Читать книгу 36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага - Яўген Аснарэўскі - Страница 8

Аб пачатку і ўладарах
Ці праўда, што літоўцы захапілі Наваградак?

Оглавление

Тут аўтар адносна сцісла акрэсліць самыя важкія, на яго погляд, аргументы pro et contra.

Звычайна спрэчкі наконт захопу літоўцамі зямель будучай Беларусі прывязаны менавіта да Міндоўга і гарадоў Панямоння, і перш за ўсё Навагрудка, хаця фарміраванне ВКЛ ішло не адно стагоддзе і ўключала ў сябе мірнае, як можна думаць, далучэнне беларускіх зямель, напрыклад, адыход да вялікіх князёў літоўскіх Віцебскага. княства, які адбыўся, як лічыцца, дзякуючы дынастычнаму шлюбу Альгерда з нейкай віцебскай князёўнай, званай Марыя.

Гаворачы аб часах XIII стагоддзя, можна адзначыць, што Міндоўг, як вядома з дакладнага дакумента, булы Папы Рымскага Аляксандра IV, датаванай 6-м сакавіка 1255 года, захапіў нейкія землі «Рускага каралеўства», якімі, тэарэтычна, маглі быць землі Навагрудка. Гэтыя землі Папа, у сваім пасланні, дазваляў Міндоўгу пакінуць сабе.

Аўтар асабіста перакладаў арыгінальны лацінскі тэкст булы і можа пацвердзіць, што гаворка ішла менавіта аб захопе нейкіх земляў.

Такія звесткі пацвярджаюць не толькі спробы літоўскай экспансіі на Русь, але і некаторыя поспехі літоўскіх феадалаў.

Некаторыя спецыялісты лічаць дакумент Папы неабвержным доказам захопу Навагрудка. То бок у гэтым выпадку «Каралеўствам Русі» нібыта было Галіцка-Валынскае княства, у палітычнай арбіце якога знаходзіліся гарады Панямоння.

Тут, аднак, існуе праблема. Загадкавае «Каралеўства Русі» названа без прывязкі да канкрэтных абласцей.

Вядома, што літоўскі даследчык Артурас Дубоніс бачыць у гэтым «Каралеўстве» Полацкае княства. У сваёй працы «Дзве мадэлі літоўскай экспансіі на Русі (XIII – пачатак XIV стагоддзя)» гісторык піша:

«З Даніілам Міндоўг жыў у мiры, таму пантыфік не мог дабраславіць літоўскую экспансію ў гэтым напрамку. Іншым Рускім каралеўствам, якое апынулася ў цэнтры ўвагі Міндоўга, магло быць толькі Полацкае княства».

Звяртае на сябе ўвагу некалькі наіўнае сцвярджэнне Дубоніса аб тым, што Папа чамусьці павінен быў кіравацца, у сваім зацвярджэнні за Міндоўгам захопленых рускіх земляў, станам перамір'я літоўцаў з Даніілам Галіцкім, хоць галіцка-валынскія князі і Міндоўг бясконца хадзілі па крузе перамір'яў і новых войнаў, а Папу, як вынікае з булы, цікавілі новыя, даступныя для хрысціянізацыі, вобласці, якія межавалi з «Каралеўствам», і менавіта таму ён зацвердзіў захопленыя тэрыторыі за Міндоўгам. У такой сітуацыі патэнцыйнага росту каталіцкага ўплыву, Апостальскую Сталіцу наўрад ці збянтэжыў бы канфлікт Міндоўга і Данііла, для спынення якога, у Папы так цi iнакш не было абсалютна эфектыўных сродкаў. У дадзеным выпадку нам, аднак, важней упэўненасць доктара Артуруса наконт таямнічага «Каралеўства».

Рускі гісторык А. В. Маёраў, у сваёй працы «Первая уния Руси с Римом. Часть 4» таксама вельмі ўпэўнена называе ўладанні Аляксандра Неўскага тымі самымі загадкавымі землямі з булы пантыфіка. У публікацыі Маёрава чытаем:

«Дазвол Папы на захоп рускіх земляў, дадзены літоўскаму каралю ў буле „Catholice fidei cultum“, несумненна, меу на ўвазе землі ў іншай частцы „Рускага каралеўства“ і быў накіраваны супраць іншага ўладара Русі – наўгародскага і ўладзімірскага вялікага князя Аляксандра Неўскага».

Такім чынам, Дубоніс упэўнена называе «Каралеўства» Полацкім княствам, а Маёраў упэўнена гаворыць аб тым, што гэта ўладанні знакамітага Аляксандра Неўскага.

