Читать книгу Канец адзіноты - Януш Вишневский, Януш Леон Вишневский, Ewelina Wojdyło - Страница 5
@2
ОглавлениеВентылятар круціўся павольней і павольней, нібыта ў лопасцей не хапала сілы рассякаць усё гусцейшую задуху, і ў нейкі момант, выдаўшы металічны хрып, спыніўся зусім. Якуб устаў, нацягнуў джынсы, прысеў, і са шчыліны паміж драўлянымі палетамі выцягнуў бутэльку мінералкі. Потым падышоў да стала і нейкую хвіліну разглядаў кнігу, што ляжала побач з клавіятурай. На палях стракацелі алоўкавыя нататкі – адны па-польску, іншыя па-нямецку, а некаторыя нагадвалі ланцужок незразумелых знакаў. І ўсе заканчваліся клічнікам або шматкроп’ем. Якуб нахіліўся і падняў з падлогі фота ў рамцы. Шкло, якое закрывала чорна-белы здымак, трэснула роўна па дыяганалі. На фота бабулька ў квяцістай хустцы на галаве налівала апалонікам суп у талерку, якая стаяла перад мужчынам у чорным гольфе. У адной руцэ мужчына трымаў газету, а другою гладзіў па галаве дзяўчынку са светлымі валасамі і анёльскімі вачыма. Усе трое ўсміхаліся. Колькі радасці і шчасця ў звычайнай на першы погляд выяве…
Ён узяў фатаграфію і стромай лесвіцай спусціўся ў кладоўку ля кухні, бо памятаў, што апроч фарбаў, пэндзляў і папак Надзя захоўвала там шкло, на якім малявала. У металічнай скрынцы для інструментаў Якуб знайшоў нож з алмазным лязом, паклаў на гладкі сталёвы столік вялікі кавалак разбітай шыбы, зняў з крука над столікам вугольнік і выразаў шкло пад памеры рамкі. Вяртаючыся на паддашша, ён спыніўся каля лядоўні ў кухні, да паловы напоўніў лёдам высокую шклянку, заліў вадой з чайніка і выціснуў туды цэлы лімон. Падняўся наверх, паставіў рамку з фатаграфіяй на стол побач з клавіятурай і выйшаў на балкон.
У зацененым кутку, схаваўшыся ад сонца, сядзела Надзя ў расшпіленай кашулі, навушніках і з ноўтбукам на каленях. Спінай яна абаперлася аб сцяну, а на драўлянай падлозе вакол грувасціліся аркушы з запісамі. Якуб паставіў шклянку на гаршчок, павернуты донцам дагары. Надзя перастала пісаць, падняла галаву, крыху ссунула навушнікі і доўга глядзела хлопцу ў вочы – задуменна, пранікліва і з дзіўнай павагаю.
– Куба, – нарэшце прамовіла яна, – мне трэба сказаць табе нешта вельмі важнае.
Ён нервова зачасаў валасы назад і прысеў перад ёю. Яна прыцягнула яго за галаву да сябе, рассунула вусны языком і доўга цалавала.
– Я цябе вельмі моцна кахаю, ты ж ведаеш? – шапнула дзяўчына.
Яна ўзяла шклянку, прагна выпіла ваду да дна і моўчкі пачала зноў настукваць нешта на клавіятуры. Усё яшчэ седзячы, Якуб ашаломлена глядзеў на яе грудзі, і Надзя не магла гэтага не заўважыць. Яна перастала пісаць, усміхнулася, зашпіліла гузікі і, пакруціўшы галавой, сказала:
– Не цяпер.
Ён сеў побач і моўчкі агледзеў паперы на падлозе. У асноўным гэта былі графікі і фотаздымкі з фрагментамі муроў, сцен, падлог альбо столяў нейкай будыніны. Падпісаныя яны былі па-нямецку і часам – па-англійску.
– Як толькі скончу з гэтай дакументацыяй для Карыны, давай што-небудзь з’ямо. Я зраблю таматны суп з локшынай – можаш пачынаць радавацца, – сказала Надзя. – Я хутка. Абяцала сёння зрабіць гэтую ацэнку, Карына вельмі чакае. Хаця насамрэч мацней чакае Алекс.
Карына. Надзіна выкладчыца. Зноў яна, падумаў Якуб, назіраючы за маленькім смешным тэр’ерам, які пралез пад сеткай і цяпер як шалёны бегаў па палісадніку, ганяючы галубоў. Карына ўсё часцей урывалася ў іх жыццё. Якуб пазнаёміўся з ёю некалькі тыдняў таму. Было ўжо за поўнач, яны з Надзяй сядзелі на кухні і раптам пачулі гучны стук. За дзвярыма, схаваўшыся за вялізным букетам руж, стаяла ўсмешлівая худая брунетка веку Якубавай маці. Вельмі падобная да яе. Ён памятае, як яна акінула яго дапытлівым позіркам і, гучна смеючыся, прамовіла:
– Я думала, што буду першая, а вы паглядзіце – нехта апярэдзіў. Спадзяюся, я вас не з ложка выцягнула? – яна ўвапхнула агромністы букет Якубу, абняла Надзю і дадала: – Такога я б сабе не прабачыла.
Яна адмаўлялася заходзіць, маўляў, я толькі Надзю павіншую і пайду. Надзя практычна сілай зацягнула яе ў перадпакой. Якуб нічога не разумеў: ён не ведаў гэтай жанчыны; і навошта букет – таксама не ведаў. Не ўяўляў, пра якія віншаванні вялося.
Яны зайшлі на кухню. Якуб паклаў букет на стол. Жанчына падала хлопцу руку.
– Карына, – прадставілася яна і, не чакаючы адказу, з усмешкай дадала: – А вы ж Якуб, так? Я ўпэўненая, што недзе вас бачыла.
Ён уважліва паглядзеў на яе, напружваючы памяць. Не, нічога не ўспаміналася.
– А вы шчасліўчык, – жанчына павярнулася да Надзі: – Налі мне гарэлкі, халодненькай, не шкадуючы, і адразу пабягу. Алекс у машыне чакае. Не хацеў заходзіць, бо да Цюрыха дарога доўгая, баяўся, што з польскага дома я не выйду, па-першае, хутка і не абразіўшы гаспадароў, а па-другое, цвярозая. Таму абачліва застаўся ў аўто. А я хацела зайсці і выйсці магу нецвярозай. І казала ж яму, што ў Цюрых з Польшчы ўжо даўно лётаюць самалёты, ды яшчэ і некалькі разоў на дзень, але ён упёрся: машына і ўсё. Мабыць, мае на гэта прычыны. У такіх выпадках ён схільны сварыцца, і тады лепш за ўсё дапамагае гарэлка. Я ад яе раблюся лагоднаю як лань і ўвесь час яму падтакваю. Ён гэта вельмі любіць. Таму налі мне сто грам. «З горачкай».
Надзя выцягнула з маразілкі запацелую бутэльку расійскай гарэлкі. Потым падышла да Карыны, моцна яе абняла і сказала:
– Ты памятала. Дзякуй.
І наліла гарэлкі ў дзве шклянкі. Адну падала Карыне, а з другою падышла да Якуба.
– Шчаслівага чарговага года, Надзенька! – прамовіла Карына, салютуючы ім шклянкай.
Яна выпіла гарэлку да дна, закусіла жменяй чарэшні з міскі, што стаяла на стале, абняла іх абаіх і пайшла да дзвярэй. Калі Якуб з Надзяй выбеглі ўслед на ганак, Карына ўжо садзілася ў «мерседэс». Надзя выйшла на сярэдзіну дарогі і махала, пакуль машына не знікла за паваротам. Якуб тым часам паспешліва сарваў некалькі стакротак і, калі Надзя вярнулася, павіншаваў яе з днём нараджэння. Ён не разумеў, як мог забыць пра гэта. Менавіта тады, сціскаючы ў руках букецік і цалуючы Надзю, ён упершыню адчуў удзячнасць да таямнічай Карыны, якая, нібы метэарыт, з’явілася ў Надзіным доме. І ў ягоным жыцці.
На кухні Надзя наліла ім яшчэ гарэлкі і коратка распавяла Якубу, хто такая Карына: скончыла архітэктурны факультэт знакамітай Політэхнічнай школы ў Палезо пад Парыжам, альма-матэр двух французскіх набелістаў, некалькіх прэзідэнтаў і ледзь не дваццаці кіраўнікоў найбуйнейшых кампаній краіны, а пасля – аспірантуру Жэнеўскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «кансервацыя помнікаў архітэктуры».
Менавіта там кожную пятніцу, суботу і нядзелю яна бачылася на занятках з Аляксандрам фон Ліпенам, багатым банкірам з Цюрыха, старэйшым за яе на дваццаць гадоў. Пра тое, што Аляксандр з арыстакратычным прозвішчам кіруе адным з найбуйнейшых банкаў Швейцарыі, Карына тады і не здагадвалася. Для яе ён быў аднакурснікам – відавочна старэйшым за астатніх, але таксама студэнтам. Да таго ж спакойным, адстароненым і нечувана разумным. Алекс, як яна яго называла, пачаў падсаджвацца да яе ў сталоўцы, быў страшэнна мілы, гаварыў па-французску без нямецкага акцэнту, пасля абеду заўсёды заносіў яе паднос на стойку, ранкам чакаў яе з каваю, з часам пачаў вітацца польскім «дзень добры», а ўвечары праводзіў да метро. На пытанне, чаму ён пайшоў ва ўніверсітэт, адказваў, што яго цікавяць помнікі архітэктуры і што яму падабаецца вучыцца. Аднойчы яны сядзелі ў парку, і Алекс сказаў: «Богу дзакую, што сахапіўся сахаваннем помнікаў, бо цабе суштрэў». Калі яны ўжо былі парай, Карына даведалася: Аляксандр фон Ліпен такі багаты, што можа купіць не толькі сталоўку, але і проста-такі ўвесь універсітэт. Пасля двух гадоў у Жэневе, дзе яна, каб пражыць, з раніцы працавала паштальёнкай, а вечарамі – афіцыянткай, Карына вярнулася ў Познань. Алекс часта прыязджаў да яе. Здаралася так, што ён прылятаў а дзясятай, хапаў таксоўку, імчаў да Карыны, расказваў, як сумаваў, а потым забываў шкарпэткі, спяшаючыся на самалёт у Швейцарыю а чатырнаццатай.
