Читать книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк - Страница 6
Насустрач бацьку
Спроба вытлумачэньня трох першых эпізодаў „Уліса” Джэймса Джойса
…кашмар, ад якога я спрабую прачнуцца…
ОглавлениеНаступны эпізод пераносіць нас у школу для хлопцаў, дзе Стывэн часова працуе настаўнікам („а нехта трэці патрабуе мяне да часовых заняткаў” [25]). Стывэн вядзе ўрок гісторыі, і гісторыя зьяўляецца асноўным мастацтвам, якое арганізуе дыскурс эпізоду. Прасторавы аспэкт рэчаіснасьці, які дамінаваў у першым эпізодзе, тут падмяняецца разважаньнямі над часам, над часавай пасьлядоўнасьцю падзей. Стывэн пытае вучняў пра бітву пад Аскулумам (якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай піравай перамогі) і прыходзіць да высновы, што ўсе перамогі ў бітвах зьяўляюцца піравымі. („Над усланай трупамі раўнінай усьпёрты на кап’ё генэрал прамаўляе з узгорка да афіцэраў. Які-колечы генэрал да якіх-колечы афіцэраў. А яны разьвесілі вушы”. [29]) Стывэну прыгадваюцца словы Ўільяма Блэйка, што гісторыя – гэта „байкі дачок памяці”, аднак жа ён адхіляе гэтую дэфініцыю як „празьмернасьць”. Неіснаваньне гісторыі было б раўназначнае канцу сьвету: „Чую, як валяцца прасторы, трушчыцца шкло й рассыпаюцца камяні, і час займаецца сіне-барвовым полымем канца. Што ж нам тады застаецца?” [28] Гістарычныя адносіны паміж сваім народам і ангельцамі ён разглядае як сытуацыю „блазна пры панскім двары” і ставіць пытаньне: „Чаму ўсе яны выбралі гэткую ролю? Ня толькі дзеля заспакаяльнае ласкі. Для іх таксама гісторыя – гэта казка, зачаста чутая, а свая краіна – лямбард”. [29–30] На месца папярэдняй пагарды (сцэнка з малочніцай) прыходзіць нешта накшталт спагады і разуменьня, што ягоныя суродзічы служылі і служаць, магчыма, дзеля надзеі быць вольнымі. Яны не адказваюць на кліч свайго гераічнага мінулага бунтам, але і свае айчыны не пакідаюць.
Стывэнавы разважаньні аб гісторыі падсумоўвуюцца ў гэтым месцы філязофскім прызнаньнем непазьбежнасьці таго, што сталася ў „прасторы незьлічоных магчымасьцяў” і акрэсьленьнем гістарычнага працэсу як „актуалізацыі магчымага як такога” (вызначэньне Арыстотэля, чыя філязофія, нароўні з айцамі Царквы, сілкуе сьветабачаньне Стывэна).
Урок гісторыі, з увагі на незацікаўленасьць усіх прысутных, страчвае свой імпэт і пераходзіць ва ўрок літаратуры, на якім хлопец гаворыць завучаны напамяць фрагмэнт пастаральнай элегіі Джона Мілтана „Лікід”. Кляса ж просіць настаўніка, каб ён лепш расказаў нейкую гісторыю пра прывіды. Стывэн узамен прапануе вучням загадку, своеасаблівую „гісторыю з прывідам”:
Кукарэкаў дзюбаграй. Пад блакітам цэлы край. Звон у небе зазваніў, Адзінаццаць абвясьціў. Бедная душа ў нябёсы Вырушае з волі лёсу. [31]
Загадка з гатунку неразгадальных і яўна вышэй пачуцьця гумару Стывэнавых выхаванкаў, таму й ня дзіўна, што адказ – ліс, які хавае сваю бабку пад вастралістам – яны ўспрымаюць з расчараваньнем. На шчасьце, дзень 16 чэрвеня 1904, калі адбываюцца падзеі рамана, гэта чацьвер, і пакутлівыя для ўсіх заняткі ідуць толькі да полудня.[22] Хлопцы вышмыгваюць гуляць у хакей на школьнай пляцоўцы. Застаецца адзін зь іх, Сарджэнт, якому Стывэн павінен дапамагчы разьвязаць арытмэтычную задачку. На памяць Стывэну зноў прыходзіць ягоны „прывід” – памерлая маці на сьмяротным ложы („водар ружовага дрэва й тленная сырасьць”). Выгляд Сарджэнта нагадвае яму ўласнае дзяцінства. Сарджэнтава існаваньне (вобраз вечнага сына), сьмерць сваёй маці і „ліс, які хавае сваю бабку” выклікаюць надзвычай уражальны ланцужок асацыяцый:
