Читать книгу Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) - Сяргей Балахонаў - Страница 2

Аднарогі Беларусі

Оглавление

Улетку 1928 г., падчас раскопак гарадзішча Банцараўшчына у ваколіцах Менску, археолаг Сяргей Дубінскі між іншага выявіў рог даўжынёю 1,9 м. Знаходка тады была ідэнтыфікавана як рог валдайскае казы і здадзена ў архіў. У 1935 г. прыбіральшчыца, выводзячы мыш’яком (As) архіўных пацукоў, выпадкова сыпнула крыху атруты на рог. Той нечакана змяніў колер, зрабіўшыся з шэрага бледна-ружовым. Тэрмінова выкліканы Дубінскі адразу зразумеў, што мае справу з рогам не валдайскае казы, але аднарога – вымерлай траваеднай непарнакапытнай жывёліны, чый лабавы рагавы нараст мог, паводле сярэднявечных крыніцаў, змяняць колер пад уздзеяннем атрутных рэчываў. Аднак археолаг ясна здаваў сабе справу з таго, што бальшавіцкая ўлада, якая адмаўляе Бога, будзе адмаўляць і аднарога. Адкрыццё Дубінскага абмяркоўвалася ў навуковых колах БССР кулуарна, паўшэптам. А ў 1937 г. ён быў арыштаваны і расстраляны як польскі шпіён, бо меў сваякоў у Заходняй Беларусі. Рог праходзіў па справе ў якасці рэчавага доказу, а пасля знік у спецсховах, як мноства іншых рэліквіяў беларускага народу.

Наша сённяшняя навука, згодна з савецкай традыцыяй, упарта заплюшчвае вочы на шматлікія пацверджанні існавання аднарогаў. Таму і фігуруе гэтая жывёліна ў энцыклапедыях прыдуманых і звышнатуральных істотаў. Тым часам першыя згадкі пра аднарога сустракаюцца у гімнах “Атхарва Веды” – там ён зваўся аднарогай антылопай, хоць насамрэч быў больш падобны да статнага белага каня з доўгім рогам у лобе. Аднарогаў згадвалі Ктэсій, Пліній, грэцкі “Фізіёлаг” ды іншыя крыніцы. Алегорыі, звязаныя з гэтай жывёлінай, сустракаюцца ў Бібліі. Апісанні аднарога ва ўсіх гэтых крыніцах розняцца, бо мала хто меў шчасце бачыць яго.

На тэрыторыі Беларусі аднарогі з’явіліся недзе ў сярэдзіне мезаліту. У часы Полацкага княства яны былі неад’емнай часткай беларускае фаўны. На так званай Равэнсбурскай мапе свету (Нямеччына, ХІІІ ст.), побач з гарадамі Poloscko (Полацак), Vidupsko (Віцебск) ды неідэнтыфікаваным тапонімам Scimelne (Смаленск? Шуміліна?!), намаляваны лось, зубр і аднарог, якія сімвалізуюць тагачасны жывёльны свет нашае зямлі. Пра існаванне аднарогаў сведчыць і выяўлены у Новасібірску ўрывак з пратографа Радзівілаўскага летапісу, у якім гісторыя пра паланенне Ўсяслава Чарадзея і яго наступнае княжанне ў Кіеве крыху розніцца ад традыцыйнай версіі. Так, у агульнавядомым спісе ўсё сканчаецца тым, што “…приде Белугороду Всеслав… утаився кыян бежа к Полотьску”. У знойдзеным жа дакуменце ўдакладняецца: “инорогом бежа к Полотьску”. Усяслава не дарэмна клікалі Чарадзеем: аднарога, паводле сярэднявечных уяўленняў, мог утаймаваць толькі чалавек звышнатуральнае сілы, з экстрасэнсорнымі здольнасцямі.

