Читать книгу Помнік літары «Ў» - Вінцэсь Мудроў - Страница 7
Лох
І
ОглавлениеСярод сну пачуў – нехта крануўся рукі, – і абудзіўся.
Мурзатае цыганё (ці то хлопец, ці то дзяўчынка) стаяла поруч, грызла кукурузны кіях, дапытліва глядзела неміргаючымі вачанятамі. Ён абцягнуў швэдар, паспрабаваў пасміхнуцца.
– Поўны вакзал качэўнікаў, – прамовілі за спінай; маці мурзы штосьці крыкнула па-свойму, і цыганё – відаць, усё ж такі дзяўчынка – пабегла між людскіх ног, махаючы кукурузным абглодкам.
Вакзальнае святло цвяліла павекі, нудзіла сэрца. Вушы нібыта заклала ватаю, і галасы навакольныя гучалі няўцямна, усё адно як са студні.
– Ну дык слухай, што скажу… Паткнуўся ён да мяне, а ад яго… і табачышчам… і вінішчам… і гаўнішчам…
Дзве кабеты сядзелі на суседняй лаўцы і, зладзеявата пазіраючы на бокі, распавядалі адна адной пра свае любошчы.
– Ну а ты што? – пыталася таўстуха ў фальбоністай сукенцы.
– А што я… адпіхнула ды за дзверы вылецела. Нават сумачку не паспела ўзяць, – адказала сяброўка і тужліва ўздыхнула. На сяброўцы была сукенка такога ж крою: белая, у зялёны гарошак.
Спаў ён нядоўга, можа, нейкіх дзесяць хвілін, але галава стала тлумнаю, і навакольныя галасы балючымі колькамі адбіваліся ў скронях. Пульсуючы боль выпетраў з галавы ўсялякія думкі. Лёгкі халадок крануўся гіпофіза, казытнуў гіпаталамус, зварухнуў наструненыя нейроны. Стваралася ўражанне, што пазбаўленая думак галава завісла ў паветры і ўжо гатовая, як той балонік, узняцца ўгору. Ён нават зірнуў на столь, спрабуючы ўгледзець яе ля цьмяных свяцільняў, а потым, схамянуўшыся, стаў сілком поўніць голаў дакучлівымі, сто разоў абсмактанымі думкамі.
«Куды я еду? – пытаўся ён сам у сябе. І тут жа адказваў: – У горад Дзедаўск Маскоўскай вобласці». «А чаго я туды пруся? – пытанне і адказ размежавала ладная паўза: – Каб забраць дваццаць тысяч даляраў». Згадаўшы ў думках даляры, скасіў вока на таўстуху і заклапочана пачухаў падбароддзе.
Пазаўчора ён ізноў насмактаўся брыды. Паўгода не паліў, а тут, як з’явіліся грошы, збегаў на «штуршок» – мясцовы базар, ды прыхапіў у знаёмага айзера пяток «беламорын». Замест тытуню ў папяросіны была напханая каляная трава. Брыда была моцнай: з кожнай зацяжкай галава рабілася ўсё больш лёгкай, а пасля дзясятай зацяжкі ўзнялася ў паветра і з гідлівай усмешкай на вуснах завісла над таршэрам. Два дні мінула, а народжаная з шызага дыму відма і дагэтуль даймала свядомасць, і ён раз-пораз пацепваўся ды паглядаў на столь: а раптам і тут, пасярод вакзальнай пачакальні, залунае ягоны ўскудлачаны кумпал?
– Марымоніха, сучка гэтая, спрабавала Толіку ў штаны залезці, – прамовіла таўстуха, няўлоўным рухам прыгладзіўшы фальбоны: – Мінулай суботы ў горад ездзіла, дык, казалі, завіўку зрабіла і ласіны купіла. Цяпер ужо будзе… тоўстым задам трэсці.
– Аго-ой… На такую бамбізу – ласіны, – праспявала сяброўка, і, змораны задушным паветрам і жаночымі размовамі, ён ускінуў на плячо пацёхканую кайстру і падняўся на ногі.
