Читать книгу Канец адзіноты - Януш Вишневский, Януш Леон Вишневский, Ewelina Wojdyło - Страница 3

@1

Оглавление

Яго абудзіла хваля цяпла. Нейкая дзіўная, бо яму здавалася, што гэтае цяпло дакранаецца толькі да ягонай спіны. Павекі павольна падняліся. Вясёлкі, падумаў ён, жмурачыся. Мноства маленькіх вясёлак, накладзеных адна на адну. Што за фігня? Так, яны ўчора курылі траву, але не тое каб шмат. Дакладна не столькі, каб кайфаваць да раніцы. Адзін касяк на нос, не больш. На сярэдзіне свайго Надзя расшпіліла кашулю і зняла станік. Ён памятае ўсё, што рабілася адразу пасля гэтага, але як яны дабраліся да ложка, не памятае зусім. Зрэшты, не ўпершыню.

З ёю яму зусім не была патрэбная трава, каб ад’ехаць падчас сэксу. Аднойчы яны кахаліся ў па-дэкадэнцку вялізнай ванне ў нейкім пафасным варшаўскім гатэлі ля вакзала. У яго тады вочы на сто восемдзесят градусаў закаціліся. Проста ўнутр галавы. Страшнаваценька, калі ўявіць такое ў іншых абставінах, але тады, у той ванне, так і было. Ён глядзеў у вочы самому сабе! І гэта быў не адбітак у нейкім там люстэрку. У свае ўласныя вочы! І бачыў у іх абрыс Надзінай галавы паміж сваімі нагамі, расплывісты і невыразны ў сваёй дваістасці. Ён тады зажмурыўся. Вельмі моцна. І для пэўнасці прытрымаў павекі кончыкамі пальцаў. Хацелася вярнуцца ў рэальнасць. Хацелася бачыць тое, што робіць Надзя, без усялякай дваістасці. Бо няма на свеце апіятаў, здольных параўнацца з яе ротам…

Ён шырока расплюшчыў вочы і колькі часу ляжаў нерухома, збіраючыся з думкамі. Гэты россып вясёлак – усяго толькі оптыка. Вось яно! А ніякі не падоўжаны кайф. На скуры Надзі высыхалі кроплі вады. Яны ўтварылі мікраскапічныя воблачкі пары, і святло расшчапілася. Як у прызме. Як у небе пасля дажджу. Прызмаў шмат, вось і вясёлак таксама. На яе спіне, азадку, сцёгнах. А дотык цяпла, які ён адчуў? Звычайная тэрмадынаміка. Ужо тыдзень на дварэ трапічная спёка, таму Надзя прымацавала танны кітайскі вентылятар, куплены на распродажы, да касой столі ў пакойчыку на паддашшы. Ён сам дзіравіў вагонку, чапляючы гэтую пачвару. Вялізны вентылятар працаваў хвілін пятнаццаць, а потым толькі ляніва варушыў лопасцямі, з цяжкасцю прадзіраючыся праз нерухомае, густое, нібыта жэле, паветра. Лопасці былі такія вялікія, што сягалі сярэдзіны мансарднага акна. І, круцячыся, кідалі на яго цень. Вось вам і дотык.

Ён разглядаў Надзіны спіну і азадак. Пры тонкай таліі дупка выглядала нібыта прыклеенае да цела і перарэзанае вузкай шчылінай сэрца. А проста над ёю віднелася выпукласць. Нармальная такая, нібыта эвалюцыя пакінула зашмат ад малпінага хваста. Яму гэтая выпукласць шалёна падабалася. Ён дакранаўся да яе кончыкамі пальцаў, цалаваў, лізаў, прыпадаў да яе вуснамі, дыхаў на яе. Часам асцярожна прыкусваў там скуру з ледзь бачнымі светлымі валаскамі, якія пасля гэтага нібы па камандзе падымаліся ўверх. Надзя пачынала гучна дыхаць, круціць сцёгнамі і шаптаць сваё салодкае: «Якуб, што ты зноў са мной зробіш…» Не «робіш», а менавіта «зробіш».

