Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 10
Права дрэва на шпакоўню
ОглавлениеАркадзь, мянушка Замок, Вікенцій, мянушка Ціхі, і Алесь, мянушка Масон, п’юць у летняй кавярні гарэлку. Цёплы вечар спрыяе таму, каб піць гарэлку і закусваць яе салёнай сёмгаю. Мужчыны дапіваюць ужо другую пляшку, калі Алесь устае і кажа, што пойдзе пасцаць.
«Масон сваю чорную папку з даносамі забыў!» – заўважае Аркадзь і паказвае на тонкую скураную папку, што ляжыць на чырвоным жалезным крэсле. «Давай насцым у папку з даносамі. Хай Масон ведае, што пісаць даносы – хуёва!» – прапаноўвае Вікенцій. Тым часам панад горадам бязгучна пралятае празрысты анёл. «Супакойся, Ціхі. Калі чалавеку падабаецца пісаць даносы і змагацца за правы дрэваў на шпакоўні, хай сабе піша!» – кажа Аркадзь і разлівае з трэцяй пляшкі гарэлку па стограмовых чарках. «Раней Масон папкі ніколі не пакідаў. Праўда, Замок?» – пытаецца Вікенцій. «Раней ён змагаўся за новы рэжым і найноўшы парадак, а цяперака ён адстойвае правы дрэваў і правы птушак…» Алесь, вярнуўшыся з прыбіральні, пачынае выціраць рукі папяровымі сурвэткамі. «Мы тут збіраліся насцаць у тваю чортаву папку, ды не паспелі!» – Вікенцій выскаляецца на Алеся. «Вырадкі!» – шчэрыцца той і ўздымае поўную, як вока, чарку.