Читать книгу Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг. - Аляксандр Гужалоўскі - Страница 8

«Новы быт»: паміж ідэяй і ўвасабленнем
Канструяванне «новага быту»

Оглавление

Ідэя радыкальнай перабудовы бытавых адносін у выглядзе сацыялізацыі быту атрымала шырокае распаўсюджанне адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. Яна стала прадметам адкрытага абмеркавання ў шырокай аўдыторыі, але пераважна моладзевай. Барацьба са старым бытам разглядалася ў якасці найважнейшай умовы прасоўвання чалавека ў камуністычную будучыню, аднак вялася яна з пераменным поспехам.

На працягу разгляданага дзесяцігоддзя адбылося шмат дыскусій, з’явілася вялікая колькасць палемічных артыкулаў аб пераўладкаванні быту савецкага чалавека. Іх удзельнікі і аўтары абмяркоўвалі ідэю «сям’і» на 1000–3000 чалавек, спрачаліся, якія дамы і кватэры патрэбны рабочым, якімі павінныя быць касцюм камуніста і камсамольца, мэбля і інтэр’ер яго жытла. У палеміку былі ўцягнуты ўстановы культуры – на сцэнах клубаў, тэатраў, у кіно дэманстраваліся праекты новых дамоў-камун, асэксуальнага адзення, мінімалістычнай мэблі. Двухспальны ложак разам са шлюбным строем і заручальным пярсцёнкам ганіліся як праявы мяшчанства і сэксуальнай эксплуатацыі жанчыны. Сыходзілі ў нябыт правілы этыкету, што рэгулявалі паводзіны мужчын у дачыненні да жанчын. З гэтым адразу ж пасля прыезду з Латвіі ў 1925 г. сутыкнулася беларускі педагог, актрыса і мемуарыстка П. В. Мядзёлка. Яна наступным чынам перадае свае першыя ўражанні ад БССР: «Аднойчы ў сталоўцы, устаўшы з-за стала пасля абеду, брат падаў мне жакет і памог апрануць яго. У зале зарагаталі, паднялі нас на смех: “Бач ты, якія далікатныя панічы ў нас з’явіліся!”»[115] Яшчэ ў больш няўклюднае становішча брат мемуарысткі трапіў, калі падчас знаёмства з жанчынай паспрабаваў пацалаваць ёй руку.

Быў уведзены строга класавы прынцып размеркавання матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, у выніку якога старыя сацыяльныя эліты (акрамя патрэбных уладзе прадстаўнікоў інтэлігенцыі) былі пазбаўлены сродкаў існавання. Аб’ектам крытыкі ў афіцыйнай публічнай прасторы перыядычна рабіўся заможны, уладкаваны на ўзор імперскага часу быт новай буржуазіі (нэпманаў), а таксама дзяржаўных служачых. Быт рабочых, згодна з задумай ідэолагаў, мусіў вызначацца іх асноўным месцам у новым грамадстве. Прыкладаліся вялікія намаганні па паляпшэнні жыллёвых умоў рабочага класа, яго культурнага ўзроўню. Рабочыя атрымалі права на бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне, іх заробкі ўвесь час узрасталі.

Намаганні па стварэнні «новага быту» на цывілізацыйна заняпалых у выніку Першай сусветнай вайны, а таксама палітыкі ваеннага камунізму беларускіх землях меркавалася сканцэнтраваць на двух кірунках: яго рэвалюцыйнай мэтазгоднасці і эстэтызацыі ў пралеткультаўскай стылістыцы.

20 жніўня 1918 г. дэкрэтам Усерасійскага ЦВК «Аб адмене правоў прыватнай уласнасці на нерухомую маёмасць» былі спынены працэсы набыцця, продажу, а таксама арэнды жылля. Дзяржаўныя органы распачалі размеркаванне жылля, у аснову якога быў пакладзены класавы прынцып, гэта значыць паляпшэнне бытавых умоў бяднейшых слаёў насельніцтва за кошт заможных шляхам перадзелу нерухомасці апошніх. Першапачаткова новая ўлада прапанавала сялянам і рабочым займаць пустыя шляхецкія маёнткі, а таксама гарадскія дамы і кватэры. Рухомая маёмасць, якая знаходзілася ў пакінутых падчас ваенных і рэвалюцыйных падзей дамах і кватэрах, падзялялася паміж новымі гаспадарамі. Неўзабаве бяднейшыя сяляне і пралетары пачалі займаць «лішкі» жыллёвай плошчы памешчыкаў і гарадской буржуазіі. Гаспадарам жыллёвай плошчы дазвалялася мець па адным пакоі на кожнага дарослага і адным пакоі на ўсіх дзяцей. Рэшта перадавалася людзям, больш каштоўным у сацыяльным сэнсе.

