Читать книгу Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік) - Сяргей Балахонаў - Страница 7

«Пчолачкі гудуць…», або Кароткая гісторыя крыўскага сакральнага пчалярства

Оглавление

У 1855 г. краязнавец Павел Шпілеўскі у часопісе «Зори Замоскворечья» апублікаваў даволі дзіўную беларускую легенду. Сам аўтар публікацыі называў яе народнай прыпавесцю («простонародная притча»). Згодна з легендай, калі першыя беларусы жылі ў раі, Бог пасадзіў недалёка ад іх жытла два сады. І ў адным, і ў другім садзе раслі яблыні і грушы. Аднак у першым гэта былі дзічкі, а ў другім акультураныя («гойныя») дрэвы з сакавітымі салодкімі пладамі. Дрэвы ў абодвух садах выраслі вельмі хутка, бо «як жэ ж іначэй? Бог віць саджаў». Першых беларусаў Бог адразу папярэдзіў, што ў ніводзін сад яны не павінны «тачыць насоў». Акрамя папярэджання, Ён абгарадзіў кожны сад высокім парканам. Але як толькі сады «ўвабраліся ў красу і сілу» беларусам стала мутарна – «так пладоў божых паспытаць хацелі». Спачатку дужа баяліся, але потым асмеліліся пайсці ў сад, дзе раслі дзічкі. Яны разважылі, што «калі Бог угневаецца і стане на іх сварыцца, так за дзічкі яго гнеў і сварка будзе меншаю, ніж за салодкія яблыкі і грушы». Беларусы з цяжкасцю перабраліся праз паркан, назрывалі кіславатых пладоў і наеліся імі, ажно ледзь дыхалі і мучыліся ад «джагі» (пякоткі). У такім стане Бог і заспеў іх. Ён не праяўляў вонкава свой гнеў і не лаяўся на бедакоў. Але сказаў: «Як вы панадзіліся ў дзічкі, дык адцеперся самі будзеце такімі, бытта гестыя дрэвы». Не, Бог не ператварыў беларусаў у дзічкі фізічна, але зрабіў іх дзічкамі свядомаснымі. І ад тых часоў, падводзіць рысу легенда, «беларусам, каб душа іх слодыччу і сакавітасцю беларушчыны напоўнілася, трэба рабіць прышчэпку».[43]

Ні ў тэксце легенды, ні ў каментарах да публікацыі не тлумачыцца, якая прышчэпка патрэбна беларусам-дзічкам, каб адчуць сябе сапраўднымі беларусамі. Не зусім зразумела таксама паходжанне легенды. Ва ўступным слове Павел Шпілеўскі месцам запісу называе вёску Мамутовічы, «лежащую в бескрайних красотах с отрочества милого Белорусского края». Між тым у каментарах пэўныя моўныя асаблівасці легенды ён называе «характерными для народных говоров окрестностей Слонима». Але каля Слоніма вёскі з назвай Мамутовічы ў ХІХ ст. не было. Відавочна, што Шпілеўскі нешта недагаворваў або папросту сам стварыў стылізацыю пад народную легенду.

У кожным разе і сюжэт, і агульны каштоўнасны пасыл гэтага твору ўражваюць сваёй сімволікай і глыбокім сэнсам. Апроч таго, што тут ці не ўпершыню ў нашай гісторыі ўжываецца паняцце «беларушчына», твор вельмі востра ў алегарычнай форме адлюстроўвае адно з выклятых пытанняў беларускай ідэі: пытанне мовы і этнічнай свядомасці. Гэта тое самае пытанне, якое ў правакацыйнай форме ў 2009 г. паставіў перад чытачамі свайго блога тульскі беларус Уладзімір Васькоў: «Ужо прыкладна 450 гадоў намаганні зрабіць беларускую мову «роўнай сярод роўных» ні да чаго ні прывялі. Як не хацелі людзі ў сваёй масе на ёй пісаць, так і не хочуць. Цікава, ці зменіцца нешта ў бліжэйшыя 50 гадоў? Ці мы апошнія з магікан?».[44] Гэта тое самае пытанне, якое ў 1891 г. ставіў перад чытачамі сваёй «Дудкі беларускай» Францішак Багушэвіч: «Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя. Якаясь маленькая Булгарыя – са жменя таго народу – якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы… маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б!».[45]

І сёння, і сто гадоў таму, і ў часы Паўла Шпілеўскага, не зважаючы на розны маштаб пашыранасці беларускай мовы, пытанне застаецца адным і тым жа: які імпульс змушае раптоўна навяртацца (або вяртацца) у беларушчыну інертных, схільных падпадаць пад староннія культурныя ўплывы жыхароў Беларусі?