Таму аднарогаў рэдка прыручалі, часцей на іх проста палявалі. У сярэднявеччы лічылася, што злавіць аднарога можна толькі адным спосабам: “панну цнатлівую прывесці ў лес, абы звер, усчуўшы пах ейнай беспахібнасці, зызволіў прыйсці голаў свой пакласці ёй на ўлонне, аддаючыся у цянёты лоўчых”. Пасля паходу на полацкія землі (1084 г.), кіеўскі князь Уладзімір Манамах пісаў: “И на осень идохом с черниговци и с половци, с читьевичи к Меньску: изъехахом город, и не оставихом у него ни челедина, ни скотины, там то ж убихом трех инорогов» (гл. праўдзівы спіс “Павучанняў Манамаха”). Якім чынам князь упаляваў іх – не паведамляецца. Відаць у палоне, які ён вёў у Кіеў, былі цнатлівыя дзяўчаты, што сталіся прынадаю. У няволі звер хутка паміраў, спяваючы перад сконам надта жаласную песню.

Беларусаў заўжды ўражвала нечаканасць, з якой аднарог з’яўляўся, і хуткасць ягоных перамяшчэнняў. Не дзіва, што ён лічыўся гаспадаром беларускіх нетраў, якому вядомыя таемныя падзямельныя шляхі:

У нас індрык-звер усім звяром айцец.

А чаму індрык-звер усім звяром айцец?

Ходзіць ён па падзямеллі,

Прачышчаець руч’і да праточыны:

Куды звер пойдзець,

Там вада бруіць.


Гэтыя радкі ўзятыя з архаічнага народнага верша, занатаванага у сярэдзіне ХІХ ст. на Магілёўшчыне Фердынандам Онкельбартам.

Беларускі эміграцыйны даследчык К.Рывіч, са спасылкаю на Альберта Віюка-Каяловіча (XVІI ст.) даводзіў, што герб “Пагоня” на мяжы XIII–XІV ст. меў варыянт, на якім замест каня быў адлюстраваны аднарог. Увогуле ў беларускай геральдыцы гэты вобраз быў распаўсюджаны вельмі шырока. Герб з ягонай выяваю (“Боньча”) мелі 40 шляхецкіх фаміліяў ВКЛ, сярод якіх Асмалоўскія, Букоўскія, Булаты, Грахоўскія, Куніцкія, Раманоўскія, Шушкевічы, Яблонскія…

Ян Хрызастом Адынец (верагодна, сваяк філамата Антона Эдварда Адынца) да свайго артыкулу, прысвечанага жывёльнаму свету ВКЛ, прытачыў колькі цытатаў з неапублікаванай на той час (1815 г.) “Кронікі Быхаўца”. Між іх ёсць і такая: “… dubrowy roskoszny y rozmaitoie użytosty napołnennych, wo zwerech rożnoho rożaju, to jest nayperwey turow, żubrow, jedinorohow, łosey, oleney, sarn, rysey, kunic, lisic, biełok, hornostajew i innych rozmaitych rożajew.”. З усіх публікацыяў “Кронікі” згадкі пра аднарогаў былі выкінуты.

Паляванне на аднарога без ведамай прынады было вельмі небяспечным для жыцця паляўнічага. Таму рэлігійны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак пра кожную безвыходную сітуацыю гаварыў: “Toe чынити, яко без девы еднорожца ловити – реч слиозная и крвавая”. Між тым, існавалі яшчэ сама мала чатыры спосабы палявання на гэтага звера. Мікола Гусоўскі падрабязна апісаў кожны з іх у сваёй невядомай паэме “Спеў пра аднарога”, рукапіс якой захоўваўся у бібліятэцы Ватыкану да 1942 г., а потым бясследна знік. Мяркуючы па бібліяграфічным апісанні, паэма апавядала пра княжанне Свідрыгайлы і грамадзянскую вайну ў ВКЛ 1432–1439 гг..