Адным з тых, каго ў верасні 1920 г. жыладдзел мінскага гарвыканкама пазбавіў «лішкаў» жыллёвай плошчы, быў 60-гадовы ўладальнік мінскага гатэля «Пасаж» Ю. Левін. Пасля паўтарамесячнага зняволення ў мінскім канцлагеры ён пагадзіўся на прапанову дамкама, які ўжо распараджаўся жыллёвай плошчай яго нацыяналізаванага гатэля, заняць у ім з сям’ёй невялікі пакой і працаваць дворнікам[116]. Ю. Левін, як і сотні іншых гараджан Савецкай Беларусі, стаў жыхаром камунальнай кватэры – месца супольнага пражывання людзей, не звязаных ні сямейнымі повязямі, ні сумеснай працай, вучобай, палавой альбо ўзроставай прыкметай. «Камуналкі» былі нечаканым і непажаданым наступствам прымусовага пераразмеркавання жылля і ніколі не разглядаліся ўладай як ячэйкі «новага быту». Новыя гаспадары былой буржуазнай нерухомасці сутыкнуліся ў камуналках з вялікай колькасцю бытавых нязручнасцей. Але галоўная ненармальнасць існавання «на агульнай кухні» мела псіхалагічны характар, нараджала ў людзей агрэсію, дыскамфорт, размывала традыцыйнае паняцце Дома.

Рынкавыя таварна-грашовыя адносіны, адроджаныя пасля ўвядзення НЭПу, узнавілі ў БССР у абмежаваным выглядзе прыватную ўласнасць на нерухомасць і здзелкі з ёю. Частка муніцыпалізаванага жыллёвага фонду была вернута ўладальнікам, здадзена ў арэнду альбо набыта ў прыватную ўласнасць. З’явіўся рынак нерухомасці. Аднак ва ўмовах жыллёвага крызісу частка дамоў (9,2 %) не падлягала дэмуніцыпалізацыі і знаходзілася ў распараджэнні дзяржавы. Сярод іх найбольш прэстыжныя былі дамы з асобнымі кватэрамі для вышэйшай партыйнай і савецкай наменклатуры.

У 1923 г. памер жылой плошчы на аднаго чалавека ў гарадах Савецкай Беларусі складаў у сярэднім 7 кв. метраў. Жыллёвы фонд рэспублікі ў той час на 95,4 % складаўся з драўляных і на 96,2 % з аднапавярховых дамоў. Галоўным забудоўшчыкам у сферы жыллёвага будаўніцтва ў рэспубліцы на працягу 1920-х гг. заставаўся прыватны ўласнік. Аднак яго доля ўвесь час памяншалася з 93 % у 1924 г. да 65,5 % у 1929 г., саступаючы дзяржаўным будаўнічым арганізацыям. Адначасова з гэтым павялічвалася населенасць жытла: напачатку 1928 г. у Мінску было ў сярэднім 4,5 кв. метры жылой плошчы на чалавека[117].

Пачатак згортвання НЭПу ў сферы нерухомасці быў адзначаны новым кватэрным перадзелам, які пачаўся пасля пастановы ЦВК і СНК БССР ад 15 верасня 1927 г. «Аб прымусовым пацясьненьні ў дамах». Паводле гэтай пастановы рашэннем мясцовага начальства любая кватэра, дзе меўся «лішні непрахадны пакой», пераўтваралася ў камуналку[118]. Адпаведна пастанове ЦВК і СНК БССР «Пра пацясьненьне і перасяленьне ў муніцыпалізаваных і прыватных дамах» ад 5 чэрвеня 1929 г. адбылася новая хваля перадзелу нерухомасці, які ажыццяўляўся паводле класавага прынцыпу[119]. Працэдура муніцыпалізацыі прыватных дамоў адбывалася праз суды, дзе інсцэніраваліся справы «аб безгаспадарчым утрыманні прыватных дамоў». Так, на паседжанні яўрэйскага суда Мінска 8 кастрычніка 1929 г. падобным чынам былі муніцыпалізаваны 3-павярховая камяніца Шнітмана (вул. Ленінская, 12), дзве 2-павярховыя камяніцы Евелева, дзе змяшчаліся 15 кватэр, 23 крамы і 11 складскіх памяшканняў (вул. Гандлёвая, 50) і дзве 3-павярховыя камяніцы Рубенчыка, дзе змяшчаліся 24 кватэры (Школьная[120], 10). Толькі на працягу кастрычніка таго ж года яўрэйскі суд сталіцы разгледзеў яшчэ 15 падобных спраў[121].