Знадворку церусіла імжа. На платформе брынілі ў плыткіх лужах адбіткі ліхтароў, крыху зводдаль, на тле высозных дрэваў, ільсніліся ў нежывым святле перапэцканыя нафтай цыстэрны, а з нутра прыстанцыйнага павільёна, дзе неспакойна варушыліся людскія постаці, вырывалася на прасцяг скалечаная гаманой і бразгатам кухляў песня.
Льёт ли тёплый дождь,
Падает ли снег…
Песня-інвалід то знікала, то зноў узнікала. У такт ёй, з настальгічнай яснотай, уваччу мільгацелі вакзальныя агні, ды раптам патухлі, калі дачуўся, што песню спяваў не Валеры Абадзінскі, а нейкі безгалосы маладзён.
Калісьці ён і сам, брынкаючы на гітары, спяваў пра той самы цёплы дождж, і ў дзяўчын, што сядзелі ў зале – вось як цяпер у яго, – блішчэлі вочы. Дзяўчыны праглі кахання: адна дурніца нават рэзала сабе вены, калі ён адмовіўся з ёю сустракацца. Мясцовыя «каралі» – тыя самыя, што насілі ў кішэнях нажы і кастэты, – плішчыліся да яго ў сябры, а карэспандэнт рэспубліканскай газеты, які адмыслова прыехаў са сталіцы, глыбакадумна пытаўся: «Вы памятаеце, калі ўпершыню выйшлі на сцэну?»
Які ж гэта быў год? Здаецца, шэсцьдзясят сёмы… А можа, шэсцьдзясят восьмы? Ужо і не згадаеш… Усё змяшалася ў баламутнай галаве… Але той, іхны першы выхад, запомніўся. Запомнілася круглая, скрозь парэпаная печ-галанка наўзбоч сцэны, паркалёвы заднік з нехлямяжым надпісам: «Агітбрыгада „Праметэй”», запыленыя, цёмныя спадыспаду ад дохлых мух, плафоны на столі местачковага клуба. Агітбрыгада «Праметэй» змагалася з заганамі заходняй культуры, і іхны гурт мусіў тыя заганы ўвасабляць. Яны павінны былі выйсці на сцэну, глынуць з аграмаднай бутэлькі «Кока-колы» – налепку для бутэлькі намалявалі чырвонай гуашшу – і загарлаць Can’t buy me love. Пасля другога куплета, паводле сцэнару, іх павінны былі выкінуць са сцэны хлопцы ў рабочых спяцоўках, а бубнача Мішку Яцыну яшчэ й агрэць дзеля жарту развадным ключом. Мішку, аднак, ключом не агрэлі. Пасля другога куплета, калі адключылі мікрафоны і з’явіліся хлопцы ў спяцоўках, у зале ўсчаўся вэрхал. Местачкоўцы нічога не зразумелі: падумалі, што гэта загадчык клуба вырубіў гук… Пару мясцовых зухаў падаліся на сцэну, далі выспятка «рабацягу», які трымаў Мішку за каршэнь, а ад задніх радоў стаў прабівацца да сцэны ўчастковы міліцыянт. Калі жарсці суняліся, яны чатыры разы запар выдалі Can’t buy me love, потым – столькі ж разоў – іхны бас-гітарыст Юрка Мамантаў праспяваў Yesterday, а ўвечары, сёрбнуўшы тутэйшай самагонкі, яны перапісалі расейскімі літарамі словы песні «Кент бай мі лав» і паказалі мясцовым зухам колькі гітарных акордаў…
– Будзьце асцярожныя! Па першай каляіне пройдзе грузавы цягнік!
