Читать книгу Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік) - Ян Максімюк - Страница 9
Прыручэньне дэманаў
Оглавление„Дамавікамэрон“ Адама Глёбуса выйшаў у 1994 годзе ў…
Але, сапраўды, дзе ён выйшаў? Калі браць фармальна – у Беластоку, бо там быў надрукаваны. Хаця напісаны быў у Менску, а адрэдагаваны ў Вільні. Гэтыя тры месты пазначаныя ў выходных зьвестках выданьня. Але яго цяжка прыпісаць да нейкага пэўнага месца ў традыцыйным сэнсе. У духу канца стагодзьдзя і тысячагодзьдзя, аплеценага павуціньнем Iнтэрнэту, можна было б сказаць, што кніга зьявілася на сэрвэры „беларуская літаратура“, назвы ж трох гарадоў выступаюць тут толькі ў якасьці тэхнічных дадзеных, нечага накшталт кампутарнага адрасу.
Казус з кнігай Адама Глёбуса яшчэ раз пераканаўча сьведчыць пра тое, якая сытуацыя склалася ў беларускай літаратуры і культуры, паказвае яе „віртуальны адрас“ у часапрасторы, не прыпісаны да пэўнага „абжытага“ месца. Бо няма такога фізычнага месца, дзе беларуская літаратура адчувала б сябе паўнавартасным гаспадаром ці жыхаром. Акрамя беларускай мовы, зразумела. Аднак мова – не фізычная прастора. Але яна ня ёсьць і проста інструмэнтам. Нішто не цэментуе сучаснай беларускай нацыі мацней і не зьяўляецца найважнейшай яе асновай, як мова, нават калі большасьць беларусаў усё яшчэ не ўсьведамляе гэтага факту і застаецца ў атамізаваным і аморфным стане homo sovietiсus’aў. Мова ўсё яшчэ дае беларусам шанец знайсьці шлях да ўласнай тоеснасьці, наноў стацца гаспадарамі шэрых загонаў нічыйнай зямлі, якія сёньня завуцца Рэспублікай Беларусь. Ніякія іншыя нацыянальныя чыньнікі ня могуць і блізка споўніць гэтую ролю.
Пакаленьне Адама Глёбуса, выхаванае ў расейскамоўных гарадах Савецкай Беларусі, сярод чужых галасоў і чужых сьцен, адшукала шлях да ўласнага дому акурат дзякуючы роднай мове. Расейская мова, нягледзячы на тое, што ёю ў Беларусі карыстаюцца як дома, так і ў публічным жыцці, для нацыянальнай культуры ўсё яшчэ застаецца мёртвай мовай. Гэта правінцыйны, другасны від расейскай мовы, адарваны ад жывых народных гаворак і таму асуджаны на неаўтэнтычнасьць і маргінальнасьць насуперак высілкам тутэйшых русыфікатараў. Расейскамоўная літаратура, што ствараецца ў Беларусі, гэта прадукцыя другога і трэцяга гатунку не толькі ў „імпэрскім“ маштабе, але і ў лякальным, „посткаланіяльным“, вымярэньні. Так было цягам цэлага пэрыяду беларускай савецкай літаратуры, калі рэй у ёй вялі Максім Танк, Янка Брыль, Уладзімер Караткевіч і Васіль Быкаў, якія пісалі па-беларуску. Тое самае назіраем і цяпер, калі на першыя месцы заступілі Алесь Разанаў і Уладзімер Арлоў ды маладзейшыя Ігар Бабкоў і Адам Глёбус.
Адам Глёбус (у рэчаіснасьці Ўладзімер Адамчык) нарадзіўся ў 1958 годзе ў мястэчку Койданава (у савецкай рэчаіснасьці Дзяржынск) каля Менску. Пра сваё паходжаньне сам ён кажа наступным чынам: У мяне клясычная біяграфія пісьменьніка ў другім пакаленьні. Мой бацька нарадзіўся ў вёсцы пад Наваградкам, які на той час быў пад Польшчай. Стаў клясыкам беларускай літаратуры. Усюды ў нас знаны і паважаны. Мая ж маці – бібліятэкарка. Таму нарадзіўся я ў тыповым літаратурным клімаце. Выхоўваўся ў сяброўстве з шырока вядомымі беларускімі літаратарамі, зрэшты ня толькі зь імі, але і расейскімі, казахскімі і наагул савецкімі, бо ў свой час бацька вучыўся на вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Рос у літаратурным асяродзьдзі, аж пакуль нарэшце сам ня стаў пісьменьнікам („Kartki” 1/97, Беласток). Удакладнім, што бацька Адама Глёбуса – празаік Вячаслаў Адамчык, аўтар, як і належыцца клясыку, тэтралёгіі, у якой разгортваецца шырокая панарама падзеяў у Заходняй Беларусі напярэдадні і падчас Другой сусьветнай вайны. Брат Адама таксама бавіцца літаратурай, ён напісаў пару цікавых тэатральных п’есаў ды празаічных твораў на мяжы дэтэктыўнага і прыгодніцкага жанраў.