Рэлігія была такім жа важным складнікам ментальнасці чалавека пачатку ХХ ст., як і ўяўленне пра Дом. Яна была шчыльна звязана з традыцыйнымі бытавымі практыкамі. Ментальная і бытавая рэлігійнасць супярэчыла атэістычнай накіраванасці савецкай улады, якая імкнулася дыскрэдытаваць і маргіналізаваць царкву і веру ў Бога. Ужо першымі дэкрэтамі рэлігійная вера была абвешчана прыватнай справай кожнага грамадзяніна, секулярызаваліся акты нараджэння і смерці, шлюбу і разводу, а таксама адукацыя. Ад пачатку барацьба бальшавікоў з рэлігіяй набыла здзеклівы, эпатажны характар. Асабліва шчыравалі тут камсамольцы. Антырэлігійныя акцыі, здзек са святынь і святароў, пашкоджанне царкоўнай маёмасці і, нарэшце, адабранне царкоўных каштоўнасцей на карысць галодных у 1921–1922 гг. выклікалі шырокі пратэст вернікаў. Пачынаючы з 1923 г. ва ўмовах адноснай эканамічнай і палітычнай стабілізацыі ў грамадстве ўсталяваліся памяркоўныя дзяржаўна-канфесійныя адносіны. У 1924 г. толькі ў адным Мінску было зарэгістравана 59 яўрэйскіх малельных дамоў, 10 праваслаўных цэркваў, 3 касцёлы і 1 мячэць[122].

Лібералізацыя савецкай рэлігійнай палітыкі не азначала адмовы ад дзяржаўнай антырэлігійнай прапаганды, якая не спынялася ні на дзень. Найцяжэй яе было весці ў бытавой сферы, якая ў значнай ступені рэгулявалася царквой. Царква, касцёл, сінагога, мячэць былі не толькі месцам малітвы, яны выконвалі функцыю арганізацыі паўсядзённага жыцця людзей ад нараджэння да смерці. З мэтай змянення рэлігійнай свядомасці насельніцтва новая ўлада пачала выпрацоўваць сістэму савецкай абраднасці – звяздзіны, акцябрыны, камсамольскія калядкі і інш. Важным складнікам барацьбы з рэлігіяй стаў новы святочны каляндар, дзе акрамя Дня Рэвалюцыі, Міжнароднага дня працоўных, Дня Парыжскай камуны, Дня вызвалення Мінска ад белапалякаў, Міжнароднага юнацкага дня з’явіліся новыя чырвоныя дні, якія бальшавікі імкнуліся прымеркаваць да хрысціянскіх і паганскіх святаў. Так, Дзень савецкай кааперацыі «супаў» са святам Івана Купалы. Вялікая ўвага таксама надавалася масавай навукова-асветніцкай рабоце (лекцыі, канцэрты, спектаклі), адной з галоўных мэт якой было фарміраванне атэістычнага светапогляду насельніцтва. Пачатак індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі суправаджаўся вяртаннем да агрэсіўных форм барацьбы з рэлігіяй.

У «новым быце» не было месца п’янству, якое аднеслі да аднаго з перажыткаў капіталізму. Цяга да алкагольных напояў разглядалася як сацыяльная хвароба, уласцівая класаваму грамадству. 19 снежня 1919 г. Ленін падпісаў дэкрэт «Аб забароне на тэрыторыі краіны вырабу і продажу спірту, моцных напояў, а таксама рэчываў, што змяшчаюць спірт і не адносяцца да напояў». Такім чынам, савецкая ўлада працягнула сухі закон, абвешчаны ў Расійскай імперыі напярэдадні Першай сусветнай вайны. Па ўсёй краіне была разгорнута жорсткая барацьба з самагоншчыкамі, прычым крымінальнай адказнасці падлягалі не толькі тыя, хто вырабляў гарэлку і гандляваў ёю, але і тыя, хто яе набываў.