Ён бясшумна споўз уніз па прасціне, дакрануўся вуснамі да маленькай вясёлкі на выпукласці і шапнуў:

– Добрай раніцы, каханая.

Яна рэзка павярнула галаву. Безуважна паглядзела на яго. У яе вачах ён заўважыў слёзы.

– Чаму ты плачаш? Што такое? – спытаў ён, кленчачы над ёю.

Яна павярнулася на спіну і прыкрыла грудзі разгорнутай кнігай. Доўга не адказвала, пяшчотна гладзячы яго па шчоках і вуснах кончыкамі пальцаў.

– Гэта ўсё кніга, – шапнула яна неўзабаве.

Краем вока ён зірнуў на патрэсканую і месцамі патрапаную аранжава-карычневую вокладку, на якой цалавалася пара.

– Кніга? – прашаптаў ён, прыціскаючыся вуснамі да яе запясця. І, не хаваючы здзіўлення, спытаў: – Ты плачаш праз нейкую кніжку? Ты? Такая вялікая дзяўчынка? Я думаў, ты такіх кніжак ужо не чытаеш, – у яго голасе прарэзалася насмешка.

– А канкрэтна? Гэта якіх «такіх»? – адказала яна і рэзка прыпаднялася на локцях. Кніга павольна спаўзла ёй на жывот, адкрываючы грудзі.

– Ну, такіх… такіх… – заікаўся ён, шукаючы прыдатнае слова.

У яе позірку з’явілася раздражненне, а ў голасе – нецярплівасць. Ён добра ведаў, што, калі Надзя кажа «канкрэтна» гэткім тонам, часцей за ўсё гэта пачатак спрэчкі, а то і сваркі. Спрачацца з ёю ён вельмі любіў, сварыцца часам таксама – у асноўным таму, што пасля яны цудоўна мірыліся. Але цяпер, калі яна голая ляжала побач, гэта было апошняе, чаго яму хацелася.

– Ну, назавём іх рамантычнымі, напрыклад, – дагаварыў ён і схіліўся, каб пацалаваць яе грудзі.

Але яна не дазволіла – скрыжавала рукі, уперлася далонямі яму ў лоб, падняла ягоную галаву і, гледзячы ў вочы, спытала:

– А ты? Ты ніколі не плакаў над кніжкай?

У яе голасе ён пачуў рашучасць і добра знаёмую яму задзірлівасць і спакойна адказаў:

– Нешта не прыгадваю. Хіба што над якой зусім ідыёцкай. Са злосці, што мушу марнаваць час на такую дурату, – прагучала гэта кпліва.

– Вельмі дзіўна, – ціха адказала яна, не рэагуючы на яго жарт.

– Чаму?

– Таму што ты вельмі чуллівы. Я ніколі раней не сустракала такога чуллівага хлопца, як ты. Таму і дзіўна. Вельмі.

Яна павярнулася на бок і прыціснулася азадкам да яго жывата. Колькі часу яны моўчкі ляжалі абняўшыся.

– У сваю абарону, – шапнуў ён неўзабаве, – магу сказаць, што над кніжкамі я, можа, і не плакаў, але над лістамі – так. І нават даволі часта. Калі ўжо мае слёзы падчас чытання такія важныя.

– Ты ніколі пра гэта не расказваў, – памаўчаўшы, адказала яна.

У яе голасе ён пачуў смутак. Яна рэзка павярнулася да яго і адцясніла на край ложка. Іх вочы цяпер былі на адным узроўні.

