Читать книгу Канец адзіноты - Януш Вишневский, Януш Леон Вишневский, Ewelina Wojdyło - Страница 7
Ён
ОглавлениеАмаль тры гады яна свядома і паслядоўна, душачы цікаўнасць і мацярынскую трывогу, пазбягала размоў «на тэму дзяўчат, захапленняў ці сябровак», як аднаго разу сфармуляваў гэта Якуб. Ёй пашанцавала, што сын не толькі яе любіў, але і сябраваў з ёю. Гэта здараецца не так часта, як можа падавацца. Яна сама любіла сваю маці, але сяброўкамі яны ніколі не былі. Любоў – гэта вынік вялікага захаплення, а бацькі ў нейкі перыяд захапляюць нас нечувана. Вось у той вельмі важны час на самым пачатку. У дзяцінстве яны для нас багі, ад іх залежыць усё. Самая галоўная – маці-багіня, потым ідзе бацька, часта яшчэ бывае бабуля, радзей – дзядуля. Гэтае захапленне, заснаванае на бязмежным даверы, і нараджае любоў. З прычыны недахопу ведаў і магчымасці ацэньваць – безумоўная. Вельмі падобная да інстынктыўнай любові сабакі: калі яго рэгулярна кормяць і пояць, яму ўсё адно, выводзіць яго гуляць апошні нягоднік або чалавек высакародны. У вачах сабакі абодва заслугоўваюць аднолькавай любові. А ў людзей з нейкага моманту ўжо не так. Яна, напрыклад, свайго бацьку любіла толькі ў дзяцінстве, а калі трохі падрасла і зразумела, што ён кепскі чалавек, яе любоў вельмі хутка ператварылася ў нянавісць. І гэта таксама нармальна. Да таго, каму мы бязмежна давяралі і хто аказаўся пачварай, ставіцца абыякава немагчыма. У такіх выпадках любоў робіцца не менш гарачай нянавісцю.
А вось сяброўства паміж дзецьмі і бацькамі – гэта зусім іншае. Крыніца сяброўства – здзіўленне ад таго, што існуе чалавек, чый погляд на ўсё супадае з тваім. Бацькі звычайна глядзяць на свет зусім іначай і да таго ж катэгарычна хочуць, каб іх дзеці ставіліся да яго гэтак жа, а з прычыны сваёй перавагі яшчэ і часта гэтага ад дзяцей патрабуюць. Бывае, што з непахіснай бязлітаснасцю. Мала таго што яны забываюць пра бездань паміж пакаленнямі, дык яшчэ і нярэдка праецыруюць свае погляды і перакананні – а таксама нерэалізаваныя планы і мары – на сыноў і дачок.
У выпадку Якуба гэта было нават не здзіўленне. Хутчэй канстатацыя. Яны з маці былі настолькі падобныя, што проста мусілі пасябраваць. Немагчыма падобныя. Нібыта ў яго геноме рашуча перамаглі матчыны гены. У Якуба былі вочы такога самага колеру, якія пад уплывам эмоцый з зялёных рабіліся шэрымі, вусны такой самай формы і ямачкі на шчоках. І невялічкая радзімка пад грудзьмі – акурат тамсама, дзе ў маці. Ад яе ён успадкаваў худыя рукі, доўгія пальцы і колер валасоў. Хутка выявілася, што ён таксама ляўшун. Нягледзячы на тое, што яны з Ёахімам з дзяцінства развівалі ў Якубе праварукасць, ён застаўся леўшуном. Цяпер яна адчувала сорам за тое, што паддалася тады мужавым угаворам – маўляў, «леварукім у жыцці даводзіцца цяжэй і праблем у іх вышэй за галаву», што бездапаможныя яны, непаўнавартасныя. Несусветная лухта родам з сярэднявечча, калі леварукасць не толькі лічылася боскаю карай, але і… «лячылася». Напрыклад, пабоямі, купаннем у ледзяной вадзе, прывязваннем левай рукі да цела, а яшчэ – калі папярэдняе не дапамагала – ламаннем пальцаў. Яна памятала, як ёй было крыўдна, калі аднойчы, падчас сваркі, яна нагадала Ёахіму, што ён ажаніўся з жанчынай, якой «у жыцці давялося цяжэй і з праблемамі вышэй за галаву», а ён адказаў, што «бабам прабачаюць болей». Яна дазволіла ўгаварыць сябе на гэтае дэбільнае «перамяненне» Якуба ў праварукага, бо яе зачаравала захапленне, з якім муж ставіўся да іх першынца. Ёахім так любіў сына, што калі б яна яму дазволіла, то пакінуў бы на памяць усе Якубавы засіканыя пялюшкі.