Але часцей за ўсё ён заставаўся даўжэй. На нейкія выхадныя Карына ўзяла яго ў Гданьск, адкуль яны мусілі на некалькі дзён паехаць у Калінінград, дзе даўным-даўно, у нямецкім за тымі часамі Кёнігсбергу, нарадзіўся і жыў да самай смерці прадзед Алекса, прафесар філасофіі, што выкладаў ва ўніверсітэце, рэктарам якога быў не хто іншы, як Імануіл Кант. Алекс хацеў наведаць не столькі ўніверсітэт, колькі могілкі, каб знайсці пахаванне прабабулі-яўрэйкі, якую ягоная швейцарская сям’я прагнула выкрасліць са сваёй арыстакратычнай гісторыі.
Па дарозе ў Гданьск яны чарговы раз спыніліся выпіць кавы. Карына расказвала, што ў падарожжы Алексу патрэбная кава дзесьці кожныя сто кіламетраў, асабліва калі за рулём не ён. І калі яны пілі каву з папяровых кубкаў, аблакаціўшыся на высокі столік у тлумным «Макдоналдсе», а Карына апавядала пра «Труймяста», Алекс раптам спытаў па-польску, ці выйдзе яна за яго замуж. Вось так ні з вады ні з яру, на сярэдзіне яе расказу пра Сопат. Спачатку яна падумала, што недачула, што, магчыма, кепска зразумела яго мілую, але ўсё яшчэ кепскую польскую, але калі ён паўтарыў пытанне па-французску, потым па-нямецку і ўрэшце пачаў цалаваць ёй рукі – зразумела, што ён «насамрэч, усур’ёз». Яе не бянтэжыла прапанова за кавай у «Макдоналдсе», яна часта падкрэслівала, што гэта ідэальна ўпісваецца ў Алексаву жыццёвую філасофію: нічога не адкладаць, пераходзіць да сутнасці тады, калі адчуваеш неабходнасць яе выказаць. «Якая розніца, просяць тваёй рукі ў “Макдоналдсе” ці ў гатэлі “Рыц”, рука ж тая самая», – казала Карына Надзі. Да таго ж арыстакрат Аляксандр фон Ліпен лічыць, што кава ў «Мак-Кафэ» на магістралі А1 у Польшчы на сем паверхаў лепшая за тую, якую ён піў у «Рыцы» па ўсім свеце. Гэта зусім не значыць, што Алекс – нячулы і нерамантычны або пакутуе на алексітымію. У Карыны нават думкі пра гэта не з’явілася, калі яна ў той дзень у «Макдоналдсе» на А1, усхвалявана выціраючы слёзы, паабяцала яму стаць ягонай жонкай. І правільна. Бо калі яны прыехалі ў «Гранд-атэль» у Сопаце, у нумары чакалі яе ўлюбёныя фрэзіі, што плавалі ў парцалянавых місах, а вечарам, калі яны сядзелі абняўшыся на пляжы перад гатэлем, Алекс раптам пачаў капаць пясок ля нагі Карыны і «выпадкова» знайшоў плацінавы пярсцёнак з чорнай жамчужынай, які тут жа надзеў ёй на палец.
Калі яны ажаніліся, то заснавалі сумесную рэстаўрацыйную кампанію. З увагі на падаткі офіс размясцілі ў Манака. Алекс кіраваў назіральнай радай, бо гэта былі ягоныя грошы, а Карына стала выканаўчай дырэктаркай, бо гэта яна прымножыла пачатковы капітал. Алекс – нягледзячы на ўніверсітэт – быў абазнаны ў гістарычных каштоўнасцях як турыст, бо шмат падарожнічаў, а Карыну (з той самай прычыны) ведалі куратары помнікаў культуры, якія ён наведваў.
Кампанія мужа і жонкі фон Ліпен стала нечувана паспяховай, выйграла мноства конкурсаў і аўкцыёнаў. Яны рэстаўрыравалі аб’екты па ўсёй Еўропе, ад Нарвегіі да Кіпра, а яшчэ ў Злучаных Штатах, В’етнаме, Сінгапуры і нават апошнім часам у Кітаі. Калі нехта з гэтай галіны не ведаў Карыны, гэта значыла, што ён быў зусім зялёны навічок. Калісьці Алекс забяспечваў замовы дзякуючы сваім сувязям, але цяпер усе хацелі здабыць электронны адрас Карыны.
Яна жыла ў Познані, а ён – па-ранейшаму ў Цюрыху, што, на думку Карыны, было сакрэтам шчаслівага шлюбу. Пад сумеснае жытло яны купілі катэдж каля Франкфурта-на-Майне, на роўнай адлегласці ад сваіх гарадоў. З Алексам Карына размаўляла па-французску, каб ён не выхваляўся лепшай нямецкай, але і не вырабляючыся сваёй англійскай. Яны не мелі сваіх дзяцей, затое ўзялі пад апеку сотню чужых у Руандзе, пабудаваўшы і гадамі ўтрымліваючы там дзіцячы дом. Чатыры гады таму Надзя сутыкнулася з Карынай менавіта там, у дзіцячым доме ў прадмесці Кігалі. Яны пазнаёміліся і пасябравалі.
Карына заўсёды лічыла, што найлепей помнікі культуры рэстаўрыруюць у Польшчы. Асабліва паперу і камень. І настойвала на гэтым не як патрыётка, а як адказная кіраўніца карпарацыі. Ужо некалькі гадоў яна працавала запрошанай выкладчыцай у трох польскіх універсітэтах, а ў Надзіным вяла курс пад назвай «Віды і маштабы ўмяшання ў помнікі архітэктуры». Магло падацца, што тэма нудная, але першы погляд быў памылковы. Кожная лекцыя Карыны была займальным аповедам пра выбраны аб’ект, які яна сама даводзіла да бляску, і нагадвала мультымедыйнае шоу, у якім гісторыя, тэалогія, этыка, мастацтва, архітэктура, хімія, паліталогія і крыміналістыка змешваліся ў ідэальнай прапорцыі. Калі б Карына зрабіла з гэтых лекцый серыял, думала Надзя, яго без ваганняў купіў бы «National Geographic». А можа, нават «Нэтфлікс».
Карына была выбітнай выкладчыцай, студэнты ёю захапляліся, у іх анкетах яна здабывала бескампрамісную перамогу ўжо некалькі гадоў запар. Мабыць, таму яе не любілі выкладчыкі. Яна не ўваходзіла ні ў адну тусоўку. Калі ў прыёмныя гадзіны яе не было на факультэце, Карына была даступная па скайпе, усе прэміі і ўзнагароды цалкам пералічвала на рахунак студэнцкага навуковага гуртка. На думку Надзі, гэта быў тактычны ход і частка далёкасяжнага плана, па сваёй сутнасці – вельмі высакароднага. Мэтай Карынінай працы ў польскіх універсітэтах было нястомнае рэкрутаванне. Спачатку яна зачароўвала студэнтаў харызмай, потым вылоўлівала найлепшых і выпрабоўвала на дробных праектах у Польшчы, а калі чаканні апраўдваліся, наймала. Не выключана, што аднойчы разам з Карынай гэтыя людзі трапяць у месца, якое было вяршыняй мар – і яе, і ўсіх, хто любіў камень: у святыню Ангкор-Ват пад Сіемрапам у Камбоджы.
Гэтае выпрабаванне прайшла і Надзя. І яе з Карынай сяброўства і агульныя ўспаміны з Руанды не мелі ніякага значэння: Карына раздзяляла прафесійныя пытанні і асабістыя сімпатыі ці антыпатыі. Яна даручыла Надзі «тонкую працу» ў кляштары на Мазурах, ля возера, якога не было на карце, сярод лясоў у поўнай глушы, там, дзе нават сігнал GPS не лавіў. Да таго ж кляштар быў не зусім звычайны. У абатысы апрача сапраўднага паклікання была навуковая ступень па фізіцы, а сёстры ў дадатак да шчырых малітваў арганізоўвалі для пажылых жыхароў навакольных вёсак курсы «лічбавай пісьменнасці, каб змагацца з іх лічбавай ізаляцыяй». У тых мясцінах пытанне стаяла асабліва востра, бо вёскі фактычна апусцелі, калі моладзь з’ехала шукаць лепшага жыцця ў Германіі і Англіі. Інтэрнэт дазваляў іх бацькам і бабулям-дзядулям не толькі трымаць з імі кантакт, але і – у першую чаргу – запаўняць пустату, знаёміцца з жаніхамі-нявестамі дзяцей альбо глядзець на нованароджаных унукаў. І гэта была асноўная мэта сёстраў у лічбавай асвеце вакольнага сялянства.
Для Карыны кляштарнае заданне было толькі дробным праекцікам, затое для Надзі – першым сур’ёзным экзаменам. Так яна да гэтага ставілася. Як да нечуванага падарунка лёсу. Таму занурылася ў справу з галавой.
– Але толькі спачатку, – шаптала яна, прыціскаючыся да Якуба. – Потым на тых мастках з’явіўся ты, і я скрэбла сцены проста каб вечара дачакацца. Наступнай сустрэчы. Ты паступова ап’яняў мяне. Можа, таму ў мяне так добра атрымлівалася.
Калі б не Карына, Надзя ніколі б не трапіла на тыя масткі, калі б не Карына, яны б, хутчэй за ўсё, ніколі не сустрэліся. Таксама ім на дапамогу прыйшлі лёс і адукаваная настойлівая абатыса, якая выбівала з курыі грошы на новыя камп’ютары для сёстраў і на інтэрнэт, што працаваў бы нават за тоўстымі сценамі. Так і перасекліся сцежкі Якуба і Надзі.
– Чаму Алекс чакае мацней? – спытаў раптам Якуб, якога вырвала з задуменнага стану жаласнае скуголенне сабакі ў палісадніку.
Надзя не адказала. Яна адклала ноўтбук і моўчкі пайшла ў дом. Неўзабаве Якуб убачыў яе ўнізе – яна клікала сабаку, які ў паніцы бегаў уздоўж агароджы і не мог знайсці дзірку, праз якую сюды пралез. Урэшце жывёліна легла на спіну, а Надзя ўзяла яе на рукі і пайшла да паркана, што аддзяляў палісаднік ад шматкватэрных дамоў. Вярнулася яна праз некалькі хвілін, задыхаўшыся, і паставіла перад Якубам кошычак, поўны вялізных сакавітых вішняў, а побач – парцалянавую місу.
