Читать книгу 36 пытанняў па гісторыі Вялікага княства Літоўскага - Яўген Аснарэўскі - Страница 4
Аб пачатку і ўладарах
Калі зьявілася Вялікае княства Літоўскае?
ОглавлениеНекаторыя спецыялісты (у асноўным літоўцы) з'яўляюцца прыхільнікамі тэорыі ўтварэння ВКЛ яшчэ да Міндоўга. Да прыкладу, у пэўным Галіцка-Валынскiм летапісе згадваецца дамова валынцаў, заключаная ў першай палове XIII стагоддзя з вялікай колькасцю літоўскіх ўладароў, галоўным з якіх звычайна лічыцца той, што носіць даволі славянскае, па гучанні, імя, князь Жывінбуд.
Згодна з ГВЛ:
«Імёны літоўскіх князёў былі: старэйшыя Жывінбуд, Даўят, Даўспрунг, брат яго Міндоўг, брат Даўята Вілікаіл».
Гэтыя дадзеныя, у спалучэнні з іншымі дакладнымі звесткамі, дазваляюць абгрунтавана сцвярджаць, што ўжо на пачатку XIII стагоддзя (а, верагодна, і нашмат раней) у літоўскіх землях існавала добра пабудаваная, іерархічная піраміда, з манархам і арыстакратыяй на вяршыні.
Літоўскі гісторык Томас Баранаўскас дакранаецца да пытання існавання літоўскай дзяржавы ў сваім артыкуле «Mindaugo karunavimo ir Lietuvos karalystes problemos» і цалкам лагічна заўважае:
«Літоўская дзяржава, верагодна, існавала і да Міндоўга».
Пры гэтым традыцыйна лічыцца, што заснавальнікам ВКЛ быў першы і апошні літоўскі кароль Міндоўг, які кіраваў у XIII стагоддзі.
Аўтар падтрымлівае версію таго, што ВКЛ было менавіта аб'яднанай балта-славянскай (альбо славяна-балцкай) дзяржавай, адпаведна, менавіта Міндоўг, які першым распаўсюдзіў сваю ўладу на буйныя славянскія цэнтры Панямоння, зрабіў важны ўклад у стварэнне гэтай дзяржавы.
Гады існавання літоўскай дзяржаўнасці можна, тэарэтычна, адлічваць і ад перыяду, які папярэднічаў праўленню Міндоўга. Але казаць пра ВКЛ, да ўзвышэння літоўскага манарха ў славянскіх гарадах, усё ж, на думку аўтара, не варта.