Читать книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк - Страница 3

Насустрач бацьку
Спроба вытлумачэньня трох першых эпізодаў „Уліса” Джэймса Джойса
Разаграваньне тэмы альбо гістарычная глёса

Оглавление

Першы раз я прачытаў „Уліса”[1] ў 1975 годзе, у польскім перакладзе Мацея Сламчынскага. Было гэта другое польскае выданьне, выдрукаванае ў двух тамах у бэжавай вокладцы, пад якой ішлі замежныя аўтары сэрыі „Biblioteka Klasyki Polskiej i Obcej” (польская клясыка ішла ў бардовым пераплёце). Мне тады было сямнаццаць, і ў мяне быў складзены доўгі сьпіс сусьветных шэдэўраў, якія абавязкова трэба было прачытаць. „Уліс” трапіўся недзе паміж „Чарадзейнай гарою” і „Ў пошуках страчанага часу”. Я быў халерна заядлым чытачом, і таму другі том польскага „Ўліса” дачытваў з заціснутымі зубамі, нічога ня цямячы і нічога не стараючыся запамятаць. Вельмі хацелася вычыркнуць кніжку з свайго сьпісу. Было прадвесьне, а я хадзіў у ліцэй у Гайнаўцы.

Летам 1978, калі мы з бацькам сушылі сена ў нас у Ляхах,[2] „Уліс” зьявіўся ў маім жыцьці зноўку. Лістанош прынёс вестку, што прыйшла пасылка з кніжкамі, якія я выпісаў на міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве ў траўні, ужо будучы студэнтам першага курсу фізыкі. Я тады першы раз убачыў столькі выданьняў на ангельскай мове і крыху адключыўся ад рэальнасьці, замовіўшы каля трыццаці кніжак самага таннага англамоўнага выдавецтва – „Penguin Books”. Кніжкі прыйшлі на пошту ў Кленіках[3] (маміна родная вёска), і за іх трэба было заплаціць – 2500 злотых. Месячная студэнцкая стыпэндыя ў той час цягнула на 1200 злотых. Наступнага дня мама паехала па кніжкі роварам, а я капічыў сена, застаўшыся сам-насам зь невыносным цяжарам маўклівага бацькавага гневу. Сярод гэтых выданьняў, у асноўным раманаў Джозэфа Конрада, Уільяма Фолкнэра і Патрыка Ўайта, „Уліс” вылучаўся сваім большым фарматам. Акрамя таго, кніжкі мелі свой характэрны, кіславаты пах, вельмі адрозны ад паху польскіх і савецкіх выданьняў. Гэты пах заўсёды цьмяна адчуваецца мною ў водары сушанага сена.

Бальшыню з тады замоўленых кніжак я прачытаў на летніх вакацыях, рыхтуючыся да паўторных экзамэнаў у верасьні. (Наколькі памятаю, не было такіх вакацыяў, каб я не заваліў хоць аднаго экзамэну.) Такім чынам, чытаньне літаратуры, асабліва на ангельскай мове, спалучаецца ў мяне з пачуцьцём вінаватасьці і напружанасьці як умоўным рэфлексам. „Уліс” застаўся наастатак, калі я рыхтаваўся да самага апошняга, дыплёмнага экзамэну. Было гэта ўжо сярод іншых сьценаў і іншых галасоў, восеньню 1984 у Бельску. Жылося мне ў той час зусім безнадзейна: я штодня ўставаў а палове шостай і йшоў на цягнік, які за гадзіну і пятнаццаць хвілінаў дапаўзаў да Беластоку, дзе я вучыў ангельскай мове 300 дзяцей у пачатковай школе. Вяртаўся назад зноў у поцемках, сплючы ў запляваных і пракураных купэ. Біялягічны гадзіньнік будзіў мяне хвіліны за дзьве перад бельскім вакзалам. Дома чакала мяне заданьне вылічыць даўжыню сьпінавай хвалі, якую я ўзбудзіў у аморфным мэталічным фэрамагнэтыку падчас экспэрымэнту пры ядзерным рэактары каля Варшавы. Вынік трэба было запісаць у форме pracy magisterskiej. Я мусіў здаць свой апошні экзамен да траўня 1985, бо потым бралі мяне do wojska. Гэткія абставіны, акрамя генэтычнага ўспаміну аб часах прыгону зь іхняй адзінай магчымасьцю сацыяльнага авансу для прыгоньніка в солдатах, выклікалі ўва мне яшчэ й постфэўдальную, пралетарскую фрустрацыю. За маю настаўніцкую зарплату можна было купіць 15 бутэлек гарэлкі, калі ня браць пад увагу кошт пераездаў па маршруце Бельск-Беласток-Бельск.