– Глядзі, мужык, якую здабычу твая жанчына прыцягнула! – закрычала яна. – Гэтая морда ўвесь час уцякае ад гаспадароў з чацвёртага паверха і часам залазіць сюды, каб паганяць галубоў. Дурында вушастая, не памятае, праз якую дзірку ўшчамілася. І кожнага разу, як я ім яе адношу, мне дзякуюць садавіной. Мабыць, у іх нейкі сад ёсць.
Якуб гулліва паглядзеў на яе, беручы з кошыка жменю вішняў.
– А ты ведаеш, што хадзіла да іх у маёй кашулі? І што ў цябе пад ёю нічога няма? Гэта ўжо не лічачы той драбязы, што ты босая.
Надзя кінула спалоханы позірк на свой адбітак у шыбе і з палёгкай у голасе адказала:
– І праўда. Добра, што ў цябе такія доўгія кашулі. Божа, ну я і балда. Але гэта ты вінаваты! Хто мяне раздзяваў! – з усмешкай дадала яна.
Потым расшпіліла гузікі і зняла кашулю. Голая села на падлогу і прагна накінулася на вішні. Неўзабаве на яе вуснах, падбароддзі і шыі з’явіліся пунсовыя струменьчыкі соку. Яны сцякалі па грудзях, спыняючыся на выпукласцях смочак. Якуб схіліўся і пачаў іх злізваць. Надзя моцна прыціснула да сябе яго галаву. Ён адчуў кроплі соку на скроні і шчацэ, а потым – цяпло яе языка.
– Не ведала, што ў вішнях можа быць столькі соку. А ты? – прашаптала яна яму на вуха, а потым рашуча адсунула яго галаву і спытала: – На чым мы спыніліся?
– А мы спыніліся? – расчаравана ўздыхнуў ён, кладучы галаву на яе зведзеныя сцёгны.
– Я зняла кашулю, бо не хачу яе запэцкаць. Сам ведаеш, як цяжка адмываецца вішня, – захіхікала Надзя.
– На Алексе, – сказаў Якуб, жмурачыся ад сонца.
– Так, дакладна, на Алексе! Гэта яму не цярпіцца. Карына піша, што апошнім часам ён нейкі нервовы, – адказала Надзя, пяшчотна расчэсваючы пальцамі яго валасы.
– Гэта Алекс? Ты ж казала, што ён спакойны, як пацыент у коме, і яго нічога не кранае.
– Выходзіць, што нічога, акрамя грошай. Але нядзіўна, бо гэта найбуйнейшы заказ у гісторыі кампаніі. Гіганцкі проста. У параўнанні з ім усё зробленае раней – рэстаўрацыя дамкоў з лега. Да таго ж праект такі прэстыжны, што ніхто са здаровымі глуздамі не падумае прасіць перадаплату. А Алекса ў першую чаргу хвалююць выдаткі. Гэта ён мусіць паклапаціцца пра лагістыку, закупіць матэрыялы, прабіцца праз чыноўнікаў, заплаціць людзям, рассяліць усіх, ды яшчэ і выгаду з усяго займець. А Карыну гэта абсалютна не цікавіць. Яна прыходзіць, глядзіць, абмацвае камяні і бярэцца за працу, нібыта гэта яе дом. Плюс заказ паступіў з Мюнхена.
– Гэта важна?
– Для Алекса – яшчэ як. У швейцарцаў нейкія дзіўныя комплексы што да немцаў, асабліва з Баварыі. Апрача таго, за ўсё плаціць Берлін. Калі пройдзе добра, кампанія стане адным з дзяржаўных падрадчыкаў. Сам ведаеш, колькі ў Германіі прыдатных аб’ектаў. І якія грошы круцяцца.
– А які ў гэтым твой інтарэс? – спытаў Якуб, не разумеючы Надзінага хвалявання.
– Вельмі вялікі, – спакойна прамовіла дзяўчына. – Карына хоча большасць рэстаўрацыйных матэрыялаў заказаць у Польшчы, кажа, што ў нас яны найлепшыя і з іншымі яна працаваць не збіраецца. Яна дасылае мне апісанні выбраных аб’ектаў, каб я зрабіла падлікі і каб на іх аснове ацаніць кошт заказаў для ўсяго праекта. Лічба будзе з шасцю нулямі, – дадала Надзя, памаўчаўшы. – У Карыны ёсць разумная сквапнасць, тыповая для багатых людзей, якія свой капітал здабылі самі. У Руандзе яна пабудавала дзіцячы дом за некалькі соцень тысяч еўра, але перад гэтым доўга лічыла, лепей паставіць уласны генератар ці браць электрычнасць з дзяржаўнай сеткі. Спынілася на апошнім, бо высветлілася, што, калі даць хабар, гэта будзе танней. Танней на дваццаць еўра штомесяц цягам дзесяці гадоў. За дваццаць еўра ў Руандзе можна купіць сорак літраў малака для дзяцей. Карына ў курсе, – працягвала Надзя, – што ў мяне прычын для сквапнасці нашмат больш, чым у яе. Таму яна мне давярае. Да таго ж у мяне добрая нямецкая, і калі ў мяне не будзе нейкай інфармацыі, я змагу даведацца пра ўсё проста на месцы, ад куратара аб’екта, не тлумячы галавы нікому. Яна мяне ў Мюнхене прадставіла як «адзіную асобу з правам прыняцця рашэнняў, за выключэннем фінансавых пытанняў». Маўляў, я ва ўсім разбіраюся, але хабар даваць не змагу. Ладна, заканчваю балбатаць, а то ты з нуды памрэш. Мне засталося яшчэ некалькі вылічэнняў, – яна паказала на паперы. – Зараз скончу і вазьмуся гатаваць таматны суп для свайго мужчыны, – Надзя патрапала Якубу валасы.
Потым зняла яго галаву са сваіх сцёгнаў, асцярожна паклала на скручаны плед, пацалавала хлопца і адышла ў заценены кут.
На пякучым сонцы Якуб вытрымаў усяго некалькі хвілін. Потым вярнуўся ў пакой, выцягнуў з заплечніка ноўтбук і сеў за стол. Тыдзень таму ён здаў апошні экзамен, а падарожжа ў Грузію яны з Надзяй запланавалі на пачатак жніўня. У яго два тыдні, каб скончыць з замовай, якую падсунуў бацька. Вялікая сетка цукерань хацела замяніць плацежныя тэрміналы, каб ажыццяўляць бескантактныя плацяжы не толькі картай, але і смартфонам. Трэба было перапраграмаваць бухгалтарскую сістэму ўліку. Якуб пачаў працаваць яшчэ перад сесіяй, але на час экзаменаў усё адклаў. Нецікавая, нудная, карпатлівая праца. Яго падтрымлівала толькі думка пра тое, як дорага ўласнікам давядзецца заплаціць за гэта.
Яму патрэбныя былі грошы на грузінскае падарожжа. Ён вельмі хацеў грошай. Магчыма, гэта старамодна, але ён лічыў, што мужчына мусіць мець грошы. Не гаварыць, што мае, але мець іх. Гэта прыкмета мужчыны. На цяперашні час гэта было састарэлае меркаванне, але Якуб радаваўся, калі мог нешта купіць Надзі.
Піскнуў месенджар – Надзя скінула яму спасылку на аэрафотаздымкі. Манументальны неагатычны гмах з зялёным дахам. Чатырохпавярховы будынак з трох бакоў быў аточаны паркам, а ўпрыгожаны бюстамі і статуямі тэракотавы фасад глядзеў на раку, што цякла ўнізе. Пад спасылкай Надзя напісала: «Цудоўная штука, але яна крадзе час, які я магла б бавіць з табой. Ты для мяне самы важны. Ты ж гэта ведаеш, праўда?» Якуб адчуў сябе ўзрушаным.
Надзя нават не ўсведамляла, як часта ўзрушвае яго. І, пэўна, не ведала, што так яшчэ мацней прывязвае Якуба да сябе. Яна штосьці кідала вось так, неабачліва, пра тое, што ён самы важны, гатавала яму таматны суп з найтанчэйшай локшынай, як ён любіў, дасылала эсэмэс, дзе казала ўзяць куртку, бо збіраецца на дождж. Але гэта яшчэ не ўсё. Яна папаўняла яго рахунак на тэлефоне, бо ведала, што Якуб пра гэта забывае, прадаўжала праязны альбо нагадвала ў лісце, што ў чацвер у яго бацькі дзень нараджэння. Яна ўзрушвала яго пастаянна.
Якуб паглядзеў на чорна-белае фота ў рамцы. Спыніў позірк на ўсмешлівым дзявочым твары. І задумаўся.
Калі яна была такая шчаслівая? У якім веку? Дванаццаць гадоў? Не больш. Ён ніколі не пытаў у яе пра гэта. Яны з бацькам вярнуліся з Гамбурга ў бабуліну «васьмёрку», калі Надзі было адзінаццаць. Калі бацька памёр, яна заканчвала шосты клас, а калі пакінула гэты свет аўдавелая бабуля Цэцылія – здавала выпускныя экзамены. У васямнаццаць гадоў Надзя засталася адна. Зусім адна. Яе бацька сваякоў не меў. Сям’я бабулі Цэцыліі не вярнулася з Сібіры. У Надзі было некалькі адрасоў, яна пісала туды – і па-польску, і па-руску. Ёй ні разу не адказалі.
За дом не трэба было змагацца – Цэцылія перад смерцю перапісала яго на Надзю. Выбіваць давялося дапамогу праз страту бацькі. З нямецкай страхавой, амаль два гады. Пасля школы дзяўчына засталася з домам, поўным успамінаў, у чарговай жалобе, без блізкіх і без грошай.
Яна хацела ўцячы. Як найдалей. Здала дом за бясцэнак, папрасіўшы толькі глядзець сад. Паўналетняй грамадзянкай Польшчы вярнулася ў Гамбург і з адной валізкай выйшла на тым самым вакзале, з якога з’ехала з бацькам.
