Читать книгу Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў - Страница 3
Жарсці на аграсядзібе, альбо ці лёгка засекчы пеўня
ІІ
ОглавлениеДаўно не пачуваў сябе так шчасна Вася Хаміцкі, як тут, на аграсядзібе. Хаця за апошнія дні і ўходаўся дарэшты, бо давялося і дровы секчы, і траву касіць, і ваду цягаць у лазню, і нават з маслабойкай завіхацца. Ды што там фізічная праца. Мусіў нават дэкаратыўным мастацтвам заняцца: выразаў лобзікам з фанерыны сілуэт бусла, а потым яго размаляваў. Гаспадар прыбіў бусла да вільчака хаты, і потым яны доўга не маглі зразумець – што ў ім не так. Аказалася, што лапы зрабілі каленямі наперад, а ў буслоў жа яны назад глядзяць.
Адрыгнуўшы сытным баршчом, Васіль дастаў з кішэні портак пакамечаны аркушык, разгладзіў на грудзіне. На ім імклівай рукой быў намаляваны ўзгоднены райвыканкамам маршрут заўтрашняй выправы па гістарычных мясцінах, паўзверх якога бег размашысты надпіс: «Пачаць экскурсію словамі: „Непазнавальна змяніўся за апошнія дваццаць гадоў наш раён“».
Васіль бязгучна вылаяўся, пхнуў паперку назад у кішэнь. Што якое, а ўжо словам ён валодае, тут падказак не трэба. І раён ведае як ніхто іншы. За час працы ў газеце сто разоў яго аб’ехаў – і ўдоўжкі, і ўпоперак. Божухна, і пра што толькі не даводзілася пісаць… і пра міфічныя ўдоі, і пра «лінейкі гатоўнасці», і пра звышпланавы вываз арганікі на палеткі. А цяпер вось і сельгасаддзел у газеце скарацілі, і яго, паэта, ветэрана раённай журналістыкі, з працы выгналі.
Звёўшы да пераносся кусцістыя бровы, Васіль уголас вылаяўся на адрас рэдактара «раёнкі» і, закінуўшы рукі за патыліцу, стаў глядзець на светлыя шчыліны, што праціналі дах адрыны.
Мінулага аўторка Васіль, як заўсёды, сядзеў у піўной летамцы на Савецкай, і раптам перад вачыма паўстаў Сцёпка Гайцюкоў – стары прыяцель, з якім колісь вучыліся ў сельгасакадэміі і які пару гадоў таму з’ехаў з горада і жыў недзе на аграсядзібе. Сцёпка, азірнуўшыся, паказаў на мігах, што трэба пагаманіць, і яны нетаропкай хадою прайшліся ўздоўж вуліцы. Гайцюкоў стоеным голасам паведаміў, што ў яго на сядзібе мае атабарыцца амерыканка, якая зусім не ведае расейскай мовы – толькі беларускую ды ангельскую, – і прапанаваў Васілю папрацаваць тыдзень у якасці перакладчыка. Прапанова была зманлівай, але і насцярожвала. Амерыканцаў ён зроду не бачыў, а халера іх ведае – што яны могуць учыніць. А раптам паспрабуюць завербаваць? Ці ж мала было выпадкаў? Магчыма, Васіль і адмовіўся б ад такой прапановы, ды тут секануў шпаркі дождж, яны ўбіліся ў Сцяпанаў легкавік і давялося, на знак згоды, ляпнуць далонню па хціва падстаўленай пяцярні. Ну і не схібіў, бо тут, на аграсядзібе, былы журналіст пачуваў сябе як у бога за печчу. Сыты, памыты – у лазні дзве гадзіны парыўся, – і ў новай вышыванай кашулі. Сцяпан адмыслова ездзіў па яе ў горад – пазычыў у нейкага фальклорнага калектыву. Трэба было заморскіх гасцей у нацыянальных строях сустрэць.
