Читать книгу Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) - Сяргей Балахонаў - Страница 4
Мой родны кіт
ОглавлениеМногім з нас даводзілася чуць у маленстве чарадзейныя казкі, дзе між іншых сюжэтных хадоў выплывала “чудо-юдо рыба-кит” і паглынала якога-кольвек “святорусского богатыря” – зазвычай галоўнага героя ўсяго апавядання. На першых часах апошняга мы вельмі а вельмі шкадавалі. Але разам са сталеннем і навяртаннем у беларушчыну кожны з нас адзначыў нечаканы парадокс: літасці і шкадавання да “богатыря” станавілася вобмаль, а вось чуласці і прыязнасці да таямнічай істоты “рыбы-кит” станавілася шторазу болей. Прычыну гэтага можна растлумачыць адно звярнуўшыся да феномену рыбы-кіт у беларускім гістарычным кантэксце.
Наяўныя гістарычныя матэрыялы, на жаль, не даюць магчымасці сцвердзіць пэўна, які ж разнавід іхтыяфаўны хаваецца пад эпічным “псеўданімам” рыба-кіт. Рэшткаў гэтай рыбы археолагі ніяк не могуць выявіць, што і не дзіўна, калі зірнуць на народную традыцыю: беларускі народ цягам доўгіх вякоў шанаваў рыбу-кіт, а ловы яе былі стродка забароненыя. Таму кіт-рыбы жылі і паміралі ў сваіх вірах па рэках і азёрах зямлі беларускай, дзе і спачываюць іх практычна няўлоўныя для пераважна сухапутных даследнікаў парэшткі.
Пры канцы 1980-х гг. у рэчышчы Сажа ля вусця ярыны Кіеўскі спуск, што падзяляе розныя часткі даўняга Гомія (ХІІ-ХІІІ стст.), вяліся работы па паглыбленні дна ракі. Поруч з тэхнічным грунтам на паверхню былі ўзнятыя шматлікія рэчы часоў Сярэднявечча. Пясок вывозіўся ў зону будоўлі ва ўрочышча Мельнікаў Луг, скуль паспалітыя, незаангажаваныя ў археалагічную навуку, месцічы расцёглі па хатах на сувеніры найцікавейшыя прадметы. З апісанняў тых знаходак вядомыя і тоўстыя рыбіны косткі да 2–3 метраў у даўжыню. Відавочна, што ідзецца тутака пра парэшткі “кит-рыбы грозной”, якая колькі стагоддзяў запар бараніла ад вайсковых экспедыцыяў рачны шлях да Гомія. Як сведчыць пратограф “Повести временных лет”, кіеўскі князь Алег у сярэдзіне 80-х гг. ІХ ст. адправіў водным шляхам у зямлю радзімічаў войска на чале з ваяводам Свенельдам Рыбіным Пузыром.
На баявых ладдзях воі паплылі ўверх па Дняпры, а потым завярнулі ў Сож. Блізу таго месца, дзе ў Сож уліваецца рачулка Церуха кіеўскіх ваякаў прыпаткала неспадзеўка. “Но внезапу с реки Турухань выпливше кит-рыба грозна и поглатише сейчас же всю рать, не оставише ни весла, ни чресла”, – халаднакроўна паведаміў летапісец. Гэты выпадак надоўга адпудзіў кіеўскіх агрэсараў ад спробаў заваяваць радзімічаў. Таму нават праз стагоддзе пасля гэтага інцыдэнту новая вайсковая выправа была зладжаная сухапутна. У паўзабытай сёння рытарычнай паэме “Слово о плъку Хвоста Влъчего” (ХІ ст.) падкрэсліваецца зматываванасць менавіта пешага паходу, “убо у радимецей на реце Серюкан кит-рыба злом булькает”.
