Читать книгу Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў - Страница 2
Жарсці на аграсядзібе, альбо ці лёгка засекчы пеўня
I
ОглавлениеУ аўторак, ад самай раніцы, Сцяпану Гайцюкову патэлефанавалі і папрасілі неадкладна зайсці да старшыні райвыканкаму. І хаця ў Сцяпана, гаспадара турыстычнай аграсядзібы, усё наўкол было «схоплена», а начальнік раённай міліцыі быў ягоным асабістым сябрам, усё адно дзесьці пад сэрцам нарадзілася трывога. Ды яно і зразумела: на мінулым тыдні яму завезлі на сядзібу сорак бетонных слупоў, якія ў паперах значыліся як спісаныя, а насамрэч былі скрадзены з нейкай будоўлі.
І вось, блізу абеду, Сцяпан увайшоў у прымальню старшыні, сакратарка адразу ж разнасцежыла масіўныя, з пазалочанымі ручкамі, дзверы, і гэта ўжо дарэшты ўстрывожыла душу.
Старшыня, Спартак Іванавіч Марусіч, працаваў на сваёй пасадзе другі год. Прыслалі яго аднекуль з Магілёўшчыны, і напачатку ён сядзеў у сваім кабінеце невылазна, нібыта ў крэсла ўмураваны, але апошнім часам стаў гойсаць па раёне і наводзіць парадак. І першае, што зрабіў, – перавёў ў простыя інжынеры загадчыка аддзела капітальнага будаўніцтва выканкама. А цяпер, па чутках, збіраўся ўшчыльную заняцца ўладальнікамі аграсядзібаў.
Кіраўнік раённай «вертыкалі» сядзеў за сталом і размашыста падпісваў нейкія паперы. Нарэшце ўзняў вочы, акінуў наведніка дапытлівым позіркам, нібыта спрабуючы даўмецца – чаго ён тут таўчэцца, і толькі тады кіўком галавы паказаў на крэсла.
– Ты беларускую мову ведаеш? – знянацку запытаўся Марусіч і пытаннем такім канчаткова збянтэжыў наведніка.
– Вучыў калісьці… у школе, – прамармытаў Сцяпан і яшчэ больш насцярожыўся: ад беларускай мовы нічога добрага чакаць не даводзілася.
– Усе мы калісьці штосьці вучылі, – гаспадар кабінета закінуў на патыліцу пасму рудых валасоў. – Карацей, сітуацыя такая, – у голасе старшынёўскім загучалі ноткі заклапочанасці і нават лёгкай трывогі, – да нас едзе місі-іс… – Марусіч адгарнуў старонку настольнага календара, падслепавата прымружыўся, – …місіс Каліста Маер-Бянькофф. Не простая, скажу табе, госця: з дзвюма «ф» пры канцы прозвішча і з некалькімі мільёнамі на банкаўскім рахунку.
Зразумеўшы, пра што гаворка, Сцяпан перавёў дых, адкінуўся на прыслон дыхтоўнага крэсла.
– Спартак Іванавіч, дык у мяне ж звычайная, гонтай крытая хата. Куды ў такую халупу заморскую мільянерку сяліць. Вунь, у іншых… двухпавярховыя сядзібы, аўстрыйскі фаянс..
– Ты не зусім разумееш сітуацыю, – перарваў Спартак Іванавіч і зноўку, цяпер ужо ліхаманкавым рухам, перагарнуў настольны каляндар. – Мільянерка родам з нашых мясцін і прагне панурыцца ў часіны дзяцінства. Так што ніякіх еўрарамонтаў, ніякіх сілікатаў-ламінатаў. Я тут з дырэктарам музея дамовіўся. Прывязуць табе кросны, маслабойку, лапату, яшчэ якога антыкварнага начыння…
– Якую лапату? – з панічнай інтанацыяй перапытаў наведнік.
– Якой бабы каравай у печ садзяць. Трэба будзе, да ўсяго, і хлеб спячы.
Пачуўшы такое, Сцяпан заклапочана кашлянуў.
– Ці не зашмат турботы будзе з той госцяй. Дый караваі ў нас ужо сто гадоў ніхто не пёк…
– Нічога, знойдзеш якую бабулю… Пагатоў, прыезд гэтай… як яе… з дзвюма «ф»… знаходзіцца на кантролі аблвыканкама. Уцяміў?
Сцяпан ізноўку кашлянуў, цяпер ужо з пакутай.