Як бяздомная грамадзянка Германіі яна пайшла ў адпаведную ўстанову. На яе шчасце, чыноўніца аказалася полькай, якая спачатку не магла зразумець, чаму Надзя саромеецца прасіць дапамогі, а выслухаўшы яе гісторыю, расплакалася і аднесла яе сітуацыю да «dringender Notfall» – выключнага выпадку кшталту страты дома ў пажары, паводцы ці ў выніку тэрарыстычнага нападу. Першы тыдзень Надзя пражыла ў чатырохзоркавым гатэлі, пасля чаго ёй выдзелілі студыю на апошнім паверсе абшарпанага шматпавярховіка ў раёне Вілемсбург, куды ноччу лепей не забрыдаць. Атрымаўшы першую выплату, дзяўчына паехала ў «Ікею», купіла матрац, пасцель, коўдру і вінныя кілішкі. Праз некалькі дзён яе паставілі на ўлік на біржы працы.
У студыі без мэблі Надзя пражыла каля месяца. Працу яна знайшла самастойна. Немцы ўсё яшчэ каюцца за мінулае, а паколькі маюць грошы, то могуць літаральна адкупіць гістарычныя грахі. Надзя знайшла дзяржаўнае агенцтва па дапамозе ахвярам катастроф, а для немцаў адсутнасць школы ў эквадорскай вёсцы, выхавацелькі ў дзіцячым садку на Гаіці, перакладчыцы ў бальніцы ў Бірме – таксама катастрофа. Надзя сказала, што ведае англійскую, у Бірму можа вылецець хоць заўтра і за тыдзень зробіць усе патрэбныя прышчэпкі. У дадатак нават не пацікавілася заробкам. Назаўтра малады валанцёр прывёз ёй дамову на подпіс.
Так яна ўцякала чатыры гады. Ад роспачы, дэпрэсіі, тугі, адрынутасці. І ўсюды сутыкалася з нечуванай бядой, пасля чаго па-іншаму глядзела на сваю. Спачатку была Бірма, потым – Самалі, урэшце Руанда. Нямецкае агенцтва прапанавала ёй пасаду галоўнай спецыялісткі ў Берліне. Яна адмовілася. У Польшчу Надзя вярнулася з Нікарагуа. З адной валізкай – яшчэ меншай, чым тая, з якой з’язджала.
Найперш яна паразганяла дакучлівых забудоўшчыкаў, якія прапаноўвалі залатыя горы за бабулін дамок, не хаваючы, што збіраюцца яго знесці. Атрымаўшы рашучую адмову, яны пачалі пагражаць, а потым і рэгулярна ўрывацца. Аднойчы Надзя дапамагла занесці дадому торбы з пакупкамі нейкай бабульцы, што стаяла перад ёю ў чарзе да касы. Дзверы ім адчыніла дачка бабулькі і, не хаваючы ўзрушанасці, запрасіла ў кватэру. Надзя не адмовілася, бо ад жанчыны ішло цяпло, і за гарбатай прагаварылася, што жыве ў «васьмёрцы». Аказалася, што бабулька цудоўна памятае Цэцылію, а яе дачка – юрыстка. Дачка немаведама адкуль здабыла для Надзі выпіску з зямельнага кадастру. Гэта было няпроста, бо бабуля Цэцылія як рэпатрыянтка атрымала старэнькі дамок на гарадскіх ускраінах у канцы 1947 года ад камуністаў. А яны размяркоўвалі дамы па загадзе партыйнай левай пяткі – хапала ліста, падпісанага на каленцы якім-небудзь сакратаром, і чырвонай пячаткі з цэнтральнага камітэта. Бабуля Цэцылія дастаткова доўга жыла сярод камуністаў, каб разумець, што гэтага замала. Пасля чарговай партыйнай чысткі ліст можа стаць несапраўдным, уладнаму сакратару могуць скруціць шыю, а пячатку – зламаць. Таму яна хадзіла ва ўпраўленне і ныла аж да часу, пакуль той шматок паперы з сакратарскім подпісам не змяніўся на запіс у зямельным кадастры. Больш за ўсё Цэцыліі дапамагло тое, што яна гаварыла па-руску зусім без акцэнту. Нейкі чыноўнік, даваенны інтэлігент, які рускую ведаў вельмі слаба, так напалохаўся, што неадкладна заняўся бабулінай справай. Цэцылія па звычцы яшчэ і прадставілася Цэцыліяй Леонаўнай, таму чыноўнік прыняў яе за таварыша камуністку з братняга СССР. Вось так бабуля Надзі зрабілася ўласніцай дома нумар восем. Пра той кадастравы запіс яна забыла, бо ён ні разу не спатрэбіўся.
Спагадлівая дачка бабулькі з універсама перакапала гарадскія архівы і знайшла яго. Потым на ўсялякі выпадак заверыла дакумент у натарыуса і напісала кароткі ліст у юрыдычны аддзел кампаніі-забудоўніка, далучыўшы pdf-файл з копіяй кадастравага запісу. І з таго часу ў «васьмёрку» больш ніхто не прыходзіў. Нават на арыгінал зірнуць не захацелі.
На грошы з запозненай нямецкай дапамогі па бацьку і па яго страхоўцы Надзя адрамантавала дом, уцяпліла сцены, накрыла будынак новым дахам, абгарадзіла сад за домам, засадзіўшы яго туямі, паставіла мазутны ацяпляльны кацёл замест вугальнага, амаль замяніла водаправод і дабудавала ванны пакой на паддашшы. А яшчэ паступіла ва ўніверсітэт. Архітэктура была для яе бацькі ўсім. У дзяцінстве яна залазіла яму на каленкі і на экране заўсёды ўключанага камп’ютара бачыла будынкі, якія бацька спецыяльна для яе круціў, павялічваў, змяншаў ці нейкім чараўніцтвам адчыняў, каб яна, нібы Аліса з Краіны цудаў, магла зазірнуць усярэдзіну. А праз колькі часу яны ішлі гуляць і глядзелі на ўжо гатовыя будынкі: задзіралі галовы, дакраналіся да сцен, заходзілі – і там усё было як на карцінках у бацькавым камп’ютары.
Яна вельмі ганарылася сваім таткам, але вывучаць архітэктуру не хацела – гэтая галіна падавалася Надзі занадта матэрыяльнай, ды яшчэ і вынікі змушалі доўга сябе чакаць. Але на цэглу, муры, камень, падлогі, столі і ўсё астатняе яна з дзяцінства глядзела зусім як бацька – з цікавасцю, увагай і захапленнем. І калі яна чатыры гады зжывалася са сваёй падвойнай жалобай, падарожнічаючы па свеце, то ведала, што калі-небудзь да гэтага захаплення вернецца. У вольныя гадзіны Надзя сядзела над нямецкімі падручнікамі па рэстаўрацыі, а калі з’яўляўся доступ да тэлевізара ці інтэрнэту – глядзела справаздачы з аб’ектаў, а яшчэ самастойна вывучала гісторыю мастацтва, матэрыялазнаўства, геалогію і хімію.
У Нікарагуа яна ўпершыню вывучала кансервацыю каменю не з кніг. У ваколіцах Леона месцілася штосьці кшталту папраўчага прытулку, збудаванага і абстаўленага на сродкі дабрачыннага фонду з Ніжняй Саксоніі. Надзя працавала там восем месяцаў. Аднойчы ў нядзелю, падчас прагулкі, яна схавалася ад гарачыні ў холадзе барочнага сабора ў цэнтры горада, куды ўвогуле заходзіла часта. Яна любіла цішыню гэтага месца – яно нагадвала гамбургскі касцёл, куды вадзіў яе бацька. У адным з бакавых нефаў стаялі высокія рыштаванні. На дошках пад самымі скляпеннямі сядзеў барадаты хлопец з валасамі да плячэй, які заўважыў Надзю і нешта ёй крыкнуў. Потым яшчэ раз, а калі яна не адказала, жвава спусціўся ўніз, сеў побач на касцельную лаву і пачаў заляцацца. Ён аказаўся ўдзельнікам каманды рэстаўратараў з Барселоны, якія ўжо тыдзень аднаўлялі сабор на сродкі ЮНЕСКА, і ўвесь час паўтараў, што «адчувае сябе вельмі адзінокім». Калі ўсхваляваная Надзя выказала прафесійны інтарэс да праекта і пачала выпытваць падрабязнасці, хлопец – хутчэй за ўсё фліртуючы – спытаў, ці не хоча яна залезці наверх, каб «дакрануцца да гісторыі». Вядома, яна захацела. Прычым неадкладна. Кудлаты барадач спачатку не паверыў, але ўбачыўшы, што Надзя ідзе да рыштаванняў, паспрабаваў адыграць назад – высока, маўляў, інструкцыі, у наяўнасці толькі адна каска. Урэшце яна паабяцала, што сходзіць з ім на каву, а можа, нават на вячэру, і ён дазволіў ёй залезці па драбінах на самы верх.
Тады дзякуючы нейкаму залётніку з Барселоны Надзя ў базіліцы Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі ўпершыню ўдыхнула пыл «з-пад уласных пальцаў», і гэта была сапраўдная «язда без рук».
Яна расказвала пра ўсё гэта Якубу неяк мімаходзь, бо не бачыла ў сваёй біяграфіі нічога незвычайнага. Часцей за ўсё нагодай была сапраўдная дробязь: фатаграфія ў якасці закладкі, лісток з календара, пачуты па радыё ўрывак навіны пра месца, дзе яна была, колькі радкоў з песні. Гэтага хапала для чарговага аповеду. І аказвалася, што гэта зусім не дробязь. Яе гісторыі перапляталіся адна з адной, як у шкатулачным рамане, адна з адной вырасталі. Звычайна гэта былі сумныя гісторыі, звязаныя з нейкім няшчасцем, а часам – з пакутай. Але Надзя кампанавала іх так, каб у канцы з’яўлялася надзея.
Радзей за ўсё яна расказвала пра сябе, ды і тое ў асноўным пра хібы, памылкі, страхі, прамашкі і сумневы. Яна знаходзіла сілы смяяцца з сябе, кпіць з няправільных рашэнняў, сурова ацэньваць пэўныя паводзіны. А яшчэ яна ніколі не параўноўвала сваё жыццё з жыццём іншых, бо «хто можа ведаць, пра што іх падарожжы».
Некалькі тыдняў таму Надзі споўнілася дваццаць чатыры. І хоць яны з Якубам былі з аднаго пакалення, жылі ў адным горадзе, вучыліся ў адным універсітэце, мелі адны каштоўнасці і паходзілі з сем’яў інтэлігентаў, іх біяграфіі былі зусім розныя. Нібыта Надзя жыла ў іншым свеце, да таго ж значна даўжэй. Часам Якуб задумваўся, колькі ж яшчэ шкатулак чакаюць, каб іх адчынілі.