Рыба-кіт вялася ў водах па ўсёй Беларусі, і часцяком уяўлялася іншаземцамі за ліха. Нездарма ладны адцінак часу кіеўскім і наўгародскім хрысціянскім прапаведнікам місія ў беларускія землі ўяўлялася немагчымай, ці прынамсі занадта небяспечнай для здароўя. У адным з кіеўскіх “Изборников” (ХІІ ст.) захавалася наступная даволі злосная рэмарка нейкага Лявона Келара з гэтай нагоды: “Народ их хотя крещен бысть, но опять, аки псы живяху. Кромь же обиташе в водех их пакость непреходящя, а кит-рыба наипаче в сим, ибо благостников приходящих емлет зело”. Страх той быў зусім небеспадстаўным.
На пачатку ХІХ ст. у глухой безназоўнай палескай вёсачцы, жыхары якой палічылі збіральніка фальклору Антона Надзеждзіна за “лазутчика князей киевских”, быў занатаваны дужа архаічны верш (песня), што імаверна сягае яшчэ ятвяжскіх часоў. У вершы апавядаецца пра “бэсстужу дэтыну Міну”, які пагарджаў паганскімі звычаямі, асабліва не шанаваўшы вадаёмы. Універсальны для еўрапейскіх народаў кастрацыйны сюжэт набыў тут нечаканае зместавае ўвасабленне:
Міна в езеро сюсяты взявся,
Враз в водэ колэмут начався —
Княжэ Кіт-рыба рaка послав,
Кеб ен в того Міны сюсель отняв…
Магчыма, што гэткія выпадкі не былі адзінкавымі, і прыхадні (а напару і тутэйшыя здраднікі), ахопленыя гарачкай кастрацыйнага комплексу, набылі сталую фобію да беларускае кіт-рыбы.
Рыба-кіт пастаянна супрацьстаяла агрэсіўным праявам. Царкоўны дзеяч ВКЛ Рыгор Цамблак (ХІV ст.) падкрэсліваў гэтую асаблівасць: “Кит-рыбе не токма Землю тримати, а и зломыслячих всих велми вряжати”. На жаль гістарычныя крыніцы данеслі да нас толькі невялічкую частку звестак пра гэткія “вразы” зламыснікам з боку валадара беларускіх вод.
У 1433 г. канкурэнты князя Свідрыгайлы ў чародны раз паспрабавалі прыбраць яго з палітычнае арэны. Найманыя забойцы рушылі ў лагер няўгоднага палітыка, які месціўся блізу сутокаў Бярэзіны і Ольсы. Свідрыгайла па сваёй даўняй завядзёнцы начаваў у намёце, каторы ладзіўся пасярод ракі на адмысловым плыце з прыспушчаным у ваду цяжарам (каб не сплысці!). Найміты чорнымі ценямі неўпрыкмет абмінулі ахову на беразе і плыўмака рушылі да княскага намёта. “A byla u kniazia Szwitrygajly kit-ryba, w kotoroj welmi sia kochal, – гаворыцца ў т. зв. “Кроніцы Бышыка”, – a onaja barzo pilnowala bezpeczenstwo jeho, i hetych zbrodnew dwoch prokoltnula w czrewo swoje, aby za kawednosc skarac strogo”.
Значную ролю рыба-кіт адыграла і ў знакамітай бітве на рацэ Крапіўне 1514 г. між войскамі ВКЛ і Масковіі. У летапіснай “Аповесці пра Канстанціна Астрожскага”, не прымяншаючы вайсковага генія гетмана Вялікай Літвы, аддаецца належнае і кіт-рыбе. “И як пришел славный а великий гетман… к реке Днепр, под Оршу – город каменный, и обачил, иж нелегко будеть переити путь водный – Крапивну-речку, – паведамляе летапісец, – то як муж богобоязный…ся примчал до церкви и, опавши на колени, молитву Богу вчинил. А прислал Бог на знак зычливости ку Ойчине нашей рыбу-кит великую (была бо симболем Христа), и загатила она речулку тую телом своим, по нему вои юж яко по броде переишли. И так спешливо на поли великим оршанским противко московитов сшиковалися”.
Варыянт знанай народнай песні пацвярджае звесткі летапісца: масква, уцякаючы, праклінае Крапіўну:
Бадай ты рэчка сто лет высыхала,
Як нашу славу кіт-рыба скусала…
Маскавітам неаднакроць даводзілася трываць падобныя напады падчас чарговых войнаў з ВКЛ.
