Читать книгу 36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага - Яўген Аснарэўскі - Страница 6
Аб пачатку і ўладарах
Адкуль паходзілі манархі Вялікага княства Літоўскага?
ОглавлениеНе ўносячы ў разуменне гісторыкаў нейкіх вялікіх нечаканасцяў старажытныя дакументы паказваюць, што Літвой кіравалі этнічныя літоўцы. Хоць, тут варта адзначыць, што існуюць розныя версіі паходжання літоўскіх ўладнікаў, пра што яшчэ будзе сказана далей.
Роднасныя сувязі балцкіх валадарцаў ВКЛ прадстаўляюць для даследчыкаў пэўнага роду складанасць, ці, кажучы інакш, генеалагічныя ланцужкі нясуць у сабе разрывы, якія не дазваляюць дакладна вызначыць ці звязаны першы і апошні кароль Літвы Міндоўг з вялікім князем Гедымінам.
Пасля Гедыміна паходжанне ўсіх літоўскіх манархаў ужо добра прасочваецца на падставе пэўных дакументаў.
Апроч найбольш знакамітых балцкіх ўладцаў ВКЛ, такіх як Міндоўг, Гедымін, Альгерд, Вітаўт і Ягайла, валадарамі Літвы з'яўляліся значна менш вядомыя манархі. Напрыклад, пасля Войшалка Літвой кіраваў Шварн Данілавіч з дынастыі Рурыкавічаў. Гэта князь з'яўляўся адзіным, калі можна так сказаць, афіцыйным прадстаўніком знакамітай манаршай дынастыі Русі на стальцы ВКЛ.
Зрэшты, Войшалк знаходзіўся ў падпарадкаванні іншага галіцка-валынскага Рурыкавіча, а менавіта Васількі Рамановіча, якога, паводле пэўнага Галіцка-Валынскага летапісу, сын Міндоўга называў «бацькам і панам», што з'яўляецца традыцыйным для летапісаў указаннем на васальную залежнасць. І хоць дакументы не дазваляюць даследчыкам вызначыць наколькі значнай насамрэч была залежнасць Войшалка ад Васількі, усё ж і гэтага Рурыкавіча можна лічыць фармальным вярхоўным уладаром Літвы, хоць ён не фігуруе ў традыцыйных пераліках вялікіх князёў літоўскіх.
Асвятляючы ўклад Рурыкавічаў у кіраванне Літвой можна адзначыць і некаторых жанчын, у прыватнасці, князёўну, вядомую як Марыя Віцебская, а таксама Іўліанію Цвярскую, якія не мелі надта вялікага ўплыву на палітыку краіны, але былі жонкамі вялікага князя Альгерда.
Некаторыя даследаванні ставяць пытанне аб паходжанні ад Рурыкавічаў княжацкага роду Вішнявецкіх. Як вядома, Міхаіл Вішнявецкі быў вялікім князем літоўскім і каралём польскім.
У венах Соф'і Гальшанскай, заснавальніцы магутнай дынастыі Ягелонаў, цякла кроў традыцыйна звязаных з Рурыкавічамi князёў Друцкіх. Пры гэтым, нябачаныя гісторыкамi мінулага генетычныя даследаванні, быццам бы паказваюць на паходжанне Друцкіх не ад Рурыкавічаў ці Гедымінавічаў, але ад нейкай мясцовай дынастыі, з ваколіц Друцка.
Генетычныя даследаванні таксама пацвярджаюць «варажскую версію» паходжання Рурыкавічаў, то бок кажуць аб паходжанні Рурыка аднекуль з наваколляў старажытнага шведскага горада Упсалы, дзе ўсё яшчэ ўзвышаецца самы велічны гатычны сабор Швецыі, які стаў магільным склепам тамтэйшых манархаў.
Зразумела, да інтэрпрэтацыі дадзеных генетычных даследаванняў гісторыкам трэба падыходзіць з вялікай асцярожнасцю, бо гэтыя звесткі нельга пацвердзіць праз вывучэнне гістарычных архіваў, а самі спецыялісты-генетыкі нярэдка супярэчаць адно аднаму. Вядома, што ў межах генетычнага даследавання беларусаў часам аб'яўляюць балтамі, а часам славянамі.
Прымаючы або адхіляючы скандынаўскае паходжанне вялікага князя Шварна, нельга, аднак, абгрунтавана адмаўляць прысутнасць скандынаваў на троне ВКЛ, бо ўладарамі Літвы былі прадстаўнікі шведскага каралеўскага дома Ваза (Васа), а менавіта: Жыгімонт III, Уладзіслаў IV і Ян II Казімір.
Літвой таксама валадарыў венгерскі арыстакрат Стэфан Баторый, чый род быў даволі цесна звязаны з родам Улада Цэпеша, прататыпа літаратурнага Графа Дракулы.
Прататыпам літаратурных персанажаў быў і яшчэ адзін вялікі князь літоўскі, а менавіта Генрых Валуа – кароль Францыі і брат Маргарыты Валуа: знакамітай «каралевы Марго», з твораў Аляксандра Дзюма.
У пераліку вялікіх князёў літоўскіх знаходзяцца прадстаўнікі трох польскіх арыстакратычных родаў: Ян Сабескі, Станіслаў Ляшчынскі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
Каралі польскія i вялікія князі літоўскія Аўгуст Моцны і Аўгуст III належалі да нямецкага роду Вецінаў.
Немалую ўладу ў ВКЛ мела вялікая княгіня Бона Сфорца, з італьянскага роду, прадстаўнікі якога былі мецэнатамі вялікіх людзей мастацтва, у прыватнасці, самага знакамітага мастака ўсіх часоў – Леанарда да Вінчы.
Бона, не з'яўляючыся манархам фармальна, аказвала значны ўплыў на жыццё краіны. Гэтая прадпрымальная жанчына здолела зарабіць у Літве вялікія грошы, дзякуючы сваім добрым эканамічным рэформам.
Падобная прадпрымальнасць і ўплыў Боны на палітыку яе мужа Жыгімонта I і сына Жыгімонта Аўгуста настолькі не падабаліся літоўскім і польскім магнатам, што благая слава трымалася і праз 82 гады пасля смерці каралевы, калі ўплывовы польскі вяльможа і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі Каспер Дэнгаф называў каралеву польскую і вялікую княгіню літоўскую Цэцылію Габсбург «бонкай», гэтым намякаючы на жаданне Цэцыліі мець рэальную палітычную ўладу, падобна Боне Сфорцы.
Такім чынам, як не цяжка заўважыць чытачу, кампанія літоўскіх манархаў адрознівалася значнай разнастайнасцю і ў ёй прысутнічалі надзвычай цікавыя асобы.