Спачатку яна не магла гэтага зразумець. Пачуўшы, што яна чакае дзіця, ён паводзіўся мярзотна. Яна ніколі не забудзе, што ён тады сказаў: «Ты ж жартуеш, праўда? Мы ж дамаўляліся! Ты не можаш са мной так! Я не гатовы! Ты абяцала! У мяне праекты на год наперад распісаныя! Ты са мной гэтага не зробіш!» Гэта быў адзіны раз у жыцці, калі яна была гатовая ад яго сысці. Але калі яна моўчкі пакавала валізкі, здарылася нечаканае. І гэта былі не ўпрошванні не кідаць яго, не прабачэнні. Гэта быў адзін сказ: «Я змянюся, павер мне».
Яна засталася.
І ўбачыла, што пасля таго выбуху з Ёахімам пачало рабіцца нешта незразумелае. З кожным днём ён усё больш нагадваў таго сябе, якім помніўся ёй з часу заручын і якім перастаў быць пасля шлюбу, калі яна ад яго аддалілася. Настолькі, каб паехаць у Парыж.
Гэта былі не змены, гэта было – так яна тады гэта бачыла – ператварэнне. Нежаданае спачатку дзіця раптоўна зрабілася чаканым і выпакутаваным. А Ёахім зрабіўся ўважлівым і чулым, пяшчотным і клапатлівым, як раней.
І гэта не было спектаклем, які муж граў, баючыся, што жонка сыдзе. Што б там ні казалі пра Ёахіма, крывадушнасць, няшчырасць і хлуслівасць былі не ў яго характары. Ён не быў стрыманым чалавекам, што пры яго просталінейнасці часта стварала яму рэпутацыю блазна ці ўвогуле палена неабчасанага. Не даводзіцца спрачацца, што калі даходзіла да непаразуменняў, канфліктаў ці дыскусій, Ёахіму не хапала ветлівасці і эмпатыі, і ён мог чалавека абразіць ці нават раніць. Колькі разоў яны праз гэта сварыліся! І ўсё ж яна аддавала перавагу яму перад брахуном і пазёрам.
У таго ператварэння была яшчэ адна прычына. Чаканне Якуба стала для іх абаіх часам трывогі і няпэўнасці. Да самага канца ўвогуле было невядома, ці ўбачыць дзіця гэты свет. Апошнія тры месяцы яна ляжала ў бальніцы на захаванні. У яе за плячыма ўжо быў адзін аборт, яна мела амаль трыццаць гадоў, і прагнозы былі не найлепшыя. Дактары часта паўтаралі, што варта быць гатовымі да ўсяго. Гэтае бездапаможнае чаканне і адмова думаць пра найгоршае на Ёахіма паўплывала мацней, чым на яе. Калі ж першынец урэшце нарадзіўся, то быў сапраўды маленечкі, дробненькі, з жаўтаватым зморшчаным цельцам. Дактары пацвердзілі, што ён абсалютна здаровы, і Ёахіма ахапіла эйфарыя.
З таго часу ён лічыў свайго сына ідэальным. Леварукасць, што ў пэўны момант стала відавочнай, гэты ідэал крыху парушала. Да спроб «выправіць» гэта – на шчасце, ненадоўга – далучылася і яна. А сёння сціскала зубы, калі ўспамінала, якой была ідыёткай. Не магла сабе прабачыць, што паддалася мужавым забабонам.