Чытаньне „Ўліса” выратавала мяне ад апатыі і зьняверанасьці, што падсьцерагалі пасьля зьмены варшаўскага, студэнцкага жыцьця на ваўкавыйную аднастайнасьць маламестачковага гібеньня. Кніжка Джойса дазволіла адключыцца ад экзыстэнцыяльнай рэальнасьці (ці, дакладней, нерэальнасьці) і ўхапіць псыхічную раўнавагу паміж фізыкай (цьвёрдага цела) і мэтафізыкай у часе, калі я кожнай клетачкай свайго арганізму пачаў засвойваць, што свабода ёсьць усьвядомленая неабходнасьць. Я ня буду казаць, што я адразу раскусіў „Уліса”, стаўшы чытаць яго ў арыгінале, аднак жа першае ўражаньне было пачуцьцём захапленьня. Раман узьдзейнічаў на мяне сваім кумулятыўным літаратурным зарадам: неймаверна багатай мовай, якую, як мне наіўна ўяўлялася, я дастаткова вывучыў за 10 гадоў хай сабе нерэгулярнага і пазашкольнага, але ўсё ж настойлівага і сур’ёзнага падыходу; экстравагантнай фабулярнай завязкай; адмысловым стылем, сьпярэшчаным моўнымі гульнямі і надзеленым небывалай музычнасьцю; густашчыльнай сеткай літаратурных, культуралягічных, гістарычных, міталягічных, філязафічных, філялягічных, тэалягічных і іншых асацыяцый. Я не разумеў шмат чаго, але, калі пакарыстацца пэрыфразай Марсэля Пруста, „бачыў цьмяна ў захапленьні”.[4] Тэкст падаўся настолькі эстэтычна зладжаным, што мэлёдыя гучала нават для мяне, які ня ведаў бальшыні нотаў.

Цікава, што пасьля „Ўліса” мне цяжка прыгадаць хоць адно падобнае трымклівае захапленьне прозай, калі фіктыўны сьвет смакуе больш за сапраўдны. Раней, а як жа – Карсан МакКалерс і Ўільям Фолкнэр, француз Патрык Мадыяно і нарвэжац Тар’ей Вэсас, нават ГДР-авец Эрвін Штрытматар. Магчыма, гэта зьвязана зь векам. Томас Пінчан падабаецца, але ні ў чвэрці не выклікае тае жарсьці, што выклікаў Джойс. „Gravity’s Rainbow” is cool, – кажуць амэрыканцы. Менавіта…

Апошнія некалькі гадоў я стаў зь ціхім жахам заўважаць, што бяруся чытаць кніжкі з адной толькі мэтай – каб даведацца, што ў іх пішацца.

Сваю дыплёмную працу я самааддана дапісаў і пасьпеў скласьці апошні экзамэн за два дні перад адыходам у войска. Да гэтага часу я таксама здолеў перакласьці тры першыя эпізоды „Ўліса”. Пішучай машынкі ў мяне тады не было (о старажытная, дакампутарная часіна!), і я пісаў тушшу, сталёвымі пёрамі, паўсотні якіх закупіў яшчэ ў студэнцкую пару, калі запрагнуў вывучыць пэрсыдзкую мову. З пабочных дапаможнікаў у мяне былі пяцітомны слоўнік беларускай мовы і двухтомны ангельска-расейскі слоўнік прафэсара Гальперына.[5]

Дванаццацімесячны побыт у войску – якое ў той час заўзята выконвала ролю выхавальніка патрыятычна-сацыялістычнага духу і было своеасаблівым antidotum супроць падпольнай „Салідарнасьці” – падрыхтаваў мой мозг і душу да ўспрыняцьця Джойса так, як, мабыць, побыт у тыбэцкім кляштары рыхтуе маладога мніха да ўспрыняцьця навукі Буды і дасягненьня нірваны. Сутрамі былі палітычныя заняткі, а мантрамі выбраныя месцы з чатырох статутаў узброеных сілаў.[6] Пасьля войска я адчуў сябе агромністай парожняй судзінай, якая ў змозе ўмясьціць усё што заўгодна – трапічны лівень, лад admirativus у альбанскай мове, наступнае беларускае адраджэньне, клясыфікацыю мінэралаў, вялікалітоўска-расейскі слоўнік Я. Станкевіча, шэсьць пунктаў ірляндзка-беларускага падабенства, паэзію Джона Шэйда, таўканіцу з кіслым малакам, мэлянхолію яцьвягаў ва ўрочышчах левабярэжнага Панароўя, etc., etc. Стан падобнай віртуальнай ненасытнасьці (virtual insatiability) культуроляг І. Бабкоў мадэлюе на прыкладзе цяперашняй беларускай культурнай сытуацыі, зьвязваючы яе (ненасытнасьць) – як выдаецца, слушна – з посткаляніяльнай дзірой незапатрабаванага патэнцыялу (postcolonial hole of unclaimed potential), перад якім часова разамкнуліся палітычна-ідэалягічныя бар’еры.[7] Я, на шчасьце, меў „Уліса”, каб упіхнуць яго ў зеўру свае неспатолі.