Перш чым стаць аўтарам „Дамавікамэрону“, Адам Глёбус скончыў Менскі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) па спэцыяльнасьці, што тады называлася „манумэнтальная графіка“. А ў 1988 годзе зьявілася дэбютная кніга 30-гадовага аўтара: паэтычны томік „Парк“. Потым у менскіх дзяржаўных выдавецтвах выйшлі яшчэ дзьве кніжкі яго апавяданьняў: „Адзінота на стадыёне“ (1989) і „Сьмерць-мужчына“ (1992). Пачынаючы са зборніка паэзіі „Скрыжаваньне“ (1993) Глёбус пачаў выдаваць свае кнігі ў недзяржаўных выдавецтвах і наогул за свае грошы. Тады ўжо ён мог сабе гэта дазволіць фінансава.
Першыя кніжкі Адама Глёбуса выклікалі ўмераную зацікаўленасць крытыкі і чытачоў. Вядома, пісьменьніка добра ведалі ў Менску, але хутчэй праз бацьку, чым праз уласную творчасьць. Выданьне „Дамавікамэрону“, на нашу думку, адной з найцікавейшых зьяваў у беларускай прозе 1990-х, таксама прайшло амаль незаўважаным. Толькі тагачасны орган Саюзу Пісьменнікаў Беларусі, штотыднёвік „Літаратура і мастацтва“, назваў кнігу агіднай, а самога аўтара аднёс да каршуноў, якія жыруюць на найпадлейшых інстынктах постсавецкай публікі, што прагне чарнухі і парнухі пасля доўгага прымусовага чытацкага посту.
Больш несправядлівую ацэнку „Дамавікамэрону“ і Глёбуса – беларускамоўнага пісьменьніка – і прыдумаць цяжка. Бо цяжка жыраваць у Беларусі на чым-колечы, што зьвязанае зь беларускай мовай. Наклад кнігі ў 1994 годзе не перасягнуў 1000 асобнікаў, але няма сумневу, што яшчэ й сёньня ў аўтара ў хаце знайшлося б досыць нераспакаваных пачкаў з „Дамавікамэронам“. Рэч у тым, што ў пасьляваенны пэрыяд беларуская справа ў Савецкай Беларусі павярнулася на 180 градусаў і абясцэнілася літаральна на вачах. Ад беларускай мовы – якую ў 60-х скрозь лічылі ганебным кляймом мужыцкага (калгаснага) паходжаньня – на працягу наступных двух дзесяцігодзьдзяў масава адмаўляліся як у публічным, так і ў прыватным жыцьці. Выжыла мова адно ў артыстычных ды інтэлектуальных асяродках. Сёньня выкарыстаньне беларускай мовы ў Менску зьяўляецца самай пэўнай адзнакай, што адрозьнівае інтэлектуальную эліту ад плебсу. Эліта вымагае элітарнай літаратуры, і Глёбус ня можа ня ведаць пра гэта. Таму што дакладна ведае, што чытае плебс.
