Читать книгу Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) - Сяргей Балахонаў - Страница 3
Усё цвіце і цвіце тая кветка
ОглавлениеТэма папараць-кветкі доўгі час была для даследнікаў закрытай. Санкцыю адпаведных органаў на вывучэнне гэтага феномену мелі толькі фалькларысты. Ні гісторыкі, ні біёлагі не маглі даступіцца як да гістарычна зафіксаваных выпадкаў цвіцення некаторых разнавіднасцяў папарацяў, так і да фактаў уздзеяння кветкі на чалавека (адкрыццё энергетычных каналаў і паўстанне экстрасэнсорных здольнасцяў).
У дагістарычныя часы на нашай планеце раслі бяскрайнія папарацевыя лясы. Толькі цягам доўгай эвалюцыі папараці набылі сучасны выгляд – штогадовай травяністай расліны даўжынёю 40–120 см. Аднак у народнай свядомасці памяць пра папараць-дрэва захавалася. Беларускае апакрыфічнае паданне пра Адама і Еву (“Дасюк ды Еўка”) апавядае, што першая жанчына “ўкусіла ягаду з дзерава папарацьняга”. Сёння папарацевыя на абшарах Беларусі рэпрэзентаваныя колькімі дзясяткамі разнавідаў, якія стасуюцца да групаў папараць жаноцкая (Athyrium) і папараць мужчынская (Driopteris). Абедзве групы спараносяць у ліпені-верасні і, зразумела, не цвітуць. Але ці заўсёды так было?
У новаадкрытых урыўках з пратографу “Аповесці мінулых гадоў” хрэстаматыйнае апісанне “жывёльных звычаяў” радзімічаў, вяцічаў, крывічоў мае пэўныя нюансы, цікавыя нам: “Схожахуся на игрища, на плясеньне… и ту умыкаху жены сабе… ходяху оу чащи мглисты, рваху цвет от папороти на чудесы влхвески”. Тое самае знаходзім і ў паасобных архаічных былінах (асабліва Невельскага і Веліжскага цыклаў) пра Іллю Мурамца. Так, у быліне “Ілля Мурамец і крывы змей” сустракаем такое:
Отправлялся Илья Муромец в дороженьку,
Отправлялся богатырь святрусский в дальнюю.
В лес кривой вдоль гроба Рогволодова.
В лес густой, где папороть волшебная.
Тое, што гэта не стэрэатып суседзяў, а рэалія беларускага сярэднявечча, пацвярджае прыпіска ў т. зв. “Гомельскім евангеллі” ХІІІ ст.: “Грешния вештия не бегаем, быстем бо доднесь радимици: жоны умыкаху, у лесех бываху, зелия чарадейски имать хощем и папаратцвет наигоре”.
Паводле народных паданняў, сарваўшы ў купальскую ноч папараць-кветку, чалавек становіцца празорлівым, пачынае разумець гаворку дрэваў, траваў, звяроў і птушак, яму адкрываюцца заклятыя скарбы ў зямлі. Але лічылася, што чароўны эфект быў кароткатэрміновым. “К суетнаму липнете, ибо по цвете овым, яко навие ходите: хто малый час, а некие и суток три, гудите о грядущем и злато в земли. Но обрящете ль вы что-любь, кром греху?” – звяртаўся да “простой чади” невядомы полацкі царкоўнік XIII ст.
Рэлігійныя ўлады з недаверам, а часцей зусім адмоўна ставіліся да пошукаў папараць-кветкі. Знаны царкоўны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак пісаў: “Цвет-папорот шукати – неба не видати. Нечыстому послуга”. Гэткае стаўленне выпрацавалася ў працэсе змагання з язычніцтвам. Акурат паганскія святары былі да пашырэння хрысціянства карыстальнікамі з уласцівасцяў “чароўнае кветкі”. І толькі з занядбаннем паганства ў лес рынуліся і “простыя чадзі”, і збройныя пашыральнікі новае веры – іллі мурамцы.
