Читать книгу Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг. - Аляксандр Гужалоўскі - Страница 2

Уводзіны

Оглавление

Базавыя інстынкты чалавека, у тым ліку сэксуальны, ніводная чалавечая цывілізацыя не была здольная забараніць ці адмяніць. Тым не менш усе цывілізацыі выпрацоўвалі сістэмы рэгулявання сэксуальнага інстынкту ў выглядзе маральных і юрыдычных забарон. Таталітарныя дзяржавы, што існавалі ў ХХ ст., пайшлі далей і паспрабавалі выкарыстаць сэксуальную энергію насельніцтва – гэты адвечны рухавік – як інструмент сацыяльнага праектавання. У СССР імкнуліся змяніць сэксуальнасць і сэксуальныя паводзіны людзей у залежнасці ад змены кіраўнікоў дзяржавы і палітычнага курсу краіны. Сэксуальнасць у Савецкім Саюзе прайшла цыкл ад нечуванай свабоды 1920-х гг. праз кансерватызм эпохі сталінізму і адносна ліберальныя дзесяцігоддзі «развітога сацыялізму» да сэксуальнага буму канца 1980-х – пачатку 1990-х гг.[1]

Ва ўсе гістарычныя перыяды культурная норма звязвала сэксуальнасць з рэпрадуктыўнай функцыяй, якая рэалізоўвалася ў форме сям’і. Кожны чалавек акрамя сацыяльнага статусу, этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, а таксама маёмаснага становішча з моманту нараджэння і да канца жыцця меў такую характарыстыку, як сямейна-шлюбнае становішча. Менавіта таму стварэнне сям’і для кожнага чалавека лічылася неабходным і натуральным. Калі малады чалавек ці дзяўчына, якія дасягнулі пэўнага ўзросту, не бралі шлюб, то гэта выклікала здзіўленне і плёткі. Заключэнне шлюбу кантралявалася, з аднаго боку, сямейна-шлюбным заканадаўствам, а з другога – звычаёвым правам.

Важнасць для дзяржавы інстытуту шляхецкай сям’і прадэманстравалі статуты Вялікага Княства Літоўскага. Так, згодна са Статутам 1529 г. забаранялася вянчанне хлопцаў, якія не дасягнулі 18 гадоў, і дзяўчат, маладзейшых за 15 гадоў (у сялянскім асяродку былі і больш раннія шлюбы). Замуж дзяўчына магла пайсці толькі са згоды бацькоў ці апекуноў, калі ж яна рабіла гэта самавольна, то пазбаўлялася пасагу. Вядома, воля жанчыны ці дзяўчыны ўлічвалася, нават калі гэта насіла фармальны характар. За згвалтаванне прадугледжвалася пакаранне смерцю. Толькі згода дзяўчыны на шлюб са злачынцам выратоўвала яго ад смяротнага прысуду. Статут уводзіў тэрмін «бенкарт» – пазашлюбнае дзіця, якое нарадзілася ад нявенчанай жонкі альбо ад якога адмовіўся бацька і засведчыў гэта ў сваім тэстаменце. Бенкарты мелі дыскрымінацыйны статус.

Статут 1566 г. забараняў бігамны шлюб. Мужчына, які меў венчаную жонку і ажаніўся з другой жанчынай без скасавання папярэдняга шлюбу, падлягаў смяротнаму пакаранню. Калі жанчына ведала пра гэты факт, яна таксама каралася. Статуты разглядалі дашлюбныя і пазашлюбныя стасункі як заганныя і забароненыя. Але пакаранне ўводзілася толькі для асоб жаночага полу. Дзяўчына пазбаўлялася спадчыны і адпаведна пасагу, калі вяла распусны лад жыцця. Статут 1566 г. абавязваў бацькоў і сваякоў сачыць за паводзінамі жанчын. Пакаранне «горлам» прызначалася за пералюб абодвум – мужчыну і жанчыне. Муж меў права забіць абодвух, і за гэта не было пакарання.

Шлюб шляхты ў Вялікім Княстве Літоўскім мог быць спынены з некалькіх прычын, такіх як фізічная смерць аднаго з сужэнцаў, прызнанне шлюбу несапраўдным, скасаванне шлюбу. Упершыню артыкул аб разводзе, які рэгуляваў маёмасныя адносіны сужэнцаў і вызначаў статус дзяцей, з’явіўся ў Статуце 1566 г. Разводы ажыццяўляліся як праз духоўныя, так і праз свецкія суды. Духоўныя суды не мелі права разбіраць маёмасныя пытанні. Затое духоўны суд высвятляў адпаведнасць заяўленым сапраўдных прычын разводу (пералюб, фізіялагічныя перашкоды, жаданне прыняць пострыг і як выключэнне – нязгода ў сумесным жыцці).

Пакаранне смерцю прызначалася распуснай жанчыне, якая нарадзіла дзіцё, а потым яго забіла з прычыны сораму ці страху (паводле магдэбургскага права яе закопвалі жыўцом). У Статуце 1588 г. было ўведзена пакаранне зводнікам абодвух палоў за намаўленне замужніх і незамужніх жанчын займацца прастытуцыяй. Зводнікам адразалі нос, вушы і вусны. За падобную паўторную правіну каралі смерцю. Падобным чынам караліся таксама кровазмяшальнікі, тыя, хто ўступаў у сэксуальныя стасункі з духоўнымі асобамі, а таксама прафесійныя прастытуткі («вшэтэчніцы»)[2].

Устаноўкі на заключэнне шлюбу былі вельмі моцныя сярод усіх слаёў грамадства Вялікага Княства Літоўскага. Падобныя ўстаноўкі фарміравалі ўсеагульны характар шлюбнасці насельніцтва Рэчы Паспалітай. Адной з галоўных прычын, якія вызначылі ўсеагульнасць шлюбнасці, было традыцыйнае стаўленне да сям’і як да абавязку перад Богам і грамадствам. Падобныя каштоўнасныя ўстаноўкі базаваліся на рэлігійным светапоглядзе людзей.

Інстытут шляхецкай сям’і, які былі закліканы абараняць статуты, моцна паслабеў у сувязі з сямейна-шлюбным крызісам, што ахапіў сацыяльную эліту ўсёй Еўропы ў галантнае ХVІІІ стагоддзе. Гэта быў час пачуццёвага геданізму, калі, паводле трапнага выразу Э. Фукса, «цнатлівасць, сціпласць, вернасць, як і іншыя маральныя прынцыпы, лічыліся перажыткам»[3]. Стала добрым тонам мець каханага ці каханку. Сціпласць высмейвалася. Пазашлюбныя сувязі падкрэслена афішавалі. Усё больш шляхціцаў-сужэнцаў жылі «ў сепарацыі». Муж шукаў уцехі на фальварку, сярод прыгонных маладзіц, а жонка – сярод рэзідэнтаў і слуг.