Бо ж Адам Глёбус – ці не найбуйнейшы вытворца масавай літаратуры на абшары былога Савецкага Саюзу. На расейскай мове, зразумела. Попыт на гэткага роду літаратуру не абмінуў і Польшчы, а таксама многіх іншых краінаў былога сацыялістычнага лягеру. Насуперак чаканьням, не эротыка і не парнаграфія завалодалі ўяўленьнямі і сэрцамі мільёнаў кнігалюбаў на тэрыторыях толькі што здабытай выдавецкай і чытацкай свабоды, а Hollywood-made dreams, увасобленыя ў безлічы harlequin-аў, romance’аў, judith-kranz’аў i danielle-steele’аў. На постсавецкай прасторы, апроч таго, неверагоднай папулярнасьцю карысталіся бразыльскія тэлесэрыялы. Напачатку Глёбус працаваў сам, пішучы працягі папулярных літаратурных хітоў ды штампуючы раманы паводле тэлесэрыялаў, што дэманстраваліся на расейскім тэлебачаньні. Іх наклады сягалі мільёну асобнікаў. Рынак і попыт расьлі, таму Глёбус стварыў нешта накшталт цэху менскіх пісараў, якія заняліся перанясеньнем на паперу тэлевізійных гісторыяў і пісаньнем працягаў самых розных заходніх бестсэлераў. Гэты працэс быў пастаўлены на шырокую нагу і даваў добрыя грошы. Пры даволі напружаных выдавецкіх тэрмінах (тэлесэрыялы ўвогуле паказвалі пару разоў на тыдзень) даводзілася карыстацца дыктафонамі і наймаць спэцыяльных кур’ераў, якія апэратыўна дастаўлялі стужкі з запісамі ў маскоўскае выдавецтва.
Слынны жалезны сэйф Глёбуса, у якім сабраныя звыш 100 тамоў тварэньняў фірмы „Глёбус & Сo“, стаў легендаю менскага літаратурнага асяродзьдзя. Мяркую, што ня толькі дачка Скарлет са „Зьнесеных ветрам“, але і яе ўнучка патрапілі ў новыя вэрсіі кніжных лёсаў з-пад пяра, так бы мовіць, калектыўнай беларускай Маргарэт Мітчэл. Ігар Бабкоў, менскі паэт і празаік, гэтак выказаўся пра ўсюдыіснасць свайго сябра Адама Глёбуса на постсавецкім выдавецкім рынку: „Калі я бачу новую заходнюю назву на паліцы менскай кнігарні, дык маё першае памкненьне – патэлефанаваць Адаму і запытацца, ці гэта кніга ягоная, ці нейкага рэальнага замежнага аўтара“ (з выступу на літаратурным сэмінары „Бязьмежжа“ ў Гайнаўцы ў 1996 г.). Несумненна, у гэтай дзейнасьці ня ўсё ў парадку з аўтарскімі правамі, але ў мяне не ўздымаецца пяро, каб напісаць хоць слова асуджэньня на адрас Глёбуса і ягонай фірмы. Бо апроч масавай прадукцыі Глёбус займаецца і сапраўднай літаратурай, а яго фірма дае сталы заробак добраму гурту менскіх літаратараў, якія ў іншым выпадку мусілі б зарабляць сабе на жыцьцё значна далейшымі ад літаратуры заняткамі.
Згаданая непрыхільная (і адзіная) рэакцыя менскага штотыднёвіка „Літаратура і мастацтва“ на „Дамавікамэрон“ тлумачылася, як падаецца, дзвюма асноўнымі прычынамі. Першая зь іх звязана з успадкаваным ад савецкай эпохі суцэльным табу на эротыку і сэкс у літаратуры. Другая палягае ў неадэкватным прачытаньні пасланьня кнігі і прыпісваньні аўтару інтэнцыяў, якіх ён у сапраўднасьці ня меў.
Відавочна, „Дамавікамэрон“ выкарыстоўвае эратычна-сэксуальныя матывы настолькі шчыра і непасрэдна, што можа вымагаць пэўных агаворак ня толькі ў беларускага чытача, які ня меў ніякага ўзору такой літаратуры на сваёй мове, але і ў польскага, які мае багаты выбар літаратуры „на гэтую тэму“, як у перакладах, гэтак і ў айчынным пісьменстве. Прынцып, што „ў Савецкім Саюзе сэксу няма“, які ўмацоўваўся дзесяцігодзьдзямі, падрыхтаваў грунт для аўтаматычнай грамадзкай рэакцыі ў Беларусі: закрананьне сэксуальнай тэматыкі, ня зьвязанай з натуральнай рэпрадукцыяй, зьяўляецца праявай маральнага разлажэньня, калі не парнаграфіі. Гэта набыты ўмоўны рэфлекс, які выступае незалежна ад розуму.
