Читать книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк - Страница 5

Насустрач бацьку
Спроба вытлумачэньня трох першых эпізодаў „Уліса” Джэймса Джойса
…я слуга двух паноў…

Оглавление

Адна з найбольш славутых кніжак ХХ стагодзьдзя пачынаецца зь лёгкага блюзьнерства. „Самавіты, пульхны Бык Маліган” ідзе на вяршыню абарончай вежы пагаліцца з брытвай, люстэркам і мыльнай пенай у руках, падымае ўсё гэта як сьвятар дараносіцу і прамаўляе першай фразай каталіцкай імшы. Гэтую сцэнку ён адыгрывае перад вачыма толькі што прабуджанага Стывэна Дэдала, у недалёкім мінулым гадунца езуіцкага каледжу і выпускніка каталіцкага ўнівэрсытэту ў Дубліне. Маліган працягвае блазнаваць у літургічна-эўхарыстычным кірунку:


Бык Маліган зіркнуў пад люстэрка й хуценька прыкрыў ім місачку.

– Назад у казарму! – строга выгукнуў ён. І тонам прапаведніка дадаў:

– Бо гэта, о любасныя, ёсьць праўдзівая Эвахрысьця: цела й душа, кроў і вава. Павольную музыку, калі ласка. Прашу заплюшчыць вочы, спадары. Адну хвілінку. Маленькі клопат з гэтымі белымі крупінкамі. Усе змоўкніце.

Ён скоса паглянуў угору й даў нізкі поклічны сьвіст, а потым хвілю якую чакаў у шчасным засяроджаньні. Ягоныя роўныя белыя зубы сям-там паблісквалі залацістымі кропкамі. Залатавусны. [7][12]


Залатавусны (у арыгінале больш выразна: Chrysostomos) – адно зь некалькіх ключавых словаў у гэтым разьдзеле. Яно адклікаецца да грэцкай агіяграфіі (сьв. Ян Залатавусны) ды, будучы грэцкага паходжаньня, дае першы намёк на грэцкі міт, які ляжыць у аснове ўсяе кніжкі і сувязь зь якім трэба ўстанавіць неадкладна. Далей, гэтае слова іранічна падкрэсьлівае факт, што ў Малігана зубы з залатымі плёмбамі. Урэшце тое, чаго звыклы чытач можа ня ведаць, ня ведаючы біяграфіі Джойса: прататыпам постаці Малахі (Быка) Малігана зьяўляецца дублінскі лекар, літаратар і bon vivant Oliver St John (Сьв. Ян) Gogarty. Гэта дробны прыклад таго, як Джойс заплятаў усемагчымыя асацыяцыі і суаднясеньні ў сваім рамане.


Маліган адчувае сябе „грэкам” і „паганінам”, ягоная мара – „элінізаваць гэты востраў”, гэта значыць, Ірляндыю. Ён ахвотна ўзяў бы сабе ў памочнікі Стывэна, але той бачыцца яму як „страхотны езуіт”, „замораны езуіт”, „пракляты езуіт”, „жудасны бард” і Калібан (пачварына з Шэксьпіравай „Буры”). Гэта толькі пачатак напалову сяброўскіх і напалову зьдзеклівых зьнявагаў, якія сыплюцца на Стывэна. Падобныя зьнявагі мусіў цярпець у сваім доме Тэлемах ад жаніхоў, таму нічога дзіўнага, што Малігану ў гэтым эпізодзе адведзена роля Антыноя.

Маліган уводзіць новую важную тэму ў эпізод:

– Божа – сказаў ён ціха. – Ці ж мора ня ёсьць тым, чым назваў яго Элджы:[13] вялікай ласкавай маці? Смаркатазялёнае мора. Яйцашчымлівае мора. Epi oinopa ponton. Ах, Дэдал, тыя грэкі! Я мушу цябе навучыць. Ты павінен чытаць іх у арыгінале. Thalatta! Thalatta! Наша вялікая ласкавая маці. Хадзі сюды й паглянь.

Стывэн устаў і падыйшоў да парапэту. Усьпёршыся на ім, ён глянуў уніз на ваду й паштовую лодку, якая выходзіла з прыстані Кінгстаўну.

– Наша магутная маці, – сказаў Бык Маліган.

Раптам ён адвёў вялікія дапытлівыя вочы ад мора й паглядзеў Стывэну ў твар.