У гэты час удзельнікі гродзенскіх баляў пасля танцаў з амаль аголенымі жанчынамі знікалі ў спецыяльныя наёмныя пакоі або карэты. Брат караля Станіслава Аўгуста К. Панятоўскі вазіў у карэце артыстку тэатра Юзэфку ў касцюме Евы. Князь Іеранім Радзівіл меў тры афіцыйныя жонкі – Тэрэзу Сапегу, Магдалену Чапскую і Анжаліку Менчынскую. Стары рускі генерал І. Я. Ферзен падчас кватаравання ў Нясвіжы меў трох каханак з мясцовай шляхты. Губернатар Магілёўскага намесніцтва П. Б. Пасек адкрыта жыў з каханкай М. Салтыковай. Князь І. Р. Гарчакоў у сваёй рагачоўскай рэзідэнцыі саджаў абедаць разам з гасцямі каханку – прыгонную дзеўку Парашу.

Галантнае стагоддзе паспрыяла сэксуальнаму разняволенню жанчын. Мецэнатка і калекцыянер Ганна Ябланоўская жыла асобна ад мужа, не ўмешваючыся ў яго прыватнае жыццё. Урач Саламея Русецкая змяніла некалькі мужоў, каханкаў, а дзяцей перадала на выхаванне ў кляштар. Тэафіля Радзівіл, якая ў карыстанні зброяй не саступала мужчынам, насуперак волі свайго брата «пане Каханку» ўцякла са сваім абраннікам у Львоў. У вір ліберальных сэксуальных адносін услед за шляхтай уцягваліся прадстаўнікі «простага народу» ў асобах лакеяў, цырульнікаў, пакаёвак і іншай прыслугі[4].

Імкненнем умацаваць інстытут сям’і кіраваліся аўтары Законаў грамадзянскіх Зводу законаў Расійскай імперыі 1830 г., якія з дапаўненнямі дзейнічалі да 1917 г. Згодна з імі вянчанне адбывалася ў прыходскай царкве аднаго з будучых сужэнцаў, г. зн. шлюб не быў свецкім. Вянчанню папярэднічала абвяшчэнне. Для ўступлення ў шлюб вельмі важна было атрымаць згоду бацькоў незалежна ад узросту жаніха і нявесты (а для афіцэраў і гімназічных настаўнікаў яшчэ і начальства). Шлюб, заключаны без згоды бацькоў, тым не менш, прызнаваўся сапраўдным, але дзеці пазбаўляліся права атрымліваць у спадчыну маёмасць бацькоў паводле закону, калі бацькі ім не даравалі. Месца жыхарства жонкі вызначалася па месцы жыхарства мужа. Жонка мусіла ісці за ім, у адваротным выпадку яна магла быць змешчана ў дом мужа прымусова. Жонка была абавязаная насіць прозвішча мужа і прытрымлівацца яго стану. У шлюб забаранялася ўступаць блізкім сваякам, а таксама хлопцам да 18 і дзяўчынам да 16 гадоў. Шлюбам не стваралася агульная маёмасць мужа і жонкі, кожны з іх мог мець і набываць асобную маёмасць.

Бацькі не толькі мелі права, але былі абавязаны выхоўваць уласных дзяцей. Мэтай выхавання была падрыхтоўка дзяцей да карыснай дзейнасці: сыноў – да службы, дачок – да выканання абавязкаў жонкі і маці. Бацькі таксама мусілі ўтрымліваць непаўналетніх дзяцей у адпаведнасці з уласнымі магчымасцямі. Права бацькоў фізічна караць дзяцей так і не было адменена ў дарэвалюцыйнай Расіі. Улажэнне пра пакаранні дазваляла па патрабаванні бацькоў заключаць дзяцей у турму на тэрмін ад трох да чатырох месяцаў за непадпарадкаванне бацькам або распуснае жыццё. Для разгляду скаргаў бацькоў на дзяцей быў створаны адмысловы суд гонару, які не толькі вёў разбіральніцтвы, але і прыміраў бакі. Пазбаўлення бацькоўскіх правоў тагачаснае расійскае заканадаўства не ведала.

Бацька быў абавязаны ўтрымліваць незаконнанароджанае дзіця і яго маці, але гэтае ўтрыманне разглядалася не як аліменты, а як кампенсацыя шкоды. Адпаведна да 1902 г. патрабаванні аб іх утрыманні разглядаліся не грамадзянскім, а крымінальным судом. Усынаўленне дазвалялася ўсім саслоўям акрамя дваран, якія маглі гэта рабіць толькі ў дачыненні да сваякоў. Згодна з Крымінальным улажэннем 1903 г. існавала адказнасць за аборт і для лекара і для маці ў выглядзе турэмнага зняволення да 6 і 3 гадоў адпаведна.

Працэдура разводу ў імператарскай Расіі была вельмі складанай. Шлюбаразводны працэс ажыццяўляўся судамі духоўных кансісторый. Развод па ўзаемнай згодзе наўпрост забараняўся 46-м артыкулам Законаў грамадзянскіх. Нагодамі для разводу з’яўляліся: пералюб мужа ці жонкі, знаходжанне ў двух шлюбах, няздольнасць да шлюбнага сужыцця, адсутнасць мужа звыш 5 гадоў, замах на жыццё сужэнца, прыняцце манаства, ссылка ў катаржныя работы з пазбаўленнем усіх правоў. Пералюб з’яўляўся адначасова крымінальным злачынствам і мог разглядацца таксама крымінальным судом па скарзе другога сужэнца. Суд меў права пакараць вінаватага турэмным зняволеннем тэрмінам ад трох да васьмі месяцаў, а яго саўдзельніка – тэрмінам ад двух да чатырох месяцаў, калі ён быў нежанаты, і тэрмінам ад чатырох да васьмі месяцаў, калі ён знаходзіўся ў шлюбе. Вінаватаму ў блудзе сужэнцу пасля разводу дазвалялася ўступіць у новы шлюб толькі пасля царкоўнага пакаяння. Напрыклад, у 1809 г. мінская духоўная кансісторыя дала згоду на развод настаўніка філасофіі мінскай семінарыі П. Занчэўскага з жонкай Аленай і наклала на апошнюю як на «публічную блудніцу» епітымію ў выглядзе 7-гадовага пакаяння ў слуцкім жаночым манастыры. Шлюбаразводныя справы магнатэрыі вырашаліся на найвышэйшым узроўні. Так, імператар Аляксандр І у 1816 г. асабіста займаўся шлюбам удавы князя Д. Радзівіла Т. Мараўскай і князя А. І. Чарнышова, а праз тры гады іх разводам[5].

Расійскае шлюбнае заканадаўства, як свецкае, так і кананічнае, заўсёды будавалася на аснове рэлігійных правілаў. Таму асобы розных веравызнанняў траплялі пад дзеянне розных законаў у залежнасці ад прадпісанняў сваёй рэлігіі. Шлюб паміж каталікамі быў непарыўны, дазваляліся толькі сепарацыі – судовае разлучэнне сужэнцаў. Уступіць у новы шлюб сужэнцы, якія атрымалі рашэнне аб сепарацыі, не маглі. Пратэстанцкая царква дапускала большую свабоду разводаў, у тым ліку ў выпадку «агіды мужа да шлюбнага жыцця». Паводле юдэйскіх рэлігійных законаў муж мог развесціся са сваёй жонкай пры наяўнасці любой сур’ёзнай прычыны. Жонка ж мела права патрабаваць разводу толькі ў строга вызначаных выпадках. Мусульманам дазвалялася заключаць палігамны шлюб. Развод паміж мусульманамі рэгуляваўся законамі шарыяту, якія прадуледжвалі развод па ўзаемнай згодзе і па волі мужа ў аднабаковым парадку[6].