Ён узяў у рукі фатаграфію і доўга глядзеў на ўсмешлівую бялявую дзяўчынку. Калі яны былі разам, Надзя часта смяялася і часта паўтарала, што шчаслівая. Але ніколі яна не смяялася так бесклапотна, як на гэтым здымку.
Якубу стала казытліва, калі яе валасы кранулі яго голыя плечы. Ён і не пачуў, як яна зайшла ў пакой. Надзя нахілілася да яго і сказала:
– А ты заўважыў, якая я канапатая? У мяне рабацінне кожны год, з канца лета да лістапада. Я яго вельмі саромелася. Гэтую фотку зрабіў дзядзька Ігнацы, мне тут дванаццаць гадоў. Памятаю, мы ў той дзень вярнуліся мокрыя і змерзлыя з лесу – з кошыкамі, поўнымі грыбоў. Бабуля адразу паставіла самавар, а потым зварыла на абед грыбны суп з лазанкамі.
– Ты тут такая шчаслівая. Вы ўсе, – сказаў Якуб, ставячы фатаграфію на стол.
– Так, – ціха адказала Надзя. – Ты маеш рацыю. Татка вельмі стараўся зрабіць маё дзяцінства шчаслівым, а бабуля сачыла, каб ён пра гэта не забываў. А ты хадзіў з бацькамі ў грыбы? – спытала яна і села на стол перад ім.
– У грыбы? Пра гэта я табе таксама не расказваў? – Якуб ціха ўздыхнуў. – Так, вядома, хадзіў. Але толькі з татам. Мама не хацела. Яна панічна баялася, што не адрозніць баравік ад сатанінскага грыба і ўсіх нас атруціць. Але гэта была адгаворка. Мая мама баіцца лесу – кляшчоў, павукоў, вужак, нават мурашак. А бацька ў лес закаханы. Ён браў мяне ў грыбы, калі я яшчэ пад стол пехатой хадзіў. І мне заўсёды хацелася сабраць столькі ж грыбоў, колькі ён. Я хацеў быць як ён. Спачатку ён даваў мне меншы кошык. Потым я гэта прасек, і мы хадзілі з аднолькавымі, але ён браў яшчэ вялікі заплечнік – ну, нібыта каб пакласці тэрмас, бутэрброды, салодкае. Вядома, ён знаходзіў нашмат больш грыбоў, чым я, а каб я не заўважыў, хаваў іх у заплечнік, і з лесу мы заўсёды вярталіся з аднолькава поўнымі кошыкамі. Памятаю, я вельмі сабой ганарыўся.
– Цудоўная гісторыя. Узрушвае, – шапнула Надзя. – А што ты зрабіў, калі заўважыў гэта?
– Нічога, бо я так і не заўважыў! Праз шмат гадоў мама пра гэта расказала на бацькавым дні нараджэння. І бацька, помніцца, быў вельмі незадаволены.
Надзя абняла яго і пацалавала. Потым прынесла на балкон коўдру, сабрала з падлогі адзенне і сышла на кухню. Праз хвіліну Якуб пачуў музыку і гукі мітусні.
Ён вярнуўся да працы. На паддашшы зрабілася душна. Якуб апусціў жалюзі і запаліў лямпу. Потым зрабіў некалькі спроб уключыць вентылятар, але той трымаўся цвёрда.
– Гаўно кітайскае! – злосна прашыпеў Якуб, пацягнуўся па кед і пульнуў ім у вентылятар. Трапіў у лопасць, якая на колькі секунд раскруцілася.
Наступную гадзіну Якуб кодзіў.
Паабедалі яны на тэрасе, не ўспамінаючы ранішняй сваркі. Надзя не згадвала назвы няшчаснай кнігі, праз якую ўсё пачалося.
Пасля абеду дзяўчына вярнулася да падлікаў, патрэбных Карыне, а Якуб памыў посуд, адрамантаваў зашчапку на брамцы, скасіў траву і спецыяльным секатарам падрэзаў шарападобную тую, што расла на клумбе пасярод палісадніку.
У другой палове дня яны ўзялі ровары і паехалі на сажалку. Гарачыня не спадала. На беразе тлуміліся людзі, бегалі задыханыя сабакі, верашчалі спацелыя дзеці, на якіх пакрыквалі бацькі. Якуб з Надзяй адразу ўцяклі на сваё месца: бакавымі алеямі абышлі сажалку, перакацілі ровары праз невялікі гаёк і па драўлянай кладцы трапілі на травяністую водмель, якая вясной і восенню ператваралася ў балота. Людзі бывалі тут рэдка. Якуб з Надзяй селі пад ніцай вярбой, чые галіны дакраналіся да паверхні сажалкі і былі такія густыя, што служылі натуральнай заслонай. «Іх месцам» назвала аднойчы гэтую парослую травой пустку Надзя.
Тады акурат скончылася маёўка. На апошні сеанс у кінатэатр яны пранеслі віно. У вялікай зале было ўсяго некалькі чалавек. Якуб з Надзяй селі на апошні рад. Калі святло пагасла, Якуб абняў дзяўчыну і прынік вуснамі да яе рукі. Бутэльку яны адкаркавалі, яшчэ калі ішла рэклама. Надзя схілілася да яго і пачала цалаваць. Калі яна расшпільвала Якубу кашулю, на падлогу ўпаў тэлефон. Хлопец споўз з крэсла, каб навобмацак пашукаць гаджэт. Надзя задрала доўгую сукенку, накрыла ёю галаву Якуба і асцярожна сціснула яго каленямі. Потым аслабіла захват, развяла ногі і прыцягнула хлопца да сябе.
– Хадзем адсюль, – са стогнам прашаптала яна.
Найкарацейшая дарога дадому вяла ўздоўж сажалкі. Паркавыя алеі разыходзіліся мноствам сцежак, адна з іх нырала ў гаёк. Якубу з Надзяй гэта і трэба было – яны прабеглі па траскучай кладцы, трымаючыся за рукі, і зноў апынуліся ля вярбы. Надзя расставіла ногі і абаперлася аб ствол дрэва. Калі Якуб задраў ёй сукенку – паднялася на пальчыкі. Спачатку ён цалаваў выгнутую спіну, а потым укленчыў на траве – прыкусваў ягадзіцы, рассоўваў галавою сцёгны і ўрэшце ўстаў, моцна схапіў Надзю за валасы і прыціснуў да дрэва.
– Гэта юр, Куба. Звярыная пажада, – выдыхнула яна яму ў вуха, калі яны апусціліся на траву.
Якуб усё яшчэ дрыжаў, намагаючыся выраўняць дыханне і не ў стане выціснуць з сябе хоць нешта.
– Ведаеш, чаго я не адчуваю? – неўзабаве спытала Надзя, прыціскаючыся да яго. – Ну вядома, не, не можаш ведаць. Акрамя таго, што мне цяпер цудоўна і спакойна, я не адчуваю ніякага сораму. Нават найменшага. Хаця і падставілася табе, як самка баноба ў цечцы. Мне падабаецца, што ты часам перастаеш быць пяшчотным, ні пра што не пытаеш і бярэш мяне як гаспадар. І я абсалютна гэтага не саромеюся, калі што, – Надзя асядлала яго голы жывот. – І што будзем рабіць? Няўжо пасля гэтага ты зможаш са мной застацца? – спытала яна, удаючы страх, і адразу засмяялася.
Якуб схапіў яе за валасы, прыціснуў да сябе і, пераймаючы тэатральнасць, сказаў:
– У нас праблема. І вырашыць яе трэба тэрмінова, таму што ў баноба няма цечкі. І што цяпер, Надзя? Што цяпер? Як жыць? Ну як? – усклікнуў ён.
– Няма? Праўда? – здзівілася яна. – Вось гэта навіна, я ж са школы памятаю, што ва ўсіх звяроў ёсць цечка. Ды што, баноба хочуць і могуць трахацца круглы год?
Якуб пяшчотна прыцягнуў яе галаву да сябе, пальцамі зачасаў уверх валасы і, прыкусваючы мочку вуха, прашаптаў:
– Менавіта. Баноба хочуць і могуць трахацца круглы год. Проста як я. А яшчэ мухі і камары, – захіхікаў ён. – На шчасце. Бо якая была б з цябе карысць, калі б ты хадзіла са мной у кіно толькі падчас цечкі?
– Ты агідны сэксіст! Але тут кантэкст такі, што дарую, – шапнула яна.
Якуб не памятаў, колькі гадзін яны праляжалі пад вярбой. Звычайна пасля сэксу ён прыціскаўся да Надзі, падносіў яе далонь да вуснаў, слухаў яе пяшчотны шэпт і, так і не здолеўшы хоць нешта сказаць, засынаў. Але гэтым разам было іначай.
Яна паклала галаву яму на плячо, ён накрыў яе пінжаком, і пачалася размова. Надзя апавядала яму пра вербы ў гамбургскім парку, куды бацька вадзіў яе кожную суботу. Яна не памятала, высокія яны былі ці нізкія, раскідзістыя ці тонкія, але памятала, што ў тамтэйшых вавёрак, якія падбягалі, калі яны з бацькам садзіліся на лаўку, вочы былі як у плюшавай цацкі – яе Надзі падарыла бабуля Цэцылія, і ў Надзі яна дагэтуль была, толькі адно вока адвалілася. У моманты вялікай тугі дзяўчына даставала цацку са скрыні, абдымала і ўспамінала вялікія цёплыя рукі бацькі і тых вавёрак. Потым Надзя папрасіла Якуба зноў расказаць ёй пра зоркі з сузор’ямі. Яна паказвала пальцам на нейкую і пытала: «А чаму гэтая такая яркая? А чаму тая мігціць? А вунь тая чаго такая маленькая? А чаму…» Надзя любіла, калі ён расказваў пра Сусвет, пра чорныя дзіры, якія зусім не чорныя, пра звышновыя, падобныя да здымкаў у снэпчаце, што хутка знікаюць, пра галактыкі, якія сутыкаюцца адна з адной або адна адну паглынаюць. Патрабавала, каб ён яшчэ раз патлумачыў, адкуль вядома, што Сусвет пашыраецца і чаму гэта значыць, што кожную ноч людзі глядзяць на зоркі, якія ад іх усё далейшыя. Для Надзі зорнае неба было, як яна аднойчы прызналася Якубу, «нечуванай мастацкай падзеяй, якую ўсе людзі на свеце могуць наведваць штоночы, прычым бясплатна». Яна сцвярджала, што калі б верыла ў Бога, то павіншавала б яго з такой задумай і з такім талентам. Астраномія, касмалогія альбо астрафізіка раней не надта яе цікавілі. Яна лічыла, што калі зоркі запальваюць, то гэта камусьці патрэбна.