Неўзабаве ідэалагічныя канструкцыі прыйшлі ў супярэчнасць з жыццёвымі рэаліямі і савецкі ўрад мусіў пайсці на алкагольнае напаўненне бюджэту. Ужо ў 1920 г. былі дазволены выраб і продаж вінаграднага віна, у 1922 г. – піва, а 26 жніўня 1923 г. сумеснай пастановай ЦВК і СНК СССР былі ўзноўлены манапольны дзяржаўны выраб і продаж спіртных напояў. Подпіс старшыні СНК А. І. Рыкава, які стаяў пад гэтай пастановай, даў падставу для жартаўнікоў называць савецкую трыццаціградусную гарэлку «рыкаўка». У 1928 г. спажыванне гарэлкі ў БССР склала ўжо 8,6 л на чалавека[123], што прымусіла сталічны гарадскі савет распачаць работы па адкрыцці дыспансера для лячэння алкаголікаў з выцвярэзнікам пры ім[124]. Афіцыйная статыстыка спажывання алкаголю не ўлічвала колькасць нелегальна вырабленага ў вясковай мясцовасці самагону. Між тым аб’ёмы гэтай дзейнасці насельніцтва ўражваюць. Так, у 1927 г. у Гомельскай акрузе было выраблена 4 млн 900 тыс. бутэлек самагону[125], у Аршанскай акрузе – 4 млн бутэлек[126].

Адным з вынікаў рэзкага павелічэння ўжывання алкаголю стала пашырэнне бытавога гвалту. Яго ахвярамі звычайна рабіліся жанчыны. Напрыклад, жыхар в. Зянонтолле Чэрвеньскага раёна У. К. Барташэвіч пасля застолляў з сябрамі прымушаў жонку распранацца дагала і танчыць перад імі «накшталт амерыканскіх шансаньетак», а калі тая адмаўлялася, дык збіваў яе да страты прытомнасці[127].

Сур’ёзнай сацыяльнай праблемай, якая таксама не ўкладалася ў канструкцыю «новага быту», было хуліганства – своеасаблівая моладзевая субкультура гарадскіх рабочых ускраін, адкуль яна прыйшла ў мястэчка і вёску. Зграі хуліганаў збівалі людзей на вуліцах, тэрарызавалі іх у клубах, кіно, піўных, на вячорках і нават на працы. Так, у Быхаўскім раёне майстар гуты «Ільіч» Пазняк, убачыўшы заснулую ля вапнай печы цяжарную работніцу Паўлаву, склікаў рабочых цэха, узняў спадніцу жанчыны і з сілай сунуў туды брудны кій. «Крык няшчаснай Паўлавай на хвіліну аглушыў шумлівае памяшканьне»[128]. Небяспечна было наведваць вячоркі ў в. Баркі Копыскага раёна. Напачатку 1928 г. мясцовы селькор апісаў іх наступным чынам: «Нядаўна хлопцы напіліся, разьюшыліся і радзі пацехі павесілі ў вёсцы дзяўчыну. Пайшлі пагуляць у суседнюю вёску – зарэзалі нажамі хлопца»[129]. Падобная атмасфера гвалту панавала на вячорках у Залінейным раёне Гомеля, дзе ў сакавіку 1928 г. «зарэзалі кандыдата партыі і забілі чырвонаармейца»[130]. Ва ўмовах БССР хуліганскія паводзіны часта набывалі антысеміцкі характар, што нават выклікала дзяржаўную кампанію па барацьбе з антысемітызмам. У яе рамках у студзені 1929 г. Вярхоўны суд БССР разглядаў справу работніцы гуты «Кастрычнік» Баршай, якую мужчыны-рабочыя «…лаялі, аблівалі вадой, зьдзіралі адзеньне, білі, толькі таму, што яна яўрэйка»[131].

Крымінальную сітуацыю ў гарадах БССР пагаршалі непаўналетнія беспрытульнікі. Іх перавыхаваннем кіравала Цэнтральная дзіцячая камісія, куды ўваходзілі прадстаўнікі наркаматаў асветы, аховы здароўя, унутраных спраў. У выніку дзейнасці камісіі, якую курыраваў старшыня ЦВК БССР А. Р. Чарвякоў, у рэспубліцы былі адкрыты сталоўкі, прытулкі, а таксама спецыяльныя выхаваўчыя ўстановы для беспрытульнікаў, дзе ў 1928 г. утрымлівалася каля 6 тыс. дзяцей[132].