У шляхецкім саслоўі на працягу ХІХ ст. пераважалі шматдзетныя сем’і, а ў іх – патрыярхальна-аўтарытарныя адносіны. Галава сям’і меў унутры яе амаль неабмежаваную ўладу, аднаасобна распараджаўся сямейнай маёмасцю і асабістым лёсам кожнага з яе членаў, прадстаўляў сям’ю ў знешніх сувязях. Распараджэнні бацькі было трэба выконваць беспярэчна, да непаслухмяных ужываліся пакаранні, у тым ліку фізічныя. Усе працы падзяляліся на мужчынскія і жаночыя: першыя рабіліся пад наглядам гаспадара, другія – гаспадыні. Галоўным абавязкам жанчыны была арганізацыя сямейнага побыту, яе сэксуальнасць жорстка кантралявалася галавой сям’і. Нават з’яўленне незамужняй дзяўчыны па-за межамі дома без суправаджэння сваякоў было сур’ёзным парушэннем тагачасных этычных норм. Мужчыны мелі значна большыя магчымасці для сэксуальных сувязей, у тым ліку пазашлюбных. Гэтаму спрыялі частыя і доўгія падарожжы па службовых і маёмасных справах. Падобныя сувязі жанатых мужчын у пераважнай большасці выпадкаў не прыводзілі да разводаў. Пазашлюбныя сэксуальныя адносіны жанчын лічыліся непрымальнымі для далейшых сямейных адносін і звычайна сканчаліся разлукай.

Спецыфічны менталітэт беларускай шляхты не заўсёды ўкладаўся ў рэчышча сямейна-шлюбнай традыцыі і заканадаўства. В. Дунін-Марцінкевіч, працуючы ў сярэдзіне 1830-х гг. у Вільні сакратаром ссуднай канторы, закахаўся і выкраў 15-гадовую дачку гаспадара, пасля чаго патаемна абвянчаўся з ёю. 18-гадовы канцылярыст упраўлення маёмасцю Радзівілаў у Нясвіжы У. Сыракомля ў 1840 г. закахаўся ў 13-гадовую пляменніцу свайго начальніка і праз некалькі гадоў ажаніўся з ёю. Яго наступнае каханне да жонкі А. Кіркора, акторкі Г. Маеўскай прывяло да сепарацыі апошніх. Спадкаемніца старажытнага беларускага роду Корвін-Крукоўскіх, першая ў свеце жанчына – прафесар матэматыкі С. Кавалеўская, каб насуперак бацькоўскай забароне паступіць у Гейдэльбергскі ўніверсітэт, у 1868 г. пайшла на фіктыўны шлюб са знаёмым нігілістам[7].

Дарэвалюцыйнаму беларускаму гораду, гэтаксама як і шляхецкай сядзібе, была ўласціва патрыярхальнасць сэксуальна-сямейных адносін. Культурнай нормай з’яўляліся інтымныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай, а таксама нараджэнне дзяцей у межах шлюбу, звычаі сватаўства і вяселля, дамінантная роля мужчыны-бацькі. Разам з тым сацыяльна-эканамічная мадэрнізацыя, якая значна паскорылася пасля адмены прыгоннага права, адбілася на сямейна-шлюбных адносінах і сэксуальнай маралі перш за ўсё гараджан. Гэты працэс суправаджаўся дэзарганізацыяй традыцыйнай сям’і – паслабленнем пачуцця сямейных абавязкаў, адчужэннем родных людзей, парушэннем традыцый шматдзетнасці, бацькоўскай і шлюбнай вернасці. Так, у 1908 г. у Мінску за мнагажонства быў арыштаваны нейкі Прэйс, які за 9 гадоў здолеў аформіць шлюб з 30 жанчынамі[8]. Этнограф і фалькларыст А. Я. Багдановіч апісвае «вытанчаны цынізм і вычварнасць», якія панавалі ў кандытарскай Шэнінга на Петрапаўлаўскай вуліцы ў Мінску. Кожны майстар там меў па некалькі каханак, прызначаных на пэўныя дні. А аднойчы А. Я. Багдановіч убачыў двух майстроў, якія разам дзялілі ў ложку адну жанчыну.

Істотныя змены на мяжы ХІХ і ХХ стст. адбываліся ў сем’ях гарадскіх прамысловых рабочых. Хуткі працэс нуклеарызацыі рабочай сям’і суправаджаўся парушэннем яе патрыярхальнай канструкцыі, што было перш за ўсё выклікана неабходнасцю працаваць усім яе членам, у тым ліку непаўналетнім дзецям. На пралетарскія сем’і адмоўна ўздзейнічалі дрэнныя жыллёвыя ўмовы, нізкая аплата працы, невысокі ўзровень адукацыі і культуры, а таксама п’янства. А. Я. Багдановіч згадвае рабочых дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Мінску, якія ў дні заробку, пасля выпіўкі, «натоўпам» накіроўваліся ў публічныя дамы, дзе жаночым целам гандлявалі па цане ад 50 капеек да 1 рубля[9].

Дарэвалюцыйныя ўлады і грамадства Беларусі ставіліся да прастытуцыі як да непазбежнага ліха. Гандаль жаночым целам рэгламентаваўся, кантраляваўся, сачылі за тым, каб ён займаў маргінальнае становішча ў гарадах. Тым не менш гэтая з’ява атрымала вялікае пашырэнне ў беларускіх губернях. У 1889 г. на Беларусі прастытуцыяй займаліся 624 жанчыны. У 1908 г. ужо ў адным толькі Мінску была зарэгістравана 531 прастытутка. Каб атрымаць рэальную карціну, гэтыя лічбы трэба павялічваць у пяць, а можа і ў дзесяць разоў. Падчас Першай сусветнай вайны акрамя армій краін, што ў ёй удзельнічалі, сфарміравалася яшчэ адна армія, якая была запатрабавана вайскоўцамі ўсіх нацыянальнасцей, – армія прастытутак. Беларусь, якую вайна падзяліла лініяй фронту, з’яўлялася месцам іх вялікай канцэнтрацыі. Пачынаючы з 1914 г. Мінск стаў месцам прыцягнення жрыц кахання з усёй Расійскай імперыі[10].