Апісанне ж дзікага палявання на аднарога знаходзім у “Дыярыюшы” менскага пісара Гаўрылы Асташковіча (канец ХVІ ст.). Напісаны па-старабеларуску арыгінал страчаны, захаваўся толькі пераклад на ідыш, які зрабіў невядомы рупліўца з менскае сінагогі. Апублікаваны ён быў у паўцыркулярных “Дополнениях к еврейскому архиву” (1896, Т.24, отд. 11). Звернемся да цікавага нам эпізоду дыярыюша ад 4 лістапада 1582 г.: “Мы адправілі напярэдадні віжоў, якія далажылі дакладна, у якіх гушчарах бавіцца той звер. Назаўтра мы рушылі да той мясціны, абы ўзяць аднарога ў аблогу. Сяляне з траскаталкамі і бразгаталкамі ішлі. Мноства чаляднікаў з сеткамі, а мы – бальшынёю конна – са стрэльбамі. Ніхто не хаваў жадання забіць звера дзеля яго чароўнага рога. Неўзабаве ён завіднеўся яўна зляканы і мітуслівы, кідаўся прэч, але натыркаўся на чаляднікаў з цянётамі і каламі. Хтосьці з іх усё ж накінуў на звера сетку. А мы, узрушаныя і захопленыя азартам, стрэлілі супольна. Звер стаў шалёна трапятацца, чапляючы на рог усіх, хто апынаўся побач, і так уцячы імкнуўся, чаго мы ніяк прызволіць не маглі. Для таго, паўтарыўшы стрэлы, змярцвілі звера адчайнага. Толькі трудна сказаць, ці займелі мы з таго радасці”.

У актавых кнігах “замку госпадарскаго Пинскаго” ёсць дакумент, датаваны лютым 1624 г., у якім возны пінскага павету Павал Высоцкі скардзіўся на Крыштофа Быкоўскага, арандатара земляў князя Юр’я Чартарыйскага за сваволю: “Быковский той кгвалтомоцью на имене его наехал а узял дочку его, якая стан девичский мевала, а то для таго, жебы инорожца на землях пана Высоцкаго побити”. Дакумент быў апублікаваны у 1899 г. з відавочнай памылкай: заміж “инорожца” надрукавана “инородца”.

У часе Паўночнае вайны (1700–1721 гг.) беларускія аднарогі нападалі на расійскіх і шведскіх жаўнераў. Сканчалася гэта для чужаземцаў летальна. Смерці, зазвычай, тлумачыліся алкагольным атручваннем, бо смяротна параненыя трызнілі пра “белого пронзающего коня” (расійцы) ды пра “бога Одына на фінскім алені” (шведы). Магнацкія групоўкі ды іхныя ачольнікі не зважалі на патрыятычныя ўчынкі незвычайных жывёлаў і пасля вайны працягвалі паляваць на іх. Так, Геранім Фларыян Радзівіл у сваіх нататках згадаў пра адметны паляўнічы трафей: “Аднарогавых рагоў два, колеру слановай косці, натуральна наўскос закручаных. Твораць рэч для вока цікавую, бо рог такой велічыні, што ёсць адзін 100 цаляў, а другі 103 у даўжыню, гэтулькі тая шэльма несці магла» (гл. “Спадчына”. 2000. № 3. С.130).

Напярэдадні падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія аднарогі былі ужо практычна вынішчаныя. Апошняга ж замардавалі царскія жаўнеры ўлетку 1863 г. Пра гэта паведамляюць “Мемуары об усмирении поляков в Западном крае” Паўла Шырвіндта ды “Жменя ўспамінаў з 1863 г.” Марыі Цымэр. Трагедыя адбылася недалёка ад Баранавічаў у раёне вёсак Канькі і Федзюкі 25 чэрвеня (6 ліпеня).

