Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 21
Малы Цемрык і цвік-страла
ОглавлениеМужчына заўважыў Малога Цемрыка краем вока. Мужчына зайшоў у цёмнае памяшканне, запаліў святло і пабачыў, як Малы Цемрык пабег на танюткіх ножках у чорны закутак пад батарэяю. Тамака Цемрык і прапаў, як заўжды. Не тое каб ён моцна раздражняў мужчыну ці палохаў яго сваімі нечаканымі з’яўленнямі. Не. І шкоды ніякай вялікай Малы Цемрык не ўтвараў, але мужчына вырашыў прыбіць пачварку. Мужчына задумаў прыстрэліць Малога Цемрыка, каб той не круціўся пад нагамі. Мужчына зрабіў невялічкі арбалет, які мог стрэліць цвікам-стралой з такой сілаю, што дошка на тры сантыметры таўшчынёю лёгка прабівалася навылёт. Мужчына зайшоў у цёмны пакой, пстрыкнуў выключальнікам, навёў арбалет на Цемрыка і пусціў стралу. Цвік прабіў Малога Цемрыка і напалову загнаўся ў бетонную сцяну. Чорная, як нафта, кроў хутка выцекла з маленечкага чалавечка. Мужчына сабраў кроў анучай, якую запіхнуў у цалафанавы пакет разам з вялым цельцам застрэленай пачваркі. Мужчына першы раз пашкадаваў Малога Цемрыка ў той момант, калі пакет выкідаўся ў смеццеправодную трубу. Другі і апошні раз ён пашкадаваў Цемрыка, калі абцугамі вырываў са сцяны цвік-стралу.