Размыццё традыцыйных сямейных каштоўнасцей адбывалася таксама пад уздзеяннем жаночага руху, які напачатку ХХ ст. набыў арганізацыйныя формы. Адзін са шматлікіх жаночых гурткоў, што паўсталі ў той час на абшарах імперыі, з 1911 г. дзейнічаў у Мінску. Разам з патрабаваннямі сацыяльнага і эканамічнага вызвалення жанчын яго лідары ўключылі ў павестку дня змаганне з непадзельнай уладай у сям’і бацькі і мужа. Падобны пункт не быў навіной для мінчанак, бо яшчэ ў 1890 г. газета «Мінскі лісток» заклікала маладых жанчын «…змагацца з мужам да канца, бо гэта перамога ёсць справа вялікай важнасці»[11].

Тыя, хто звязваў гендарную няроўнасць з класавай барацьбой і знішчэннем інстытутаў прыватнай уласнасці, шукалі новыя формы адносін паміж паламі ў рамках марксізму. Член РСДРП(б) ураджэнка Магілёва А. М. Беленькая ў сваіх успамінах перадае тое, як адбываліся гэтыя пошукі ў жаночай камеры Пішчалаўскага замка, дзе ўтрымліваліся ўдзельніцы рэвалюцыйных падзей 1905 г.: «Некаторыя выказваліся, што рэвалюцыянер увогуле не мае права кахаць. Іншыя, наадварот, казалі, што кахаць мае права кожны. Але сям’я абцяжарвае рэвалюцыйную работу жанчыны, бо дзеці застаюцца ў яе на руках… Большасць камеры выказалася ў тым духу, што каханне рэвалюцыянераў адрозніваецца ад кахання звычайных людзей. Тое, што іх сувязь вольная, што для іх не існуе ніякіх абавязкаў, ніякіх матэрыяльных умоўнасцей, але ёсць агульнасць інтарэсаў, робіць іх каханне моцным і працяглым… Крытыкавалі ўласніцкі інстынкт мужчыны ў дачыненні да жанчыны»[12].

Урбанізацыя, пераразмеркаванне рынку працы, збядненне дробнай гандлёва-рамесніцкай масы, што суправаджала развіццё капіталістычных адносін, назаўсёды змянілі сэксуальна-сямейнае жыццё беларускага мястэчка. Ужо згаданы А. Я. Багдановіч наступным чынам апісвае працэс дэзарганізацыі традыцыйнай сям’і ў мястэчку Халопенічы: «Напрыканцы 70-х гадоў… агульнае становішча на рынку нявест было такое, што не я шукаў збліжэння, а мяне шукалі… “перавыраб” нявест пры адсутнасці адпаведных і надзейных жаніхоў… Шкада, што ўсім ім, халопеніцкім дзяўчынам майго пакалення, выпала цяжкая, нават горкая доля… толькі адна Ліза Шаблоўская своечасова і шчасліва выйшла замуж… Усе астатнія, каго я толькі ні памятаю са сваіх равесніц, пайшлі ў жыццё цяжкім шляхам… і ўсе “не захавалі сябе”. Што гэта значыць? Ці былі яны менш стрыманыя, менш маральныя, чым іх папярэдніцы? Вядома – не: яны былі дзяўчыны сціплыя, можа быць, сціплейшыя за іншых. Але змяніліся абставіны – менавіта гаспадарчыя абставіны: няма заробкаў, няма з чым замацавацца і завесці ўласную сям’ю. Няма “пасагу”, а голую хто возьме, нават і добрую работніцу. За невялікімі выключэннямі гэта ўсё былі дзеці беднаты»[13].

У трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» таксама цяжка знайсці чыстыя, незаплямленыя адносіны паміж мужам і жонкай. У сем’ях персанажаў пануе атмасфера недаверу і жорсткасці, нявернасці і эгаізму. Новыя сэксуальныя паводзіны местачкоўцаў у апавяданні «Мутэрка» паказаў М. Гарэцкі. Прычым сэксуальна-распусныя паводзіны галоўнага героя – сялянскага сына, «абмаскаленага беларуса», рэпетытара Данілы, які адначасова жыў з 35-гадовай маці сваёй вучаніцы і заляцаўся да яе 15-гадовай дачкі, аўтар звязаў з яго адмовай ад беларускай ідэнтычнасці[14].

Існавала нацыянальна-канфесійная спецыфіка сэксуальна-шлюбных адносін яўрэйскага насельніцтва беларускіх гарадоў і мястэчак. Да прыкладу, трэба адзначыць большую ўстойлівасць у іх патрыярхальных традыцый, што тлумачылася рэлігійнымі прычынамі. Традыцыйны юдаізм прадугледжваў розныя ролі для мужчыны і жанчыны ў сэксуальнай сферы, строга кантраляваў кантакты паміж імі ў шлюбе і па-за ім. Звычайна яўрэйская сям’я з’яўлялася буйнейшай, чым хрысціянская. Значную ролю выконвала жанчына, якая часта не абмяжоўвалася хатнімі заняткамі, а займалася прадпрымальніцтвам, ствараючы матэрыяльны падмурак для сямейнага існавання. Яўрэйскія аўтары згадваюць багата трагічных гісторый пра заўчасныя шлюбы, якія часта распадаліся – часам самі па сабе, часам праз тое, што бяднелі бацькі, якія ўтрымлівалі маладзёнаў. Часта яўрэі ўступалі ў шлюб у падлеткавым узросце і сталелі разам з уласнымі дзецьмі. Нярэдкія былі выпадкі, калі жаніліся стрыечныя браты і сёстры, бо іх бацькі і дзяды імкнуліся захаваць капіталы ад падзелу[15].

Традыцыйная сям’я ў беларускіх татар, якую яны разглядалі ў якасці адзінай формы паўнавартаснага функцыянавання гаспадаркі, будавалася на пачатках Карана. Беларуская татарская сям’я была патрыярхальнай, вольнасць адносін моладзі ў ёй стрымлівалася шарыятам. Але ў ёй адсутнічаў жорсткі падзел палоў, а таксама палігамныя практыкі, што засведчыў краязнавец напачатку ХХ ст.: «Няпрыхільнасьць да полігаміі выяўляецца часам даволі яскрава. Калі адзін немясцовы мусульманін пасяліўся зь дзьвюма жонкамі сярод менскіх татар, усе суседзі выкпівалі яго, як нейкага вар’ята»[16].

Аўтарытарнымі парадкамі характарызаваліся адносіны ў сем’ях стараабрадцаў, якім былі ўласцівыя адасобленасць, замкнёнасць, рэлігійная нецярпімасць. У вялікай па памерах стараабрадніцкай сям’і панаваў дух поўнага і беспярэчнага падпарадкавання ўсіх членаў яе галаве – мужчыну. Найбольш складанае становішча ў сям’і было ў нявесткі, якая мусіла падпарадкоўвацца ўсім мужчынам незалежна ад іх узросту[17].