Расійскі афіцэр Шырвіндт прыгадваў: “Мы все имели возможность убедиться, что неподалёку действительно обитает некой дикой конь, коего местные русские селяне прозвали “аннорогом”. Описание оного животного совпадало с описанием лошади, на которой разъезжал возмутитель покоя в Западном крае Викентий Калиновский, разбрасывая подстрекательские листки на польском языке”. Расійцы згадалі даўнейшы спосаб палявання. “Мы собрали особую группу, которая обязывалась изыскать в окрестностях невинную девицу благородных кровей лет шестнадцати-осьмнадцати от роду, что вскоре, не без трудностей, было сделано”, – паведамляе Шырвіндт.

Удзельніца паўстання Марыя Цымэр тыя пошукі апісала гэтак: “Маскоўскія карнікі шныпарылі па вёсках і вышуквалі цнатлівае паненкі. Не знаючы іхных намераў, усе адказвалі адмоўна. Тады яны сталі папросту хапаць і пакрываць няславаю ўсіх дзяўчын ад 12 да 20 гадоў. У такі шатанскі спосаб задаволілі свой інтарэс. Шукаючы адну, зганьбілі колькідзясят сумленных паненак”. Пад пагрозаю смерці была ўзятая сямнаццатка Віялета Трэмбачэўская і заведзеная ў мясціну, дзе бачылі аднарога. “Рукі, ногі панны Віялеты былі крэпка звязаны, – піша Цымэр. – Яна, сплаканая, сядзела пад векавым дубам і чакала на немавед што, бо так загадалі карнікі”. “Польчонка всё время хныкала и пыталась убежать. Однако наши благостные пожелания возымели должный эффект, и она преспокойно села под противною кривою литовскою сосной”, – адзначана у Шырвіндта. Салдаты стаіліся ў схове. Звер не змусіў сябе чакаць: “Раптоўна з лесу паказаўся аднарог. Прыгожы і зіхатлівы белы звер крочыў цвёрда і годна, хоць адчувалася, што ён гатовы скарыцца лёсу і Віялеце. Аднарог наблізіўся да паненкі і стаў перад ёю на калені. Тут яго маскоўчыкі і злавілі”. “Признаться, нам было немного стыдно, – у сваёй манеры цвердзіць царскі афіцэр, – худая сивая кляча с рогом во лбу появилась из перелеска, еле двигая ногами, а перед самой сосной споткнулась и упала наземь, едва не покалечив своим рогом польчонку”.

У палоне аднарог пратрываў нядоўга, а паміраючы, гучна заспяваў чалавечым голасам. “Песня была на западнорусском диалекте и многие обстоятельства содержания оной оказались тяжкими к уразумению, но в общем кляча пела о двух типах музыки увеселительной и грустной, отдавая предпочтение последнему”, – пісаў Шырвіндт. Усе выдае на тое, што тая апошняя песня аднарога нам добра вядомая як “Мая дудка” Францішка Багушэвіча. Будучы паэт, паўстанец 1863-га, пераапрануты бязногім старцам, сачыў за перамяшчэннем расійскіх войскаў. Зацікаўлены рухам у лагеры Шырвіндта, ён папоўз туды і здолеў праціснуцца да самае загарадкі, у якой канаў на гнілой саломе апошні беларускі аднарог. Ягоны развітальны спеў яшчэ болей умацаваў нацыянальную свядомасць Багушэвіча. На адыход Францішак незаўважна падпаліў лагер з чатырох канцоў. Праз усе нягоды паўстання і доўгія гады выгнання пранёс Багушэвіч аднарогаву песню. Надрукаваўшы яе, ён выклікаў чарговую хвалю беларускага адраджэння з Беларускай Сацыялістычнай Грамадой, “Нашай Нівай”, Максімам Багдановічам…

Сёння мы павінны належна ацаніць значнасць апошняга беларускага аднарога і назваць у ягоны гонар адну з цэнтральных вуліцаў, а лепш плошчаў сталіцы.

2002 г.

Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік)

Подняться наверх