Читать книгу Канец адзіноты - Януш Вишневский, Януш Леон Вишневский, Ewelina Wojdyło - Страница 6
@3
Оглавление– Што такое, мама? Чаму ты тут сядзіш? Чаму плачаш? – пачула яна голас Якуба і падняла галаву: сын стаяў перад ёю. Яго вачэй яна не бачыла.
– Што здарылася? – занепакоена спытаў ён, сядаючы побач.
– Нічога, сынку. Нічога не здарылася. Я заснуць не магла. Ноч такая прыгожая, – схлусіла яна, спрабуючы ўдаваць бесклапотнасць. А памаўчаўшы, дадала: – Узрушылася.
– І таму закурыла? Ад узрушанасці? Ты ж не курыш! Мама, што такое? – павысіўшы голаc, спытаў Якуб і пацягнуўся па цыгарэты.
Яна схапіла яго за руку, выцягнула з пачка адну і закурыла.
– Ёсць такія дні, сынку, калі куру. А дакладней… – яна выдыхнула дым. – Адзін дзень у годзе. Уласна, акурат сёння. Акрамя гэтага, нічога асаблівага не здарылася.
– Сёння? Чаму менавіта…
Яна не дала яму дагаварыць і, спрабуючы ператварыць усё ў жарт, сказала:
– Вядома, апроч таго, што сын заспеў маці за курэннем. Звычайна бывае наадварот. Ты ж ніколі не курыў, так? – яна зацягнулася. – Я аж крыху хвалявалася, бо сыны ўсіх маіх сябровак спрабавалі. Баялася, што ты мамчыным сынком вырасцеш. Ты заўсёды адрозніваўся ад іншых. Ты ж і цяпер не курыш, так?
– Так. У сэнсе не, – збянтэжана адказаў Якуб.
Яна абняла яго, моцна прыціснула да сябе і пяшчотна пагладзіла па галаве.
– Усё добра, сынку. Я цябе з вячэрай тут чакала. Ты ў пятніцу абяцаў, што мы павячэраем разам, вось і чакала. Апошнім часам я цябе толькі ранкамі бачу. Раней ты хаця б у нядзелю быў побач. Спаў да полудня і сыходзіў толькі пасля вячэры. А цяпер ты дома толькі начуеш, і тое не заўсёды. Вось учора, напрыклад, не было цябе. Нядзелі я ўжо і не згадваю. Ты нават не пазваніў. І слухаўку не браў. Раскажаш мне, што адбываецца?
– Апошнім часам у мяне шмат важных спраў, мама, – змучана адказаў ён, кладучы галаву ёй на плячо.
– Якіх спраў, сынку? – спытала маці і пакпіла: – І як іх завуць?
І тут жа пашкадавала пра неабачлівыя словы. Закусіла вусны і затрымала дыханне, чакаючы ад Якуба агрэсіі ў адказ. Але нічога такога не здарылася. Якуб ціха ўздыхнуў і адказаў:
– Надзя.
Яна пракаўтнула сліну. Узяла яго руку, пяшчотна прыціснула да вуснаў, адчуўшы палёгку і радасць…
І задумалася.