Галоўным захавальнікам традыцыйных сэксуальна-шлюбных адносін у Беларусі з’яўлялася вёска. Патрыярхальныя адносіны ў беларускіх вясковых сем’ях панавалі і напачатку ХХ ст. Кіраўніком вялікай непадзельнай сям’і з’яўляўся старэйшы па ўзросце мужчына-бацька. Ён адказваў за арганізацыю гаспадарчай дзейнасці, сямейны побыт, распараджаўся фінансавымі сродкамі сям’і, размяркоўваў працу сярод яе членаў, прадстаўляў сям’ю на сельскіх сходах і г. д. Яго аўтарытэт быў бясспрэчны. Жанчына ў сям’і займала другараднае становішча. Паводле звычаёвага права жанчына не магла ўзначаліць сям’ю, яна не мела права ўспадкаваць рухомую і нерухомую маёмасць, за выключэннем свайго пасагу. Нягледзячы на гэта, роля жанчыны ў сям’і была вялікая. Яна арганізоўвала паўсядзённы побыт сям’і, спрыяла фарміраванню ўнутрысямейных адносін, падтрымлівала пэўны псіхалагічны клімат. Кіраўніком сярод жанчын у вялікай сям’і была маці. Яна лічылася гаспадыняй, размяркоўвала хатнюю працу, кіравала выхаваннем дзяцей.

Сістэма дашлюбных адносін вясковай моладзі ўключала ў сябе знаёмства, заляцанне, сватанне, заручыны. Першы досвед цялеснага кантакту з прадстаўнікамі іншага полу набываўся на вячорках і падначоўках. Сумнымі наступствамі для дзяўчын мог скончыцца іх удзел у самым эратычна насычаным народным свяце – Купаллі. Разам з тым для беларускай традыцыі даволі катэгарычным было патрабаванне дзявоцкасці маладой да шлюбу. Гэтая якасць дзяўчыны маркіравала яе сацыяльнае становішча і разумелася не столькі як асабістая вартасць, колькі як сцвярджэнне сямейнага, нават родавага гонару.

Бацькі маладых людзей, а таксама самі юнакі і дзяўчаты стараліся выбіраць будучых мужа і жонку са свайго саслоўя, у сем’ях з добрым матэрыяльным становішчам і дастойнай рэпутацыяй. Абавязковым складнікам гэтага абраду было вянчанне ў царкве або касцёле. Бралі шлюб звычайна ў нядзелю або ў рэлігійнае свята, каб вяселле надоўга запомнілася ўсім членам сям’і. Адзін з заснавальнікаў беларускай этнаграфіі П. В. Шэйн пісаў у 1902 г.: «Здаецца, нідзе больш сялянскае вяселле не суправаджаецца такімі цырымоніямі і абрадамі, як у Беларусі… Змяніць або прапусціць што-небудзь з вясельнага абраду лічыцца злачынствам. Калі ж нешта падобнае адбылося падчас вяселля, то гэта ўспрымаецца як нядобрае прадвесце для маладой пары. Адным словам, абрадавы бок вяселля ўзведзены ў догмат і раўнасільны, на іх думку, царкоўнаму шлюбу»[18].

З маленства кожная дзяўчынка рыхтавалася да сваёй найгалоўнейшай функцыі – нараджаць і мець дзяцей. Цяжарная жанчына як увасабленне плоднасці выклікала да сябе павагу, ёй прыпісваўся цэлы шэраг станоўчых уласцівасцей. Хрысціянскую і народную традыцыі яднала жорсткае асуджэнне абортаў і забойстваў навароднага дзіцяці.

Род пільна сачыў за захаваннем сем’яў, нёс за іх маральную адказнасць. Развод перажываўся не толькі ўласна параю, але і родам, грамадою. Да таго ж развод рэзка асуджаўся царквою. Падставаю для царкоўнага разводу прызнаваліся здрада жонкі, няздольнасць мужа да выканання шлюбных абавязкаў, замах на жыццё аднаго з сужэнцаў. Жонка магла сысці, калі муж беспадстаўна абвінаваціў яе ў здрадзе. Пытанні кахання, характараў, удзелу ў выхаванні дзяцей, маёмасныя спрэчкі не абмяркоўваліся. Здрады мужа да ўвагі не прымаліся. Акрамя царкоўнага існаваў самавольны развод – так званы роспут, які практыкаваўся і мужамі і жонкамі. Існавала таксама такая форма вырашэння сямейных канфліктаў, як прочкі – калі жонка не магла больш трываць здзекаў мужа ці яго сям’і, яна ўцякала, бегла да бацькоў[19].

Беларускі фальклор захаваў згадкі пра сэксуальныя пазіцыі, сродкі кантрацэпцыі, дэвіяцыі, якія звычайна тлумачыліся псіхічнымі захворваннямі. На падлеткавую мастурбацыю глядзелі як на сродак зняцця напругі. Для прафілактыкі палавых дысфункцый выкарыстоўвалася народная фітатэрапія. Як небяспечныя з сэксуальнага пункту гледжання ў беларускім фальклоры паўстаюць прадстаўнікі іншых этнічных супольнасцей – маскалі, жыды, цыганы, хахлы, а таксама салдаты[20].

Эканамічнае і сацыякультурнае развіццё Беларусі ў парэформенны час не магло не адбіцца на традыцыйнай сялянскай сям’і. Старыя рытуалы ўжо не паўсюль і не заўсёды рэгламентавалі паводзіны моладзі. Вось як апісвае П. В. Шэйн узаемны пошук жаніхоў і нявест на кірмашах у канцы ХІХ ст.: «Хлопцы частуюць дзяўчын гарэлкаю, а дзяўчыны хлопцаў закускамі. Трэба адзначыць, што на гэтых гульнях хлопцы і дзяўчыны часам напіваюцца да агіднасці, што цягне сумныя наступствы для дзяўчын»[21].

Істотным фактарам, які разбураў падмуркі традыцыйнай вясковай сям’і, было павелічэнне сацыяльнай мабільнасці насельніцтва. Ад’езд «на промыслы» ў горад надоўга адрываў тысячы жанатых мужчын ад сямей, парушаў, а ў шэрагу выпадкаў спыняў іх нармальнае сэксуальнае жыццё. Па вяртанні дамоў гэтыя «піянеры гарадской культуры» карысталіся вялікай папулярнасцю ў сялянскіх дзяўчын, адваротным бокам якой было павелічэнне колькасці запісаў аб незаконнанароджаных у метрычных кнігах. Павялічылася таксама колькасць міжэтнічных і міжканфесійных палавых сувязей без шлюбнай перспектывы. Найчасцей «грубыя жарты» і «пагрэшнасці» адбываліся ў вёсках, дзе спыняліся на пастой вайскоўцы.

Характарызуючы эвалюцыю сэксуальных і сямейна-шлюбных адносін, якую саспытала насельніцтва Беларусі ў дасавецкі час, трэба адзначыць яе агульнаеўрапейскі вектар і адначасова запаволенасць у параўнанні з індустрыяльна развітымі краінамі.

Першая сусветная вайна паўплывала на пераасэнсаванне ўсіх традыцыйных поглядаў на гендар, сэксуальныя паводзіны людзей. Мабілізацыі, бежанства, доўгатэрміновае размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі вялікіх вайсковых кантынгентаў прывялі да размывання традыцыйных уяўленняў пра сэкс і мараль. Кастрычніцкая рэвалюцыя выклікала далейшую дэзарганізацыю сямейных і маральных каштоўнасцей, пашырэнне пазасямейнай арыентацыі, а таксама дэструкцыю форм сацыяльнага кантролю за сэксуальнасцю. Разам з лозунгамі сацыяльнага і эканамічнага вызвалення працоўных бальшавікі прынеслі ў спустошаную Першай сусветнай вайной Беларусь ідэі вызвалення сэксуальнасці і разняволення жанчыны.