У вусны мужнай беларускай жанчыны з т. зв. “Размовы літвінкі а маскаля” (1589 г.) невядомы аўтар уклаў катэгарычныя словы: “Не при, москале, яко жаба на корч, до нас, а погатовю до вод наших, бо вынерне кит, то ест велерыб великий а страшный, на згубу твою, губою шевелячы”. Між тым з маскоўскімі “гасцямі” здараліся і троху неардынарныя выпадкі, як прыкладам 11 верасня 1655 г. пад Слуцкам. Як паведамляе расійскі ваявода Аляксей Трубяцкой, адзін з маскоўскіх воінаў “поглощен был неведомой рыбищей литовской, коя исчезла неизловимо в водах премутных, а чрез осьм годин виленских (!? – С.Б.) возвернулась на гладь водную и мерзопакастно изрыгнула оного Ивашку на твердь брежную. И преобразился сей весьма нежданно, ибо, сабель бросил оземь да принял, не мешкая, предательскую веру унитскую, облачился в литовский жупан бесовский да стал белорусския похабныя словесы глаголить: «Я нарядился тут, чтоб вас москалей руками голыми душити»”.
Не ўсе, аднак, іншаземцы наракалі на рыбу-кіт. Прыкладам, немец Эрнст Вільгельм Тэадор фон Катцэнямэр, які вандраваў па Беларусі ў 1596 г. апісаў наступны казус: “28-га ліпеня выехалі з Мастоў; паўз Нёман рушылі; ад спёкі ў вадзе ратаваўся, не здымаючы вопраткі; талер цэлы згубіў, дык мусіў потым галяком ныраць пад смех, што дзеўкі ў полі пачалі. Праважатыя літвіны моўчкі сядзелі на конях нерухома ў сваіх гэтых жупанах і футравых шапках, якія носяць ад світання да змяркання круглы год. Я нырцаваў аж покуль ня згледзілася мне ў вадзе морда вялікая лыпатая. Ледзьве не захлынуўся. На бераг уцёк. А была то кіт-рыба, якая вярнула мне талер мой у пенязі літоўскія разменены”.
Як ужо згадвалася вышэй, паспаліты люд забараняў сабе лавецтва кіт-рыбы. Шляхта ж, а асабліва магнаты, наагул пагардліва ставіліся да рыбалкі як да “нізкага занятку” і аддавалі перавагу паляванню. У часы ж позняга барока, калі магнатэрыя стала навыперадкі міжсобку пахваляцца цікавосткамі сваіх палацаў, рыба-кіт сталася аб’ектам іхных хцівых інтарэсаў.
Князь Міхал Мацкевіч, пераймаючы Караля Радзівіла ўсталяваў у адной з залаў свайго палаца (на Полаччыне) замест звыклай усім столі акварыумы, куды між іншым памясціў і паланёную рыбу-кіт. Як апавядае ў сваім “Аксамітным дыярыюшы” нехта Стэфан Спелаборак, 22 чэрвеня 1771 г. падчас “рэдуты” (баль-маскарад) выдарылася трагедыя: “Маючы кансаляцыю ў танцах і гульнях, ніхто не меў прэтэкстаў да апрахензіі. Таму жадны чалавек не звізыяваў, што столя дэтэрмінаваныя трэшчыны трыбутавала, а после саўсім дэструктуравалася. Аскалепкі і рыбная жыўнасць з magna aqua хлынулі на галовы ўсяе рэдуты. Мо’ абышлося б малым неўкантэнтаваннем, каб не велярыб, які многіх вагою цела спрэсаваў, а шчэ слізгацеў у агульным тумульце ды хапаў зяпай кажнага, не знаючы дыфэрэнцыі. Спэктаваць гэтую карціну дызграцыі і крывавага рэсантымэнту не можна было без авэрсіі і ўвадначас кумпасіі да бедных афяраў”.
