Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 26
Шэры мост і дробныя феміністкі
ОглавлениеУ нашай сталіцы ёсць Шэры мост. Той мост ведаюць усе, бо наш галоўны праспект ідзе якраз праз Шэры мост.
Пад мостам плыве ціхая рака, а яшчэ там ёсць два праходы-праезды. У тым праездзе-праходзе, што бліжэй да пляца Перамогі, часам з’яўляўся Белы чалавек. Ён падыходзіў да мінака і прапаноўваў пакаштаваць гарэлкі. Калі мінак пагаджаўся і выпіваў з Белым чалавекам, дык спыніцца ўжо не мог, піў і піў гарэлку, пакуль не прапіваў усё чыста, пакуль не співаўся ўшчэнт і не паміраў. У кожнай казкі ёсць свой пачатак і заканчэнне. У адзін светлы дзень пад Шэрым мостам у праходзе-праездзе мінакі знайшлі труп Белага чалавека. Побач з трупам ляжалі дзве пластыкавыя шклянкі і напалову поўная бутэлька белай. Дасведчаныя людзі распавядалі, што адзін мужчына, якога спакусіў гарэлкай Белы чалавек, усё ж кінуў піць. Мужчына той піў, не спыняючыся, тры гады, тры месяцы і тры дні. Мужчына той сабраў волю ў кулак, заціснуў волю ў кулаку і піць кінуў. Ён кінуў піць і пайшоў пад Шэры мост. Ён узяў нож і пайшоў пад мост, бо ведаў, што Белы чалавек ізноў паспрабуе спакусіць яго белай і горкай. Чалавек сапраўды паспрабаваў спакусіць мужчыну паўнюткай шклянкай горкай і белай, за што і атрымаў нажом у жывот. Пад Шэрым мостам мінакі знайшлі скурчанага Белага чалавека з нажом у жываце. А таго мужчыну, які пад Шэрым мостам зарэзаў Белага чалавека, так ніхто і не знайшоў. Таму дробныя феміністкі пачалі казаць, што забойства спакушальніка пад Шэрым мостам здзейсніла жанчына. Ды хто ж паверыць дробным феміністкам у нашай сталіцы?