– Ну не ўздыхай ужо так, – гаспадар кабінета чарговым разам скасіў вока на каляндар. – Ты, дарэчы, колькі маеш з чалавека?
– Дзесьці дванаццаць даляраў у суткі, – з неахвотаю адказаў Сцяпан, напусціўшы на твар устурбавана-заклапочаную гімору.
– А тут атрымаеш у дзесяць разоў больш. І прыедзе яна не адна, а з унучкай. Так што падлічы сутачныя прыбыткі і рыхтуй аграсядзібу для сустрэчы дарагіх гасцей.
Падрахаваўшы ў галаве прыбыткі, наведнік прыкметна пажвавеў, памкнуўся ўзняцца з крэсла, але Марусіч паўтарыў пытанне, на якое дагэтуль не пачуў адказу:
– Дык як у цябе… з беларускай мовай?
Спартак Іванавіч зірнуў на Сцяпана з прытоенай усмешкай, ледзь прыкметна варушачы верхняй, кепска паголенай губой.
Хвіліну Сцяпан няўцямна лыпаў вачыма, дзівячыся – на якую халеру здалася старшыні тая мова, – і Марусіч з вохканнем падняўся на ногі.
– Амерыканка ж, кажу, з нашых мясцінаў. А яны там усе, хто за акіян падаўся, нацыяналісты. Толькі па-беларуску і шпрэхаюць. Так што прыйшла ўказіўка з вобласці – арганізаваць прыём на матчынай мове, каб на яе ліха… Трэба будзе нейкую культурную праграму задзейнічаць, па раёне правесці, паказаць тое-сёе… Карацей, ёсць у цябе знаёмыя, якія добра мовай валодаюць?
Сцяпан утрапёна паглядзеў на столь, разявіў у задуменні рот, перабіраючы ў памяці сяброў і знаёмых, але нікога вартага так і не згадаў. Неўзабаве і кіраўнік «вертыкалі» утаропіўся ў столь, заварушыў вуснамі і нечакана ляпнуў далонню па стале – ды так рашуча, што наведнік сцепануўся.
– Хаміцкі! Паэт наш мясцовы! І як яго адразу не згадаў? – гракнуў Спартак Іванавіч і пры гэтым натхнёна пацёр далоні.
– Гэта той, што ў газеце працуе? – па голасе Сцяпанавым было зразумела, што ён не падзяляў старшынёўскага натхнення.
– Працаваў… выгналі за п’янку.
– Куды ж яго… такога… экскурсаводам браць? Надоечы бачыў ля піўной – стаіць, трасецца ўвесь.
– Ну дык што нам, з вобласці чалавека выпісваць? – буркнуў Марусіч, – ды і ў вобласці ўжо нікога не знойдзеш. Карацей, едзь у піўную, шукай Хаміцкага.
Пасля кабінетнай задухі Сцяпану добра дыхалася. Ён стаяў на бетонных прыступках і глядзеў на неба. Калі гадзіну таму заходзіў у выканкам, свяціла сонца і неба было празрыстым да прадоння. Цяпер жа па небе плыло ашмоцце навальнічных хмар, і гэта прадракала навальніцу. Але пахмурны прасцяг зусім не псаваў настрою. Наадварот, душа Сцяпанава поўнілася нейкім дзіўным захапленнем.
Два гады прамінула, як ён перабудаваў бацькоўскую хату ў турыстычную аграсядзібу і з той хвіліны пазбыўся спакою. Вось і цяпер Сцяпан стаяў ля райвыканкама, а душа ягоная была там, на родным падворку, які мінулай ночы аж па край абванітавалі пастаяльцы – пяцёра піцерскіх дзецюкоў. Дзіва што: за два дні піцерцы агоралі цэлую скрыню гарэлкі!
«Заўтра ж выганю ўсю гэтую п’яноту», – раз’юшана і ў адначас весела сказаў сам сабе Сцяпан. Адчуванне таго, што хутка ў яго з’явяцца іншыя пастаяльцы – выхаваныя, непітушчыя і, галоўнае, з туга набітымі гаманцамі, – сціскала душу спазмам замілавання гэтым светам, гэтымі нізкімі разбэрсанымі хмарамі, гэтымі далёкімі грымотамі, што абудзіліся за даляглядам, і Сцяпан, не адчуваючы пад сабою ног, кінуўся да машыны. Хацеў яшчэ да дажджу пад’ехаць да піўной летамкі на Савецкай вуліцы.