Загадка прышчэпкі беларускасці заставалася да нядаўняга часу не толькі неразгаданай, але і слаба прыкметнай у дыскурсе беларускай ідэі. Сучасны культуролаг Панас Сівабародзька лічыць, што прышчэпка з легенды Шпілеўскага, гэта адно вобраз парадаксальнага збегу грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных і рэлігійна-культурных абставін, у выніку якога частка беларусаў губляе сваю інертнасць і падатлівасць староннім уплывам. Доктар медыцынскіх навук Альберт Зёлкін мяркуе, што ў легендзе зашыфравана праблема недахопу ёду ў арганізмах беларусаў. На яго думку, маторамі беларускага руху заўжды былі тыя ўраджэнцы Беларусі, якія спажывалі шмат ёдаўтрымальных прадуктаў: «Недарма асноўная маса нашых адраджэнцаў паходзіла са шляхты – шляхта мела больш магчымасцяў сілкавацца прадуктамі, якія ўтрымліваюць ёд». Рэдактар газеты «Х-схроны» уфолаг, Аскольд Мянжынскі сцвярджае, што прышчэпку з легенды трэба ўспрымаць амаль літаральна. «Беларускі праект – гэта толькі частка вялікага эксперымента, які ставіць магутная іншапланетная цывілізацыя, – заяўляе ён. – Па невядомым крытэру іншапланетнікі абіраюць жыхароў Беларусі, дастаўляюць іх ў сакрэтныя лабараторыі на адной з касмічных станцый, змяняюць фармат іх свядомасці і потым вяртаюць назад. Большасць з тых, хто прайшоў праз гэта, нічога не памятае і спрабуе растлумачыць свой зварот да беларушчыны нейкімі рацыянальнымі довадамі, якія пераважна выглядаюць досыць смешна».[46]

Як бачна, разбежка ў меркаваннях вельмі шырокая. Аднак пры ўсёй павазе да аўтараў ніводная з гэтых версій пры ўважлівым звароце да гістарычных крыніц не вытрымлівае ніякай крытыкі. Зрэшты, перш, чым выкласці свой добра абгрунтаваны і падмацаваны сур’ёзнай крыніцавай базай пункт гледжання, хацеў бы ўзгадаць пэўную гісторыю з уласнага дзяцінства. У пачатку 1980-х гг., на схіле брэжнеўскай эпохі, калі я быў маленькім чатырохгадовым жэўжыкам, са мной здарылася бяда. Было гэта ў вёсцы Гарысты Веткаўскага раёна. Падчас цётчынага вяселля я з кімсьці шлындаў па вясковых вулках і ўрэшце апынуўся на чыёйсьці прысядзібнай пасецы. Мне ўпершыню давялося бачыць пчаліныя хаткі. Я зачаравана глядзеў на вуллі і на мітусню пчолаў на прылётных дошках каля ляткоў. Дзіцячая прага да эксперыментаў спарадзіла недаравальнае жаданне наступіць на пчаліную мітусню нагой. Ніхто ж не папярэдзіў, што так рабіць нельга. Пчолы наляцелі на мяне, і я на сваёй малечай скуры спазнаў, як яны «боронять ульев своих».

Боль і шок выцерлі з маёй памяці ўсё, што адбывалася са мной адразу пасля пчалінай атакі. Але напэўна акурат тады я назваў абаронцаў вулляў няправільнымі пчолкамі («Няправільныя пчолкі наторкалі іголкі», – неяк так сказаў я). Цяжка меркаваць, паўстала гэтая характарыстыка ў маёй галаве цалкам самастойна ці пад уплывам культавага савецкага мульціка пра мядзведзя Віні-Пуха і яго сяброў. Аднак з вышыні сённяшніх гадоў я ўпэўнена кажу, што тады выпадкова прайшоў адмысловую ініцыяцыю праз джаленне сапраўды спецыфічных беларускіх пчолаў – тую самую прышчэпку беларушчыны з легенды Шпілеўскага.[47] Мне даўно здавалася, што нешта з гэтым джаленнем не так. Але толькі нядаўнія архіўныя і букіністычныя знаходкі пацвердзілі мае самыя смелыя здагадкі.