Амерыканка, місіс Маер, Васілю адразу спадабалася. Кабеце было даўно за семдзесят, а яна мела танклявую дзявочую паставу і не па ўзросце пышную фрызуру з уплеценым у скронь белым гарлачыкам. І звалі яе адмыслова: Каліста. Васіль, набраўшыся смеласці, пацікавіўся – адкуль такое дзіўнае імя? Аказалася, што бацька кабеты ў маладосці захапляўся навуковай фантастыкай, таму й назваў дачок у гонар спадарожнікаў Юпітэра: Каліста і Амальтэя.
Адно кепска – мучыла амерыканку задышка. Крыху пройдзе, спыніцца, на што-небудзь абапрэцца і зморана дыхае. І дыханне ў яе прыемнае – мятна-шакаладнае. Іншая рэч – унучка. Тая не па гадах тлустая. Як бяжыць, дык трыбух трасецца. Няйначай, ад кока-колы ды хот-догаў так расперла. І па-беларуску зусім нічога не цяміць. А вось бабуля, хаця і з нейкім дзіўным акцэнтам, а размаўляе на добрай літаратурнай мове. І асабліва любіць паэзію. Васіль тых вершаў ведае да халеры і раз-пораз іх чытае. І, што дзіўна, калі свой верш прачытае, місіс Маер толькі лагодна пасміхнецца. А прачытае якога класіка – адразу ганарар атрымлівае: дзесяць даляраў адной паперкай. Сёння раніцай, яшчэ да сняданку, прачытаў знакаміты верш «Трэба дома бываць часцей», дык госця расчулена носам шморгнула і паўсоценнай баксінай абдарыла.
Ну і, вядома, вось ужо чацвёрты дзень на губе і росачкі не было. Нават «дзембельскі каляндар» завёў: тры драпіны іржавым цвіком правёў па шуле. Першыя два дні надта цягнула ўзяць чарку, цяпер крыху адлягло. Увечары, як будзе спаць класціся, чацвёртую драпіну накрэмзае.
Спаць, праўда, даводзіцца ў адрыне, але яно і лепш: свежае паветра, здаровы сон і сена пахне так, што галава кружыцца. Сцяпан надоечы наогул прапанаваў застацца ў яго да Новага года. Збіраецца, казаў, мансарду будаваць, агароджу на бетонных слупах вакол сядзібы ставіць…
«Эхх!» – каротка выдыхнуў Васіль, кульнуўся на бок, збіраючыся крыху падрамаць, ды тут знадворку даляцеў заклапочаны голас гаспадара:
– Ты дзе?!
Васіль з’ехаў з тарпы, на хаду размінаючы рукі, як гэта робяць піяністы перад канцэртам.
– Таўстуха курынага булёну просіць, – Сцяпан незадаволена кіўнуў на дзверы хаты, – так што трэба пеўніка секануць. Вунь таго, цыбатага. А то ён на людзей кідаецца. Калодка з сякерай за адрынай стаіць.
Гаспадар пайшоў да хаты і ўжо з ганку крыкнуў:
– Круп сыпані ў хляве ды дзверы зачыні. Проста так не зловіш.
Васіль у адказ махнуў рукой. Ён сам нарадзіўся ў вёсцы і такія парады гучалі недарэчы.
Злавіць цыбатага задзіраку, што праўда, было не так і лёгка. На параду гаспадара Васіль сыпануў панцаку, паклікаў курэй, тыя гамузам збегліся, але задзірака ў хлеў не пайшоў. Стаяў ля шчарбатага ганка і незадаволена квахтаў, узняўшы пёры на шыі.
– Пеця, Пеця, – паклікаў Васіль, сыпануў круп на ганак, і певень з насцярогаю ўвайшоў у хлеў.