Аўтар гэтых радкоў, падводзячы своеасаблівы вынік пад упэўненымі выказваннямі калегаў, можа тут таксама ўпэўнена заўважыць, што «Каралеўства Русі», як бачна з вышэйпрыведзеных цытат, застаецца прадметам спрэчкі спецыялістаў, і булла Аляксандра IV не можа служыць доказам захопу менавіта Наваградка, хоць нейкія рускія землі літоўскі князь, відаць, сапраўды далучыў з дапамогай ваеннай сілы.

Була Папы, пры гэтым, застаецца, па меркаванні аўтара, найболей важкім, ці, кажучы сціплей, адным з найболей важкіх аргументаў на карысць захопу гарадоў Панямоння.

Што ж, раней даследчыкі не мелі і такога, бо захоп Навагрудка выводзіўся проста на падставе з'яўлення літоўскага нобіля ў славянскім горадзе.

Цяпер трэба звярнуць увагу на аргументы супраць захопу Навагрудка літоўскімі рацямі.

Аўтар хоча, кажучы ў паўжартаўлівым тоне, звярнуцца да «гістарычнай прэзумпцыі нявіннасці», то бок заявіць, што захопу горада не было, пакуль гэты захоп не даказаны.

У прынцыпе, можна было б нават абмежавацца такім падыходам.

Варта адзначыць, што зацяганае ў гістарычнай літаратуры сцвярджэнне аб запрашэнні наваградскім баярствам Міндоўга да сябе на княжанне не мае ўвогуле ніякай асновы ў пэўных дакументах. Гэта добры прыклад пераходу звычайнай хісткай гіпотэзы ў разрад фактаў, гэта значыць узор гістарычнага міфа.

Аднак у якасці аргумента на карысць добраахвотнага аб'яднання тут дарэчы згадаць некаторыя дакладныя летапісныя звесткі.

Вядома, што адным з важкіх аргументаў на карысць добраахвотнага прыняцця балцкага ўладара-паганца ў славянскім горадзе можа служыць хрышчэнне манарха. Справа ў тым, што гісторыкам вядомая сітуацыя, у якой хрышчэнне было звязана з мірным прыняццем літоўскага князя, і яна выдатна задакументавана ў пэўных крыніцах. Гаворка, зразумела, аб хрышчэнні забойцы Міндоўга, пскоўскага князя Даўмонта, які прыняў хрысціянскую веру і выдатна служыў ўзяўшым яго да сябе пскавічам, пакінуўшы аб сабе добрую памяць. Добрую настолькі, што былы язычнік нават быў кананізаваны і стаў святым рускай праваслаўнай царквы.

Таму не дзіўна, што праваслаўнае хрышчэнне Міндоўга, малюючы аналогію з выпадкам Даўмонта, дазваляла б падмацаваць версію аб мірным з'яўленні балцкага князя ў Навагрудку.

І летапіснае пасведчанне аб хрышчэнні Міндоўга сапраўды ёсць.

Густынскі летапіс паведамляе, што ў 6754, то бок, паводле сучаснага падлiку, 1246 годзе:

«Вялікі князь літоўскі Міндоўг прыняў веру хрысціянскую ад усходу, з многімі сваімі баярамі».

Такім чынам, балцкі нобіль прыняў усходняе хрысціянства (праваслаўе) ды яшчэ і са шматлікімі баярамі, што выразна сведчыць на карысць палітычнай матывацыі такога кроку.

Здавалася б, вось выдатнае сведчанне на карысць добраахвотнага прыняцця свайго па веры князя ў Навагародскай зямлі. Праблема тут у крыніцы гэтых звестак. Густынскі летапіс з'яўляецца познім дакументам. Да таго ж, інфармацыя аб праваслаўным хрышчэнні Міндоўга не пацвярджаецца надзейнымі крыніцамі. Усё гэта прыводзіць да таго, што большасць даследчыкаў, не без падстаў, адмаўляе зараз хрышчэнне 1246 года.

Але аўтар хоча дастаць з рукава джокер і злёгку знерваваць прыхільнікаў тэорыі захопу Навагрудка. Для гэтага трэба звярнуцца да пэўнага Галіцка-Валынскага летапісу. У iм можна прачытаць наступныя радкі:

«Войшалк пачаў княжыць у Навагародку, і знаходзячыся ў паганстве пачаў праліваць шмат крыві. Забіваў ён кожны дзень трох-чатырох чалавек. А калі ў нейкі дзень нікога не заб'е, вельмі засмучаўся. Калі ж заб'е каго, тады весяліцца. Потым увайшоў страх Божы ў яго сэрца, і ён думаў, жадаючы прыняць святое хрышчэнне. І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».

Томас Баранаўскас, у сваёй працы «Навагрудак у XIII стагоддзі: гісторыя і міф», піша, што прыведзены вышэй тэкст ГВЛ «адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».

