Читать книгу Казкі для дарослых (зборнік) - Адам Глобус - Страница 28

Ружовая качачка

Оглавление

У адной дзяўчынкі была ўлюбёная цацка – Ружовая качачка. Дзяўчынка, колькі сябе памятала, столькі помніла і сваю Ружовую качачку. Цацка тая была пластмасавая, таму з часам яна і парэпалася, і падрапалася, і пачала страчваць пяшчотна-ружовы колер. Нягледзячы ні на што, дзяўчынка любіла сваю цацку. З ёй яна тры разы на тыдзень песцілася ў гарачай ванне. Без Ружовай качачкі дзяўчынка ў ванну ніколі не залазіла. Качачка абавязкова пускалася паплаваць па празрыстай вадзе перад прыняццем ванны. Паціху-патроху дзяўчынка вырасла ў вялікую і таўсматую дзяўчыну, а яе Ружовая качачка моцна састарэла. Напярэдадні свята ўсіх закаханых і святога Валянціна дзяўчына, гуляючы па крамах, убачыла чырвоную качачку. Чырвоная цацка была рыхтык Ружовая качачка, адно што колер крыху іншы, крыху цямнейшы і крыху гусцейшы. Дзяўчына набыла сабе новую цацку, а старую выкінула ў вядро са смеццем. Увечары дзяўчына пачала набіраць ванну і пусціла па вадзе новую, бліскучую чырвоную качачку. Праз нейкі час вялікая дзяўчына распранулася і залезла ў прыемную цеплыню. Дзяўчына выпрасталася і заплюшчыла вочы. Яна не бачыла, як у ванную бязгучна заляцела Ружовая качачка. Яна пачала расці, павялічвацца і шырыцца ва ўсе бакі. Яна павялічылася так, што заняла ўсю вольную прастору ў ванным пакоі. Дзяўчына расплюшчыла вочы і пабачыла вакол сябе старую, парэпаную ружовую пластмасу, якая павольна і няспынна наплывала на яе. Ружовая пластмаса націснула на дзяўчыну так, што той давялося сысці пад ваду і тамака захлынуцца. Праз якую гадзіну маці тоўстай дзяўчыны знайшла сваю дачку мёртвай у ванне, што была поўная чыстай вады, на якой нерухома стаяла Ружовая качачка. Услед за дактарамі, маці палічыла гэтую заўчасную смерць за недарэчны выпадак, які здарыўся ў дзень святога Валянціна, на свята ўсіх закаханых і ўсіх раўнівых.

Казкі для дарослых (зборнік)

Подняться наверх