Калі Якуб з дзіцяці ператварыўся ў падлетка, падабенства паміж імі стала відавочным і ў іншых сферах. Як і яна, ён быў нясмелы, адстаронены і рэфлексіўны, але ўпарта стаяў на сваім, не зважаючы на меркаванне большасці, пры гэтым вельмі рэдка выказваючы ўласныя думкі ўголас. Яшчэ ён быў страшна самакрытычны і з любой нагоды пачынаў сумнявацца, пасля чаго яго даводзілася доўга і пакутліва пераконваць. Але калі ўжо ён у чымсьці ўпэўніваўся, то не саступаў са сваёй пазіцыі нізашто. З цяжкасцю заводзіў сяброў – ды і не шукаў іх, зрэшты. У школе, як і яна, лічыўся ізгоем – чуллівы да несправядлівасці маўчун, што з цяжкасцю цэдзіць словы. Некаторыя настаўнікі называлі яго канфліктным вучнем, пыхлівым і фанабэрыстым. І гэта цалкам супярэчыла таму, як бачылі яго равеснікі: для іх ён быў крыху дзівак, але свой у дошку братан, які сячэ фішку. Ацэнка настаўнікаў грунтавалася збольшага на тым, што Якуб задаваў нязручныя пытанні, часта выкрываў іх невуцтва, а часам дэманстраваў большыя веды, чым іхнія. Яна цудоўна памятала, што ў ліцэі была такая самая: яе таксама лічылі інтравертнай, хоць часамі і дзёрзкай, мудрылай.
Затое да бацькі Якуб быў зусім не падобны. Ёахім гэта альбо ігнараваў, альбо сапраўды не заўважаў. У адрозненне ад іх абаіх, Якуб жыў цалкам у сваім свеце. Так адасоблена, што нават бацькам цяжка было да яго дастукацца. Прытым ён не быў ні сумны, ні злосны, ні асацыяльны ў любым сэнсе гэтага слова. Проста часцей, чым іншыя, ні з кім не хацеў размаўляць. Яна неўзабаве гэта прыняла, а Ёахім усё яшчэ лічыў такія паводзіны дурнымі дзіцячымі выбрыкамі.
Зрэшты, часам Якуб паводзіўся як поўны эгаіст, а часам – як бязмежна эмпатычны альтруіст, гатовы да ахвяр. Яна памятае выпадак, калі яго клас – Якубу тады было адзінаццаць – збіраўся на экскурсію ў Кракаў і Вялічку. Выдаткі былі вялікія, а для некаторых бацькоў – дык і непад’ёмныя. Прынамсі, для бацькоў Ігара, Якубавага суседа па парце. І Якуб зрабіў незвычайны ўчынак: сабраў у скрынку ўсё, што адкладаў на новы камп’ютар, – кішэнныя, грошы, падораныя на дзень нараджэння і Каляды, тое, што атрымаў ад бацькі за мыццё машыны, выручанае з продажу цацак на блышыным рынку – і паставіў перад імі за сняданкам, просячы, а потым і настойваючы, каб яны перадалі гэта Ігаравым бацькам – на экскурсію. Справа была вельмі далікатная: яны ж не маглі проста пазваніць тым людзям і паведаміць ім пра Якубаў жэст, бо гэта тое самае, што сказаць: «Вы такія бедныя, мы хочам вам дапамагчы». Бедных людзей шмат, але ніхто не хоча чуць гэта ад іншых. Яна сустрэлася з выхавацелькай Якуба і перадала грошы ёй.
Ігаравы бацькі іх не ўзялі, абураныя тым, што нехта смее лезці ў іх жыццё. Яны тлумачылі, што акурат у тыя дні ў бабулі Ігарка залатое вяселле, а яно важнейшае за нейкую там экскурсію. Калі выявілася, што Ігар не едзе, Якуб таксама адмовіўся – упёрся, што без аднакласніка не хоча. Гэта было цяжка зразумець, бо хлопцы нават не сябравалі. У Якуба ўвогуле сяброў не было, а Ігар быў такім жа яго аднакласнікам, як іншыя.
Калі Якуб скончыў пачатковую школу і перайшоў у гімназію, яго ізаляцыя зрабілася яшчэ больш відавочнаю. Спачатку яны тлумачылі сабе гэта зменай атачэння, новым асяроддзем, сур’ёзнейшымі патрабаваннямі. Але яна сачыла за сынам з усё большай трывогай, бо часта бачыла яго задуменным, сумным, заглыбленым у сябе. Ён ішоў у школу, а па вяртанні хаваўся ў сваім пакоі, рабіў урокі, потым уключаў камп’ютар ці чытаў кнігі. Здаецца, менавіта тады ён вельмі аддаліўся ад бацькі, які захапляўся ім у дзяцінстве, а цяпер гэтак жа адкрыта выказваў сваё расчараванне сынам.