– Мая цётка ўважае, што ты забіў сваю маці, – сказаў ён. – Таму яна ня хоча, каб я ўвогуле меў нейкія дачыненьні з табою.

– Хтосьці яе забіў, – панура сказаў Стывэн.

– Халеру б на цябе, Кінч, ці ж ня мог ты стаць на калені, калі маці памірала й прасіла? – сказаў Бык Маліган. – Я сам ня горшы гіпэрбарэйнік за цябе. Але ж падумаць адно, маці апошнім дыхам упрошвае цябе стаць на калені, згаварыць малітву за яе, а ты адмаўляесься. Ёсьць у табе нешта злавеснае… [9]

Гэта тэма Стывэнавай віны перад памерлай маці, калі ён, адстойваючы сваё сьвежа набытае вальнадумства, адмовіўся стаць на калені і згаварыць пацер ля яе сьмяротнай пасьцелі. Мора – „цьмяназялёная маса вадкасьці” – нагадвае яму пра „зялёную глейкую жоўць, якую яна вырвала з свае гнілое печані ў прыступах пакутлівага, з гучнымі стогнамі, ванітаваньня” [10]. Гэты лейтматыў у розных варыяцыях усплыве яшчэ некалькі разоў у кніжцы. Азмрочанасьць Стывэна паглыбляецца згадкай зь нядаўняга мінулага, калі завершаны матэрыяліст Маліган адрэкамэндаваў яго перад сваёй цёткай павальнай фразай: „А, гэта толькі Дэдал, у якога маці здохла. [12]

Стывэнава маці асацыюецца таксама з Маці-Царквой (тэма распрацаваная глыбей у далейшых эпізодах). Стывэн парваў з Царквой, але яна ўсё яшчэ пужае яго сваімі эсхаталягічнымі наступствамі і прапускае ягонае мысьленьне праз прызму сваіх догматаў і дактрыны. Дакорлівы пагляд „шкляных, мёртвых вачэй, каб пахіснуць і скарыць маю душу” [15] адносіцца пароўну да маці і да Царквы, як і наступная за гэтым бязгучная мальба Стывэна, каб маці „адпусьціла яго і дала яму жыць”. Пакінутая Маліганам місачка зь пенай нагадвае яму пра час, калі ён насіў кадзільніцу ў Клонгаўсе (у езуіцкай школе), прыслугоўваючы падчас імшы. Гэта падводзіць яго да высновы, што й цяпер ён слуга, а нават прыслужнік слугі (наступны ключ да эпізоду, які разгледзім).

У абарончай вежы[14] жыве з Маліганам і Стывэнам яшчэ адзін малады чалавек, „англасракс”[15] Хэйнс. Хэйнс паказаны як прадстаўнік „тупадумных саксаў”, якія паводле Малігана „разрываюцца ад грошай і запораў”. Маліган перад Хэйнсам яўна запабягае, надумаўшы пакарыстацца ягоным кашальком. Стывэн баіцца яго, бо ангельцу па начах трызьніцца чорная пантэра, і ён спрасонку хапаецца за рэвальвэр ды страляе куды папала. Хэйнс належыць да нацыі, якая заваявала і падпарадкавала сабе ірляндзкі народ. Пастава Малігана, „блазна пры панскім двары” [29], маўкліва асуджаецца Стывэнам. Хэйнса перад поўным асуджэньнем ратуе ягоная гібэрнафілія. Ён шчыра зацікаўлены ў ірляндзкім фальклёры, нават вывучыў гэльскую мову, каб паразмаўляць з тубыльцамі. Такая нагода надараецца ў эпізодзе. Старая ірляндзкая жанчына прыносіць ім малако на сьняданак.

Зацямняючы прахон дзьвярэй, увайшла жаночая постаць.

– Малако, сэр.

– Заходзьце, пані, – сказаў Маліган. – Кінч, давай збанок. Старая жанчына падыйшла, запыняючыся каля Стывэна.

– Прыгожы ранак, сэр, – сказала яна. – Слава Богу.

– Каму? – зірнуўшы на яе, запытаўся Маліган. – Ах, безумоўна!

Стывэн працягнуў руку за сябе й дастаў з шафкі малочнік.

– Нашы астраўляне, – мімаходзь кінуў Маліган Хэйнсу, – даволі часта згадваюць зьбіральніка крайняе плоці.

– Колькі, сэр? – спыталася старая.

– Адну кварту, – адказаў Стывэн.