Той, хто не знаходзіў кветкі, прынамсі, пераконваўся ў цудоўным глістагонным эфекце ад ужывання каранёў папараці жаноцкай. Між гэткіх “эмпірыкаў” быў і далёкі продак Гаўрылы Дрыстуна, згаданага ў “Баркулабаўскай кроніцы” пад пачаткам XVI ст.
Тым не менш, да папараць-кветкі дабіраліся многія “мужы смелыя”. Сярод такіх быў і верны слуга вялікага князя Вітаўта Грышко Спявач. Выяўлены ў Ханты-Мансійску фрагмент чарнавых накідаў “Кронікі” Яна Длугаша сведчыць, што ў 1410 г. “пахолак прынцыпса Вітальда ў ноч на святога Яна рушыў у пушчу, абы здабыць лясную ружу, каторай папараць красуе. Здабыўшы, гаспадару літванскаму прынёс”. Здавалася, вынік Грунвальдскае бітвы, якая адбылася неўзабаве, мусіў быць прадвызначаным. Аднак папараці хапіла толькі на тое, каб някепска ацаніць стратэгію бітвы агулам. Вітаўт не здолеў прадбачыць гібелі часткі войскаў ВКЛ у воўчых ямах – пастках, выкапаных немцамі. Ёсць звесткі, што відзежу Вітаўта карэктавалі энергетычным полем дарадцы магістра Ульрыха фон Юнгінгена з ліку сукрытых тампліераў.
Купальскія выправы былі не вельмі бяспечнымі. Народная фантазія малявала розных пачвараў і страшыдлаў, што нібыта ахоўваюць папараць-кветку. Насамрэч справа была больш празаічнай. Так, у “Супрасльскім паменніку” (XVI ст.) успамінаецца нехта Сава Здрок, які загінуў улетку 1507 г., бо “поишол до леса, легкости а чуда меж папаратников знайдовати хотя, але в болото глыбокае трафил”.
13 ліпеня 1519 г. у Слонімскім судзе разглядалася скарга “поплавничего слонимского Севрука” да “паны Микель Фалковский и Богдан Костевич, дей тыя делом шкодным одебрали” у яго “папартквет, каторый ото сам у гаю на Ивана сорвал”. Нападнікі-экспрапрыятары “без кождаго права збили а злаяли аж до матки” няшчаснага Сеўрука. Калі суддзя папытаўся ў паплаўнічага, “нашто папорт дер”, той пачаў хітраваць, сказаўшы: “Дей был у тот час на робоки хвор и брал папорт на лек”. Паны ж Мікель і Багдан увогуле нічога патлумачыць не схацелі. А як што кветку тую “повтратили гдесь”, суддзя пастанавіў улагодзіць пацярпелага “дванадцатми золотыми черлеными а зэкгарам вельким, як репа”.
Аднак гэтак шчасна сканчаўся не кожны падобны інцыдэнт. “Рамдрак Дзямфіровіч, каторы займеў папараць-цвяток і мог глядаці ў зямлю, відзячы злота і срэбра, так жадаў яго паняць, жэ не мысліў нават абычаем празерліўскім пабачыці ў прэйшласьць, жэбы не загінуць намарне. І от быў он у лесе, мысьлячы, жэ відзіць упрэймы скарбы падземныя, леч то былі джыны лукавыя, ані жэ удушылі яго”, – цвердзіць прыпіска 1565 г. на палёх аднаго з “Аль-Кітабаў”. Відаць, небарака, шукаючы скарбаў, трапіў у падземны ход з высокай канцэнтрацыяй вуглякіслага газу і задыхнуўся.
У часе войнаў, што пракаціліся па Беларусі ў ХVII ст. папараць-кветка адыгрывала немалую ролю ў баявых дзеяннях атрадаў “шышоў” – старабеларускіх партызанаў. Адзін з царскіх служэбнікаў Іван Лабанаў-Растоцкі паведамляў у Маскву пра стан рэчаў на Мазыршчыне ў 1660 г.: “Каждый день растет недовольство средь братьев наших меньших белорусцев, коих некто по-иезуитски наущает отказывать нам во вспомоществовании. Споспешествуют сему возникшие внезапно воровские отряды белорусских чаровников, пользующих бесовскую силу волшебного зелья, рекомого папоротник-цветочек. Потери наши малы, однако ж ощутимы”.
