Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 9

Пяць ложкаў з аргазмам

Оглавление

Няшчасце не мае асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку для няшчасця і асобны погляд на само няшчасце… Як той казаў. Адзін з нас мерае няшчасце лыжкамі заціркі, другі мерае яго бочкамі лайна і цыстэрнамі нафты, трэці – гектарамі зямлі і кіламетрамі ўзарванай чыгункі. Добра, калі тваё няшчасце змяшчаецца ў напарстак, і кепска, калі глабальны фінансавы крызіс ты ўспрымаеш за асабістую драму… Леапольд перажываў няшчасці лёгка, бо ягоная светлая галава была заўжды занятая пошукамі шчасця. Сваё шчасце ён мераў не кіламетрамі, не бочкамі і лыжкамі, а ложкамі. Ложкаў было пяць: дома, на працы, у студыі, на лецішчы і ў Вільні. Усе пяць ложкаў Леапольд любіў і трымаў у чысціні. Ну, скажы ты, якая жанчына пагодзіцца легчы ў неахайны ложак?! Мо якая дурніца і пагадзілася б легчы на брудную прасціну, мо нейкая прасталытка і без прасціны, а стоячы на прыступках у запляваным пад’ездзе пагадзілася б перапіхнуцца з Леапольдам. Дык жа ён з такімі просталядзямі справы не вёў. Хіба ж гэта шчасце – маркітавацца ў чужым брудзе і ў чужынскай гразі? Свой свежазапраўлены ложак са сваёю чыстацелай жанчынаю – такім бачыў сваё шчасце Леапольд. І бачыў яго амаль кожны божы дзень. Але шчасце зусім і не шчасце, калі табе добра, а некаму кепска. А калі кепска тваёй чыстацелай жанчыне, гэта ўжо амаль няшчасце. Таму Леапольд рабіў усё патрэбнае і заўжды кантраляваў, каб ягоная жанчына атрымлівала аргазм. Яна атрымлівала аргазм і выгуквала даўжэзнае «а». Жанчына выгуквала «а», і Леапольд следам выгукваў даўжэзна-даўжэзнае «а», і, такім чынам, ён рабіўся шчаслівейшым за ўсіх шчаслівых… І правільна той казаў, што шчасце не мае асобнай меркі для ўсіх людзей на свеце, але кожны чалавек мае сваю асобную мерку для шчасця і свой асобны погляд на самое шчасце… У ложку!

Казкі для дарослых (зборнік)

Подняться наверх