Ён назіраў, як яна налівала ў мерку, а адтуль у збанок, тлустае белае малако, не сваё. Старыя паморшчаныя цыцкі. Яна наліла яшчэ адну мерку й дабаўку. Старая й неразгаданая, прыбыла з ранішняга сьвету, быць можа, як вястунка. Наліваючы малако, захвальвала яго. Досьвіткам, на сакавітым поплаве, яна ўжо сядзела на кукішках каля цярплівае каровы, як вядзьмарка на мухаморы, і яе павыкручваныя пальцы рупіліся пры цыркаючым вымі. Мычаньнем вітала яе знаёмую постаць роснашаўковістая жывёла. Бедная старая, краса папасу: імёны, прысвоеныя ёй у даўнюю часіну. Бабулька вандроўніца, ніжэйшая форма несьмяротных, якая служыць свайму заваёўніку й бестурботнаму спакусьніку, іхняя супольная наложніца, вястунка таямнічай раніцы. Служыць ці папракаць – ён ня ведаў, аднак грэбаваў дабівацца ейнай прыхільнасьці. [18]

Як амаль усё ў Джойсавай Адысэі навыварат, і гэтая сцэна пададзена ў камічна-сур’ёзнай манеры. Калі шукаць міталягічнага адпаведніка старой жанчыне, дык Джойс суадносіць яе з багіняй Атэнай, якая зьявілася Тэлемаху пад постацямі Мантэса і Мэнтара ў Ітацы („прыбыла з ранішняга сьвету, быць можа, як вястунка”). Маліган, працягваючы сваё блазнаваньне, бярэ на сябе жартаўлівую ролю правадніка, які растлумачвае заморскаму госьцю асаблівыя звычаі тутэйшага люду. Рэакцыя Стывэна на малочніцу больш складаная. У ёй ён несумненна бачыць увасабленьне лёсу сваёй краіны. „Бедная старая” (ірл. shan van vocht) і „краса папасу” (ірл. a shioda na mbo) – традыцыйныя ў ірляндзкай бардаўскай паэзіі акрэсьленьні Ірляндыі.[16] Яе наканаваньне – „служыць свайму заваёўніку й бестурботнаму спакусьніку” (тут канкрэтна: англасаксу Хэйнсу і блазнаватаму ірляндцу Малігану). Стывэн – „бард” – „грэбаваў дабівацца ейнай прыхільнасьці”. Наступны за гэтым фрагмэнт пралівае крыху больш сьвятла на абставіны.

– А вы не на дохтара вучыцеся, сэр? – спыталася старая.

– Так, пані, – адказаў Бык Маліган.

Стывэн слухаў у пагардлівым маўчаньні. Яна хіліць старую галаву перад зычным голасам свайго кастаправа, свайго знахара; на мяне не зьвяртае ўвагі. Перад голасам, які яе выспаведае й памажа ў магілу ейныя астанкі, апроч жаночага нячыстага лона, створанага зь цела мужчыны не на божае падабенства, у здабычу гаду. І перад гэтым зычным голасам, які прымушае яе маўчаць зь няцямнымі разьбеганымі вачмі.


– Вы разумееце, што ён гаворыць? – спытаўся ў яе Стывэн.

– Вы гэта па-француску гаварылі, сэр? – спыталася старая ў Хэйнса.

Хэйнс зьвярнуўся да яе з даўжэйшай прамовай, больш упэўненай.

– Па-ірляндзку, – падказаў Бык Маліган. – Вы па-гэльску кумекаеце?

– Я й дадумлівалася з гукаў, што гэта па-ірляндзку, – сказала яна. – А вы ня з захаду, сэр?

– Я ангелец, – адказаў Хэйнс.

– Ён ангелец, – сказаў Бык Маліган, – і ён думае, што мы ў Ірляндыі павінны гаварыць па-ірляндзку. [19]