Кажучы аб папараць-кветцы ў беларускай гісторыі, асобна трэба спыніцца на персоне Міхала Вастрабрамскага. Уздзеянне напою з пялёсткаў папараць-кветкі было непрацяглым. Але ж здараліся і выняткі, калі чалавек рабіўся празарлівым на ўсё жыццё. У раннім дзяцінстве Міхал трапіў у купальскі лес і заблукаў. Некалькі дзён ён сілкаваўся ягадамі і піў расу з нязнаных яму кветак (ведама ж – папарацевых). Ужо на трэцюю ноч малец уцяміў, што бачыць будучыню. Згледзеў ён, між іншага, што смерць ягоная будзе звязаная са Статутам. Урэшце Міхалку знайшоў і адвёз у Вільню саноўнік з велікакняжацкага двара, які і даў малому прозвішча Вастрабрамскі. Міхал служыў пажам пры Жыгімонту Казіміравічу, старанна хаваючы свае дзіўныя здольнасці. Калі пры двары шторазу часцей пачалі згадваць пра Статут, паж вырашыў уцякаць з краіны. Акурат выпраўляліся паслы ў далёкую Італію – сватаць для Жыгімонта Бону Сфорцу. Разам з пасольствам малады правідца рушыў у дарогу.
Ля гораду Бэргаму на пасольскі абоз напалі разбойнікі, і хлопец, карыстаючыся з замятні, уцёк. За нейкі час ён пешкі дайшоў да мястэчка Сэн-Рэмі на поўдні Францыі. Нейкая кабета, згледзеўшы дзецюка, спытала, хто ён такі. Міхал адказаў па-старафранцуску: “Мішэль дэ Вастрабрам”. Кабеціна, не дачуўшы, зразумела прамоўленае як “Мішэль дэ Настрадам”. Яна ведала, што ўжо колькі месяцаў, як прапаў сын нядбалых бацькоў Настрадамаў. Міхал ясна бачыў, што бедака таго прадалі ў Стамбуле на рынку рабоў. Здольнасць маладога літвіна і пэўнае падабенства з Мішэлем Настрадамам – ні бацька, ні маці пра яго не клапаціліся, спіхнуўшы выхаванне на сляпога дзеда – дазволілі паспяхова папнуцца ў французы. Міхал знемагаў ад любові да Вялікага Княства, куды не мог вярнуцца, баючыся таямнічага Статуту. Так і памёр Міхал Настрадамусам у 1566 г. – годзе выдання другога Статуту ВКЛ. Звесткі пра сваё жыццё ён зашыфраваў у т. зв. “Пасланнях да Генрыха Другога/Іншага” (1557–1558), ключ для прачытання якіх адшукаў жлобінскі руплівец Андрэй Гмыза (Гмыза А. Был ли Ноcтрадамус белорусам? // Жлобінская праўда. 2001. 29 лістапада).
Злоўжыванне пошукамі папараць-кветкі, асабліва ў часы шляхецкае анархіі, прывяло да згубных наступстваў: папараць перастала цвісці. Да катастрофы спрычынілася і пашырэнне ў Беларусі бульбы. Пылок бульбяных кветак ці то з ветрам, ці то з жамярой трапляў на папараць, змяняючы яе біягенетычную структуру. Калі верыць Генрыку Ходзьку, апошні раз беларуская папараць цвіла ў 1794 г. Праз якія чатыры месяцы пасля гэтага адбыўся трэці падзел Рэчы Паспалітай, а кветка засталася толькі ў легендах і казках народу, натхняючы прадстаўнікоў новай беларускай літаратуры. Для XIX–XX ст. вобраз папараць-кветкі ў беларускай літаратуры супастаўны па колькасці прыгадак хіба толькі з гістарычным сімвалам нашага краю – “рыцарам збройным на коне з мечем”.
2002 г.