Васямнаццатае стагоддзе для Беларусі сканчалася драматычна – даўнія супастаты па кавалачку далучалі беларускія землі да сваёй імперыі. Ішло паўстанне пад зверхнасцю Тадэя Касцюшкі. Расійскія войскі, наступаючы паўстанцам на пяты, элементарна помсцілі за ўсе свае старыя крыўды, атрыманыя ў нашай краіне. Французская газета “Le Grande Bleu” ад 25 жніўня 1794 г. распавядала сваім чытачом пра падзеі лета таго ж года на Беларусі: “Расійскія барбары працягваюць уціхамірваць прасветленых літоўскіх дзікуноў. Ля мястэчка Смаргоні адбыўся жахлівы, як для здаровага еўрапейскага глузду, інцыдэнт. Расійскія жаўнеры перакрылі рэчку Вілія грубымі сеткамі, каб вылавіць у такі спосаб нейкую тутэйшую агромністую рыбу, якой яшчэ даўнейшыя літоўскія паганцы пакланяліся і за святарную шанавалі. Рыба была жорстка сеткаю спутаная. Цэлы гарнізон вывалак яе на ўзбярэжжа, дзе без прамаруды быў зачытаны смяротны прысуд, і рыбу расстралялі за пасабленне мяцежнікам”.
Імаверна, што падобныя дзеі адбываліся па ўсёй Беларусі, бо згадак пра рыбу-кіт у ХІХ ст. мы спатыкаем усяго з жабіны прыгаршчы. Як і раней кіт-рыбы дапамагалі свайму народу. У чэраве кіт-рыбы на Беларусь дастаўляліся забароненыя ўрадам Расійскай імперыі выданні твораў нашага слыннага земляка Адама Міцкевіча. У чарнавых накідах паэта да верша “Exegi munimentum” пра гэта ёсць непасрэдная згадка:
…mimo carskich gróźb, na złość strażnikom ceł,
Przemyca w Litwę kit tomiki moich dzieł.
Цікава, што замест польскага “wieloryb” Міцкевіч свядома ўжыў беларускае слова “kit”.
Паводле досыць няпэўных звестак (згадка у паперах Вацлава Ластоўскага успамінаў паўстанца Якуба Мікалаёнка) у чэраве нёманскай кіт-рыбы беларускія рэвалюцыйныя дэмакраты на чале з Канстанцінам Каліноўскім таілі нелегальную друкарню, сіламі каторай выдавалася “Mużyckaja Prauda” (1862–1863 гг.). Гэтыя факты не маглі застацца нязнанымі для расійскіх уладаў. Пасля задушэння паўстання 1863–1864 гг. было вырашана дашчэнту зніштожыць валадара беларускіх рэк і азёр, карыстаючы з варункаў ваеннага становішча. Усе тутэйшыя губернатары атрымалі адпаведнага кшталту цыркулярныя рэскрыпты. Аднак, баючыся народных хваляванняў з тае нагоды, расійскія ўлады маскіравалі акцыі знішчэння пад дрэнажныя работы, выдаленне каменных парогаў і г.д. і да т. п.
Відавочна, што на пачатак ХХ ст. усе кіт-рыбы Беларусі былі зніштожаныя. Прынамсі пэўных звестак пра тое мы сёння не маем. У рукапісе альбомнага верша з аўтабіяграфічнымі элементамі, які належыць аўтарству Францішка Багушэвіча, расказваецца пра рачную прагулку 20 ліпеня 1897 г. з Вільні ў Коўню і між іншага адзначаецца:
Сабраўшыся на тры чоўна,
Веславалі мы да Коўна,
Праз тры дні і праз тры ночы
Дождж мачыў, а вецер ў вочы!
Кіта-рыбу не чапалі —
Звычай даўні паважалі…
Гэта ці не апошняя пісьмовая прыгадка пра валадара беларускіх водаў. Відавочна, мы не маем тут справу адно з паэтычным прыёмам. Хутчэй за ўсё Ф. Багушэвіч традыцыйным для сваёй творчасці спосабам, намякаючы, прыбівае іржавымі цвікамі да ганебнае дошкі праваднікоў імперскае палітыкі ў Беларусі.
2003 г.