Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 22
Калодзежная жонка і Залаты грабянец
ОглавлениеВырашыў мужчына ажаніцца. Лёгка было сказаць, ды цяжка зрабіць, бо надумаў мужчына знайсці сабе найпрыгажэйшую ва ўсім свеце жонку. Куды ён толькі ні лётаў! У якіх краях ён толькі ні шукаў! Пэўна, тры разы абляцеў, абшукаў і агледзеў той апантаны мужчына ўвесь свет, ажно пакуль не знайшоў аднавокага ведзьмака, які параіў пайсці жаніху ў Белавежскую пушчу, знайсці тамака закінуты калодзеж, схавацца побач з калодзежам у зарасніку шыпшыны і ноч перачакаць. На досвітку вада ў калодзежы падымецца і паўстане з той крынічнай вады найцудоўнейшая ў свеце жанчына. Аднаго не ведаў аднавокі дарадца: як тую цудоўную прыгажуню затрымаць, бо як толькі яна некага бачыла, дык вокамгненна рассыпалася на безліч найдрабнюткіх слязінак-расінак і расплывалася ў паветры. Мужчына вырашыў папросту злавіць калодзежную прыгажуню на Залаты грабянец, які выпадкова прыдбаў у русалкі з возера Нарач. Пайшоў ён у пушчу, знайшоў калодзеж, схаваўся ў шыпшыне, а Залаты грабянец паклаў на сінюю ядвабную хустку, якую разаслаў каля самага калодзежа. Як казаў вядзьмак, так і адбылося: вада ў калодзежы ўзнялася, і выплыла з той вады доўгавалосая і яснавокая прыгажуня. Убачыла яна Залаты грабянец, падышла да сіняе хусткі. Тут мужчына і схапіў яе за руку. Толькі ён дакрануўся да найпрыгажэйшай на ўсім белым свеце жанчыны, як тая пачала рассыпацца на слязінкі-расінкі, а разам з ёю пачаў рассыпацца на расінкі-слязінкі ды раставаць у паветры і малады мужчына. Яны прапалі, зніклі, як іх і не было. Залаты грабянец і сіняя хустка дасталіся аднавокаму ведзьмаку, што, можа, і цалкам справядліва.