– Мы знаёмыя ўжо амаль год, спім разам, – прамовіла яна, накручваючы пасму валасоў на палец, – ты ведаеш маё цела ва ўсіх падрабязнасцях, мы ямо за адным сталом і вячэры, і сняданкі. Я распускаю для цябе валасы. Не баюся баяцца ў тваёй прысутнасці, не саромеюся ні плакаць, ні хіхікаць. Ты купляеш мне тампоны і ведаеш, якога памеру трэба. Укладваеш мяне ў ложак, калі я нап’юся. Я паказала табе свае думкі, надзеі, мары, а гэта нашмат больш, чым галізна. Маю біяграфію ад дзіцячага садка да сёння ты ведаеш так дакладна, што лёгка зрабіў бы з маіх фотак дакументальную інста-сторы. Пералічваць можна яшчэ доўга. Ты ведаеш пра мяне ўсё. І пра маю сям’ю таксама. На могілках ты запальваеш разам са мною знічы. Ты ведаеш пра мяне ў тысячу разоў больш, чым мая маці. І ведаеш гэта ад мяне, – цвёрда дадала яна, памаўчаўшы. – А я? Я, – працягвала дзяўчына, – па сутнасці, ведаю толькі тое, што ты адзінае дзіця ў сям’і, жывеш з бацькамі і паступіў ва ўнівер без экзаменаў, бо перамог у нейкай алімпіядзе. А больш я не ведаю нічога. Нібыта ў цябе зусім няма мінулага. Нібыта тваё жыццё пачалося толькі летась у жніўні, калі мы пазнаёміліся. Ты гэта заўважыў, Якуб? – ціха спытала яна і змоўкла.

Ён слухаў яе з недаверам, цалкам ашаломлены. Тое, што пачалося з нявіннага пытання, прычынаю якога быў клопат, паволі перарастала ў сур’ёзную размову пра іх адносіны. Такой рэакцыі ён зусім не чакаў.

– Ты заўважыў? Я пытаю, ці заўважыў ты, verdammt noch mal![1] – усклікнула яна, павысіўшы голас, бо, задумаўшыся, Якуб доўга не адказваў.

Гэта быў знак. Недвухсэнсоўны. Апошняе папярэджанне. Надзя ніколі не мацюкалася. Ніколі. Ні калі была ў ярасці, ні калі праз няўважлівасць білася каленам аб край драўлянага крэсла, ні жартам, ні нават расказваючы непрыстойныя анекдоты. Нават выпадкова не мацюкалася. Таму цяпер гэта выглядала неверагодна. І гаворка тут зусім не пра словы на «п…», «я…» і «х…» з навамоднай вулічнай фені, бо назваць гэта слэнгам, а пагатоў мовай, цяжка. Не пра гэтую лаянку п’яніц, ды і многіх студэнтаў, тут вядзецца. Бо ёсць жа лаянка «сітуацыйна апраўданая і нават неабходная, амбівалентная, часам анірычная, а часам – і дакладная, і не замяняльная нічым годная лаянка», як казаў яго сябар – зрэшты, адзіны – Вітальд, на дадзены момант студэнт трэцяга курса паланістыкі («дзесьці ж трэба пераседзець жыццёвы крызіс»), бо ўжо трэці раз не паступіў на медыцыну, якая была яго жарсцю, у той час як «біялогія і хімія – ужо, на жаль, не». Марыка (дзяўчына, з якой Вітальд бавіў больш за ўсё часу, хаця публічна – і ў яе прысутнасці таксама, – цвярозы ці п’яны, кляўся, што не знаходзіцца з ёй «ні ў якіх адносінах, апроч сэксуальных і эканамічных») сцвярджала, што «Віткацы1 прэцца на тую медыцыну, бо хоча самадыягнаставацца як носьбіт сіндрому Аспергера і потым выпісваць сабе нейкія там рэцэпты». І ўсё ж Якуб ніколі не сустракаў пары, шчаслівейшай за Марыку і Вітальда.

Надзя не лаялася нават у такіх сітуацыях. Прынамсі не па-польску. Калі ж яна пачынала лаяцца па-нямецку – вельмі рэдка і толькі па-нямецку, – гэта значыла, што вытрымка пачынае ёй здраджваць, што нешта ў ёй рвецца, што яна наблізілася да нейкай мяжы ці перашкоды. Не чакаючы адказу, Надзя павярнулася да Якуба спінай і дадала:

– Чаму так? Чаму ты не пускаеш мяне ў сваё мінулае? Раскажаш ты мне ці не?

– Бо… бо ты ў мяне пра яго не пытала, – спакойна адказаў ён.