Старая жанчына паважае „кастаправа” і „знахара” (Маліган – студэнт мэдыцыны), таксама сьвятара („які яе выспаведае й памажа ў магілу ейныя астанкі”), а паэт ёй не патрэбны („на мяне не зьвяртае ўвагі”). У старажытную пару, калі Ірляндыя была вольнай, пясьняр засядаў праваруч караля і да ягонага голасу прыслухоўваўся ўвесь народ. Празь вякі няволі і слугаваньня народ забыўся пра сваю гістарычную традыцыю, што больш, забыўся нават свае мовы. На роднай мове народу гаворыць чужынец, чые продкі паняволілі гэты народ. Ці ж можа быць больш горкі камэнтар да ірляндзкай сытуацыі?[17] Кожнаму з эпізодаў „Уліса” Джойс прыпісаў асобнае мастацтва – сымбалічную дамінанту, якой падпарадкаваны (на стылістычным і сэмантычным узроўнях) дыскурс эпізоду. У эпізодзе „Тэлемах” дамінуе тэалёгія. Яна пададзена як у камічным ракурсе (жарты Малігана неадчэпна круцяцца вакол царкоўна-багаслоўскіх пытаньняў[18]), так і на поўным сур’ёзе (духоўныя ваганьні Стывэна, якія раскрываюцца празь ягоны ўнутраны маналёг). Маліган у характэрным яму стылі ўводзіць праблему, якая ёсьць асноўнай філязофскай праблемай рамана. Хэйнсу, зацікаўленаму Стывэнавай тэорыяй наконт загадкі Гамлета, Маліган кажа: „Гэта зусім проста. Ён з дапамогай альгебры даказвае, што ўнук Гамлета ёсьць дзедам Шэксьпіра, а ён сам – прывід свайго ўласнага бацькі”.[19] Хэйнс, які ня надта вычувае Маліганаву іронію, рэагуе ў сур’ёзным стылі: „Я дзесьці чытаў адно багаслоўскае тлумачэньне. Ідэя Айца й Сына. Сын, які імкнецца да ўзьяднаньня з Айцом”. На гэта Маліган адказвае яму блюзьнерскай „Балядай пра Насьмешлівага Ісуса”, дзе прадстаўляе, між іншым, сваю трактоўку цуду ў Кане Галілейскай.[20] Хэйнс спрабуе ўцягнуць Стывэна ў тэалягічны дыспут, але Стывэн ухіляецца. Тэма слугаваньня набывае сваю завершанасьць у прызнаньні Стывэна, што ён – „слуга двух паноў ці, лепш сказаць, паняў”, Брытанскай імпэрыі і Рымскай каталіцкай царквы. Аднак жа абуджаная Маліганам Стывэнава сьвядомасьць зьвяртаецца да „тайны тайнаў” – суадносінаў паміж Богам-Айцом і Богам-Сынам – ды тых ерасіярхаў, якія спрабавалі вырашыць яе па-свойму і папалі ў канфлікт з афіцыйнай дактрынай Царквы.

Гордыя, уладарныя тытулы прагучалі ў Стывэнавай памяці трыумфам медных званоў: et unam sanctum catholicam et apostolicam ecclesiam: павольны рост, высьпяваньне абрадаў і догматаў, як ягоных уласных запаветных думак, альхімія зорак. Апостальскі сымбаль у імшы папы Марцэла, галасы зьліваюцца ў адно гучнае ўсхваленьне, а пад іхні сьпеў нядрэмны анёл ваяўнічай царквы абяззбройвае ерасіярхаў і пагражае ім. Арда ерасяў у скасабочаных мітрах кідаецца наўцёкі: Фотый і кагорта насьмешнікаў, сярод якіх і Маліган, і Арый, які ўсё жыцьцё ваяваў супроць адзінасутнасьці Сына з Айцом, і Валянцін, які грэбаваў зямной існасьцю Хрыста, і хітрамудры ерасіярх з Афрыкі Савелій, паводле якога Айцец Сам быў уласным Сынам. Словы, якія толькі што выказаў Маліган, блазнуючы перад чужынцам. Пустая блазнота. Непазьбежная пустка чакае ўсіх тых, што ткуць вецер: пагрозу, абяззброеньне й разгром нясуць ім самкнутыя баявыя шыхты анёлаў царквы, Міхалава войска, якое ў часіну разладу заўсёды засланяе яе сваімі дзідамі й шчытамі. [25–26]