Са свайго вербнага схову яны выйшлі ўжо на світанні. У парку з’явіліся першыя раварысты, вясёлыя пенсіянеры з кійкамі і ранішнія бегуны. Якуб і не думаў, што людзей, якія добраахвотна крыўдзяць сябе, устаючы так рана, – аж столькі. Калі праз некалькі дзён яны вярнуліся пад вярбу, ён заўважыў на кары няроўныя драпіны, пакінутыя Надзінымі пазногцямі. Сёння ён крадком зірнуў на дрэва – і яны ўсё яшчэ былі там, хоць прайшло два месяцы. Не такія глыбокія і не такія выразныя, але былі.
Надзя дастала з заплечніка кнігу, легла на траву, паклаўшы галаву Якубу на ногі, і пачала ўголас чытаць пра Грузію.
Гэта яна прыдумала туды паехаць. З палаткай, заплечнікамі, кацялком, без канкрэтнага плана, абмінаючы ўсе турыстычныя месцы моднай апошнім часам Грузіі. Адзінае што – яны хацелі ўсё ж з’ездзіць у Горы, дзе нарадзіўся Сталін, і даведацца, як грузіны, што ўзносяць свабоду (асабліва маладыя, з іх пакалення), ставяцца да гэтага варвара цяпер. Акрамя таго, яны збіраліся ўпівацца мясцовым віном, гутарыць з грузінамі, гаварыць бясконца доўгія тосты, танцаваць да світання і без згрызот сумлення таўсцець ад чурчхелы, пра смак якой хадзілі легенды.
Натхнілі іх на гэта вядомы журналіст з жонкаю, якія так палюбілі Грузію, што ўзялі там шлюб і адгулялі вяселле. Яны захапляльна апісвалі краіну, але, што яшчэ важней, раскрывалі яе інакшасць, адрознасць, менталітэт жыхароў, не спрашчаючы пакручастай гісторыі.
Калі яны вырашылі ехаць, Надзя проста-такі захварэла на Грузію – купляла толькі грузінскае віно, шукала ў сеціве рэцэпты грузінскіх страў, вучыла па ютубаўскіх роліках грузінскую і катавала Якуба песнямі Кэці Мелуа, якая там нарадзілася і толькі ў 90-я, падчас вайны, з’ехала з бацькамі ў Белфаст. Урывак пра дзевяць мільёнаў ровараў у Пекіне і каханне да магілы Якуб ведаў на памяць.
У яго з’явілася ўражанне, што кнігі пра Грузію Надзі зусім не патрэбныя і што калі яна іх і чытае, то толькі праз яго. І яшчэ каб мець нагоду пачаць уласны аповед.
Калі ў 1940 годзе, праз некалькі месяцаў пасля высылкі пад Краснаярск, памерлі ад тыфу бацькі бабулі Цэцыліі, асірацелую дзяўчынку забралі грузінскія сваякі, таксама ссыльныя. Цэцыліі тады было трынаццаць, Марыям, дачцэ сваякоў, – амаль на год болей. Яны зрабіліся найлепшымі сяброўкамі: зімой абняўшыся спалі на печы, летам збягалі са школы, ратуючыся ад гарачыні купаннем у Енісеі, а восенню разам капалі бульбу на ўчастачку перад гумном, якое было іх домам. Ва ўспамінах бабулі Цэцыліі Сібір зусім не была замёрзлым пеклам, якім уяўляла яе большасць палякаў. Калі ў 1947 годзе паўналетняя ўжо Цэцылія атрымала дазвол на рэпатрыяцыю і вырашыла вярнуцца ў Польшчу, мацней за ўсё яна сумавала па Марыям. Прайшло больш за дзесяць гадоў, перш чым ім удалося аднавіць кантакт. Марыям тады ўжо жыла ў Батумі на Чорным моры. Гэта з яе лістоў бабуля Цэцылія ведала, што робіцца ў Грузіі, і расказвала пра ўсё Надзі. У канцы жыцця бабуля пачала слепнуць ад глаўкомы, і ўнучка чытала ёй сяброўчыны лісты. Таму – у сілу абставін – Надзя ведала пра Грузію вельмі шмат. Якуб ніколі не пытаў, як яна дзіцем магла чытаць лісты ад грузінкі, а пра тое, што Надзя бегла размаўляе па-руску, даведаўся зусім выпадкова аднаго суботняга вечара ў канцы сакавіка. У філармоніі.
Білет ляжаў у канверце з лістом. Надзя пісала, што гэты канцэрт – падзея выключная, а ў прыпісцы, як заўжды, дадала: «Я б хацела быць там з табой. Вельмі». Канцэрты ў філармоніі былі для яе чымсьці асаблівым і ўрачыстым, яна выбірала самае элегантнае адзенне, купляла самыя дарагія білеты, цудоўна ведала, хто будзе дырыжорам, хто – салістам, а таксама чаму менавіта гэты, а не якісьці іншы, аркестр сыграе найлепш.
У тую суботу маскоўскім аркестрам дырыжыраваў малады геній з Украіны, а за фартэпіяна сядзела чарнаскурая амерыканка. Надыходзілі ўгодкі смерці Рахманінава, і канцэрт быў прысвечаны яго памяці. Калі падчас антракту яны пілі віно ў фае і Надзя захоплена пераказвала Якубу пакручастую біяграфію кампазітара, да іх падышла маладая дзяўчына з мікрафонам у руцэ. Праз хвіліну паказаўся аператар у абтрапанай скураной куртцы з чырвонай зоркай на грудзях, а за ім – хлопец з невялікім пражэктарам. Дзяўчына ветліва спытала ў Якуба па-англійску, ці не хоча ён пракаментаваць выступ расійскага аркестра для… партала расійскай газеты. Калі ён пацікавіўся назвай газеты і даведаўся, што гэта «Комсомольская правда», то без вагання адмовіўся. Бацька яму расказваў, што ў свой час гэта была «найжаўцейшая дрындушка і рупар савецкай прапаганды». Калі ж дзяўчына звярнулася да Надзі, адбылося нечаканае: Надзя выйшла з-за высокага століка і прыязна загаварыла з журналісткай па-руску. Тая падняла руку і падсунула да Надзі мікрафон, хлопец уключыў пражэктар, а аператар пачаў запіс.
Надзя гаварыла больш за дзесяць хвілін. З гэтай прамовы Якуб зразумеў няшмат: рускай мовы ён не любіў і ніколі не хацеў яе вывучыць – у асноўным таму, што не бачыў сэнсу. Ён выхопліваў толькі асобныя словы: «музыка», «культура», «Рахманінаў», «Чайкоўскі», «Украіна», «Польшча» ва ўсіх склонах. Таксама, здаецца, адзін раз прагучала прозвішча Шапэна. Звычайна нясмелая, інтравертная, крыху адстароненая Надзя, якая заўсёды трымалася ўбаку, цяпер жэстыкулявала, усміхалася, ківала, згаджаючыся з журналісткай, або, наадварот, круціла галавой, малітоўна складала рукі, моршчыла лоб. Якуб бачыў яе такою ўпершыню. У святле пражэктара ён злавіў у яе вачах водбліск невядомай яму дагэтуль дзёрзкасці.
Аператар глядзеў на яе не міргаючы. Атласная сукенка з узорам з жакардавых кветак абцягвала Надзіны грудзі, што час ад часу калыхаліся, і выглядала яна проста чароўна з гэтай кучмай светлых валасоў, заплеценых у касу. Надзя, яго дзяўчына. Яна гаварыла нізкім меладычным голасам, а руская мова, што злятала з яе вуснаў, цалкам супярэчыла стэрэатыпу, у які верыў Якуб, бо была пяшчотная, пачуццёвая і мяккая.
Потым часамі здаралася так, што, калі за вокнамі згушчалася ноч, а яны ўсё яшчэ пілі віно на кухні, Якуба агортвала пачуццё невымоўнай утульнасці. Тады ён глядзеў на Надзю, і яго ахоплівала немагчымая замілаванасць, а яго закаханасць у яе… Надзя аднекуль ведала, што ён хоча, каб яна прачытала яму які-небудзь верш па-руску, і тады замаўкала, усміхалася, брала ў рукі абкладзеную газетай кніжачку, якая ляжала на зэдліку каля пліты, клала яе на стол, не разгортваючы, і чытала верш на памяць, гледзячы ў вочы Якубу. Бывала, што ён, прыціскаючыся да яе ў ложку, ніяк не мог суняць дрыжыкі, а Надзя цалавала яго ў скронь і нешта шаптала па-руску. Тады ён засынаў.
У парку пад вярбой яны праседзелі да вечара – складалі маршрут падарожжа. На гугл-картах лічылі кіламетры і выбіралі месцы, якія хацелася наведаць, на «Букінгу» і «Эйр-Бі-Эн-Бі» вывучалі кватэры, шукалі кемпінгі і палатачныя лагеры. Больш за ўсё дапамагаў ім пошукавік «Яндэкс», расійскі аналаг «Гугла». Паколькі «Яндэкс» не быў у палоне сетак інтэрнэт-малоха, Якуб з Надзяй часта знаходзілі інфармацыю, якой «Гугл» не індэксаваў увогуле, а калі нават індэксаваў, то ўрыўкамі і недакладна. «Яндэкс» стварылі як адказ на нібыта адгароджаны ад астатняга свету высокімі сценамі «рускі мір», і з тым, што датычыла гісторыі постсавецкай Грузіі, ён даваў рады выдатна. Але Якуб не мог зразумець, якім цудам на запыты пра Польшчу гэты «Яндэкс» даваў адказаў больш, чым польскі «Гугл»! Ды яшчэ і нашмат падрабязнейшых. Надзя з характэрным для яе сарказмам прыпячатала: «У расіян заўжды былі добрыя сакрэтныя службы, да таго ж яны любяць ведаць, што дзеецца на свеце, а потым гэтым хваліцца». І Якуб вырашыў, што з гэтага часу, шукаючы нешта ў сеціве, дакладна будзе пачынаць з «Яндэкса».