Рэвалюцыйная мэтазгоднасць прадугледжвала вызначэнне стандарту, мінімуму сродкаў жыццезабеспячэння (умоў жылля, структуры харчавання, адзення, сродкаў гігіены і інш.), аскетычнае стаўленне да сусвету ўвогуле. У аскезе бачылі найважнейшы сродак усталявання сацыяльнай справядлівасці. Ва ўмовах пасляваеннай і паслярэвалюцыйнай галечы дасягнуць аскезы было няцяжка. Былая студэнтка педфака БДУ, празаік Я. І. Бяганская, гады вучобы якой прыпалі на другую палову 1920-х гг., узгадвала: «Мы, маладыя, не ганяліся за моднай вопраткай, залатымі ўпрыгожаннямі, гарнітурамі, дыванамі. Мы стараліся набыць як мага болей ведаў і як мага хутчэй аддаць гэтыя веды народу, краіне»[133]. У іншага тагачаснага студэнта З. Бірылы, які навучаўся ў Мінскім вышэйшым педінстытуце разам з Э. Агняцвет і С. Шушкевічам, у памяці засталіся чэргі, дзе «…даводзілася гадзінамі стаяць па хлеб ці місачку супу ў сталоўцы»[134].

З другога боку, правядзенне НЭПу прыводзіла да маёмаснага расслаення грамадства[135], што адлюстроўвалася ў побыце людзей. У беларускіх гарадах, ахопленых беспрацоўем, галечай, беспрытульнасцю, прастытуцыяй, большасць жыхароў даношвалі перашытае дарэвалюцыйнае цывільнае і вайсковае адзенне. П. Мядзёлка ў сваіх успамінах наступным чынам апісвае аблічча былога актора Першага беларускага таварыства драмы і камедыі Іванова: «…у брудным, зношаным салдацкім шынелі, расхрыстаны, з заросшым чорным шчаціннем тварам, смактаў махорачную самакрутку, пускаючы клубы смуроднага дыму, і густа са смакам сплёўваў на падлогу»[136].

На паседжаннях фабрычна-заводскіх камітэтаў абмяркоўваліся заявы працоўных аб дапамозе ў набыцці адзення і абутку. Дрэнна была апранута асноўная маса моладзі. Вялікай праблемай была ніжняя бялізна, у тым ліку панчохі і шкарпэткі. Трыкатажныя фабрыкі наладзілі яе вытворчасць толькі ў сярэдзіне 1920-х гг., прычым іх прадукцыя была сапраўдным дэфіцытам. Бялізну можна было набываць у прыватных крамах, таргсінах і на рынках, але кошты альбо сродак плацяжу (золата) рабілі яе недасягальнай для большасці насельніцтва. Беларускі жаночы часопіс прапаноўваў сваім чытачам выкрайкі станікаў, а таксама інструкцыі па іх вязанні з воўны.

Разам з тым нямногія заможныя грамадзяне маглі набыць якасную ежу, адзенне, мэблю, нават аўто. З сярэдзіны 1920-х пачала адраджацца мода на адзенне еўрапейскага стылю, якое прывозілася з-за мяжы і выраблялася мясцовымі краўцамі. Касцюмы «марэнга» і з бастону, фетравыя боты, каверкотавыя і шэвіётавыя паліто, коцікавыя манто, каракулевыя сакі, вавёрчыны шубкі, панчохі са стрэлкай, духі «Убіган» – гэтыя рэчы таксама сталі сімваламі быту часоў НЭПу.

Адным з «заможных грамадзян» быў паэт, рэдактар слуцкай раённай газеты, кіраўнік мясцовай філіі «Маладняка» П. Шукайла, які ў 1925 г. займаў «прыгожы дом з парадным ганкам». Яго зямлячка С. Плашчынская (жонка Я. Пушчы) узгадвала: «Гэта была цікавая асоба. Летам ён насіў вышываную белую кашулю, падпярэзаную беларускім поясам з кутасамі. У яго былі прыгожыя светлыя доўгія валасы. Хадзіў ён заўсёды з вялікім партфелем і сукаватым кіем. Зімой быў апрануты ў футраную цялячую куртку і ў лакавыя пантофлі. Апранаўся на той час вельмі багата. Часам мог узяць з сабою пяць-шэсць дзяўчат і павесці іх у кіно. Наогул, быў дзядзька добры. Яму было 27 год»[137].