Нарэшце дзверы былі зачыненыя і звыклыя да зыркага сонца вочы апанавала шарая памрока. Уваччу паплылі вясёлкавыя кулі, а паміж імі размытымі белымі плямамі замітусіліся куры. Васіль, аднак, не выпускаў з поля зроку пяюна-задзіраку і, калі той падышоў бліжэй, кінуўся яго лавіць. У хляве ўсчаўся гармідар. Куры лёталі, б’ючы крыламі па твары, голасна кудахталі, а дзесьці над галавой, заляцеўшы на вышкі, галасіла, прадракаючы бяду, сіпатая курач. Да таго ж за дзвярыма адчайдушна забрахала гаспадарава сучка і спалохана задзяўкаў шчанюк. І калі, пабіўшы галаву аб загарадку, Васіль схапіў гарластага злодзея за хваста і са словамі «Адлётаўся, паскуда!» прыціснуў да грудзей, аказалася, што злапаў не пеўня, а рабую курыцу. Толькі хвілін праз пятнаццаць – з пабітай галавой, з пер’ем у валасах і з размазаным на носе курыным памётам – Васіль баднуў галавой дзверы хлява і сутыкнуўся з амерыканкай. Заморская госця была не на жарты ўсхваляваная. Перапужалася, відаць, пачуўшы сабачы брэх і курыны лямант. Але нечакана пасміхнулася, паспрабавала палашчыць пеўня, якога Васіль сціскаў дзвюма рукамі.
– Уот э вандэфул кок! – уражана прашаптала місіс Майер, забыўшыся на імгненне родную мову, але тут жа страсянула кудзеркамі: – «Кок» па-ангельску «певень».
– Ды я ведаю, – буркнуў Васіль, згадаўшы малюнкі свойскай птушкі з падручніка ангельскай мовы і подпісы пад імі: соck, goose, duck.
Спачатку Васіль хацеў адпусціць пеўня – ну не секчы ж яго на вачах гэтай Каністры, ці як яе там… Але ж тут і зло ўзяло. Столькі часу лавіў гэтага нягодніка, лоб пабіў, кашулю завэдзгаў… і што цяпер – адпусціць? Ну ўжо не… другім разам будзеш лавіць – інфаркт атрымаеш. Ды і што тут страшнага? Цюкнуў сякерай, абскуб, абсмаліў і ў чыгунок укінуў.
Не ведаючы, як адчапіцца ад Каністры, Васіль з нецярплівасцю пераступіў з нагі на нагу, заклапочана азірнуўся на бокі, і тут яму пашанцавала: з сабачай будкі вылез таўсматы шчанюк, і кабета, ляпнуўшы далонямі, кінулася яго лашчыць.
Сцярожка, на дыбачках, завярнуў Васіль за адрыну, падышоў да калодкі, выдзер з яе сякеру і ўжо замахнуўся, каб адсекчы пеўню галаву, ды тут за спінай нема, з гартаннымі нотамі, залямантавала амерыканка.
– Што вы робіце?!
Рука здрыганулася, і з-пад сякеры адляцеў толькі грэбень. Певень вырваўся з рук, узляцеў у паветра, скокнуў на голаў Каністры, цыркнуўшы на твар гарачай юшкі. Амерыканка ціха вохнула, закаціла вочы, з млявай павольнасцю асунулася на зямлю. У тую ж хвіліну, пакліканая немым бабчыным воклікам, з-за адрыны вытыркнулася ўнучка і, пабачыўшы скрываўленую бабцю і поруч з ёю мужчыну з сякерай, таксама вохнула, ушчаперылася ў збуцвелую сцяну і, здзіраючы з пальцаў манікюр, таксама абрынула вобзем.
Неўзабаве з-за рога адрыны вылецеў гаспадар аграсядзібы. З разгону ён зачапіўся нагой за таўстуху і нават збялеў з перапуду. Але тут жа ўцяміў, у чым справа, прыпаў вухам да грудзіны непрытомнай пастаялкі.
– Ці жывая? – сіпата запытаўся Васіль, звяртаючыся да выстаўленага Сцяпанавага азадка.
Сцяпан у адказ мацюкнуўся.
– Ідзі лепш зірні – што з унучкай!
Васіль крадком падышоў да таўстухі і перавёў дых: малады арганізм справіўся са стрэсам і дзяўчына ўжо спрабавала падняцца. Але, угледзеўшы Васіля, прыціснулася плячамі да сцяны і са слязьмі на вачах перахрысцілася.
– Сякеру кінь, халера! – грымнуў за спінай адчайны Сцяпанаў голас.
Толькі цяпер заўважыў Васіль, што трымае ў руках сякеру. Выпусціўшы з рук тапарышча, ён разважліва, прачышчаючы глытку, кашлянуў у далонь.