Сацыяльна-эканамічныя ўмовы, у якіх ладзіўся эксперымент па пабудове новых калектыўных форм жыцця людзей, былі далёкія ад ідэальных. На працягу ўсяго перыяду правядзення новай эканамічнай палітыкі (НЭП) эканоміка рэспублікі захоўвала аграрны характар. Нягледзячы на створаныя перадумовы да развіцця, сельская гаспадарка была даволі адсталай, прамысловасць мела напаўкустарны характар. Дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця, а таксама палітыка беларусізацыі, што праводзіліся ва ўмовах аднапартыйнай сістэмы, мелі абмежаваны характар. Пошукі новых сямейна-шлюбных форм адбываліся на фоне барацьбы за «новы быт», які разглядаўся ў якасці найважнейшай умовы раўнапраўнага становішча жанчыны.

З мэтай разбурэння традыцыйнай сям’і, у якой бальшавіцкія ідэолагі бачылі адну з галоўных перашкод на шляху пабудовы камуністычнага грамадства, пачынаючы з 1917 г. пачала праводзіцца палітыка дзяржаўнага фемінізму. У яе рамках ажыццяўлялася адмаўленне ад традыцыйных сямейна-шлюбных адносін, іх перафарматаванне адпаведна новай сацыялістычнай маралі, а таксама эмансіпацыя жанчын.

Рэвалюцыйныя змены ў сэксуальных адносінах, што адбыліся ў СССР на працягу першага паслярэвалюцыйнага дзесяцігоддзя, варта разглядаць у сусветным кантэксце. А менавіта – у рэчышчы радыкальнай мадэрнізацыі і разрыву з традыцыйнымі каштоўнасцямі, якія ўвайшлі ў культурную гісторыю пад назвай «бурных (або вар’яцкіх) дваццатых» (roaring twenties). У той час у еўрапейскім і паўночнаамерыканскім грамадстве пад уплывам тэорыі З. Фрэйда распаўсюдзілася думка пра тое, што палавое жыццё патрэбна жанчынам не менш за мужчын, а падаўленне сэксуальных жаданняў разбуральнае для псіхікі. Першая сусветная вайна прывяла да масавага скарачэння мужчынскай часткі насельніцтва, а таксама перамогі феміністак, якія значна пашырылі канстытуцыйныя правы жанчын, змянілі іх менталітэт і паводзіны. Новае пакаленне жанчын 1920-х гг. імкнулася сумясціць сямейнае жыццё з прафесійнай кар’ерай. Гэта адбілася на іх знешнім абліччы ў выглядзе кароткіх стрыжак, вузкіх спадніц, нагавіц, а таксама касметыкі, якую раней ужывалі пераважна актрысы і прастытуткі. На працягу «бурных дваццатых» палагоднела стаўленне да сэксуальных меншасцей.

Кардынальная змена адносін паміж паламі, якая адбывалася ў СССР на працягу 1920-х гг., у сусветнай гістарыяграфіі атрымала назву «сэксуальнай рэвалюцыі»[22]. Пад гэтым паняццем сёння звычайна разумеюць працэс і вынікі карэннай ломкі традыцыйных каштоўнасцей, арыентацый, норм і адносін у інтымнай і сямейна-шлюбнай сферы.

Паняцце «сэксуальная рэвалюцыя» ўпершыню было ўведзена ў навуковы ўжытак у канцы 1920-х гг. вучнем З. Фрэйда, аўстрыйскім і амерыканскім псіхолагам, камуністам В. Райхам. Распрацаваўшы гэтае паняцце ў рамках псіхааналітычнай парадыгмы, ён даў яго тлумачэнне як працэсу вызвалення прыгнечанай, дэфармаванай перш за ўсё эканамічнымі адносінамі сэксуальнай (альбо «аргоннай», паводле яго тэорыі) энергіі. Пры гэтым В. Райх падкрэсліваў, што вынікам сэксуальнай рэвалюцыі павінна быць не ўсёдазволенасць і анархія ў інтымнай сферы жыцця людзей, а псіхалагічнае разняволенне асобы і грамадства[23]. Зусім іншае, выключна негатыўнае разуменне феномену «сэксуальнай рэвалюцыі» як працэсу паступовай трансфармацыі «homo sapiens» у «homo sexual» прапанаваў у сярэдзіне ХХ ст. рускі і амерыканскі сацыёлаг П. А. Сарокін[24]. Новая канцэпцыя «сэксуальнай рэвалюцыі» як культурнага феномену з улікам сацыякультурных змен, што адбыліся на Захадзе ў 1960–70-х гг., была распрацавана аўстрыйскім і англійскім філосафам і псіхааналітыкам Дж. Франклам[25].

Згаданыя працы былі заўважаны і скарыстаны ў якасці метадалагічнага падмурку для даследавання розных аспектаў сэксуальнай рэвалюцыі 1920-х гг. у СССР прадстаўнікамі гістарычнага цэху, спачатку заходняга[26], а потым – усходнееўрапейскага[27]. Водгукі сэксуальнай рэвалюцыі 1920-х гг. мы знаходзім на старонках прац некаторых беларускіх вучоных, што даследуюць гендарныя аспекты мінуўшчыны[28]. Аднак у якасці самастойнага аб’екта даследавання беларускія навукоўцы гэтую праблему не вывучалі.

1920-я гг. традыцыйна разглядаюцца ў беларускай гістарыяграфіі ў кантэксце беларусізацыі альбо правядзення ў рэспубліцы НЭПу. Аўтар паспрабаваў кінуць погляд на гэтае дзесяцігоддзе праз прызму найбольш «нябачнай» для гісторыкаў сферы чалавечага жыцця – сэксуальных адносін. Выбар такога ракурсу – невыпадковы. З аднаго боку, сэксуальная культура сёння стала прызнанай галіной гістарычных, антрапалагічных, сацыялагічных, культуралагічных даследаванняў. З іншага – у разгляданы час БССР разам з іншымі савецкімі рэспублікамі стала полем маштабнага эксперыменту, падчас якога адбылася карэнная трансфармацыя мадэлі гендарных адносін.

У абраным для даследавання гістарычным феномене аўтара цікавілі перш за ўсё сацыяльныя аспекты сэксуальнасці, іншымі словамі, тое, як на чалавечае цела ўздзейнічалі розныя сацыяльна-палітычныя сілы. Меркаванне, згодна з якім біялагічныя імпульсы, памкненні і жаданні пераўтвараюцца ў сэксуальнасць пад уздзеяннем сацыяльных сіл, падзяляецца вядучымі навукоўцамі свету. Аб’ектам іх міждысцыплінарных даследаванняў сёння з’яўляецца тое, як культура ў шырокім сэнсе фарміруе гендарную ідэнтычнасць, нормы сэксуальных паводзін, нарэшце, біялагічную сэксуальнасць чалавека ў цэлым. Асаблівую вартасць, перш за ўсё для асэнсавання сучасных працэсаў, што адбываюцца ў сэксуальнай і сямейна-шлюбнай сферы, а таксама прагназавання іх у будучым, мае рэканструкцыя гэтай сферы жыцця грамадства ў мінулым[29].