Вядомая даследчыца Серафіма Скрыдлеўская здолела адшукаць фрагменты барочнага раману пачатку XVIII ст., стылізаванага пад дзённікавыя запісы сярэдняга беларускага шляхціца. Захаваўся і загаловак гэтага ўнікальнага твору – «Дыярыуш о деях размоитых пана Михала Винярскага-Пуховскаго а вшеляких другах онаго, суполный реестр яковых велекроть надалей пререкается». Нават павярхоўнае знаёмства з гэтымі фрагментамі дае магчымасць сцвердзіць, што аўтар кнігі «Віні-Пух» Алан Аляксандр Мілн быў не проста знаёмы са старабеларускім раманам (ці нейкім яго спісам), але і пазычыў з яго многія пасажы, набор персанажаў, перамяніўшы, што праўда, бальшыню вобразаў з чалавечых на звярыныя: Віні-Пух (Winnie-the-Pooh) – Міхал Вінярскі-Пухоўскі, Свінчо (Piglet) – Ян Багуслаў Свінка, Тыгра (Tigger) – Палямон Рысінскі, Трусік (Rabbit) – Юры Дзямід Караль Трусевіч, Крыстафер Робін (Christopher Robin) – Крыштаф Радзівіл. Пакідаючы адмыслоўцам праблему далейшага высвятлення паралеляў між гэтымі творамі, прапаную звярнуцца да цікавага ўрыўку, які тычыцца няправільных пчолаў (у Мілна – the wrong sort of bees).

Дазволю сабе працытаваць даволі абсяжны кавалак старабеларускага тэксту з пэўнымі арфаграфічнымі і сінтаксічнымі праўкамі. Міхал Вінярскі-Пухоўскі захацеў мёду дзікіх пчол і ўскараскаўся на высознае дрэва, у дупле якога пчолы жылі. Седзячы на галіне, ён стаў беспаспяхова ўдаваць з сябе хмару, якая зачапілася за вяршаліну. Асцерагаючыся пчолаў, Міхал папрасіў свайго сябра Крыштафа Радзівіла чытаць малітву на дождж. Вось жа: «Пан Крыштоф не ведал оной молитвы, але ж барздо скемил, што требо робити, и зачал спевати: «Богародзицо, дзевице, богославена Марыя! У твекго сына, кгосподзина матко зволена – Марыя! Зычы ж нам, спусти ж нам переливных дощов!». Бчолы стали ся поводить еще боле дивным обычаем, и я мусел теж распочати спев:

Над Литвою хмары хмурно ходять,

«Баяров» скачуть, карагоды водять,

Карты раскладають, у фараона гуляють,

Древы хистають, за голье ся чепляють.


Бчолы, як дотоле гудбарыли велми дивно. Колькидзесят оных вылетели з дупла и оточыли мя з усих строн. Една ж з онаго роя села мне на кирпу и уджалила боляче, што я ледва стрывал того глума а здирства. А стрывал я катованье тое, бо дуже ся устрашыл, же бчолы ся накинут и переджгуть мя грешнаго всего чысто. Я крыкнул до пана Крыштофа, даючи ему зведомье, же бчолы, кторыя оточыли мя, крывыя бчолы суть. И же се пчолы, кторыя мед крывый вычварають. Пан Крыштоф постал в подиве немалом. Я хотел был злезти долу, але убоялся. Волал пану Крыштофу, абы той з мушкета люб ручницы стрелил и перебил галину, на кторой я восседал. В превеликих сумненьях пукнул друг мой ласкавый ажно з гаковницы, мало не вынес мне стегна полову. Я заляментовал, а бчолы крывыя стали мя джалити люто. Пан Крыштоф пукнул з гаковницы еще раз, перебил галину и дал мне ратунку од тых бчол крывых».[48]

Як бачна, у старабеларускім тэксце пчолы называюцца «бчолы крывыя». Інтэрпрэтаваць гэта можна не толькі ў сэнсе «няправільныя», «няслушныя», але і ў значэнні «тыя, што звязаныя з крывамі (крэвамі), крывіччынай». Верагоднасць такога сэнсу Мілн (ці невядомы нам пасярэднік) чыста выпусціў з пад увагі. Між тым аўтар «Дыярыуша» у своеасаблівым пралогу падкрэсліў: «А был бы дыярыуш оный па-полску албо навет лациною списаный, кабы не бчол крывых покусы, завдяки кторым я, грешная душа, до своевицы ся повернул». Безумоўна, пададзены эпізод і прызнанне аўтара лягчэй за ўсё трактаваць як барочныя вымудры. Аднак на сённяшні момант ёсць усе падставы сцвярджаць, што «крывыя бчолы» былі рэальнасцю не толькі XVIII ст., але і іншых часоў – як ранейшых, гэтак і больш позніх.