Брыдкі й непатрэбны: худая шыя, склычаныя валасы й атрамантавая пляма, сьлед сьлімака. Але ж нехта любіў яго, вынасіў яго пад сваім сэрцам і на сваіх руках. Калі б не яна, сьвет сваім імпэтам прытаптаў бы яго й расплюшчыў пад нагой як бескасьцёвага сьлімака. А яна любіла ягоную слабую вадзяністую кроў, адсочаную зь яе ўласнай. Дык было такое сапраўды? Адзіная сапраўднасьць у жыцьці? У сьвятым сваім парыве палымяны Калумбан пераступіў церазь цела маці, якая ўпала ніцма перад ім. Яе ня стала: дрыготкі касьцяк апаленай агнём галінкі, водар ружовага дрэва й тленная сырасьць. Яна ўратавала яго, не дала растаптаць пад нагою, і адыйшла, ледзьве пабыўшы. Бедная душа ў нябёсы вырушае: а на верасовай пустэчы пад міготкімі зоркамі ліс – яркія бязьлітасныя вочы, поўсьць патыхае рыжым грабежніцкім духам – дзёр зямлю, прыслухоўваўся, разграбаў, прыслухоўваўся, дзёр і дзёр. [32]
Ліс – ніхто іншы як Стывэн, які ўсё разграбае й разграбае сваё недалёкае мінулае, дзе ён „бязьлітасна” пахаваў сваю маці. Стывэн прыходзіць да думкі, што любоў маці (amor matris) – „адзіная сапраўднасьць у жыцьці”. Наступны фрагмэнт канкрэтызуе гэты вобраз, яшчэ больш выразна падкрэсьліваючы цяперашнюю Стывэнаву самоту:
Маруднымі, няўпэўненымі рухамі пяра Сарджэнт перапісваў дадзеныя. Усё яшчэ спадзеючыся на слова дапамогі, ягоная рука старанна ставіла крывыя значкі, праз матавую скуру шчокаў прабіваўся слабы пробліск сораму. Amor matris: родны склон суб’екту й аб’екту. Яна выкарміла яго сваёй слабой крывёй ды абрызглым малаком і хавала ад чужых вачэй ягоныя пялёнкі.
Такі як ён быў і я, такія ж самыя спадзістыя плечы, такая ж самая нехлямяжасьць. Маё дзяцінства хіліцца каля мяне. Задалёкае, каб крануцца яго хоць раз, ці зьлёгку. Маё далёкае, а ягонае таямнічае, як нашы позіркі. Таямніцы, маўкліва застыглыя ў цёмных палацах двух нашых сэрцаў: таямніцы, стомленыя сваёй тыраніяй: тыраны, што прагнуць быць зрынутымі. [33]
Інтэлектуальная ўскладнёнасьць паэтычных вобразаў не дазваляе прозе Джойса апусьціцца ў сьлязьлівы сэнтымэнталізм ці пустую экзальтацыю (хіба што дзеля сатырычнае мэты, калі стылем нарацыі стаецца імітацыя і пародыя стылю іншых).[23]
Урэшце надыходзіць момант, калі Тэлемах спатыкаецца з Нэстарам (гамэраўскі загаловак гэтага эпізоду – „Нэстар”). Ролю Нэстара выконвае містэр Гэрэт Дызі, кіраўнік школы. Гэта стары, бурклівы, самаўпэўнены і кансэрватыўны чалавек. Ён – Стывэнаў працадаўца, які якраз сёньня выплочвае Стывэну ягоны заробак: тры фунты дванаццаць шылінгаў (зь якіх адзін фунт Стывэн паабяцаў Малігану на выпіўку). Містэр Дызі – адзін з тых ірляндцаў, якія служаць сваім заваёўнікам рупліва і аддана. На сьценах ягонага кабінэта партрэт прынца Валіі (пазьнейшага караля Эдуарда VII) і фатаграфіі скакавых коней ангельскіх арыстакратаў; ён – зьбіральнік манэтаў з эпохі Сьцюартаў і марскіх ракавінаў. Ён захапляецца ангельскім падыходам да жыцьця („Я заплаціў за сваё. Я нікому не вінаваты”), а Шэксьпір для яго асацыюецца з фразай Яга ў „Атэла”: „Грошы кладзі ў каліту”.[24] Джойс прадстаўляе яго ў іранічным сьвятле ня толькі як „мудрага Нэстара”, але і як „карэннага ірляндца”:
– У маіх жылах таксама бунтарская кроў, – прызнаўся містэр Дызі. – Па жаночай лініі. А па мужчынскай лініі я выводжу свой род ад сэра Джона Блэквуда, які галасаваў за унію.[25] Усе мы ірляндцы, усе – нашчадкі каралёў.
– На жаль, – сказаў Стывэн.
– Per vias rectas, – цьвёрда вымавіў містэр Дызі, – было ягоным дэвізам. Ён галасаваў за унію й дзеля гэтага абуў батфорты ды паехаў у Дублін з Ардсу ў графстве Даўн.