Праца над перакладам неяк арганізавала і надала кірунак маім штудыям у гуманітарнай сфэры, якая заставалася terra obscura на працягу доўгіх гадоў бясплённай трэніроўкі ў матэматыцы. Пасьля крышталёвых палацаў каралевы навукаў гуманістыка падалася мне разьлеглым дрыгвяністым балотам з размытымі грэблямі і багністымі астраўкамі, але іншага тут, мусіць, ня дадзена, і на іншае я не спадзяваўся. Цераз гэтыя размоклыя абшары я дайшоў да восені 1993, калі можна было здаць палову перакладу ў друк. Адзінай вядомай мне асобай, якая разьбіралася адначасова ў тарашкевіцы і ангельскай мове, быў Сяргей Шупа, які й зрэдагаваў пераклад. Дух Шупы, трэба тут выразна адцеміць, гуляе, непрыкаяны, у кніжцы. Першая частка перакладу, 400 бачынак, зь некаторымі прыгодамі выйшла пад канец 1993 г. у Беластоку ў колькасьці 1000 асобнікаў.[8]


Калі ўлічыць, што „Ўліс” – „кніжка, пра якую ўсе гавораць, але ніхто не чытае”, дык яе ўспрыманьне беларускім чытачом было зусім нармальнае, у рэчышчы эўрапейскай традыцыі. Адзінай асобай, якая мне прызналася, што чытала пераклад і не адолела яго да канца, была мая мама. Ейныя засьцярогі лучылі якраз у самую сутнасьць літаратурнага скандалу, што разыграўся 75 гадоў таму, пасьля публікацыі „Ўліса” ў Парыжы ў 1922. Мама сказала: „Непаважная кніжка. Усё едуць і едуць на тыя паховіны й даехаць ня могуць”. У сваім эсэ з 1932 Карл Густаў Юнг напісаў:

„Уліс” – гэта кніга-рака, што разьліваецца на 735 бачынках, струмень часу, што плыве 735 дзён, якія ўсе ўкладваюцца ў адзін-адзіны, бэссэнсоўны, самы звычайны і цалкавіта няважны дзень 16 чэрвеня 1904 году ў Дубліне – дзень, калі, кажучы па праўдзе, нічога не здараецца. Струмень выплывае зь нічога і губляецца ў нічым. […] Бязьлітасны, бесьперапынны струмень шугае паўз нас, а ягоная быстрыня ўзрастае ажно да зьнікненьня знакаў прыпынку на апошніх 40 бачынках, каб даць самую жорсткую выяву пусткі, што займае дых і гняце, пераліваецца цераз краі і зьяўляецца невыноснай. Гэтая абсалютна безнадзейная пустка ёсьць галоўным матывам усяе кніжкі. Кніжка ня толькі пачынаецца і сканчаецца нічым, яна ўся складаецца з самой нічогасьці. […] Кожны сказ разбуджвае спадзяваньні, якія ня спраўджваюцца; урэшце, ад чыстай зьнеахвочанасьці, чытач ужо не чакае нічога больш.[9]


Und so weiter, und so fort. Падобны нігілістычны падыход да рамана дамінаваў у 20-тыя і 30-тыя гады сярод тых крытыкаў, якія хоць і прызнавалі за „Ўлісам” пэўныя літаратурныя вартасьці, але ў цэлым лічылі раман пякельным плодам вывіхнутага (паводле Юнга – шызафрэнічнага) інтэлекту. Невыпадкова, відаць, пісьменьнікі былі першымі, хто ўгледзеў у кніжцы геніяльнасьць і прызнаў, – неахвотна, але без маладушнасьці – што Джойс сваім раманам „пахаваў літаратуру XIX-га стагодзьдзя”.

