Читать книгу 36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага - Яўген Аснарэўскі - Страница 7
Аб пачатку і ўладарах
Адкуль паходзіла дваранства Вялікага княства Літоўскага?
ОглавлениеНе варта забывацца і на магутную арыстакратыю, тым больш што ў ВКЛ рана акрэслілася тэндэнцыя да абмежавання ўлады манарха.
На момант напісання гэтай кнігі, у артыкуле пра русінаў (Rusenai) літоўскай вікіпедыі знаходзіцца тэкст, які паведамляе, што продкі беларусаў амаль не ўплывалі на палітычныя працэсы Літвы да XVI стагоддзя, калі славянскія, паводле паходжання, магнацкія роды ВКЛ выйшлі на лідзіруючыя пазіцыі. Падобныя сцвярджэнні ўсё яшчэ папулярныя ў літоўскай гістарыяграфіі. Іх, аднак, можна лёгка абвергнуць дакументамі.
Яшчэ ў часы Міндоўга адзін з яго ваяводаў, паводле Галіцка-Валынскага летапісу, носіць славянскае па гучанні імя Хвал, хаця варта адзначыць, што імя, тэарэтычна, магло набыць больш славянскую форму дзякуючы славянскім складальнікам хронік.
Аднак без усялякага сумнення Афанасій Канстанцінавіч з Разані, які знаходзіўся ў ліку паплечнiкаў літоўскага манарха, належаў да славян, што яшчэ раз сведчыць на карысць рознай этнічнай прыналежнасці членаў ягонай світы.
Вядома, што продкі беларусаў, наваградскія і пiнскія феадалы, падтрымлівалі Войшалка падчас устанаўлення ягонай улады ў Літве.
ГВЛ апавядае:
«Войшалк, пайшоў з пінчукамі да Навагародка, і адтуль, узяўшы з сабою наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць».
Галіцка-Валынскі летапіс таксама згадвае хрысціянскае хрышчэнне братоў Тройдзеня, які кіраваў Літвой пасля Шварна. Наўрад цi пры такой сур'ёзнай прысутнасці хрысціянскіх валадарооў у жыцці Літвы, улада абыходзілася без славянскіх арыстакратаў, хоць скупасць крыніц абцяжарвае рэканструкцыю этнічнай карціны верхняга эшалона эліты ВКЛ, якое шчэ толькi зараджалася.
У часы Гедыміна яго найбольш адораным палкаводцам быў русінскі князь, вядомы як Давыд Гарадзенскі. Традыцыйная, але надзвычай слаба абгрунтаваная версія, прыпісвае Давыду паходжанне ад пскоўскага князя Даўмонта, хоць больш верагодна, што ён быў нашчадкам гродзенскіх князёў ці баяраў.
Давыд Гарадзенскі. Карціна аўтара.
Удзельнымі князямі-васаламі вялікага князя літоўскага працягвалі заставацца хрысціянскія ўладцы, што, як мяркуецца, паходзілі з дынастыі Рурыкавічаў, напрыклад, князь Васіль з Мінска.
Даследчыкі могуць даволі ўпэўнена рэканструяваць склад дзяржаўнай эліты ВКЛ у часы Вітаўта.
У XIV – XV стагоддзях Літвой сапраўды кіруюць шматлікія прадстаўнікі балцкіх родаў, такіх як Манівіды, Гаштольды, Кезгайлы.
Пры гэтым у самым верхнім эшалоне ўлады ВКЛ знаходзіцца Ян Няміра. Гэтага дзяржаўнага дзеяча часта выводзяць ад балцкага продка, хоць аўтару не зразумела чаму феадал, які носіць славянскае па гучанні імя, павінен абавязкова быць балтам, а не паходзіць, напрыклад, ад кагосьці са славян-язычнікаў, якія захавалі веру прадзедаў у мультыканфесійным рэгіёне Панямоння.
Іншы важны паплечнік Вітаўта – Братоша, таксама носіць славянскае імя.
Важным саноўнікам быў пры Вітаўце Ходка Юр'евіч, верагодна, продак магнатаў Хадкевічаў.
Русінскія феадалы традыцыйна працягвалі адыгрываць важную ролю на ўсходніх землях, напрыклад, Фёдар Вясна быў віцебскім намеснікам.
Пералік літоўскіх баяраў, якія падпісалі Гарадзельскую унію, дазваляе рабіць высновы аб этнічным складзе тагачаснага дваранства ВКЛ, хаця тут варта ўлічваць, што многія важныя чальцы палітычнай эліты не ўдзельнічалі ў акце.
Спіс падпісантаў уніі паказвае пераважанне этнічных літоўцаў. Аднак і ў гэтым акце можна бачыць славянскія па гучанні імёны. Гербы ад палякаў атрымалі, у ліку іншых, нейкія Качан, Волчка і феадал з пацешным для сучаснага чытача імем – Канчан Суковіч.