Аўтар ужо завочна апаніраваў літоўскаму спецыялісту, паказваючы на тое, што пра паходжанне нібыта рэпрэсаваных нічога не сказана, і не зразумела чаму яны павінны быць няшчасным мірным насельніцтвам Навагрудка (а менавіта да такога разумення падштурхоўвае праца Томаса), а не палітычнымі супернікамі літоўскага паходжання, ці палоннымі валынцамі, ці, да прыкладу, татарамі.

Але ў кантэксце важней іншае. Звярніце ўвагу на сутнасць дакладнага паведамлення летапісу.

«І хрысціўся тут жа ў Навагародку, і стаў хрысціянінам».

Гэтыя дадзеныя і з'яўляюцца той самай жаданай інфармацыяй аб хрышчэнні князя-язычніка падчас праўлення ў старажытнарускім горадзе.

Адхіліўшыся ад прыцягнутых за вушы рэпрэсій і нейкага катарсісу, якім летапісец тлумачыць жаданне ўладцы хрысціцца, можна вылучыць менавіта інфармацыю аб прыняцці Войшалкам хрысціянства. Хрост валадара, безумоўна, сведчыць тут на карысць добраахвотнага прыняцця мясцовым насельніцтвам балцкага князя.

Праўда, паводле летапісу, хрышчэнне адбываецца пазней пачатку княжання, але гэта, на думку аўтара, ніяк не мяняе сутнасці: князь-язычнік быў ахрышчаны падчас кіравання ў хрысціянскім горадзе, прыкладна гэтак жа, як гэта адбылося ў выпадку Даўмонта Пскоўскага.

У такім кантэксце мае значэнне і дакладная інфармацыя ГВЛ аб падтрымцы Войшалка наваградцамі, калі той «узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць». Як бачна, жыхары Наваградка, з'яўляючыся ахвярамі рэпрэсій, пра якія пісаў Баранаўскас, чамусьці падтрымліваюць Войшалка. Ці не гаворыць гэта пра тое, што ніякіх рэпрэсій не было, а якраз наадварот: хрышчоны дзеля кіравання ў Наваградку Войшалк, стаў для славянскіх жыхароў рэгіёна сваім князем, такім, якім быў для пскавічоў літоўскі перабежчык Даўмонт.

Зразумела, паведамленне летапісу падштурхоўвае да таго, каб бачыць у хрышчэнні навагародскага валадара палітычны акт, а не проста спантаннае дзеянне. Войшалк, як вынікае з дакументаў, быў актыўным і не пазбаўленым разважлiвасці, палітычным і ваенным дзеячом – сынам свайго бацькі, хітрага і паспяховага тактыка. І таму рашэньні князя варта асэнсаваць з пазіцый палітычнага прагматызму.

Верагодна, зрэшты, што сама палітычная канцэпцыя магла быць вызначана Міндоўгам. У рамках такой сістэмы вярхоўны ўладар заставаўся паганцам (Міндоўг быў ім, нават фармальна прыняўшы каталіцызм), а яго блізкія сваякі, што валадарылi ў найважнейшых славянскіх гарадах, прымалі ўсходняе хрысціянства. Гэтая сiстэма тлумачыць хрысціянскае хрышчэнне братоў Тройдзеня. Яе можна бачыць i ў часы Гедыміна, калі яго сыны прымалі хрысціянства і кіравалі ў хрысціянскіх удзелах. Зразумела, тут можна ўказаць і на выключэнні з правілаў, як, напрыклад, паганства віцебскага князя Альгерда, якое, зрэшты, аспрэчваецца на падставе некаторых дакументаў, у прыватнасці, Сінодыка Кіева-Пячэрскай лаўры і гандлёвай дамовы Гедыміна з Лівонскім Ордэнам ад 1 лістапада 1338 года.

У фінале дадзенай главы аўтар хоча падкрэсліць, што значэнне недаказанага захопу Навагрудка ў любым выпадку перабольшана. Тэарэтычна, гэты захоп мог мець месца, але стаўленьне да яго мясцовага насельніцтва ўсё роўна можа служыць прадметам дыскусіі. Цікавасць да недаказанага захопу абумоўлена, відавочна, жаданнем адказаць на пытанне чыёй дзяржавай было ВКЛ.

Аднак сутычкі феадалаў на ранніх этапах станаўлення дзяржавы, вядома ж, не вызначаюць, самі па сабе, нацыянальны характар поліэтнічнай дзяржавы, які залежыць ад палітычнай і культурнай ролі таго ці іншага этнасу.

Спалучэнне культурнай дамінацыі продкаў беларусаў з іх палітычнай суб'ектнасцю дазваляюць цяперашнім беларусам лічыць спадчыну ВКЛ сваёй, незалежна ад абставін экспансіі балцкіх нобіляў XIII стагоддзя.

36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага

Подняться наверх