Читать книгу Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг. - Аляксандр Гужалоўскі - Страница 6

Спачатку было слова
За справу бяруцца юрысты

Оглавление

На заканадаўчым узроўні савецкая дзяржава рэгулявала сэксуальныя паводзіны насельніцтва з дапамогай сямейнага і крымінальнага права. Савецкае сямейнае права ўтварала сістэму юрыдычных норм, якія рэгламентавалі грамадскія адносіны, што паўставалі з факта шлюбу і прыналежнасці да сям’і. Большая частка гэтых адносін, такіх як каханне, узаемная павага, асабістая свабода, адказнасць, давер, адданасць, сямейнае выхаванне, мелі немаёмасны характар. Аднак шлюб нараджаў таксама маёмасныя адносіны – з’яўлялася агульная маёмасць, абавязкі ўзаемнай матэрыяльнай падтрымкі, утрымання дзяцей і інш. У сферу кампетэнцыі крымінальнага права ўваходзілі злачынствы на сэксуальнай глебе – гвалтаванне, разбэшчванне, арганізацыя сэксуальных паслуг.

Падмурак новых шлюбна-сямейных адносін у СССР заклалі ўжо першыя дэкрэты савецкай улады, якія абвясцілі юрыдычнае разняволенне жанчыны, яе раўнанне ў правах з мужчынам ва ўсіх сферах жыцця. 18 снежня 1917 г. Ленін падпісаў дэкрэт «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб увядзенні кніг грамадзянскага стану»[85], 19 снежня – дэкрэт «Аб скасаванні шлюбу»[86]. Гэтыя дэкрэты пазбавілі мужчыну права кіраўніцтва сям’ёй, дэкларавалі матэрыяльнае і сэксуальнае самавызначэнне жанчыны, абвясцілі яе права на вольны выбар прозвішча, месца жыхарства і грамадзянства, чаго ў той час не было ні ў заходнееўрапейскіх краінах, ні ў ЗША. Асноўныя прынцыпы савецкай палітыкі ў галіне шлюбна-сямейных адносін былі замацаваны ў прынятым у Савецкай Расіі Кодэксе 1918 г. аб актах грамадзянскага стану, шлюбным, сямейным і апякунскім праве, які дзейнічаў таксама на тэрыторыі БССР[87]. Заканадаўца даў у Кодэксе правобраз камуністычнай сям’і, якая грунтуецца на ідэальным каханні дзвюх асоб рознага полу. Уступленне ў шлюб дазвалялася мужчынам, якія дасягнулі 18 гадоў, і жанчынам, якія дасягнулі 16 гадоў, але ў пэўных абставінах узроставая планка магла быць зніжана. У рэчышчы лозунга эпохі ваеннага камунізму аб знішчэнні прыватных маёмасных адносін аўтары Кодэкса мелі на ўвазе сям’ю будучыні, цалкам вызваленую ад «маёмасных ланцугоў».

На практыцы гэта ўвасобілася ва ўвядзенні ў Кодэкс 1918 г. дарэвалюцыйнай нормы сямейнага права аб раздзельным валоданні сужэнцаў маёмасцю. Норма таксама пашыралася на дваран і гарадское саслоўе (сялянскія сямейныя маёмасныя спрэчкі вырашаліся з дапамогай звычаёвага права). Паводле імперскага сямейнага кодэкса ні муж, ні жонка не мелі права карыстацца і кіраваць маёмасцю сужэнца(кі) без спецыяльнага дазволу. Аднак пашырэнне гэтай у цэлым прагрэсіўнай нормы права, распрацаванай для абароны эканамічных інтарэсаў жанчын прывілеяваных класаў, на ўсё насельніцтва краіны прывяло да нечаканых вынікаў. У выпадку разводу цярпела беспрацоўная жанчына з дзецьмі, якая не мела правоў на маёмасць мужа, у тым ліку і на набытую ім у шлюбе. Гэтая катэгорыя жанчын дамінавала на абшарах былой Расійскай імперыі.

Кодэкс прызнаў выключнае права ЗАГСаў рэгістраваць шлюбы. Царкоўны шлюб абвяшчаўся перажыткам, а разам з ім таксама традыцыйная сям’я. Нягледзячы на тое, што афіцыйна вянчанне забаронена не было, толькі шлюб, зарэгістраваны ў ЗАГСе, спараджаў правы і абавязкі мужа і жонкі. Вянчанне ў культавых установах усіх канфесій было забаронена без папярэдняй афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу ў ЗАГСе. Апошняя забарона была адменена ў ліпені 1924 г. рашэннем Наркамата юстыцыі і Наркамата ўнутраных спраў БССР у сувязі з тым, што «рэлігійныя абрады зусім страцілі ўсялякае юрыдычнае значэнне для дзяржавы»[88].