– Ах так? А можа, я думала, што нельга! З павагі да цябе і твайго права на прыватнасць. Не выпытваць. Чакаць, пакуль сам раскажаш. Цярпліва чакаць. Ты пра гэта не думаў? А раптам гэтая мая нецікаўнасць сведчыла пра нешта трывожнае? Можа, табе варта было б занепакоіцца? Раптам тое, што яна не цікавіцца маім мінулым, значыць, што яна не плануе са мной будучыні? Вось што трэба было падумаць. Бо я часта так і думала. Такой была мая логіка.

– Надзя, перастань! Прашу цябе! – абурыўся ён, павысіўшы голас. – Твая логіка не зусім лагічная. Ты цудоўна ведаеш, што я кажу табе ўсё, нават калі ты не пытаеш. Проста я думаў, што маё мінулае не настолькі цікавае і ўвогуле ні пры чым. Тое, як мы разам пражываем сённяшні дзень, гаворыць пра мае планы на будучыню нашмат больш. У тым ліку пра звязаныя з табой. Асабліва пра іх. Мая логіка іншая. І я маю на яе права, – цвёрда дадаў ён, прыпадымаючыся на локцях. – Што на цябе найшло? Ты хочаш сапсаваць нам нядзелю праз нейкую дзяўбаную кніжку? Нешта мне ўлом запаўняць анкету Пруста. Не сёння, фердамт нох маль! – тэатральна выкрыкнуў ён, перадражніваючы яе нямецкую.

Якуб цярпець не мог гэтай мовы і лічыў, што яна прыдатная толькі каб аддаваць загады. Людзям і коням.

Ён углядаўся ў яе спіну, чакаючы адказу. Надзя маўчала. Праз хвіліну ён паклаў руку ёй на азадак і, нахіліўшыся, прашаптаў на вуха:

– Каханая, ты ж разумееш, што гэтая нядзеля магла б пачацца зусім іначай?

Не паварочваючы галавы, яна спытала:

– І хто ж пісаў табе такія лісты? – і кпліва дадала: – Калі гэта не таямніца, вядома.

– Адна вельмі дарагая мне жанчына.

– Вось як? – прабурчала Надзя. – І пра што такое ўзрушальнае яна пісала?

– У асноўным пра тое, што сумуе. І што самы радасны для яе момант за ўвесь дзень – гэта той, калі яна адрывае лісток ад календара перад сном. Бо дзякуючы гэтаму ведае: чакаць мяне засталося на дзень менш. І пра тое, што часам ёй здаецца, нібыта з пад’езда даносяцца мае крокі, але да дзвярэй яна не падыходзіць, бо ведае, што пасля гэтага будзе яшчэ сумней. І што яна часта сніць мяне, і ў тых снах мы абдымаемся. Вось калі я ўсё гэта чытаў, то, бывала, плакаў, бо таксама вельмі сумаваў па ёй. Толькі ёй пра гэта пісаць не хацеў. Я быў смаркачом, і мне здавалася, што я мушу паводзіцца мужна, як рыцар. Даўно было, дурань быў. А ад рыцара меў хіба што мазгаўню як вядро, – Якуб памаўчаў. – Бо на тугу трэба адказваць узаемнасцю, – і ціха спытаў: – Ты згодная?

Надзя ляжала нерухома і не адказвала. Ён таксама змоўк.

– Як яе завуць? – раптам спытала дзяўчына.

– Агнешка Дабраслава, – спакойна адказаў ён.

– Прыгожая? Вы яшчэ стасуецеся?

– Прыгожая – гэта мякка сказана. Найчароўнейшая. Вядома, стасуемся, больш-менш рэгулярна. Апошні раз я з ёй бачыўся пазаўчора ўвечары, – адказаў ён.

– І што? – спытала Надзя.

У яе голасе ён пачуў трывогу.

– Ну як што? Пацалаваў яе, як заўсёды, – прашаптаў ён і змоўк. А потым дадаў: – Але табе няма чаго хвалявацца, яна замужам.

Надзя раптоўна адхіснулася ад яго і пачала ярасна выпіхваць яго руку з-пад сваёй шыі.