Першыя згадкі пра крывых пчол (будзем іх так называць дзеля зручнасці) сягаюць у сівую мінуўшчыну. Відаць, што яны існавалі ўжо ў VI ст. да н. э. і выкарыстоўваліся нашымі далёкімі продкамі неўрамі як сродак абароны ад чужынцаў. Вядома, што неўры з шэрагам іншых народаў нашай часткі Еўропы адмовіліся дапамагаць скіфам у ваенным канфлікце з персідскім валадаром Дарыем: «Калі б вы раней не зрабілі крыўды персам і не пачалі ваяваць з імі, тады б мы ўважылі вашу просьбу слушнай і з ахвотай дапамаглі б вам. Аднак вы без нашай дапамогі ўварваліся ў зямлю персаў і валодалі ёю, пакуль боства патурала гэтаму. Цяпер жа ж боства спрыяе ім, і персы жадаюць адплаціць вам гэтак жа».[49] Аднак персідскія войскі ў сваім пераследзе скіфаў не зважалі на тое, хто з народаў стаў скіфскім хаўруснікам, а хто не. Калі даваць веры «бацьку гісторыі» Герадоту, то персы здолелі застрашыць неўраў і прымусілі іх адступіць на поўнач. Але малавядомы сёння Герадот Малодшы (або ў памылковым сярэднявечным напісанні – Герадзот)[50] аспрэчваў слушнасць такога апісання падзей: «Застрашыўшы андрафагаў, персы скіраваліся ў зямлю неўраў, мяркуючы і там пасеяць досыць страху. Аднак набліжаючыся да Неўрыды, яны ўбачылі шчыльную сцяну, якая дзіўна гула. Пра гэтае дзіва ніхто з праваднікоў раней не паведамляў. Персы наважыліся падыйсці бліжэй і былі моцна ўражаны ўбачаным відовішчам: памянёную сцяну ўтварала незлічоная колькасць пчолаў. І Дарый, і яго дарадцы згадалі, што неўры слылі чараўнікамі, а цяпер пераканаліся ў гэтым на ўласныя вочы. Калі здарылася, што некаторыя пчолы ўджалілі некалькіх воінаў, то ўсе зразумелі, што пчолы няпростыя, бо, уджаліўшы, не паміралі, а працягвалі лятаць і пагрозліва гусці. Але і гэты цуд не быў цудам у параўнанні з тым, што ўджаленыя персідскія воіны раптоўна для ўсіх пераходзілі на гаворку неўраў, звяртаючыся да пчолаў: «Ні баі сін, ісмі драўгу» («Νί βάί ςίη, ίςμί δράυγυ»). Гэта азначае: «Не бойся, я – друг». Разумеючы, што перайсці пчаліную сцяну без шкоды для войска немагчыма, персы вырашылі пакінуць неўраў у спакоі».[51]

43

Шпилевский П. Бог в простонародной белорусской притче // Зори Замоскворечья. 1855. № 5. С. 55–57.

44

Васькоў Ул. Ужо прыкладна 450 гадоў… // http://palivac.livejournal.com/254959.html

45

Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991. С. 16.

46

Беларуская прышчэпка для тутэйшай дзічкі: круглы стол 29 лютага 2008 г. // Новая Атлантида. 2008. № 1. С. 18–31.

47

Балахонаў С. Звышнатуральнае пачуццё // http://budzma.org/projects/belarus/syarhyey-balakhonaw-irracyyanalnaye-pachuccyo.html

48

Дыярыуш о деях размоитых пана Михала Винярскага-Пуховскаго. Прыватная бібліятэка Серафімы Скрыдлоўскай. Пагінацыя адсутнічае.

49

Герадот. История. Ленинград, 1972. С. 213.

50

Традыцыя называе яго пазашлюбным сынам Герадота (верагодна, ад жанчыны з племені будзінаў). Герадот Малодшы ўсё свядомае жыццё імкнуўся выпраўляць бацькавы памылкі. У часе адной са спрэчак з нагоды інтэрпрэтацыі падзеяў паходу Дарыя І на Вялікую Скіфію ён выкрыкнуў Герадоту: «Бацька, ты тут не адзін!».

51

Цыт. паводле: Свербинский Х. Страсти вокруг Геродота Младшего // Вестник исторических древностей. Москва, 2000. Вып. 25. С. 77–78.

Зямля пад крыламі Фенікса (зборнік)

Подняться наверх