Як рэагавала на ідэі савецкіх сэксуальных рэвалюцыянераў поліэтнічнае і шматканфесійнае беларускае грамадства, дзе інтымная сфера на працягу стагоддзяў лічылася табуяванай для публічнага абмеркавання? Якія перашкоды і змены сустрэліся на шляху гэтых ідэй ад уладных ідэолагаў і законатворцаў да насельніцтва? Як увасабляліся тэарэтычныя пастулаты аб «новай жанчыне» ў паўсядзённым жыцці беларусаў? Якім чынам змяніліся сэксуальныя паводзіны гарадской і вясковай моладзі? Чаму і калі савецкая дзяржава спыніла разбурэнне традыцыйнай сям’і і дэкларавала вяртанне да сямейных каштоўнасцей? Пошукам адказаў на пералічаныя пытанні прысвечана гэтая кніга. Яна адрасавана самым шырокай чытацкай аўдыторыі, але перш за ўсё – моладзі.

1

У сучаснай Беларусі каля 50 % шлюбаў сканчаюцца разводамі, каля 20 % цяжарнасцей – абортамі, нараджальнасць на адну жанчыну складае каля 1,6 дзіцяці, што разам з ранняй мужчынскай смяротнасцю і эміграцыйнымі працэсамі абумовіла скарачэнне насельніцтва краіны за апошнюю чвэрць стагоддзя амаль на 800 тыс. чалавек. Гл.: Статистический ежегодник. Республика Беларусь. Минск, 2015.

2

Сліж Н. Шлюбныя і пазашлюбныя стасункі шляхты Вялікага Княства Літоўскага ў ХVІ–ХVІІ стст. Смаленск, 2015. С. 50–77.

3

Фукс Э. EROTICA. Галантный век. Пиршество страсти. М., 2001. С. 89.

4

Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. Мінск, 2001. С. 282.

5

Анофранка Н. Дваранкі беларуска-літоўскіх губерняў у канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. Мінск, 2016. С. 65, 67.

6

Антокольская М. Семейное право. М., 2002. С. 53–62.

7

Масляніцына І., Багадзяж М. Жанчыны, найбольш знакамітыя ў гісторыі Беларусі. Мінск, 2008. С. 67, 113, 117.

8

Шыбека З. Мінск сто гадоў таму. Мінск, 2007. С. 76.

9

Богданович А. Я всю жизнь стремился к свету. В 2 кн. Кн. 1. Мои воспоминания. Минск, 2012. С. 455, 483.

10

Вароніч Т. Прастытуцыя ў гарадах Беларусі: другая палова XIX – пачатак XX стст. // ARCHE. 2011. № 11. C. 347–383.

11

Минский листок. 1890. 29 мая. № 43. С. 4.

12

НАРБ. Ф. 60п. Воп. 4. Спр. 2. Арк. 110.

13

Богданович А. Я всю жизнь стремился к свету… С. 499.

14

Гарэцкі М. Мутэрка. Вільня, 1921.

15

Венгерова П. Воспоминания. СПб., 2005. С. 234.

16

Цьвяткоў Л. Некалькі слоў аб менскіх татарах // Наш край. 1927. № 6–7. С. 10–16.

17

Гарбацкі А. Стараабраднiцтва на Беларусi ў канцы XVII – пачатку XX стст. Брэст, 1999. С. 176.

18

Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края, собранные и приведенные в порядок П. В. Шейном. Т. 3. СПб., 1902. С. 462.

19

Валодзіна Т. Жанчына і жаночае ў традыцыйным светапоглядзе беларусаў // ARCHE. 2011. № 12. С. 266–310.

20

Лобач В. Эрос в белорусской традиционной культуре // Белорусский эротический фольклор. М., 2006. С. 104, 107.

21

Материалы для изучения быта и языка русского населения… С. 190.

22

Гл. напр.: Carleton G. Sexual Revolution іn Bolshevik Russia. University of Pittsburgh Press, 2005.

23

Райх В. Сексуальная революция. М., 1997.

24

Сорокин П. Американская сексуальная революция. М., 2006.

25

Frankl G. The failure of the sexual revolution. L., 1975.

26

Навай Ф. Советская модель // История женщин на Западе: в 5 т. Т. V: Становление культурной идентичности в ХХ столетии / под общ. ред. Ф. Тебо. СПб., 2015. С. 263–288; Стайтс Р. Женское освободительное движение в России. Феминизм, нигилизм и большевизм. 1860–1930. М., 2004; Хили Д. Гомосексуальное влечение в революционной России. Регулирование сексуально-гендерного диссидентства. М., 2008; Bailes K. Alexandra Kollontai et la Novelle Morale // Cahiers du monde russe et sovietique. 1965. Vol. 6. №. 10–12. P. 472–496; Calverton V. The Bankruptcy of Marriage. NY, 1928; Fitzpatrick S. Sex and Revolution: An Examination of Literary and Statistical Data on the Mores of Soviet Students in the 1920s // Journal of Modern History. 1978. Vol. 50. P. 252–278; Halle F. W. Women in the Soviet East. Translated from the German by Margaret M. Green. L., 1938; Stern M., Stern A. Sex in the Soviet Union. L., 1981; Willimott A. The Kommuna Impulse: Collective Mechanisms and Commune-ists in the Early Soviet State // Revolutionary Russia. 2011. № 1 (24). Р. 59–78 і інш.

27

Градскова Ю. Конструирование гендерных различий в контексте советского культурного эксперимента 1920-х годов // Женщины в истории: возможность быть увиденными: Сб. науч. ст. Вып. 2 / под ред. И. Р. Чикаловой. Минск, 2002. С. 251–260; Дорохина О. Влечение в законе. Брачное законодательство первых лет советской власти // Родина: Российский исторический журнал. 2009. № 5. С. 107–109; Кон И. Клубничка на березке. Сексуальная культура России. М., 2010; Лебина Н. Советская повседневность: нормы и аномалии. От военного коммунизма к большому стилю. М., 2015; Міхеєва О. Проблеми шлюбних відносин у контексті радянської сімейної політики в Україні на початку 1920-х рр. (за матеріалами газет та фахових юридичних часописів) // Історичні та політологічні дослідження. 2013. № 4 (54). С. 128–133; Осипович Т. Проблемы пола, брака, семьи и положение женщины в общественных дискуссиях середины 1920-х гг. // Общественные науки и современность. 1994. № 1. С. 166–171; Пушкарев А. «Новый быт»: идеологические интерпретации сексуального (по материалам русской художественной литературы и критики 1920-х годов) // Журнал исследований социальной политики. 2007. Т. 5. № 4. С. 459–482; Пушкарев А., Пушкарева Н. Ранняя советская идеология 1918–1928 годов и «половой вопрос» (о попытках регулирования социальной политики в области сексуальности) // Советская социальная политика 1920–1930-х годов: идеология и повседневность / под ред. П. Романова и Е. Ярской-Смирновой. М., 2007. С. 199–227; Слюсар Л. Модернізація шлюбу і сім’і в Украіні: особливості радяньского періоду // Демографія та соціальна економіка. 2013. №1(19). С. 17–27; Сутрин В., Доропий Н. Проблемы брачно-семейных отношений и полового воспитания в первые годы советской власти // Наукові записки Ніжинського державного університету ім. М. Гоголя. Сер.: Психолого-педагогічні науки. 2013. № 5. С. 261–266; Рожков А. В кругу сверстников: Жизненный мир молодого человека в Советской России 1920-х годов. М., 2014 і інш.

