Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 11

Пагоня

Оглавление

Дзёрзкі Гор вырашыў уступіць у таемнае таварыства, каб даведацца ягоныя сакрэты і пра ўсё расказаць народу. Гор прайшоў патрэбныя іспыты, бліснуў розумам і заслужыў выдатную адзнаку за паводзіны. Сваю задуму ён захоўваў у глыбокай таямніцы, і таму быў дапушчаны да пасвячэння, якое падалося яму складаным і жудасным абрадам. Спачатку цырымонія праходзіла адкрыта – кандыдаты пакланяліся багам, прыносілі ахвяры і ладзілі шэсце з паходнямі, выконвалі сакральныя пантамімы і танцы. Пасля гэтага пачыналася патаемная частка абраду. Тыя, каго пасвячалі, сабраліся ў цёмнай залі. Раптам з жудасным рыпеннем адчыніліся дзверы. Юнакі зрабілі крок наперад. Загула бура, заракатаў гром, пад нагамі заварушыліся змеі. Пошугі маланак высвечвалі ў цемры акрываўленыя трупы. Потым запала гнятлівая ціша. Гор убачыў Тартар і бездань, з якой сыходзіў смуродлівы пах паленай серы. Тут ён і пачуў размову рабочых, якія ладзілі гэтыя жудасці і дзівосы. Адзін казаў другому: «Як толькі я стаў дэманстраваць змеяў, нейкі небарака не вытрымаў і паваліўся». Гутарка ішла пра неафіта, які ад страху страціў прытомнасць. «Падман! – скеміў Гор. – Што ж са мною будзе далей?» Але ён ужо стаяў перад шасцю жрацамі, якія размясціліся каля стала з чарапамі. «Вучань! – сказаў адзін з іх. – Паглядзі на гэтыя косткі. Тут чарапы тых, хто парушыў таямніцу. Хопіць у цябе мужнасці, каб прайсці апошняе выпрабаванне?» – «Хопіць!» – «Тады пакляніся барадою Дэміурга, што хутчэй пазбавішся жыцця, чым раскрыеш адну з нашых таямніцаў». – «Клянуся!» – усклікнуў Гор. Яшчэ ён прайшоў праз поле смерці, сустрэўся з цыклопам і наведаў Цэрбера, які вартаваў бездань. Гор зноўку пераканаўся, што жрацы ўмелі ствараць ілюзіі. «Але, – разважаў ён, – як усе гэтыя іхнія намаганні могуць навучыць мяне дабрадзейнасці?» Нарэшце Гор стаяў перад найвышэйшым жрацом. Той сказаў: «Ад імя магутнай багіні Цэцэры надаю табе годнасць жраца! Як і твае браты, ніколі не здраджвай дабрадзейнасці. Ніколі не забывай і заўсёды шануй багоў ды іх служак». – «Вялікі служка Цэцэры! – звярнуўся Гор да жраца. – Прамаўляючы каля ног тваіх словы ўдзячнасці, ці магу я спытаць, а ў чым таямніца гэтых містэрыяў?» – «Мы імкнемся да авалодвання таямніцамі прыроды! – адказаў жрэц. – У нас існуе два віды навучання: адзін – для цёмных натоўпаў, другі – для дасведчаных мудрацоў. Першы – гэта прыдуманыя людзьмі і прыпісаныя багам міфы. Другі ўтрымлівае ў сабе касмагонію, астраномію і геаметрыю, якія даюць нам разуменне з’яваў прыроды і якія народ лічыць звышрэальнымі. Захоўваючы ў таямніцы гэтае вучэнне, мы ўзвышаемся па-над натоўпам». – «Мяркую, сябрам народу не стане той, хто схавае спасцігнутую ісціну! – заўважыў Гор. – Калі такая ісціна робіць людзей лепшымі, яны павінны ведаць яе». – «Усе натоўпы неразумныя і легкаверныя», – цярпліва запярэчыў вярхоўны жрэц. «Атрымліваецца, вы карыстаецеся чалавечай недасведчанасцю. Няўжо вы не баіцёся, што таемнае зробіцца відавочным?» – «Змоўкні! – усклікнуў раз’юшаны жрэц. – За выкрываннем таямніцаў прыйдзе немінучае пакаранне!» Гор уцёк з храму. Услед за ім пайшлі дасведчаныя. Пагоня выправілася забіць клятвапарушальніка і забіла.

Казкі для дарослых (зборнік)

Подняться наверх