Нэпманскаму стылю адзення П. Шукайлы супрацьстаяла новая рэвалюцыйная эстэтыка. У ліпені 1920 г. на вуліцах беларускіх гарадоў з’явіліся мужчыны ў скураных камісарскіх куртках, скураных фуражках і салдацкіх гімнасцёрках. Прыкметай новага часу стала чырвоная касынка – сімвал вызвалення жанчын. Камсамольцы апранулі «юнгштурмаўкі» – ваенізаванае адзенне, запазычанае ў нямецкай камуністычнай арганізацыі «Чырвоны юнгштурм». Камсамольская форма засталася адным з яскравых успамінаў дзяцінства пісьменніка Р. Рэлеса: «Камсамольцы і тут [на гастролях трупы Ул. Галубка ў Чашніках у 1927 г. – А. Г.] былі ў касцюмах паўваеннай формы. Кашуля, штаны-галіфэ, боты, хоць было лета. Без ботаў гэтая форма – не форма. Цераз плячо – партупея. Гэта таксама абавязкова. І дзяўчаты-камсамолкі насілі форму. Толькі замест штаноў на іх былі кароткія спадніцы, і хадзілі яны ў чаравіках на нізкіх абцасах»[138].

Увосень 1924 г. у краіне прайшла дыскусія аб партыйнай этыцы, падчас якой асуджаліся бытавыя практыкі нэпманаў, а таксама тыя камуністы, хто трапіў пад іх уплыў. Са старонак СМІ ганілася нашэнне касцюмаў, капелюшоў, гальштукаў, аксесуараў, а таксама добрыя манеры, зварот на «Вы» і да т. п. Адначасова рабіліся спробы знайсці замену мінімалістычнаму эстэтычнаму канону часоў ваеннага камунізму, бо гэты канон ужо адыходзіў у нябыт. Пытанні партыйнай этыкі разглядаў спецыяльны пленум Цэнтральнай кантрольнай камісіі КП(б)Б, які адбыўся 16 лістапада 1924 г. у Мінску. Старшыня кантрольнай камісіі стары рэвалюцыянер В. П. Грузель звярнуў увагу яго ўдзельнікаў на «анэпванне» часткі беларускіх камуністаў, што праявілася ў тым ліку ў крызісе сямейных адносін. Грузель звярнуў асаблівую ўвагу прысутных на камсамол, дзе, на яго думку, панавала «…палавая бесклапотнасць, палавая разбэшчанасць, пагібельнае выдаткаванне энергіі»[139].

Увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня дало працоўным шмат вольнага часу. Канструктары «новага быту» не збіраліся кардынальна змяняць формы яго баўлення, якія ўжо сталі звыклыя для гарадскога насельніцтва, – чытанне, тэатр, кіно, танцы. Было вырашана напоўніць старыя формы новым сацыялістычным зместам. У першую чаргу гэта тычыла чытання.

Пачынаючы са студзеня 1921 г., калі Прэзідыум ЦВК БССР прыняў пастанову «Аб стварэнні Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі (ДВБ) і цэнтралізацыі друку», у гэтым выдавецтве канцэнтравалася ўся літаратурна-выдавецкая дзейнасць, а таксама распаўсюд друкаванай прадукцыі ў рэспубліцы. У ДВБ меўся палітычны аддзел, які адказваў за «ўвязку выдавецкай справы з задачамі сацыялістычнага будаўніцтва», а таксама фарміраваў выдавецкі план, дзе прыярытэтам карысталіся марксісцкая літаратура і падручнікі[140]. На з’яўленне новых дзяржаўных і кааператыўных выдавецтваў партыйнае кіраўніцтва БССР адрэагавала стварэннем у 1922 г. пададдзела друку ў апараце ЦК і спецыяльнага цэнзурнага ведамства (Галоўлітбел). Пра рэпертуар чытання ў БССР сярэдзіны 1920-х гг. дае ўяўленне размеркаванне наборных аркушаў у БДВ, дзе выдавалася абсалютная большасць беларускіх кніг. Так, уся літаратура, запланаваная да выдання на 1925–1926 навучальны год, па жанрах размяркоўвалася наступным чынам: падручнікі – 350 аркушаў (з іх 150 – палітычныя); мастацкая – 170 аркушаў; ленінская – 125 аркушаў; папулярна-палітычная – 100 аркушаў; музычная – 100 аркушаў; сялянская – 80 аркушаў; камсамольская і піянерская – 50 аркушаў; жаночая – 20 аркушаў; ваенная – 15 аркушаў[141].