– Кок… май кок! – паспрабаваў штосьці патлумачыць па-ангельску, але таўстуха, пачуўшы слова «кок», шалёнымі вачыма ўтаропілася на крэсла Васілёвых штаноў і яшчэ ямчэй прыціснулася да адрыны.
– Дзе ты, йоп?! – гаспадар ускочыў на ногі, падхапіў пастаялку пад пахі. – Бярыся, пацягнем да калодзежа!
Місіс Майер была на дзіва лёгкай.
Паклаўшы змарнелую небараку ля калодзежа, Васіль налёг на корбу калаўрота, з аглушальным плёскатам выцягнуў паўнюткае вядро і хацеў быў шухнуць вады на самлелую госцю, ды Сцяпан перахапіў вядро.
– Ты што, бляха, зусім ашалеў?!
Сёрбнуўшы на поўную губу халадзёнкі, гаспадар аграсядзібы пырснуў вады на твар непрытомнай пастаялкі.
– Ну што стаіш, як усёршыся. Ляці ў хату, цягні скрыню з лекамі. Адразу ля ўваходу, на сцяне вісіць.
Васіль ужо бег да хаты, а Сцяпан усё крычаў яму наўздагон: – Мабілу прыхапі, трэба «хуткую» выклікаць!
На ганку былы журналіст спыніўся, і нечаканая думка працяла свядомасць: «А што я, сапраўды, бегаю тут, як усёршыся?» – Васіль збіў з чупрыны пух, выцер рукавом курыны памёт з носа. «Знайшлі парабка. Запрашалі выправу правесці, а тут ужо на двух руках мазалі. Працую як мурын на плантацыі. І ноччу сну няма праз камароў. Самі ў хаце на ложках дрыхнуць, а мяне ў адрыну ўперлі», – і, дзіўная рэч, пад уражаннем тых гарачкавых думак ногі панеслі яго ў шырокае поле. Спачатку ён ішоў нясмела, сюд-туд азіраючыся на Сцяпанаву аграсядзібу, потым прыпусціў нібыта яму жару кінулі ў порткі ды тут жа ізноў запаволіў хаду і са сполахам уваччу зірнуў праз плячук.
«А як возьме ды здырдзіцца? На каго тады пальцам торкнуць? На мяне, вядома», – ад такіх думак былому журналісту стала не па сабе і ногі зрабіліся ватнымі. «Але што я такога зрабіў? Пеўню грэбень адсек?» Васіль згадаў раптам, як у далёкім дзяцінстве маці адсекла качцы галаву, тая стала бегаць, безгаловая, па двары, а ён, дзіцянё, крычаў ліхім голасам: «Мама, мама! Яна яшчэ жывая!»
Згадаўшы маці, Васіль пракаўтнуў халодны камяк, што знянацку падступіў да горла, рашуча пашыбаваў па полі – туды, дзе стаяў шыхт высокіх бярэзін, на якіх трывожна гарлалі гракі, і дзе бегла вясковая праселіца.
Машыны па той праселіцы ездзілі зрэдку, але Васілю пашанцавала. Не паспеў узысці на ўзбочыну, як з-за павароткі выехала, уздымаючы страшэнную пылюку, «лятучка» тэхдапамогі.
Ён са стогнам залез у навылёт прапыленую кабінку, кіўнуў на знак падзякі маладому кіроўцу.
Настрою не было. Панурыўшы голаў, Васіль невідушча глядзеў на дарогу і слухаў выццё рухавіка – то жаласлівае на пад’ёме, то абуранае, калі машына каціла з гары. Нечакана рука намацала цупкія даляры ў кішэні, і добры настрой вомігам апанаваў душу.
«Ох і нап’юся я сёння», – бязгучна прашаптаў пасажыр і ўжо вясёлымі вачыма зірнуў на кіроўцу. Той у адказ падміргнуў, запытальна тузануў падбароддзем, паказваючы на вышыванку.
– Што гэта ў вас за прыкід?
– Канцэрт даем для працаўнікоў вёскі, ды баян дома забыў, – прамовіў Васіль і далей, аж да самага горада, яны ехалі моўчкі.