З вышэйпададзеных, пацверджаных дакументамі фактаў, бачна, што продкі беларусаў адыгрывалі прыкметную ролю ў палітычным жыцці краіны на працягу ранніх перыядаў існавання ВКЛ, гэта значыць у XIII, XIV, XV стагоддзях, а не толькі з XVI стагоддзя, як гэта паказана ў непераканаўчых версіях літоўскай гістарыяграфіі.
У XVI стагоддзі палітычную эліту краіны напаўняюць русінскія роды, чаго не адмаўляе нават згаданы раней артыкул літоўскай вікіпедыі. У той перыяд элiта Літвы – магнаты, якія паходзяць з беларускіх земляў, а менавіта: Сапегі, Хадкевічы, Храптовічы, Валовічы, Глебовічы і інш. Адносна рэальных продкаў гэтых вяльможаў вядуцца спрэчкі, але больш новыя генеалагічныя публікацыі кажуць пра іх інцэптабеларускае (прабеларускае) паходжанне.
Тут аўтар, для прыкладу, можа адзначыць выдатную працу літоўскай спецыялісткі Генуты Кіркіене «Korzenie rodu Chodkiewiczow» у якой яна пераканаўча развенчвае старую і абсалютна безгрунтоўную версію паходжання Хадкевічаў ад кіеўскіх баяраў.
Выводзячыя свой радавод ад балцкіх продкаў Радзівілы і Пацы таксама адыгрывалі вядучую ролю ў палітыцы краіны. Пры гэтым прадстаўнікі эліты, зразумела, усяляк змешвалiся, фармуючы своеасаблівую «арыстакратычную сям'ю». Да прыкладу, Тэкля Валовіч даводзілася прабабкай найбагацейшаму магнату Рэчы Паспалітай Міхаілу Радзівілу Рыбаньку і, адпаведна, прапрабабкай «літоўскаму Мюнхгаўзену» Каралю Радзівілу Пане Каханку.
Акрамя продкаў літоўцаў і беларусаў, на пэўных адрэзках існавання ВКЛ, у эліце былі вельмі заўважныя члены польскіх родаў, напрыклад, Патоцкія.
Немалую вагу мелі прадстаўнікі нямецкай арыстакратыі, у прыватнасці: Дэнгафы, Тызенгаўзы і Плятэры.
Некаторыя магутныя славянскія роды, такія як Кішкі і Весялоўскія, выводзіліся з памежжа ВКЛ і Польшчы, і, адпаведна, тут дарэчная дыскусія аб іх этнічнай прыналежнасці.
Іншыя шляхетныя магнаты: Тышкевічы і Пацеі паходзілі з беларуска-украінскага памежжа.
У ВКЛ былі роды татарскага паходжання, дваранства з Маскоўскай Русі, уплывовы італьянскі род Сцыпіё-дэль-Кампа, і нават яўрэйская, паводле паходжання, шляхта.
І ўсё ж менавіта продкі беларусаў і літоўцаў далі Літве найбольшую колькасць уплывовых саноўнікаў.
Варта асобна згадаць найбольш магутных людзей, якія не належацлi да вялікакняскай дынастыі, але ўзнімаліся да ўзроўню фактычных ўладароў ВКЛ.
Велізарным аб'ёмам моцы валодаў, напрыклад, Мікалай Радзівіл Стары, які заклаў падмурак пад магутнасць свайго роду.
Бенедыкт і Казімір Ян Сапегі фактычна з'яўляліся некаранаванымі манархамі падчас гегемоніі іхняга роду ў Княстве, калі прадстаўнікі дома займалі амаль усе ключавыя пасады ў літоўскай частцы Рэчы Паспалітай.
З яшчэ адным «неафіцыйным манархам» звязана вельмі расцягнутая ў часе, займальная гісторыя.
У 1269 годзе нямецкія крыжакі сустрэліся ў бітве з літоўцамі на чале якіх стаяў вялікі князь Тройдзень. Сутыкненне адбылося побач з Ашэрадэнам. Рыцары пацярпелі даволі цяжкае паражэнне. Лівонская рыфмаваная хроніка паведамляе аб стратах, згадваючы, у прыватнасці, цікавага для нас, шляхетнага ваяра:
«Там Тызенгаўзен наш знатны,
Духам чысты і выдатны,
Душа на небе чакае малітвы,
А сам ён злёг у горане бітвы».
Прайшло больш за 480 гадоў і далёкі родзіч загінулага ў барацьбе з Вялікім княствам Літоўскім Тызенгаўзена, падскарбі надворны літоўскі Антоній Тызенгаўз, стаў фактычным намеснікам польскага караля ў Літве, гэта значыць, па сутнасці, уладцам народа, у барацьбе з якім калісьці загінуў яго сваяк.
Вось такая эфектная, іранічная ўсмешка хітраватай дамы-капрызніцы, што мае імя Гісторыя!