Читать книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк - Страница 4
Насустрач бацьку
Спроба вытлумачэньня трох першых эпізодаў „Уліса” Джэймса Джойса
Гамэраўскія паралелі (Тэлемахія)
ОглавлениеНезвычайнасьць „Уліса” для чытача бярэцца перш за ўсё з таго, што раман разгортваецца адразу і пасьлядоўна на чатырох узроўнях: міталягічным (гамэраўскім), натуралістычным (фабулярным), сымбалічным („рэканструкцыя” чалавечага арганізму структурай кніжкі; паралелі з „Боскай камэдыяй” Дантэ; біблейскія матывы) і паэтычным (мадуляцыя тону апавяданьня і стылю ў залежнасьці ад пары дня, месца, тэмы і прысутных пэрсанажаў). Усе гэтыя ўзроўні ўзаемна пранікаюцца і дапаўняюцца зь небывалым у літаратуры размахам, у матэрыяле карпатліва ўшчыльненым незьлічонымі літаратурнымі лейтматывамі і асацыяцыямі, мудрагелістымі стылістычнымі прыёмамі, моўнымі гульнямі. У беларускай літаратуры няма нічога падобнага да „Ўліса” хоць бы ў сотай дзельцы. Наша проза, нават тая дабротная, ад Максіма Гарэцкага праз Івана Пташнікава да Сакрата Яновіча сутаргава трымаецца натуралізму, зрэдзьчасу толькі зьвяртаючыся да агульнага сымбалізму, добра яшчэ, калі без аскомнага дыдактызму.[11]
Паколькі Гамэрава „Адысэя” не належыць да чытацкага канону сучаснай сярэдняй школы, дарэчы будзе бегма нагадаць падзеі і калізіі гэтага антычнага эпасу, каб займець пэўны ўгляд у міталягічную аснову Джойсава твору. Абмяжуемся амаль выключна чатырма пачатковымі песьнямі, гэтак званай Тэлемахіяй.
„Адысэя” распавядае аб прыгодах караля маленькай грэцкай выспы Ітакі, які пасьля здабыцьця Троі грэкамі дзесяць гадоў вяртаўся дадому, да жонкі Пэнэлёпы і сына Тэлемаха. Большасьць ягоных прыгодаў падаецца ў Гамэра ў рэтраспэктыве; сучасныя падзеі ў паэме расьцягваюцца ўсяго на паўтара месяца. Аднак перш чым сустрэцца з Адысэем, чытач знаёміцца зь ягоным сынам Тэлемахам.
Песьня першая: Тэлемах перажывае нялёгкую часіну. Шматлікія князі-жаніхі з навакольных выспаў балююць у Адысэевым палацы і растрачваюць ягонае дабро, дамагаючыся ад Пэнэлёпы – як лічаць усе, удавіцы – каб яна ўрэшце выбрала аднаго зь іх сабе за мужа. Пэнэлёпа да апошняга часу адцягвала рашэньне, паабяцаўшы даць адказ жаніхам, як толькі вытча сьмяротны саван для Ляэрта, Адысэевага бацькі. Тое, што выткала днём, Пэнэлёпа распускала ўначы. Але гэтая штучка адкрываецца ў самым пачатку паэмы, і ёй трэба даць адказ неадкладна. Самы верагодны спадкаемец Ітакі – Антыной – якраз і найбольш ненавісны Тэлемаху. Тэлемаху зьяўляецца багіня Атэна, якая раіць наведаць герояў траянскай вайны, Нэстара ў Пілясе і Мэнэлая ў Лякедэмоне, каб выведаць ад іх аб бацькавым лёсе.
Песьня другая: Тэлемах, падбадзёраны Атэнай, склікае народны сход, дзе патрабуе выгнаньня жаніхоў. Атэна дапамагае яму дастаць карабель і прыпасы, і Тэлемах вырушае на пошукі бацькі.
Песьня трэцяя: Нэстар у Пілясе распавядае Тэлемаху аб подзьвігах бацькі пад Трояй, але ня ў змозе сказаць, які быў далейшы бацькаў лёс. Раіць наведаць Мэнэлая і Галену ў Спарце.
Песьня чацьвертая: Каралеўская пара апавядае Адысэеваму сыну пра ўдзел бацькі ў здабыцьці Троі, а потым Мэнэлай гаворыць аб сваім змаганьні з марскім богам Пратэем, які, пераможаны, адкрыў яму будучыню некаторых ягоных таварышаў. Адысэй, паводле Пратэя, цяпер знаходзіцца ў палоне ў німфы Каліпса на ейным востраве. Тым часам жаніхі, даведаўшыся аб падарожжы Тэлемаха, падстройваюць на яго засаду на моры. На гэтым Тэлемахія канчаецца, і Гамэр пераходзіць да ўласьцівай Адысэі.
Джойсаўская Тэлемахія разгортваецца крыху інакш, чымся гамэраўская.
Эпізод першы (Telemachus): Тэлемах (Стывэн Дэдал) знаходзіцца ў цяжкай сытуацыі. Ягоная маці памерла, а ён сам пакінуў дом свайго бацькі і пасяліўся з двума таварышамі ў вежы. Адзін зь іх – чужынец, прадстаўнік нацыі, якая паняволіла ягонае каралеўства і народ; другі – ягоны суродзіч, які безупынна кпінкуе зь яго, дамагаецца ягоных грошай і нават ключа ад вежы. Пакінуўшы ключ, Тэлемах вырашае не вяртацца больш у вежу.
Эпізод другі (Nestor): Спатканьне з Нэстарам (дырэктарам пачатковай школы) не дае Тэлемаху аніякай карыснай інфармацыі наконт таго, як яму вярнуць свае правы ўладальніка і гаспадара ды што рабіць далей.
Эпізод трэці (Proteus): Тэлемах (не Мэнэлай) змагаецца са зьменлівым богам Пратэем (сымбалізаваным няўлоўнай субстанцыяй ягоных – Тэлемахавых – думак), але так і не адольвае яго. Пэўныя знакі паказваюць на патрэбу займець духовага бацьку як заменьніка для біялягічнага, зь якім сын не адчувае блізкасьці, але Тэлемах вырушае ў далейшае падарожжа па „Дублінскім моры”, не падрыхтаваны да сустрэчы з Адысэем (рэклямным аквізытарам Леапольдам Блюмам).
11
Але выняткі, на шчасьце, заўсёды магчымыя. „Дамавікамэрон” А. Глёбуса (1994) – бадай ці ня першы ўвянчаны посьпехам прыклад чытальнай прозы, якая праграмна і пасьлядоўна скарыстоўвае для сваіх мэтаў два пласты нарацыі: „галівудзкі натуралізм” і „беларускую дэманалёгію”.