Я перакананы, што нельга сур’ёзна абгрунтаваць і тэзу, быццам мэта аўтара ў „Дамавікамэроне“ была выклікаць сэксуальнае ўзбуджэньне ў чытача, інакш кажучы, пад літаратурнай шыльдай працягнуць парнаграфію. У такім сэнсе нашмат больш парнаграфічнымі будуць жаночыя раманы, нягледзячы на тое, што тэхналёгія іхнай вытворчасьці выключае выкарыстаньне пэўных даслоўнасьцяў і сцэнаў тыпу hard core. Але інтэнцыі soft-core’авых жаночых раманаў несумненна больш непрыстойныя, чым даслоўнасьці Глёбуса.
Глёбус ступіў у зону, якой раней не наведваў ніводзін зь беларускіх пісьменьнікаў, і падрабязна апісаў сваё падарожжа. Здаецца, апісаньне тутака – дакладнае слова, бо людзі, што ў курсе справы, без усялякіх сумненьняў сьцьвярджаюць, што ня менш за 80 працэнтаў гісторый, апаведзеных у „Дамавікамэроне“, здарыліся на самай справе з удзелам ці то аўтара, ці то яго знаёмых, якія пасьля апавялі яму пра свае прыгоды (натуральна, калі выжылі). (Астатнія 20 працэнтаў гісторый адносяцца да такіх выпадкаў, у якіх ніводзін сведка ня выжыў.)
Вартая адзначэньня яшчэ адна вонкавая прыкмета прозы Глёбуса: тапаграфія месцаў апісаных падзей пададзена з абсалютнай дакладнасьцю. З „Дамавікамэронам“ можна зьведаць Менск значна лепш, чым з афіцыйным плянам гораду, які застаўся наўмысна скажоны, каб заблытаць арыентацыю заходніх разьведчыкаў у беларускай сталіцы.
Сэкс зьяўляецца інтымным заняткам, у якім чалавек акрамя вопраткі скідае таксама ўсялякія іншыя маскі, дазваляе сабе пабыць „дэманам пажады“. У таталітарным грамадзтве ён быў той сфэрай свабоды і натуральнасьці, над якой дзяржава ня мела кантролю, а таму спрабавала асудзіць яе на неіснаваньне, выкрасьліць з грамадзкай свядомасьці. Глёбусу ўдалося ўвайсьці ў яе, зазірнуць пад штодзённую афіцыёзную маску homo sovieticus’a і паказаць глыбока схаваную чалавечнасьць у яе прыродных камічна-жаласна-ўзьнёслых разнавіднасьцях і сытуацыях. Паказаць з суперажываннем. Магчыма, акурат з гэтай прычыны ў кароткіх апавяданьнях Адама Глёбуса найрэльефней з усёй беларускай літаратуры спаўняюцца рэалістычныя пастуляты. Усе гісторыі ня толькі адпавядаюць жыцьцёвай праўдзе (як мы вызначылі, усе яны маюць сваёй крыніцай рэальныя падзеі), але і літаратурнай праўдзе, г. зн. ствараюць пэўную літаратурную рэальнасьць, у якой часткі і цэлае не супярэчаць, і якая фармуе літаратурна замкнёны і самадастатковы свет. Гэта адна з асноўных характарыстык добрага пісьменства.
Уключэньне ў кантэкст менскіх эратычна-сэксуальных гісторый (дый ня толькі такіх) цэлага легіёну беларускіх дэманаў, д’яблаў і русалак некаму можа падацца залішне адвольным і штучным, арыентаваным на дасягненьне сумнеўных эстэтычных мэтаў. Хачу рашуча запярэчыць. Няма нічога больш літаратурна і жыццёва апраўданага, чым такое намаганьне ў стасунку да Менску. Бо Менск той горад, дзе genius loci не ўвасобіўся ні ў Големa, ні ў Цмока Вавэльскага. Ён быў заселены зборышчам лесавікоў, палевікоў, хутаў, вупыроў, русалак і кадукоў з балатоў, азёраў, лугоў, рэк, бароў, урочышчаў і гаёў блакітнавокай Беларусі. Уся гэтая чартаўшчына асела ў горадзе разам з перасяленцамі зь вёсак, якія прынесьлі ў сталіцу свой напалову паганскі светапогляд разам зь сялянскімі забабонамі, прымхамі і страхамі. З пачатку 60-х да пачатку 90-х насельніцтва Менску павялічылася амаль на мільён жыхароў. І перадусім міграцыя зь вёскі, а не якісьці ўсплёск нараджальнасьці, абумовілі натуральны рост сталіцы. Дык вось, сэкс для тых перасяленцаў быў адной з праяваў дэманічных сілаў прыроды, якіх належала хутчэй засьцерагацца, чым шанаваць. Таму дэманічная мэтафара Глёбуса ў адносінах да беларускага эратызму ёсьць трапнай і адэкватнай.
