Читать книгу 36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага - Яўген Аснарэўскі - Страница 3

Аб пачатку і ўладарах
Як зьявілася слова Літва?

Оглавление

Першыя згадкі Літвы адносяць да 1009 года. У яе рэгіёне тады загінуў прапаведнік Бруна Кверфурцкі – нямецкі арыстакрат, які меў высокі сан біскупа.

У Кведлінбургскіх аналах, датаваных XI стагоддзем, чытаем аб тым, што Бруна быў абезгалоўлены in confinio Rusciae et Lituae, гэта значыць «на мяжы Русі і Літвы».


Старонка Кведлінбургскіх аналаў. Першая згадка Літвы (вылучана ў тэксце).


Адносна значэння і паходжання назвы існуе мноства розных версій. Больш-менш пераканаўчыя гіпотэзы звязваюць назву з прытокам Віліі, маленькай рэчкай Летаўкай. Аўтар можа тут заўважыць, што шлях наймення нейкага племя па назве геаграфічных аб'ектаў здаецца цалкам лагічным. Да прыкладу, дрыгавічы – адно з леглых у аснову беларускага этнасу ўсходнеславянскіх плямёнаў, верагодна, атрымалі назву дзякуючы балоцістай мясцовасці, якую яны займалі. У беларускай мове, як вядома, і зараз ёсць слова «дрыгва».

Палачане, якія засялялі першую самастойную дзяржаву продкаў беларусаў – Полацкае княства, як можна думаць, атрымалі назву ад ракі Палаты.

У сучаснай Рэспубліцы Літва дастаткова папулярная версія з паходжаннем імя краіны ад назвы дружыннікаў, што былі ў атрадах літоўскіх нобіляў. Такіх ваяўнікоў нібы звалі «лейчы». У гэтым выпадку тлумачэнне нагадвае версію з паходжаннем не зусім зразумелага славянам слова «русь», якім першапачаткова, як лічыцца, называлася варажская дружына скандынаўскіх манархаў, што кіравалі ўсходнеславянскімі землямі.

Маргінальная версія гаворыць аб паходжанні назвы Літвы ад славянскага племя люцічаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Германіі. Абгрунтоўваюць гэтую сувязь звычайна назвамі населеных пунктаў на землях Беларусі, беларускімі прозвішчамі з коранем «лют» ды іншымі, аналагічнымі па дарэчнасці, аргументамі.

Аўтар, мякка кажучы, скептычна глядзіць на падобныя развагі і прапануе прыхільнікам падобных тэорый запісаць у «спадчыну люцічаў» швейцарскі Люцэрн ці, да прыкладу, Пімпальгаон Лют у Індыі. Нашчадкам люцічаў, для людзей, якія разважаюць такім чынам, мабыць, павінен з'яўляецца і знакаміты нямецкі багаслоў Марцін Лютэр, а можа быць нават чарнаскуры змагар за правы афраамерыканцаў Марцін Лютэр Кінг. І вядома ж, у гонар люцічаў была названая кветка – казялец (люцік).

Кажучы больш сур'ёзна, варта адзначыць, што фанетычных супадзенняў, зразумела, недастаткова для вылучэння навукова абгрунтаванай гіпотэзы. Гісторыкі павінны карыстацца дадзенымі дакладных гістарычных дакументаў і дапаможных гістарычных дысцыплін, а не псеўданавуковым аналізам фанетыкі.

Капанні ў лексіцы гістарычных дакументаў увогуле з'яўляюцца любімым заняткам многіх гісторыкаў-маргіналаў.

Аўтар асабіста чытаў у інтэрнэце запісы некаторых аматараў гісторыі, якія цалкам сур'ёзна вяшчаюць пра адрозныя адзін ад аднаго народы лютаў, літванаў, літвінаў, лётаваў і іншых літванораў. Падобныя «народы» з'яўляюцца як следства разнабойнай перадачы замежнымі храністамі назову літоўцаў.

Думаць, што літваны і літоўцы з'яўляюцца рознымі народамі, гэта прыкладна так, як думаць, што замежнік які называе, да прыкладу, рускіх «рузькімі» гаворыць аб асобным народзе, а не проста перакручвае назву з-за няздольнасці яе правільна вымавіць.

Акрамя таго, прыхільнікі «люціцкай Літвы» могуць даваць спасылкі на псеўдагістарычныя працы аўтараў XIX-ХХ стагоддзяў, напрыклад, Паўла Шафарыка і Вацлава Пануцэвіча, якія ніколі не з'яўляліся кампетэнтнымі гісторыкамі.

Аўтар дастаткова падрабязна асвяціў тут «лютычную версію», каб адзначыць яе непраўдападобнасць, у сувязі з чым яе неабходна рэзка аддзяліць ад прыкладна раўназначных, у плане пераканаўчасці, «геаграфічных версій» і версіі воінаў-лейчы.

Пры гэтым, прыхільнікаў літоўцаў-лютычаў, сярод аматараў гісторыі, не так ужо і мала. Аўтар нават меў магчымасць камунікаваць з прафесійнымі гісторыкамі, якія падзяляюць падобныя погляды.

Дарэчы, не ясна навошта стваральнікам «люціцкай версіі» патрэбны гэтыя палабскія славяне, калі ва ўсходніх славян ёсць свае прыдатныя імёны. Вядомы, да прыкладу, сын кіеўскага ваяводы Лют Свенельдзіч, які згадваецца ў адносна дакладнай Аповесці мінулых часоў.

Менавіта ва ўсходнеславянскіх і балцкіх мовах дарэчна шукаць асновы для назваў населеных пунктаў рэгіёна і прозвішчаў мясцовых ураджэнцаў.

Але вернемся да назвы Літвы. Існуюць версіі, якія выводзяць назву гэтай балцкай дзяржавы ад нейкага міфічнага заснавальніка. Падобнай схемай тлумачаць назвы племя радзімічаў, легендарным правадыром якіх з'яўляецца нейкі Радзім. Ягоны брат Вятка, у сваю чаргу, нібыта даў імя племені вяцічаў.

У дадзеным кантэксце цікавыя звесткі знакамітага польскага гісторыка Юзэфа Крашэўскага, які згадвае пра князя Літво (Litwo). Гэты ўладца, паводле легенды, заснаваў замак Garto (Гродна), а імя князя перайшло на ўвесь ягоны край. Мабыць, на фармаванне такой гісторыі паўплывала найважнейшая роля Гродна ў ВКЛ, ведаючы пра якую стваральнікі легенды звязалі заснаванне наднёманскага горада з заснаваннем усёй літоўскай дзяржавы.

Часам слова Літва выводзяць ад простага і зразумелага славянам слова «ліць».

З вышэйпададзенага бачна, што адзінай, агульнапрынятай і абсалютна пераканаўчай версіі, якая тлумачыць назву Літвы, пакуль яшчэ няма.

Калі б аўтара настойліва прасілі выбраць адну з гэтых версій, то ён, мабыць, зрабіў бы стаўку на геаграфічную прыроду назвы, то бок пераход назвы ракі ці горада на тэрыторыю і этнас.

Аднак варта яшчэ раз падкрэсліць, што казаць, у дадзеным выпадку, варта толькі аб гіпотэзах.

36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага

Подняться наверх