28

«Безработица является поводом для проституции» (из документов женотдела ЦК КП(б)Б 1920-х гг.). Подготовил И. Курков // Женщины на краю Европы / под ред. Е. Гаповой. Минск, 2003. С. 130–144; Гапова Е. Между войнами: женский вопрос и национальные проекты в Советской Белоруссии и Западной Беларуси // Гендерные истории Восточной Европы. Сб. науч. ст. / под ред. Е. Гаповой, А. Усмановой, А. Пето. Минск, 2002. С. 100–123; Грыгор’еў А. Барацьба з праявамi сацыяльнай паталогii на Беларусi (1917−1941 гг.) // Весцi Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта. 2002. № 2. С. 112−116; Гужалоўскі А. Замах на сям’ю: сексуальная рэвалюцыя 1920-х гг. у БССР на старонках перыядычнага друку // Беларускі гістарычны агляд. 2015. Т. 22. Сш. 1–2 (42–43). С. 89–123; Гужалоўскі А. Прастытуцыя ў БССР у часы НЭПа // Arche. № 9 (142). 2015. С. 243–266; Гужалоўскі А. Сацыяльна-утапічны эксперымент: вопыт арганізацыі моладзевых камун у БССР // Беларуская думка. 2016. № 1. С. 70–76; Дулов А. Брак, семья, материнство в государственной политике БССР 1920-х – первой половины 1930-х гг. // Женщины в истории: возможность быть увиденными: Сб. науч. ст. / под ред. И. Р. Чикаловой. Вып. 3. Минск, 2004. С. 218–235; Дулов А. Проституция и борьба с ней в Витебске в первые годы Советской власти // Женщина. Образование. Демократия: материалы 3-й междунар. междисципл. науч.-практ. конф. (8–9 декабря 2000 г.). Минск, 2001. С. 297–299; Жыбуль В. Адлюстраванне праблемы абортаў і прастытуцыі ў беларускай савецкай літаратуры 1920–30-х гг. ХХ ст. // Terra alba. T. 2. Homo Venerus: Сэксуальная прастора беларускай культуры / пад рэд. С. І. Даніленкі. Мінск, 2001. С. 186–193; Жыбуль В. Сэксуальны гвалт у беларускай савецкай літаратуры // Terra alba. T. 2. Homo Venerus: Сэксуальная прастора беларускай культуры / пад рэд. С. І. Даніленкі. Мінск, 2001. С. 179–186; Курков И. Гендерный строй белорусской деревни // Иной взгляд. 2000. Март. С. 25–26; Лавриновская И. Трансформация семейно-брачных установок сельской женщины Беларуси в ХХ в. (1900–1991 гг.) // Научные труды Республиканского института высшей школы. Серия «Исторические и психолого-педагогические науки». Вып. 11. Ч. 1. Минск, 2011. С. 111–117; Мусина Н. Государственная политика и молодежь: проблемы быта, досуга, отношения полов (БССР, 20-е гг. ХХ в.) // Актуальные проблемы из исторического прошлого и современности в общественно-гуманитарных и социо-религиоведческих науках Беларуси ближнего и дальнего зарубежья: материалы Междунар. науч.-теоретич. конф., Витебск, 19−20 апреля 2007 г.: в 2 ч. / редкол.: В. А. Космач [и др.]. Витебск, 2007. Ч. 2. С. 307−310; Мусина Н. Девиантное поведение молодежи Беларуси в 1920-е годы // Достижения фундаментальной, клинической медицины и фармации: материалы 64-й юбилейной науч. сессии сотрудников ун-та, посвящ. 75-летию его образования, Витебск, 26−27 марта 2009 г. / редкол.: В. П. Дейкало [и др.]. Витебск, 2009. С. 603−606; Мусина Н. Проблемы быта и семейно-брачных отношений в государственной молодежной политике БССР в 20-е гг. ХХ в. // Достижения фундаментальной, клинической медицины и фармации: материалы 61-й науч. сессии ВГМУ, Витебск, 21−22 марта 2006 г. / редкол.: А. П. Солодков [и др.]. Витебск, 2006. С. 547−550; Петаченко Г. Быт советского студенчества на страницах молодежных изданий 1920-х – нач. 1930-х гг. // Российские и славянские исследования. Вып. 5 / редкол.: А. П. Сальков, О. А. Яновский. Минск, 2010. С. 75–80; Понуждаев Д. Милиция Беларуси в борьбе с проституцией в период новой экономической политики // Вестник Воронежского института МВД России. 2013. № 3. С. 214–218; Романенко И. Трансформация статуса белорусской сельской женщины в ХХ – начале ХХІ в. Минск, 2015; Соловьянов А. Проституция несовершеннолетних в Советской Белоруссии в 1920-е годы // Женщина. Общество. Образование: материалы 9-й междунар. междисципл. науч.-практ. конф. (15–16 декабря 2006 г.). Минск, 2007. С. 212–215; Усманова А. О марксистской теории любви // Топос. 2010. № 3. С. 195–227; Ходзін С. Гендарны аспект савецкай мадэлі мадэрнізацыі беларускай вёскі (1920-я гады) // Гісторыя і грамадазнаўства. 2016. № 5. С. 3–11; Чикалова И. И. Арманд и А. Коллонтай: феминизм, коммунизм и женский вопрос в послереволюционной России // Женщины в истории: возможность быть увиденными: Сб. науч. ст. Вып. 2. Минск, 2002. С. 241–250; Чикалова И. Гендерная система (пост)советской Беларуси: воспроизводство и трансформация социальных ролей в публичной и приватной сфере // Российские и славянские исследования. Вып. 4. 2009. С. 51–66; Шевелев П. Брачные узы по-новому // Беларуская думка. 2014. № 1. С. 95–97; Яковлева Г. Общественное и частное в жизни женщин г. Витебска (начало 20-х гг. ХХ в.) // Женщина. Образование. Демократия: материалы 3-й междунар. междисципл. науч.-практ. конф. (8–9 декабря 2000 г.) / под общ. ред. Г. И. Шатон. Минск, 2001. С. 282–283.

29

Introducing the new sexuality studies / Eds. S. Seidman, N. Fischer, C. Meeks. L.; NY., 2011.

Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.

Подняться наверх