Сам Джойс заняўся вырашэньнем падобнай галаваскрутнай праблемы ў кніжцы, надумаўшы знайсьці духоўную блізкасьць і сваяцтва – духоўнае бацькоўства – паміж інтэлектуалам Стывэнам і звычайным дублінцам, рэклямным агентам Леапольдам Блюмам. У Стывэна ўжо ёсьць „адзінасутны” бацька, Сайман Дэдал, якога чытач сустрэне ў далейшых эпізодах. Але зь ім Стывэн не адчувае тае істотнае яму духоўнае повязі – духоўнага насьледаваньня – якая магла б дапамагчы яму пераадолець ягоную адчужанасьць у гэтым сьвеце. Тэма пошуку духоўнага, „неадзінасутнага” бацькі – цэнтральная для „Ўліса”. Яна разгортваецца Джойсам на ўсіх узроўнях аповеду. Тут яна толькі ўступна сыгналізуецца ў сваім найвышэйшым – мэтафізычным – варыянце. І яшчэ дробная дэталь, падобнымі да якой нашпігаваная ўся кніжка. У вышэйпададзеным урыўку ў слове ecclesiam хаваецца слова eccles. На Eccles Street жыве містэр Блюм, дублінскі Адысэй, зь якім наканавана ў гэты дзень сустрэцца Стывэну-Тэлемаху.

Як Царква, так і дзяржава трактуюцца Стывэнам як непрымальныя структуры. Ён ім служыць не зьбіраецца. Што ж тады застаецца? Застаецца мастацтва, але ірляндзкае мастацтва – гэта „расколатае люстэрка пакаёўкі”,[21] яшчэ адна сфэра, дзе ірляндцы пацьвярджаюць свой статус прыслужнікаў. Стывэн знаходзіцца ў сытуацыі чалавека без апоры пад нагамі. Пад канец эпізоду Маліган просіць у яго ключ ад вежы, і Стывэн яму дае яго. Ён вырашае не вяртацца больш у вежу; дадому ён таксама ня можа пайсьці, з увагі на непаладкі з бацькам. Ён, як Тэлемах жаніхамі, пазбаўлены свае спадчыны Маліганам і Хэйнсам (у Джойса, зразумела, спадчына трактуецца значна шырэй за ўнасьледаваную маёмасьць). „Захопнік” – апошняе слова эпізоду і думка Стывэна пры разьвітаньні зь ягонымі непрыяцелямі – адносіцца як да аднаго, так і другога.

12

Тут і далей у квадратных дужках пазначаны нумары бачынак беластоцкага выданьня 1993 г.: Джэймс Джойс, „Уліс”, І.

13

Маецца на ўвазе ангельскі паэт Элджэрнан Суінбэрн (1837–1909), які ўжыў у адносінах да мора выслоўе „вялікая ласкавая маці” (great sweet mother) у „The Triumph of Time” (1866).

14

Вежа Мартэла над Дублінскім залівам, пабудаваная ангельцамі ў 1804 годзе для абароны перад францускім нападам з мора ў часе напалеонаўскіх войнаў. Цяпер у ёй музэй Джойса. Джойс жыў у ёй з Гогарты і ангельцам Трэнчам (прататыпам Хэйнса) у верасьні 1904. Вежу наняў у Міністэрства Вайсковых Справаў Гогарты. Для патрэбаў рамана Джойс перанёс час пражываньня на чэрвень і папрасіў у Гогарты дазволу зрабіць сваю асобу (гэта значыць, Стывэна) наймальнікам вежы.

15

Наша супольная зь Сяргеем Шупам знаходка для перакладу абразьлівага ангельцам слова Sassenach, ужыванага кельцкімі жыхарамі Брытанскіх астравоў.

16

Паводле: Don Gifford with Robert J. Seidman, „Ulysses Annotated”, University of California Press, 1988.

17

Беларускія паралелі тут непазьбежныя. Таксама прыходзіць на думку які-небудзь Някрасаў зь ягоным фальклёрным спачуваньнем паляшуцкаму ідыятызму.

18

Баюся, што ўбогая традыцыя беларускамоўнай царкоўнай літаратуры – галоўная прычына, з-за якой бальшыня маіх перакладчыцкіх натугаў у гэтым эпізодзе застанецца недаацэненай. Прыкладам, колькі чытачоў магло скумекаць, што на першы погляд ідыёцкая показка Малігана „І выйшаўшы вонкі, балакаў на пазадворку”зьяўляецца пэрыфразай радка з Новага Запавету „І выйшаўшы вонкі, плакаў горка” (Мацьвей, 26–75).

19

Так анансаваная тэорыя будзе разгорнутая Стывэнам у дзявятым эпізодзе, „Сцыла і Харыбда”.

20

Джойс цытуе толькі тры страфы з аўтэнтычнага верша Алівэра Сэнт-Джона Гогарты „The Ballad of Joking Jesus”.

21

The cracked looking-glass of a servant – выслоўе, пазычанае Джойсам у Оскара Ўайлда.

Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік)

Подняться наверх