Ён так радаваўся гэтаму падарожжу. Цэлыя тры тыдні разам! У радасці і ў горы. У дарозе, пад адным дахам ці спальнікам. Радаваўся, нават прадчуваючы ежу з аднаго кацялка. Але больш за ўсё радавала яго перспектыва супольных перажыванняў. Гэта самае важнае, гэта яднае людзей мацней за ўсё. Так гаварыла яго маці.
Ён рэдка размаўляў з маці пра каханне. Даўным-даўно, калі Якуб ужо быў гатовы да такіх размоў, здарылася тое, чаго ён доўга не мог ёй дараваць. Ён паводзіў сябе як смаркач, ахоплены дурной дзіцячай пыхай, а калі зразумеў гэта, то зрабіў як яшчэ большы ідыёт і маці не прабачыў. Яго кінула дзяўчына, якую маці любіла, таму захацела паслухаць і яе версію таго, што здарылася. Калі Якуба не было дома, маці запрасіла тую дзяўчыну да сябе, а ён раптоўна вярнуўся, убачыў гэта і збег, ляснуўшы дзвярыма, бо быў упэўнены, што маці за яго спінай згаворваецца са здрадніцай, якая зруйнавала яго жыццё. Вось і ўсё. Якуб не спытаў у маці, навошта тая яе запрасіла, не ўсвядоміў, што маці мела на гэта права, не бачыў у гэтым клопату – толькі змову. Істэрычным крыкам ён забараніў «залазіць у сваё жыццё бруднымі ботамі», а паколькі маці была вельмі гордая, такім чынам Якуб адрэзаў яе ад любой інфармацыі пра свае пачуцці, пра дзяўчат, закаханасці, сумневы і смуткі. Напрыклад, маці дагэтуль не ведала пра Надзю. Безумоўна, яна падазравала, што ён кожны тыдзень сыходзіць у пятніцу і вяртаецца ў нядзелю ад жанчыны, але паважала яго рашэнне і ніколі ні пра што не пытала.
Пра каханне яны з таго часу размаўлялі толькі аднойчы – калі вярталіся дадому з канцэрта польскага інды-музыканта Кортэза. За рулём – рэдкі выпадак – быў Якуб. Дома маці выпіла віна, а на канцэрце – яшчэ і віскі з колаю з бляшанкі. Яна ўсё яшчэ напявала сабе пад нос, калі ён спытаў, чаму яна так любіць Кортэза, а потым, крыху падумаўшы, адказала:
– Таму што ён спявае пра перажыванні. Як Леанард Коэн. Часам нават лепш. Калі Коэн памёр, я пачала шукаць таго, хто яго заменіць. Хто носіць у сабе такі самы смутак. Бо песні Коэна яшчэ сумнейшыя, чым вершы Галіны Пасвятоўскай4. Калісьці я нават здзіўлялася, чаму да яго дыскаў брытвы не прыкладаюць. Кортэз праз перажыванні расказвае пра каханне. Не праз прызнанні, а праз перажыванні. Гэта самае важнае, гэта яднае людзей мацней за ўсё. Памятай пра гэта. Цяпер я гэта ведаю, – яна ўздыхнула.
Ён зірнуў на яе. Маці сядзела задумаўшыся, апусціўшы галаву і разглядаючы свае рукі. Яна была вельмі сумная. Апускаючы так галаву і гледзячы на рукі, яна заўсёды намагалася схаваць сум. Якуб даўно гэта ведаў.
– Некалі вельмі даўно, – раптам сказала яна, – яшчэ не ведаючы, што хутка ў мяне будзеш ты, я вельмі сумавала па перажываннях. Рабіла шмат прыгожых глупстваў дзеля іх. Зрэшты, не я адна. Калісьці мы з цёткай Аняй і цёткай Уршуляй ехалі па іх паўдня і цэлую ноч на разваленым аўтобусе ў Парыж. Памятаю, я хацела… – яна змоўкла. Машына спынілася на паркоўцы перад домам. Маці паспешліва выцерла слёзы і выйшла. Ён так і не спытаў яе ні пра Парыж, ні пра тое, чаго яна прагнула.
Па дарозе дадому Якуб з Надзяй спыніліся ля траторыі, якая нядаўна адкрылася ў самым вялікім зашклёным будынку ў раёне шматпавярховікаў, што атачалі дамок пад нумарам восем. Не ў супермаркеце ж хіпстарам даганяцца, жартаваў пра гэтае месца вакольны «люд».
Адным з уладальнікаў траторыі быў нейкі Шыман. Надзя заходзіла туды часта – хутчэй да яго, чым паесці. Яна сядала за столік каля вешалкі, заказвала піва – і праз хвіліну перад ёю з’яўляўся Шыман з арэшкамі ці парцалянавай місачкай, поўнай алівак. Абаяльны, вытанчаны, з заўсёднай усмешкай на твары, гэты высокаадукаваны мужчына крыху за сорак пачынаў размову з бяспечных тэм – захапляўся Надзінай прыгажосцю, наракаў на надвор’е, расхвальваў піва ці аліўкі, а пасля, зачапіўшыся за любое слова, зварочваў на філасофію. Калі Надзя глытала кручок, Шыман пачынаў гаварыць пра філасофію ў два разы хутчэй, чым пра піва, нібыта баяўся, што не паспее сказаць усё. Мабыць, таму Надзя называла яго Шыманідам – такі сабе Арыстоцель (той таксама свае прамовы тараторыў) з ідэяй вытанчанай кухні ў мадэрнісцкай атмасферы італьянскай траторыі. Патрабавалася няхілая мужнасць, каб выкласці грошы на рэстарацыю па суседстве з культавай, заўсёды запоўненай сталоўкай «Жамчужынка», ды яшчэ і з цэнамі, якія значна адрозніваліся ад таго, што ў гэтым раёне лічылася дэмакратычным. Прычым Шыман, кормячы сваіх гасцей раскошнымі стэйкамі з крывёй, сам быў прававерным веганам: не еў яечні, не насіў ваўняных швэдраў і ядвабных гальштукаў, не каштаваў мёду і дзе толькі можна пратэставаў супраць выкарыстання жывёл у цырках.
Нібыта гэтага было мала, Шыман не толькі пускаў мастацтва ў сваю ўстанову, а яшчэ і часта прасоўваў яго за свой кошт. І навуку таксама. Людзі пілі віно, закусвалі піцай, лопалі лазанню і слухалі лекцыю пра генетычна мадыфікаваныя памідоры прафесара Магдалены Фікус – самага знакамітага генетыка краіны. Альбо пілі кактэйлі і думалі пра сэкс пад даклад самога Іздэбскага, таго прафесара-сэксолага. Ідзе, дапусцім, чалавек да Шыманіда на спагеці, а там эфірная Магдалена Цялецка расказвае, як рабіць добрае кіно і чаму Анджэй Хыра ёй па-ранейшаму сябар5. Аднойчы Надзя спытала ў Шымана, што трэба зрабіць, каб завабіць такіх людзей у рэстарацыю, якую, па вялікім рахунку, мала хто ведае – калі параўноўваць, напрыклад, з варшаўскім «Big Book Café», а той адказаў, што «трэба быць жанчынай і вельмі хацець». А вельмі хоча «адна рудая паланістка-мастацтвафілка з дома каля твайго палісадніку».
– Калі жанчына вельмі хоча, яна сваё возьме. За «Big Book Café» таксама стаіць жанчына. Праўда, не рудая, але затое каралева, я маю на ўвазе Аню Круль. Калі я ў Варшаве, то заўсёды туды зазіраю – падглядаю, вучуся, запісваю і зайздрошчу за кавай.
Якуб з Надзяй селі за столік насупраць бара. Нягледзячы на позні час, рэстарацыя была поўная. Балада, што плыла з калонак пад столлю, змешвалася з гулам размоў. Праз хвіліну перад імі з’явіўся мужчына ў смешных акулярах, абняў Надзю і пацалаваў яе ў шчаку. Надзя ўстала і з усмешкай прамовіла:
– А гэта Шыман, пра якога я табе столькі расказвала. Найлепшы філосаф сярод рэстаратараў. А можа, наадварот.
Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі. Да століка падышла маладая афіцыянтка, несучы меню, але перш чым яна паклала іх перад гасцямі, Шыман сказаў:
– Да заказу маладых людзей дадай бутэльку нашага новага сіцылійскага мерло. За кошт установы. І абавязкова прынясі пані Надзі міску алівак. Тую, што большая, – і, звяртаючыся да Якуба, дадаў: – Дык гэта вы той шчасліўчык.
Потым уважліва агледзеў хлопца з ног да галавы, пакланіўся і сышоў.
Надзя заказала для іх абаіх баклажаны, запечаныя з памідорамі. Якуб не падазраваў, што такая страва ўвогуле існуе. Чакаючы яе, яны частаваліся аліўкамі і хрумсткай пшанічнай булкай, якую мачалі ў пікантны аліўкавы алей.
Віно Надзя не проста любіла. На думку Якуба, яна ведала пра віно ўсё. У Нікарагуа дзяўчына некалькі месяцаў працавала на невялікім вінаградніку, і зусім не на зборы ўраджаю. Калі гаспадар вінаградніку, апантаны віном багаты пенсіянер з Каліфорніі, даведаўся, што Надзя можа памераць pH вадкасці і ведае, што непажаданыя злучэнні серы з віна прыбіраюцца сульфатам медзі, то адправіў яе працаваць у давільню. Памочніцай лабаранта, якім аказаўся адзін венгр, Надзя зарабляла ў дваццаць разоў больш, чым калі б збірала вінаград. У той давільні, поўнай мензурак, піпетак і кацялкоў, яна зразумела, што існуюць месцы, дзе найкаштоўнейшы капітал – веды. Там ад найразумнейшага Ласла Домакаша, былога манаха з таямнічага венгерскага горада Эгерсалак, яна даведалася пра кепскае віно столькі ж, колькі пра кепскія ўчынкі. А заадно навучылася распазнаваць добрае.
Якуб віно таксама любіў. Гэта ўвогуле быў адзіны алкаголь, які ён піў. Любоў тая, відаць, была ад маці, бо яго бацька адрозніваў віно на ўзроўні «чырвонае» і «празрыстае», «салодкае» і «кісляціна», «варшаўскае за сотню з хвастом на карпаратыўныя падарункі», і «тое з “Бедронкі” за 14,99 злотых, на падарункі сямейныя». Якуб любіў, калі Надзя піла. Асабліва ўвечары, перад тым як ісці ў ложак. І калі чытала яму пры гэтым рускія вершы.