Адам Глёбус сказаў мне, што тры першыя эпізоды (разьдзелы) „Уліса” – бадай, самыя важныя ў рамане і ключавыя для яго разуменьня. З гэтым мне пагадзіцца ня хочацца, але, з другога боку, не магу не прызнаць, што ў іх, у адмыслова згушчанай і зародкавай форме, утрымліваюцца шмат якія філязафічныя і літаратурныя лейтматывы ды тэхнічныя асаблівасьці кніжкі. Гэты момант сам па сабе мог бы паслужыць штуршком і апраўданьнем для напісаньня дадзенага эсэ аб завязцы „Ўліса”.

Ёсьць і другая прычына гэтага тэксту, больш агульнага пляну. Беларуская літаратура, якая ўвесь час шукала спажывы на могільніку расейскай літаратурнай традыцыі, у постсавецкі час апынулася „ў постмадэрнісцкай сытуацыі без свайго мадэрнізму” ды ў глыбокім сьветапоглядным каляпсе. Здаецца, нібыта выйсьця няма, і мазгі ўсім прапалошча хваля галівудзкіх баевікоў. У такія часы варта, па-мойму, прыгледзецца да досьведу іншых культурных фармацый і пабачыць, як яны рэагавалі на крызавае становішча. Джойса можна, безумоўна, разглядаць як ірляндца, але зразумець толькі як эўрапейца часу „зьмярканьня Захаду” (Освальд Шпэнглер). Заходнеэўрапейская культурная традыцыя (ня толькі, дарэчы, ХХ стагодзьдзя) амаль поўнасьцю праігнараваная беларускім культурастваральным патэнцыялам. Яна наогул не ўспрымаецца і не разумеецца (а нярэдка яна папросту невядомая). „Уліс” Джойса ўяўляе сабою ўнікальны сплаў заходнеэўрапейскай культурнай традыцыі і небанальную магчымасьць ўбачыць гэтую традыцыю ў дзеяньні, у якасьці жыватворнай асновы для літаратуры. Такім чынам, у нашай сытуацыі прачытаньне „Ўліса” сягоньня можа мець яшчэ й чыста практычны сэнс.

Гэты першы, сьціплы, самакрытычны падмурак пад беларускую джойсалёгію я прысьвячаю Сяргею Шупу, чый скептыцызм паўстрымаў мяне ад распаўсюджваньня першай часткі перакладу поўнасьцю і значна аслабіў тэмпы працы над другой.[10]

1

Націск на і: Уліс. Ангельскае напісаньне: Ulysses [юлісіз]. Паходзіць ад лацінскага імя Ulixes, якое ў сваю чаргу пайшло ад грэцкіх дыялектных формаў Olysseus, Ulixeus, Ulixes імя Odysseus – Адысэй. Сам Джойс ставіў націск на першы склад, вымаўляючы Ulysses як [улісіз].

2

Назоўны: Ляхі; родны: Ляхоў. Магчымая этымалёгія: ляха, ст. славян. леха (градка, мяжа, баразна, поле, дол). На мапах, якімі немцы карысталіся ў вайне 1941 г., вёска выглядае даволі ізаляванай ад астатняга сьвету балотамі і імшарамі. Яны зьніклі дашчэнту недзе ў пачатку сямідзясятых, калі правялі мэліярацыю і дрэнажаваньне. Газоўкай (газьніком) у нас у хаце сьвяцілі да 1971 г. Абставіны былі, калі верыць Мележу і Наварычу, тыпова палескія, а можа нават ірляндзкія.

3

Назоўны: Кленікі. Дзяржаўная назва: Klejniki; магчыма, ад келейнікі. Не захавалася ніякіх сьведчаньняў, быццам у вёсцы калі-небудзь выраблялі клей. У XVI ст., калі Карона далучыла да сябе гэтую частку ВКЛ, вёска стала каралеўскай маёмасьцю і называлася Zygmuntowo (безумоўна, у гонар каторагасьці Жыгімонта). Перад Першай сусьветнай вайной у Кленіках сьвятаром быў Іван Хлябцэвіч. Пра ягоных сыноў, Яўгена і Ўладзімера, можна знайсьці інфармацыю ў беларускіх даведачных выданьнях (Яўген пісаў пра мае ваколіцы допісы ў „Нашу Ніву”). А Ўладзімер пра жыхароў мае айчыны адзначыў: По национальности трудно сказать, к какому определённому элементу они относились: по языку их можно было отнести к белорусам, но по наружности они на белорусов не совсем походили. Это может быть были потомки ятвягов, живущих на левом берегу Нарева, а может быть, и других народов („Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 2 (4), Białystok 1995, бб. 142–143.)

4

Стылістычна пакручастая, але сэмантычна празрыстая творчасьць Пруста зьдзяйсьнялася пад эстэтычным дэвізам voir clair dans le ravissement.