– Што здарылася, Надзя, што такое?! – тэатральна ўсклікнуў ён, прыкідваючыся расчараваным. – Я заўсёды цалую маці на развітанне, калі сыходжу надоўга. Я ж у пятніцу вечарам сышоў, а сёння нядзеля, – ён вельмі стараўся гаварыць сур’ёзным тонам. Потым прыціснуў дзяўчыну да сябе і ціха дадаў: – Ну, калі ты забыла.

Яна рэзка вырвалася з яго абдымкаў і навісла над ім. Яе калені ўперліся Якубу ў рэбры, яна маўчала, нервова кусаючы вусны. У яе позірку ён заўважыў дзёрзкую ўсмешку. І праз хвіліну Надзя з усіх сіл пачала лупіць яго падушкай.

– Ты псіх! І выдумкі ў цябе ідыёцкія! І мазгаўня як сумнае вядро! Бач якую пан рыцар гісторыю накруціў! Vivat licentia poetica![2] Сраны Рыльке Жаласных Лістоў знайшоўся! – крычала яна, бязлітасна б’ючы куды папала.

Ён закрываўся ад удараў, гучна смеючыся. Стаміўшыся, яна схілілася, накрыла яго твар падушкай і, цяжка дыхаючы, прашыпела праз зубы:

– Я б цябе з радасцю прыдушыла, каб ты ведаў. Хіба што… у цябе ёсць якая ідэя, каб узнагародзіць мае пакуты.

Ён павольна зняў падушку з твару. Надзя стаяла на каленях побач з ім, апусціўшы рукі. Шырокія лопасці вентылятара ляніва круціліся, пераразаючы святло, што падала праз прастакутнае мансарднае акно і клала на твар, грудзі, жывот і сцёгны Надзі рухомыя спіралі ценяў. Яе вочы то з’яўляліся, то знікалі. Якубу здавалася, што яны ўсё павялічваюцца і блішчаць усё мацней. Блішчалі і прадкі яе валасоў, намоклыя ад поту.

Як ён любіць яе валасы… Доўгія, густыя, цёмна-мядовыя зімой і ўсе ў пералівах колеру сухога коласа летам. Любіць, калі яна забірае іх уверх, блізка да скуры – а потым заплятае ў патройную касу. Любіць глядзець на яе, калі яна расчэсваецца. Гэта робіць яго ціхамірным і спакойным. Чароўна гіпнатызуе. Часам Надзя перавязвае касу шырокай атласнай стужкай, часцей за ўсё – яго любімага пунсовага колеру. Ён любіць пасмоктваць яе валасы, любіць іх пах, любіць дакранацца да іх, зарывацца ў іх вуснамі і пальцамі. І мыць іх любіць. Ён часта схіляецца над Надзяй, якая сядзіць у ванне – звычайна з кнігай у руках. І дзяўчына тут жа яе адкладае, крыху падымаецца з пены, што пахне лавандай, а ён, не кажучы ні слова, доўга і пяшчотна ўцірае шампунь у яе цяжкія ад вады пасмы, якія падаюць на плечы. Потым павольна і старанна змывае іх пад душам. Ён добра ведае, што вада мусіць быць гарачай настолькі, каб нямоцна апякаць скуру на вонкавым баку перадплечча, але не ягонай рукі. Здараецца – а апошнім часам кожны раз, – што ў пэўны момант Надзя паварочвае галаву, і вада струменямі сцякае па яе твары, збіраючыся на пагорачку прыадкрытых вуснаў. Тады ён выпускае душ, бярэ яе твар у рукі і доўга цалуе вусны, а потым шчокі, лоб, павекі. Бывае, Надзя ў бяспамяцтве зацягвае яго ў ванну, таму цяпер ён стараецца загадзя даставаць з кішэні тэлефон і партманет: з тае пары як ён пачаў масіраваць Надзі галаву, загінулі ўжо тры тэлефоны.

Яе валасы… Яго фетыш. Магічны.

З таго моманту як яны пазнаёміліся, Надзя распускае валасы толькі для яго. Ён ведаў, што яго чакае, калі яна выходзіла з ваннага пакоя з распушчанымі валасамі. І ніколі не памыляўся.