Надзя вытрасла апошнія кроплі мерло на булку і, крадком хаваючы пустую бутэльку ў заплечнік, спытала:
– Пагуляем у бутэльку? Даўно не гулялі. Бялізны на мне сёння няма, дык, можа, урэшце дацягнемся да канца.
Ён усміхнуўся. Яны сапраўды часам гулялі ў бутэльку і сапраўды ніколі яшчэ да канца не дацярпелі, ні разу не раздзяваліся цалкам, а ўсё праз яго. У нейкі момант ён забываў, што гэта гульня, і раздзяваў Надзю, не чакаючы сваёй чаргі. Часам – пад сталом на кухні, часам – на падлозе ў пакоі з фатаграфіямі, бывала – на паддашшы, а часам – толькі пад душам, калі дзяўчына ад яго ўцякала.
Ён узяў з міскі аліўку, уклаў ёй у рот і, рассоўваючы ёй ногі сваёй, сказаў:
– Сёння? Да канца? Нават не разлічвай.
На століку завібрыраваў тэлефон. Надзя крадком зірнула на экран, крыху павагалася, але ўрэшце выцерла вусны сурвэткай, выбачылася і адказала. Якуб зразумеў, што гэта Карына. У нейкі момант на твары Надзі з’явілася трывога. Дзяўчына слухала ўважліва і зрэдку падымала вочы, каб сустрэцца з Якубам позіркам. Размова доўжылася некалькі хвілін, калі Надзя раптам спалохана спытала:
– Калі? Калі самы крайні тэрмін? Не, я не магу вырашаць гэта адна. Бо так, у нас свае планы. Як і ў вас. Ды я ведаю, што гэта важна. Кары, калі ласка, фердамт нох маль, не паўтарай мне гэта соты раз. Не! Таму што не! Не смей яму званіць! – нечакана ўскрыкнула яна. – Гэта неабходна? Думаеш, Алекс скажа мне нешта новае? Добра, давай яго сюды.
Яна доўга слухала, а потым пачала гаварыць. Па-нямецку. Якуб не здолеў зразумець, ці была гэтая размова спакойнай. Іншая інтанацыя, скрыгатлівае «р», дзіўныя доўгія словы. Нямецкая мова асацыявалася ў яго з напружаннем, канфліктам і лаянкай. А часцей за ўсё – з загадамі.
Нарэшце Надзя адклала тэлефон. Потым спыніла афіцыянтку, якая праходзіла міма, і папрасіла бутэльку халоднай вады. Зірнула на Якуба і сказала:
– Курыць хачу. Часам мне шкада, што ты не курыш.
Яна выключыла тэлефон і схавала яго ў заплечнік. Калі афіцыянтка разліла ваду па шклянках і адышла, Надзя ціха паведаміла:
– У Карыны з Алексам сур’ёзная праблема. Куратар праекта, тая шышка з міністэрства, не хоча падпісваць дамову, пакуль на аб’екце не будзе ацэншчыка з Польшчы.
– І што? – не зразумеў Якуб.
Надзя пачала нервова заломваць пальцы. Ён заўважыў на яе твары румянец, які павольна разліваўся таксама па шыі і дэкальтэ.
– А тое, што, на думку таго пана, гэты польскі ацэншчык – я.
– Што значыць ты? Студэнтка?
– Так. Карына і Алекс упісалі мяне ў тэндарную заяўку. Пад усімі разлікамі, якія я рабіла, стаяць тры подпісы: Алекса, Карыны і мой. Прычым мой – самы важны, яны толькі ўхвалялі разлікі, – растлумачыла Надзя. – І для гэтага мюнхенскага чынушы адказная за каштарыс – я. А паколькі яны акурат даведаліся, што выйгралі тэндар… Гэта вельмі тэрмінова, бо куратар сам ім пазваніў. У нядзелю! У Германіі гэта як парушэнне правоў чалавека. Раніцай я даслала ім апошнія файлы, а яны пераслалі іх далей, – ціха дадала яна і змоўкла.
І тут у галаве Якуба ўсё склалася: ён зразумеў, пра што была размова з Карынай. У іх былі свае планы. Надзя не хацела іх мяняць. Ён зірнуў на яе.
– Не хвалюйся пра Грузію, яна нас пачакае, – сказаў ён, намагаючыся заставацца спакойным.
Узяў пару алівак, паклаў у рот, потым дастаў косткі і паклаў на талерачку. Роўна. Адну побач з другой. Нібыта гэта было цяпер самым важным.
Надзя маўчала, нервова сціскаючы заплечнік.
– Калі табе трэба там быць? – неўзабаве спытаў Якуб.
– Трэцяга жніўня.
– А вернешся калі?
– У пачатку лістапада.
– А ўніверсітэт?
– Карына ўжо напісала дэкану. Мне залічаць гэта як практыку, а экзамены трэба будзе здаваць як усім.
Якуб апусціў галаву, разважаючы, ці варта пытаць, калі адказ вядомы. Яму некалі задалі гэтае ідыёцкае пытанне: «Ты хочаш ехаць?» Тады яму было шаснаццаць, а пыталіся пра Кліўленд. Жорсткае пытанне. Ён усміхнуўся і вырашыў, што пытаць не будзе. Узяў Надзіны рукі ў свае, пацалаваў і ціха сказаў:
– Дык Карына пра ўсё паклапацілася. Супер. Я буду да цябе прыязджаць, да Мюнхена тут два крокі.
Надзя кусала вусны. Па яе шчоках цяклі слёзы, якіх яна не магла выцерці, бо Якуб трымаў яе рукі ў сваіх, адчуваючы, як яны дрыжаць. Ён стараўся, каб у яго голасе не прарывалася расчараванне, ён ведаў, што гэта вельмі важна. Трэба прыкідвацца, што нічога такога не здарылася.
– А што сказаў Алекс? Бухгалтэрыя ж уся на ім.
Надзя сціснула яго рукі пальцамі.
– А што ён мог сказаць, – уздыхнула яна. – Нічога новага. Паўтарыў тое, што гаварыла Карына, толькі па-нямецку. Яны абое ведаюць, што чыноўнік мае рацыю. Я мушу быць там, гэта недзе ў кантракце напісана. І зусім не дробным шрыфтам. Яны проста не думалі, што нехта захоча той кантракт так дакладна выконваць. Хаця Алекс педант і строга прытрымліваецца ўсіх дамоўленасцей. Спаць спакойна любіць. Ён мяне пераконваў па-свойму, зусім не як Карына. Рацыянальна, без эмоцый. Як бізнесовец. Ён мне прызначыў мінімальны заробак, хоць і з магчымасцю ўзгаднення. А потым… потым ён папрасіў. Ведаеш, калі Алекс просіць, у яго голас мяняецца. І вось ён ужо не той прынцыповы і ўпэўнены ў сабе вараціла. Хацела б я яго бачыць у гэты момант. Ён папрасіў мяне паехаць у Мюнхен. Але не так, як Карына. Яна ўскрай ірацыянальная. Рамантычная. Пра грошы размаўляе толькі тады, калі можа ад багацеяў нешта для бедных атрымаць. Пра сябе яна дбае мала, я гэта з часоў Руанды ведаю. Яна за цябе больш хвалявалася, – дадала Надзя з усмешкай. – І за мяне. Пішчала, што яны цябе ў мяне забіраюць. Пра тое, што яны забіраюць мяне ў цябе, ужо не падумала, – Надзя пацягнулася па бутэльку з вадой і падняла руку, даючы афіцыянтцы знак прынесці рахунак. – Ну што, пайшлі дадому? Хачу застацца з табой сам-насам. Хачу кахаць цябе.
Калі яны з роварамі ішлі да «васьмёркі», Якуб спытаў:
– Проста цікава… а колькі, паводле Алекса, складае мінімальны заробак студэнткі з Польшчы?
– У Мюнхене? Па дамове падраду? Дзесяць штук, – адказала Надзя.
– Дзесяць штук за тры месяцы?!
– Не. За месяц.
– Дзесяць тысяч? Еўра? За месяц? – Якуб спыніўся як аслупянелы.
– Так. Еўра. За месяц. А што?
– І гэта, на думку Алекса, мінімум?! – хлопец недаверліва зірнуў на Надзю.
– Так, Алекс – ён эканомны. Я б нават сказала, скупы. Ні ў Германіі, ні ў Швейцарыі, ні ў Аўстрыі ён такой таннай бухгалтаркі не знайшоў бы. Ды гэта і не бухгалтэрыя зусім – так, ацэнка. Каб палічыць гэта ўсё ў еўра і цэнтах, трэба добра ведаць сістэму CAD 3D/2D, умець шукаць базы дадзеных з матэрыяламі, ведаць, дзе прадаюць хлам, а дзе – вартае. І хутка рабіць разлікі. Кошт усяго пралічыць – ад звычайных шпаталяў, пэндзляў і напільнікаў да рыштаванняў. Я такое трохі ўмею, і Алекс пра гэта ведае. Лепш, чым хто іншы.
Калі яны дайшлі да дома, Надзя паклала ровар на ганку, падышла да Якуба і прашаптала:
– Але давай пакуль не будзем пра гэта, добра? У нас ёсць прыемнейшыя справы, а часу няма, – яна пачала шукаць у заплечніку ключ. – Фердамт нох маль! Дзе ён? Нешта ў мяне рэчаў зашмат, – прашыпела дзяўчына.
Заплечнік выпаў з яе рук і пляснуўся на падлогу. Пачуўся гук разбітага шкла, і Якуб схіліўся па сумку.
– Бутэлька! – закрычаў ён. – І што нам цяпер рабіць? Як я цябе раздзену? Фердамт!
– Я табе дапамагу, – засмяялася Надзя, здымаючы кашулю. – Часу шкада! Хадзем! – яна схапіла яго за руку і павяла да парэчак.
Унутр яны трапілі з боку палісадніку, праз дзверы, што вялі на тэрасу. Вітай лесвіцай Якуб пабег за Надзяй на паддашша…
Дадому ён вярнуўся апошнім трамваем. Зірнуў на гадзіннік – амаль дзве гадзіны ночы.
Пачынаўся аўторак, васямнаццатага ліпеня.