стаячая вада нарэшце зрушылася і вызваліла месца новай плыні. Надзеі здалі залу ў спартшколе ў цэнтры горада. Набылі спартыўны інвентар ― менавіта той, які яна замовіла.
З часам муж і жонка займелі яшчэ два ўласныя арандаваныя памяшканні, дзе цяпер на іх працуюць нанятыя фітнес-інструктары. Заробак жонкі ўжо большы за тыя грошы, якія атрымлівае муж-лётчык.
– Калі займаешся любімай справай, гэта абавязкова пачне прыносіць плён, ― я ўстрапянулася ад сваіх думак, зноў пачуўшы словы брата. Ён дадаў: ― Новая партыя шашлыка гатовая. Здаецца, усе падрумяненыя.
На падсмажанае мяса пасвяцілі ліхтарыкам. Але ці сапраўды яно згатаванае, зразумець было складана. Мы даверыліся інтуіцыі.
Я захрумсцела надзвычай апетытным курыным крылцам, замарынаваным у мёдзе, і зноў задумалася.
Адным памятным летам Андрэй і Надзя паехалі разам адпачываць у Турцыю. Увечары яны выправіліся ў круізную паездку на караблі. Мора ўжо зрабілася цёмна-сінім. Удалечыні прыемна ззяла ўзбярэжная лінія. Зоркі сціпла паблісквалі са сваіх нябесных вышыняў.
Апынуўшыся пасярод танцпола на караблі, Андрэй узяў у вядучага мікрафон і сказаў: «Тут прысутнічае дзяўчына, якая скарыла маё сэрца…» Усё вакол Надзеі закружылася, яна больш нічога не чула. Толькі інтуітыўна зразумела, калі трэба было сказаць «так» і ўпасці ў яго абдымкі. На яе пальцы ззяў срэбны пярсцёнак з перлінкай і маленькімі празрыстымі каменьчыкамі.
Сябар, з якім было дамоўлена загадзя, вынес два прыгожыя кактэйлі. А на схілах начных гор, дзе звычайна лазерамі пісалі назву карабля, на гэты раз можна было прачытаць: «Надзя, я цябе кахаю».
Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.
Словы, у каторы раз прагавораныя бабуляй, вярнулі мяне з марской прахалоды да нашага вогнішча, якое ззяла ўжо не так ярка. Старэйшыя збіралі рэчы ― хто зэдлік, хто рашотку, хто міскі з мясам і гароднінай. Кавалак шашлыка тата ўзяў, каб пачаставаць нашага вялізнага чорнага Абібока, які сядзеў на ланцугу і рэдкім браханнем нагадваў пра тое, што і ён быў бы не супраць далучыцца да агульнай бяседы і асабліва да застолля. Татава фігура растварылася ў цемры.
Следам за ім пазнікалі жанчыны. Былі чутныя толькі іх галасы ― яны таксама звярталіся да Абібока.
Месяц перамясціўся па небе. Цяпер ён завіс над старой высокай ігрушай.
Андрэй падкладваў сухія тонкія галінкі ў агонь. Яны ўспыхвалі, ярка асвятлялі нашыя твары ― рабілася так горача, што даводзілася адсоўвацца, ― а пасля гэтак жа хутка гаслі.
Надзея верыла ў мару майго брата, як і Андрэй – у яе. Калі большасць сваякоў была супраць палётаў, калі ён сам вагаўся, звольніцца з войска і пайсці на звычайную працу ці застацца лятаць, жонка падтрымала яго выбар. Ён быў на карысць неба.
Мы яшчэ доўга сядзелі ля цяпельца, гутарылі. Брат распавядаў пра тыя цікавінкі, што бачыў у далёкім Сінгапуры.
У мяне ж мільганула думка, што такія вось вечары з веташком цалкам робяць мяне шчаслівай тут, пасярод нашых палёў.
Цяпла, назапашага той летняй ноччу, мне хапіла на многа халодных восеньскіх вечароў.