Містэр Дызі, згодна з Гэгелем, лічыць, што „ўся гісторыя імкнецца да аднае вялікае мэты – выяўленьня Бога”. Гэта – боская трактоўка гістарычнага працэсу. Прыгадаем, што ў першым эпізодзе Хэйнс, гаворачы аб несправядлівых адносінах ангельцаў да ірляндцаў, звальвае віну на гісторыю, трактуючы яе як нейкую дэманічную сілу. Ні адно, ні другое не адпавядае Стывенаваму разуменьню гісторыі ці, лепш сказаць, ягоным адносінам да яе наступстваў. Ён ня хоча прызнаць уладу гісторыі над сваёй асобай. Калі хлопцы на пляцоўцы забіваюць гол і чуваць іхнія вокрыкі, ён кажа містэру Дызі: „Вось Бог. (…) Крык на вуліцы”. Стывэн іранічна атаясамлівае „выяўленьне Бога” з голам на пляцоўцы (неперакладальная гульня словаў, у якой слова goal раз значыць мэта, а раз проста гол). Ён успрымае гісторыю як „кашмар, ад якога я спрабую прачнуцца” [39] і хоча жыць сёньняшнім днём. У дзявятым эпізодзе Стывэн фармулюе гэты погляд explicite: „Трымайся за тут і цяпер, празь якія ўся будучыня апускаецца ў мінулае”. [193]
Містэр Дызі ўслаўляе гісторыю, гэтым самым ухваляючы сваю сёньняшнюю ролю слугі і паклоньніка ангельскай дзяржаўнай магутнасьці. Гісторыя для яго – выява боскай справядлівасьці, да якой ён залічвае і антысэмітызм („яны саграшылі супроць сьвятла”). Ён называе сябе „змагаром за слушную справу” і цытуе антыірляндзкі заклік:
Ольстэр пойдзе ў слушны бой, Вольным будзе Ольстэр мой. [40]
Уся мудрасьць містэра Дызі, якую Стывэн выведаў у гэтым эпізодзе, сыходзіцца клінам на тым, што трэба зьбіраць грошы і падпарадкавацца „шляхам Творцы”. Стывэн наўрад ці ёю пакарыстаецца. Грошы яму служаць для выдаваньня, а не запасаньня, а што тычыцца „шляхоў Творцы”, яны часта вядуць у „кашмар”.
Пад канец эпізоду Стывэн пагаджаецца зрабіць містэру Дызі малую паслугу – занесьці ў рэдакцыі дзьвюх газэтаў ягоны допіс пра эпідэмію яшчуру (заразнай хваробы рагатай жывёлы і коней) і прапанову лячэньня хваробы („Аднак дапамагу яму ў ягоным змаганьні. Маліган прыклеіць мне новы тытул: быкамбратэрскі”[26]). [40–41] Заключны акорд спатканьня Стывэна-Тэлемаха з Дызі-Нэстарам гучыць зьдзеклівай нотай: „Праз шахматны ўзор лістоты сонца рассыпала на ягоныя [містэра Дызі – Я.М.] мудрыя плечы бліскоткі, танцуючыя манэты”. [41]
22
Калі б ня гэты „зьбег акалічнасьцяў”, дублінская Адысэя была б немагчымая (Стывэну трэба было б заставацца на пасьляабеднія заняткі).
23
Прыкладам, трынаццаты і чатырнаццаты эпізоды, „Наўзыкая” і „Быкі Сонца”.
24
Спасылкі на Шэксьпіра ў тэксьце „Ўліса” ня менш рэдкія за спасылкі на Гамэра. Сьціпленькі беларускі запас перакладаў Шэксьпіра не заўсёды дазволіў пакарыстацца ўжо гатовымі цытатамі, паколькі яны не заўсёды пасавалі да кантэксту „Ўліса”. Так, у дадзеным выпадку, бледнае „зьбірай грошы” ў перакладзе Ю. Гаўрука ня вельмі стасуецца да Шэксьпіравага выслоўя Put but money in thy purse, ужытага містэрам Дызі.
25
„Галасаваньне за унію” – ірляндзкі „інтэграцыйны рэфэрэндум” 1800 г. (падкуплены і сфальшаваны), які распусьціў ірляндзкі парлямант і перанёс палітычны цэнтар кіраваньня Ірляндыяй з Дубліну ў Лёндан. Скасаваньне гэтага „ўніяцкага акту” было адным з цэнтральных палітычных пытаньняў Ірляндыі ў ХІХ стагодзьдзі.
26
Яшчур выбраны Джойсам, вядома ж, невыпадкова. Праз „коней і быкоў” узмацняецца сувязь натуралістычнага пласта нарацыі з гамэраўскім. Нэстар характарызуецца ў Гамэра як „утаймавальнік коней”. Палац Нэстара ў Пілясе стаяў пры вусьці ракі Альфэй (Alpheus), якую Геракл завярнуў, каб вычысьціць аўгіевы стайні. Сэміцкія літары алеф, ламэд і пэ ўтвараюць корань слова бык. Літара альфа выводзіць паходжаньне ад спрошчанага малюнка бычынай галавы. Безумоўна, звыкламу чытачу не да такіх тонкасьцяў, але над „Улісам” пагарбеў легіён дасьледнікаў і крытыкаў, мазалём якіх мы сёньня можам пакарыстацца адволі. Адзначым яшчэ, што сымбаль быка – адзін з найважнейшых у рамане, якому адведзена цэнтральнае месца ў эпізодзе „Быкі Сонца”.