Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 12

Як чорт падміргвае

Оглавление

Дамінік пагарэў на хцівасці. Высокі, самавіты, выкшталцоны малады мужчына вырашыў парукацца з чортам. З-за чаго? А з-за прыступкі на службовай лесвіцы. З ніжэйшага сярэдняга звяна Дамініку карцела пералезці ў цэнтральнае сярэдняе звяно. Так яму праглася службовага павышэння, што сам чорт угледзеў Дамінікаву прагу кар’еры. Падкаціўся чорт да амбітнага Дамініка і прапанаваў хуткае павышэнне. Мужчына, вядома, запытаўся пра кошт паслугі. Чорт падміргнуў Дамініку і сказаў, што душу забіраць не будзе, бо не час, а пакіне сабе адно маленечкае права – падміргваць людзям Дамінікавым правым вокам. Так чалавек з чортам і дамовіліся. Дамінік хутка перапоўз на цэнтральную прыступку сярэдняга звяна, як і дакляраваў чорт. Дамініка прызначылі кіраваць палітычна-інфармацыйным сайтам і запрасілі на сустрэчу з прэзідэнтам. Дамінік падрыхтаваў і зацвердзіў пытанні. Дамінік апрануў белую кашулю пад новы чорны гарнітур ды выправіўся на прэс-канферэнцыю. Чорт, вядома, не спаў у шапку. Калі Дамінік устаў, каб задаць пытанне, галава ягоная торгнулася, а правае вока падміргнула прэзідэнту. Дамінік яшчэ тры разы паспеў высока ўскінуць падбароддзе і крыва падміргнуць першай асобе, пакуль яго вывалоквалі з залі моцнарукія ахоўнікі. За дурнаватую выхадку Дамініка выгналі з працы. Дамінік запіў. Ён бы і спіўся зусім, каб не чорт. Але, кажуць, нават чорт сваіх памагатых у бядзе не пакідае. Чорт падкаціўся раніцай да неапахмеленага Дамініка і вытаргаваў у яго душу. За што? А за шклянку гарэлкі. Пасля той шклянкі бядоты і гароты Дамініка скончыліся раз і назаўжды, бо ён выпіў усё да кроплі і перадаў чорту душу і цела.

Казкі для дарослых (зборнік)

Подняться наверх