Хаця гэта пераважна ён яе «разнявольваў», як яна сказала аднае ночы. Часцей за ўсё – калі яны кахаліся. Выпусканне валасоў на свабоду было інтымным момантам, які меў права спазнаць толькі ён, Якуб. Так было і так ёсць. Толькі ён. Як адзіны ў свеце мужчына. Здаралася, гэта нагадвала рэлігію, якую ён апошнім часам недалюбліваў, але чаго ўжо там…

Апроч загару ён убачыў лёгкі сып у яе на скуры крыху ніжэй за шыю. Калі Надзя ўзбуджалася – не толькі сэксуальна, хаця перадусім так, – у яе з’яўляўся сып. Дактары казалі, што гэта фізіялагічная рэакцыя – на рэзкае павышэнне ўзроўню адрэналіну ў крыві, рэакцыя, відаць, не такая ўжо рэдкая, а ў жанчын – дык і даволі пашыраная. Надзя яе не так саромелася, як баялася, бо лічыла, што калі нехта заўважыць сувязь паміж яе сыпам і ўзбуджэннем ці хваляваннем, то зможа неяк выкарыстаць гэтыя веды. Супраць яе. Такая вось дзівачная тэорыя змовы, здавалася яму. І гэты сып у яе на скуры для Якуба мог быць альбо вельмі добрым, альбо вельмі кепскім знакам. Ён дакладна ведаў, калі спрэчкі з Надзяй набліжаюцца да мяжы, за якой выбухае сварка, – дастаткова было прыгледзецца да яе шыі і дэкальтэ.

Але цяпер, заўважыўшы пачырваненне, што пачыналася адразу пад падбароддзем і заканчвалася нераўнамернымі плямамі там, дзе ўздымаліся грудзі, ён не быў упэўнены ў яго прычыне. Усхвалявалася ад жарту пра маці? Ці, можа, узбудзілася? Яна сядзела на ім вярхом, ён адчуваў яе цяжар на сцёгнах. Засунуўшы ў рот пасмачку валасоў, яна глядзела Якубу ў вочы, нервова пасмоктвала яе і маўчала. І раптам падскочыла, злезла з ложка і падышла да акна. Потым вярнулася, падняла з падлогі яго кашулю, прыкрыла ёю азадак, абвязала вакол таліі і, не сказаўшы ні слова, выйшла на балкон, зачыніўшы дзверы.

Павольна спаўзаючы з ложка, ён бакавым зрокам ухапіў кнігу, што ляжала на падушцы. Схапіў яе і злосна шпурнуў у кірунку металічнай сметніцы пад пісьмовым сталом. Кніга паляцела занадта высока, урэзалася ў корпус камп’ютара, адскочыла і, падаючы на стальніцу, скінула фатаграфію ў драўлянай рамцы. Ён не ўстаў, каб яе падняць. Так і сядзеў нерухома, утаропіўшыся ў павольныя лопасці вентылятара.

Ён няшмат расказваў ёй пра сваё мінулае, гэта праўда. У параўнанні з няшчасцямі, якія зазнала яна, яго жыццё выглядала ідылічным – прадказальнае, нуднаватае і, не лічачы адной шчанячай драмы, якую ён з усіх сіл намагаўся забыць, не вартае таго, каб пра яго расказваць. Да таго ж Якуб не адчуваў, што нешта павінен ці да чагосьці змушаны, бо побач з Надзяй сам усяго хацеў. І гэта было, на яго думку, самае цудоўнае ў іх стасунках. Ну і што магла значыць яго біяграфія, калі значэнне мела толькі Надзя? Для яго адлік часу пачаўся летась на Каляды. І ў той самы вечар пачалося яго мінулае, апавядаць пра якое сэнсу не было, бо Надзя сама яго цудоўна ведала. З першай хвіліны. Іх першай хвіліны разам…


1

Каб цябе чэрці ўзялі (ням.).

2

Слаўся, паэтычная вольнасць! (лац.)

Канец адзіноты

Подняться наверх