У „Дамавікамэроне“ Адам Глобус паддае беларускага чытача двайному выпрабаваньню – ня толькі правярае ягоныя маральна-звычаёвыя ўстоі, але й прымушае яго пры чытаньні кнігі прызвычаіцца да сэксуальна-эратычнай лексыкі, якой карыстаецца аўтар. З гэтага пункту гледжаньня Глёбус – амаль піянэр у беларускім пісьменстве. Пераклад на польскую мову[39] не сустрэў вялікіх цяжкасьцяў – яна ўжо вывучыла і пайменавала сэксуальна-эратычную сфэру крыху далей і шырэй. Зь беларускай мовай горш. Досыць нагадаць, што два ключавыя словы для вырашэньня мастацкай задумы Глёбус мусіў папросту прыдумаць, каб пазьбегнуць выкарыстаньня агульнавядомых у славянскіх мовах вульгарызмаў, мэдычных тэрмінаў ці эўфэмізмаў, запазычаных з мовы добра выхаваных дзяцей. А шмат якія іншыя словы і выразы ў пэўных кантэкстах упершыню зьявіліся толькі на старонках кнігі Глёбуса. Мяркую, што гэтыя моўныя экспэрымэнты аказаліся бясспрэчным посьпехам аўтара.
Наапошку варта абмовіцца параю словаў пра назву кнігі Адама Глёбуса, якая ўзыходзіць, бясспрэчна, да „Дэкамэрону“ Джавані Бакача. У „Дамавікамэроне“ ня толькі актыўна выкарыстоўваюцца эратычныя матывы ў якасці рухаючай сілы апавяданьняў, ён мае таксама значна больш істотнае падабенства да неўміручай кнігі вялікага тасканца. Як і Бакача, Глёбус ахапіў сваёй увагай шырокую галерэю самых розных грамадзкіх постацяў і тыпаў. „Дамавікамэрон“, як і „Дэкамэрон“, гэта спроба выявіць сугучную свайму часу „чалавечую камэдыю“. Твор тасканца адзначыў канец Сярэднявечча і пачатак Рэнэсансу ў Італіі. Аповеды Глёбуса, будзем спадзявацца, адзначылі канец панурай эпохі homo sovieticus’а і пачатак нацыянальнага рэнэсансу ў Беларусі.
Кніга, як было згадана, прайшла незаўважанай у Беларусі. Магчыма таму, што зьявілася ня ў лепшы час для літаратуры наогул, калі большасць людзей заклапочана эканамічнай, а не літаратурнай, рэчаіснасьцю. А магчыма таму, што зьявілася ў беларускай літаратуры заўчасна, спрабуючы як мага хутчэй скрышыць бастыёны эстэтычных схільнасьцяў мінулай эпохі. У любым разе, толькі ў адным месцы „беларускай віртуальнай культурнай прасторы“ кнігу Глёбуса прынялі з энтузіязмам і задавальненьнем: якраз у Беластоку, дзе кніга друкавалася пабеларуску, а цяпер выходзіць у перакладзе на польскую мову. Некаторыя выразы з „Дамавікамэрону“ сталі чымсьці накшталт своеасаблівых пароляў, якія выклікаюць культуралягічныя і этналінгвістычныя асацыяцыі, а таксама выбухі дэкамэронаўскага сьмеху сярод беластоцкіх беларусаў (тых, зразумела, хто яшчэ ў стане чытаць па-беларуску). Іх група нешматлікая, але затое заўзятая. Доказам – гэтае выданьне.
Прага, травень 1998
Пераклад „ARCHE” з польскай мовы
39
Adam Hlobus, „Demonokameron”, Przekłady z białoruskiego pod redakcją i z posłowiem Jana Maksymiuka, Białystok 1998.