Тэатр, кінематограф, эстрада адразу ж звярнулі на сябе павышаную ўвагу партыйнага кіраўніцтва з прычыны іх масавасці і запатрабаванасці з боку моладзі, што адкрывала шырокія перспектывы іх выкарыстання ў прапагандысцкіх мэтах. Гэта, у сваю чаргу, вымагала ўсталявання жорсткага і ўсеабдымнага кантролю за імі. Да таго ж тэатры, кінатэатры, цыркі выклікалі падазронасць па кадравым складзе – у іх працавалі пераважна беспартыйныя інтэлігенты, «спадарожнікі». Ад ідэалагічнага кіраўніцтва партыі паступалі ўстаноўкі, якія зводзіліся да засцярогі творчай думкі ад любых контррэвалюцыйных праяў, усталёўвалі прыярытэт выхаваўчых функцый над забаўляльнымі, а таксама аднолькавыя эстэтычныя стандарты ў дачыненні да ўсіх відаў мастацтваў.

У 1920 г. у Мінску ў будынку гарадскога тэатра адбылося ўрачыстае адкрыццё Беларускага дзяржаўнага тэатра (з 1926 г. – БДТ-1). У 1926 г. у Віцебску распачаў дзейнасць Другі Беларускі драматычны тэатр (БДТ-2). З 1928 г. у Магілёве дзейнічаў тэатр пад кіраўніцтвам У. Кумельскага (у 1932 г. пераўтвораны ў Рускі тэатр БССР). Вялікай папулярнасцю ў аўдыторыі карыстаўся ўнікальны вандроўны тэатр (з 1932 г. – БДТ-3) пад кіраўніцтвам першага народнага артыста рэспублікі У. Галубка. Акрамя беларускіх, існавалі Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР, створаны ў 1926 г. пад кіраўніцтвам акцёра і пастаноўшчыка М. Рафальскага, і Дзяржаўны польскі тэатр БССР, што працаваў з 1929 г. у будынку касцёла св. Сымона і Алены ў Мінску. Іх рэпертуарную палітыку, а таксама ідэалагічны бок дзейнасці кантраляваў спецыяльны цэнзурны орган – Галоўрэперткам. Палітызаваны характар мела прадукцыя самадзейных тэатраў рабочай моладзі, на якія была ўскладзена задача прыстасавання тэатральнай культуры да ўзроўню пралетарыяту.

Уладная палітыка ў дачыненні да кіно зводзілася да максімальнага павелічэння пракату стужак вытворчасці савецкіх кінастудый за кошт замежных і дарэвалюцыйных расійскіх карцін. Усе кінакарціны, якія паступалі ў пракат з Белдзяржкіно, падлягалі папярэдняму прагляду Галоўрэперткамам. «Удасканальванне» кінакарцін адбывалася шляхам выразання найбольш «шкодных» месцаў і замены тытраў. Нязменную ўвагу ідэалагічных кантралёраў напачатку 1920-х гг. выклікаў рэпертуар мінскіх кінатэатраў. Падпарадкаваныя Наркамату асветы кінатэатры «Пралетарый», «Чырвоны факел», «Чырвоная зорка», «Інтэрнацыянал», на іх думку, змяшчалі вялікую колькасць эратычных стужак: «Прайдзіцеся па Савецкай і палюбуйцеся на афішы: “Утрыманка і ўтрыманец”, “Раман балерыны”, “Той, хто пралівае крывю” і інш. і інш. Падобныя назвы больш падыходзілі б да нейкага кутка Парыжа, ці то да Манмартра, але ніяк да Чырвонай сталіцы Савецкай Беларусі»[142]. Пошук кампрамісу паміж ідэалагічнымі патрабаваннямі і самаакупальнасцю кіно працягваўся да канца дзесяцігоддзя. Напрыклад, у 1929 г. Белдзяржкіно дало наступную рэкламу для фільма Л. Рыфеншталь «Шлях да сілы і прыгажосці», які дэманстраваўся ў лепшым сталічным кінатэатры «Культура»: «За межамі гэты фільм быў забаронены, таму што на экране паказваецца цела голай жанчыны»[143]. Аншлаг быў забяспечаны.

