Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 18
Белая нітка і новая сталіца
ОглавлениеКазку гэтую я пачуў ад сваёй бабы Броні. Пачуў я казку пра Белую нітку даўно, пачуў і забыўся, а тут пабачыў кончык звычайнай чорнай ніткі, што вытыркалася з-пад гузіка на кашулі, пабачыў і пацягнуў за яго. Ёсць у кончыка ніткі такая якасць – прымушае пацягнуць. Трэба ці не трэба, а пацягнеш. Пацягнуў – і выцягнуў усю нітку з гузіка, той адваліўся ад кашулі, упаў на падлогу, падскочыў і пакаціўся пад канапу. Давялося класціся на падлогу і даставаць гузік. Дастаў, тут і згадалася казка пра хлопчыка-пастуха, які пасвіў авечкі каля возера Свіцязь. Падышоў хлопчык да возера, а вада ў Свіцязі чыстая-чыстая, светлая-светлая, празрыстая-празрыстая. І ўбачыў пастух Белую нітку на вадзе ў Свіцязі. Узяў хлопец канец ніткі і пачаў цягнуць, а нітка цягнецца і цягнецца, цягнецца ды не сканчаецца. Пачаў пастух змотваць Белую нітку ў клубок. Калі зматаў ён клубок памерам з гусінае яйка, пабачыў, як з возера выплывае горад. Хлопчык цягне нітку і выцягвае з-пад вады цэлы горад з палацамі ды касцёламі, з цэрквамі ды кірмашамі… У горадзе тым народу процьма, і ўсе вясёлыя…
Адно што сабака злы выскачыў з-пад крамнай брамы ды паляцеў з брэхам наўпрост на пастуха. Той спалохаўся, кінуў клубок у Свіцязь і – уцякаць. Адбегся, азірнуўся, а горад ужо зноў схаваўся пад азёрнай вадою. Людзі кажуць, што каб хлопец не змотваў Белую нітку ў клубок, а прывязаў яе да хвойкі, дык чароўны горад Свіцязь так і застаўся б стаяць, а Беларусь атрымала б новую сталіцу. Чарадзейства чарадзействам, а пакуль сталіца ў нас яшчэ старая, давядзецца мне простай ніткаю прышыць да простай кашулі просты гузік.