Ён страсянуў плечукамі – рашуча, рэзка, нібыта спрабуючы стрэсці з сябе мінулае жыццё, – і агледзеўся. Са згуслай, пазначанай сінімі вогнікамі стрэлак цемры на яго глядзелі два цеплавозныя пражэктары. Спорная імжака рабіла іх святло размыта-рухавым, і здавалася, што адтуль, з цемры, паўзе, мерна ляскаючы жалезнымі кіпцюрамі, жаўтавокі цмок. Цеплавоз скалануў паветра сіплым гудком, дыхнуў у твар гарачай алівай, платформа дробна зыбанулася і машыніст, што вытыркаўся з бакавога акенца, махнуў яму рукой.
Травень далічваў апошнія дні, але пагоды не было: штовечар ішоў дождж, альбо, як цяпер, сыпала густая імжа. І ён, праводзіўшы вачыма жалезнага цмока, згадаў, што акурат такім часам у горадзе адчынялася летняя танцпляцоўка, і ў паветры таксама вісела імгла. Такімі вечарамі яму добра спявалася; гітарныя струны звінелі ад самага лёгкага дотыку, дзявочыя тварыкі вільготна блішчэлі, а паветра пахла прэлай ігліцай. Травень паціху мінаў, праз год зноўку прыходзіў; звінеў камарамі, халадніў лоб імжакай, трывожыў душу цьмянымі надзеямі, і кожны раз, апанаваныя тымі надзеямі, яны з Юркам Мамантавым вешалі на франтоне дашчанай веранды чорныя скрыні акустычных калонак. Аднойчы, увагнаўшы ў дошку ржавы цвік, Юрка скочыў з драбін, падхапіў калонку і, як бы між іншым, прамовіў: «Усё, граю апошні раз». Праз пару дзён сябар з’ехаў у Піцер, а яшчэ праз тыдзень прыслаў ліста, у якім паведаміў, што ў музвучэльню яго не прынялі, а таму давялося завербавацца на гандлёвы флот.
Юрка Мамантаў стаў баразніць Атлантыку паміж Ленінградам і канадскім Галіфаксам, Мішка Яцына паступіў у верталётную вучэльню, а ён, колішні ўлюбёнец навакольных дзяўчын, па-ранейшаму шкрабаў медыятарам струны, спяваў «Люстэрка» і «Зорачку». І з кожным акордам сэрца ягонае поўніла туга мінулых гадоў, і зыркія лямпачкі, што апяразвалі дашчаную веранду, цьмяна адбіваліся на ягоным круглявым, прыкрытым рэдкімі валасамі плеху. Танцпляцоўка, як заўсёды, гула, вішчала, шаргацела і тупала. Ён узненавідзеў гэтыя зыкі, узненавідзеў потных дзевак і прышчавых дзецюкоў, якія таўкліся перад вачыма, узненавідзеў уласную жонку, родны горад і Юрку Мамантава, які да таго часу ўжо атабарыўся ў далёкай Амерыцы. Неўзабаве ён стаў смаліць дурнап’ян. Рабіў зацяжку, раскрываў рот і глядзеў, як лютая, перамяшаная з салодкім дымам нянавісць паволі падымалася ўгору. Дым пасмамі імкнуўся да форткі, і яму здавалася: вось зараз прыйдзе нехта і забярэ яго, таленавітага музыку, аўтара дзесяці папулярных песень, у вялікі горад, і ймя ягонае вогненнымі літарамі загарыцца на сцэнах амфітэатраў. Дагараў чарговы касяк, брудным попелам асыпаўся на швэдар, але ніхто не йшоў, і дзесяць перапісаных на ноты песень ляжалі ў тэчцы з белымі аборкамі ды чакалі свайго часу.
– Хуткі цягнік семдзесят восьмы Горадня-Масква прыбывае на другую каляіну другой платформы… – гугнявы голас перарваўся, і наструненую цішыню скаланулі рып вакзальных дзвярэй, прыдушаныя цяжкімі валізамі галасы, жаласлівае крахтанне і незласлівыя мацюгі. Ён памацаў швэдар – той зусім змакрэў ад імжакі – і ўплішчыўся ў людскую плынь.