Першапачаткова стваральнікі «новага быту» адмаўлялі ў праве на існаванне «буржуазным» танцам, у якіх яны бачылі пераважна эратычны складнік. Старшыня Галоўрэперткама Грышын у 1922 г. тлумачыў папулярнасць танцаў сярод «непралетарскай моладзі»: «Сакрэт прагі танцаў у тым, што буржуазны танец шчыльна сплёўся і зжыўся са звычайным публічным домам у вытанчанай і лёгкай форме»[144]. Імкненне забараніць танцы адлюстроўвала агульную тэндэнцыю ўзмацнення калектыўнага кантролю над асабістай сферай. Галоўрэперткам імкнуўся паставіць пад кантроль танцы, што ладзіліся не толькі ў публічных месцах, але і ў прыватных дамах мінчан. У 1921 г. аб’ектам публічнай крытыкі стаў дом № 42 па Юр’еўскай вуліцы (праходзіла па Кастрычніцкай плошчы, сёння не існуе) у Мінску, дзе моладзь без дазволу дзяржаўных органаў танчыла пад акампанемент раяля і скрыпкі[145]

115

БДАМЛМ. Ф. 403. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 9.

116

НАРБ. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 118 т. 2. Арк. 385–387.

117

Шетько. Жилищное состояние Минска // Рабочий. 1928. 29 марта. № 75. С. 6.

118

Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Б.С.С.Р. 5 лістапада 1927 г. № 36. С. 473.

119

Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Б.С.С.Р. 16 ліпеня 1929 г. № 19. С. 415.

120

Сёння не існуе. Звязвала плошчу Свабоды з Ніжнім рынкам.

121

Рабочий. 1929. 9 окт. № 231. С. 5.

122

Звезда. 1924. 28 дек. № 301. С. 4.

123

Зьвязда. 1929. 21 чэрв. № 139. С. 4.

124

Рабочий. 1929. 20 окт. № 242. С. 6.

125

Сколько пропивает гомельская деревня // Рабочий. 1928. 30 авг. № 199. С. 2.

126

Оршанская деревня пропила 1.500.000 руб. // Рабочий. 1928. 8 авг. № 181. С. 2.

127

Справедливый. Боритесь с такими явлениями // Звезда. 1924. 28 дек. № 301. С. 4.

128

Каліта А. Вораг узьняў галаву // Чырвоная зьмена. 1928. 2 сьнеж. № 132. С. 5.

129

Чырвоная зьмена. 1928. 3 лют. № 13. С. 4.

130

Чырвоная зьмена. 1928. 9 сак. № 27. С. 4.

131

Магілёўскі селянін. 1929. 20 студз. № 6. С. 2.

132

Рабочий. 1928. 19 авг. № 190. С. 6.

133

Бяганская Я. Мая Галгофа. Старонкі перажытага // Полымя. 1990. № 3. С. 132.

134

Бірыла З. З мінулага // Полымя. 1992. № 5. С. 198.

135

У 1928 г. у БССР, паводле афіцыйных звестак, налічвалася каля 5 тыс. прафесійных жабракоў. Рабочий. 1928. 27 марта. № 73. С. 7.

136

БДАМЛМ. Ф. 403. Воп. 1. Спр. 13. Арк. 9.

137

Плашчынская С. З дзён далёкіх і блізкіх // Полымя. 1992. № 6. С. 178.

138

Рэлес Р. Постаці ў часе // Полымя. 2000. № 8. С. 170.

139

Пленум ЦКК КПБ. Об отдельных болезнях нашей партии // Звезда. 1924. 21 нояб. № 269. С. 2.

140

НАРБ. Ф. 42. Воп. 1. Спр. 134. Арк. 5.

141

НАРБ. Ф. 4п. Воп. 1. Спр. 2356. Арк. 13–14.

142

Звезда. 1922. 5 дек. № 287. С. 4.

143

Таўбэ М. Супраць халтуркі // Чырвоная зьмена. 1929. 23 чэрв. № 140. С. 2.

144

Гришин М. Политпросветработа и танцы // Звезда. 1922. 16 крас. № 90. С. 3.

145

Член Профсоюза. Танцулька // Звезда. 1921. 7 июня. № 130. С. 4.

Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.

Подняться наверх