5

Усё гэта, безумоўна, трывіяльнасьці, якія можна было б пакінуць збоку. Але ўрэшце хочацца сказаць камусьці і праўду. Пасьля выхаду першай часткі перакладу ў 1993 г., мне давялося распавядаць гэтую гісторыю з паўтузіну польскіх журналістаў, і я відазьмяняў яе ў залежнасьці ад пары году і настрою, аднак жа заўсёды падаваў яе ў мажорным ключы беларускага адраджэньня і з экзатычнымі матывамі накшталт глухой беларускай вёскі, у якой ствараўся пераклад, ну і зь іншым падобным сымонамузыканцтвам. Belarus ьber alles было поклічам часу, і я на гэты конт ствараў і разбудоўваў міт, які, маю надзею, застанецца ўсяго мітам. Насамрэч, пасьля студэнцкай пары я ўжо быў навонкі беларускага адраджэньня (гэта значыць, Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў), і „Ўліс” быў для мяне acte gratuit і прыватнай справай.

6

„Армія, падхаружыя, гэта адмысловая філязофская сыстэма” – казаў нам, ваякам з унівэрсытэцкімі дыплёмамі, адзін з нашых гуру ў мундзіры палкоўніка. Я зь ім шчыра пагаджаўся і, як цэлы легіён нешчасьлівых папярэднікаў, чапляўся за выратавальную выснову, што іманэнтная недасканаласьць чалавечай натуры аб’ектыўна не дазволіць ужыцьцявіцца гэтай сыстэме да канца.

7

I. Babkou, „A Hole To Be Filled Wholly, or Belarus as a Testing Ground for Radical European Integration”, Proceedings of the Central European Symposium on Postcolonial Outlooks, бб. 17–18, Ljubljana, 1996.

8

Коратка, наколькі магчыма: грошы на публікацыю кніжкі дало Міністэрства Культуры і Мастацтва ў Варшаве. У гэтым самым годзе мае знаёмыя і адначасова кіраўнікі гандлёвай фірмы „Omega” ў Бельску, Валянцін Сельвясюк і Міраслаў Целушэцкі, успамаглі мяне фінансава, даючы на дзевяць месяцаў фіктыўнае працаўладкаваньне і грошы, каб я ня мусіў шукаць дадатковага занятку да свае журналісцкае зарплаты ў „Ніве” і меў больш часу для Джойса. Вялікае ім дзякуй яшчэ раз. Кніжка мелася выйсьці пад грыфам Беларускага Літаратурнага Аб’яднаньня „Белавежа”, якое пад старшынствам паэта Яна Чыквіна якраз перажывала пік свае выдавецкае дзейнасьці (так званая бібліятэчка пад рэдакцыяй Яна Чыквіна). Без майго ведама і згоды старшыня залічыў і „Ўліса” ў лік сваіх рэдактарскіх дасягненьняў і пазначыў гэты факт наркамаўкай на адваротнай бачыне тытульнага ліста. Мой пратэст знайшоў разуменьне ў іншых сяброў „Белавежы”, і ў друкарні „ORTHDRUK” выразалі пад 1000 лістоў ды ўклеілі новыя, на якіх гэтым разам Я. Чыквін „выключыў” кніжку ўвогуле з выданьняў „Белавежы”. Я ўжо ня стаў пратэставаць, але з таго часу мае адносіны зь „Белавежай” і яе шэфам значна ахалодалі. Магчыма, нейкі дзясятак асобнікаў „Уліса” застаўся кружыць зь нявыразаным наркамаўскім надпісам (своеасаблівы выдавецкі рарытэт).

9

Carl Gustav Jung, „Ulysses”, „Europдische Review”, September 1932.

10

У верасьні 1993 у Вільні, пасьля заканчэньня рэдактуры перакладу, С. Шупа кінуў наступную заўвагу (цытую з памяці, а сьведкаў пры тым не было ніякіх): „Ты павінен надрукаваць пераклад, балазе далі грошы, але потым закапаць увесь тыраж у скрыні ў зямлю і пачакаць гадоў дзесяць, аж падрастуць чытачы”. (Пра ягоную трактоўку скрыні глядзі: S. Schuppo, „Hausklamotten als Dinge an und fьr Sich, Vцlkische Weltanschauung in WeiЯrutenischen Mдrchen”, „Forschungen nach dem Wunderbaren”, Band 35, Gцttingen, 1995.) Лепшага часу ў наступным тысячагодзьдзі чакаюць яшчэ недзе пад 400 асобнікаў перакладу.

Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік)

Подняться наверх