У сакавіку 1922 г. калегія НКУС БССР усталявала наступныя тарыфы на аплату паслуг ЗАГСаў. За запіс аб нараджэнні спаганялася з прыватных асоб 50 капеек, членаў прафсаюза – 25 капеек, за рэгістрацыю шлюбу спаганялася з прыватных асоб 5 рублёў, членаў прафсаюза – 2 рублі, за развод – з усіх грамадзян спаганялася 15 рублёў[89]. У чэрвені 1922 г. быў уведзены гербавы збор за ўсе метрычныя пасведчанні, што выдаваліся ЗАГСамі, у памеры 5 рублёў (сярэдні заробак прамысловага рабочага ў той час складаў каля 50 рублёў у месяц)[90].

25 ліпеня 1922 г. газета «Звязда» паведамляла, што для заключэння грамадзянскага шлюбу ў ЗАГСе жаніх і нявеста павінны мець пашпарты[91]. Жаніх да таго ж павінен быў мець копію ўліковай карткі з ваенкамата. Калі гэтыя дакументы адсутнічалі, то жаніх мог пацвердзіць сваю асобу з дапамогай службовага пасведчання, нявеста – з дапамогай копіі метрычнага запісу, выдадзенага ЗАГСам (метрычныя запісы, выдадзеныя служкамі рэлігійнага культу, лічыліся несапраўднымі). Для ўступлення ў шлюб ваеннаслужачым было дастаткова прад’явіць чырвонаармейскую кніжку. Удаўцы і ўдовы мусілі прад’явіць пасведчанні аб смерці жонкі ці мужа. Пасведчанні і даведкі, выдадзеныя грамадзянам дамкамамі, не прымаліся. На рэгістрацыі шлюбу патрабавалася прысутнасць двух сведкаў[92].

Як частку дзяржаўнай палітыкі трэба разглядаць спробы скарыстаць на практыцы вынікі еўгенічных даследаванняў, якія ў рамках сацыяльнай гігіены актыўна развіваліся ў СССР у 1920-я гг. У жніўні 1923 г. Наркамат аховы здароўя БССР распрацаваў пастанову, адпаведна якой асобы, што збіраліся пабрацца шлюбам, мусілі абмяняцца пасведчаннямі аб стане здароўя, у прыватнасці аб наяўнасці ў іх псіхічных, венерычных і іншых захворванняў, што маглі перадацца нашчадкам[93].

Скасаванне шлюбу, якое ў дарэвалюцыйны час было звязана з вялікімі цяжкасцямі, адпаведна Кодэксу 1918 г. максімальна спрашчалася. «Спыненне палавога сажыцельства сужэнцаў ёсць фактычнае растаржэнне шлюбу, і заканадаўца, прызнаючы гэты прынцып як асноўны, спрасціў працэдуру разлукі да мэтазгоднага мінімуму», – тлумачыў Кодэкс жыхарам рэспублікі член Прэзідыума ЦВК БССР В. П. Грузель[94]. Развод ажыццяўляўся праз суд паводле пісьмовага альбо вуснага звароту мужа альбо жонкі ці праз ЗАГС па жаданні абодвух альбо аднаго з бакоў. Шлюб не ствараў агульнай маёмасці мужа і жонкі, што на практыцы прыводзіла да эканамічнай залежнасці жонкі ад мужа, бо большасць жанчын у той час з’яўляліся хатнімі гаспадынямі. Сітуацыя ўскладнялася слабасцю дзяржаўных службаў сацыяльнай дапамогі адзінокім жанчынам з дзецьмі. У падобных эканамічных, юрыдычных, культурных рэаліях сэксуальныя адносіны ў горадзе і вёсцы часта прыводзілі да сумных, а часам трагічных наступстваў, перш за ўсё для жанчын і дзяцей.

29 мая 1925 г. ЦВК і СНК БССР прынялі пастанову «Да парадку разгляду спраў па скасаваньні шлюбаў і па выдачы ўтрыманьня незабясьпечанаму супругу і дзецям», мэтай якой было ўпарадкаванне працэдуры разводу, а таксама ўмацаванне матэрыяльнага становішча жанчыны пасля разводу. Пастанова змяшчала наступныя восем пунктаў:

«1. Развод робіцца як па згодзе абодвух супругаў, гэтак і па жаданьні аднаго зь іх разьвесьціся.

2. Заявы аб скасаваньні шлюбаў падаюцца па месцы пражываньня аднаго з супругаў у пісьмовай ці вуснай форме.

3. Калі заяўшчык ня мае дакумэнтаў, засьведчаючых запіс касуемага шлюбу, ён падае ў ЗАГС заяву аб гэтым, азначыўшы месца і час утварэньня шлюбу, і прымае на сябе адказнасьць за праўдзівасьць гэтых вестак.

4. Калі заява ў органы ЗАГС падаецца адным з супругаў, то другому супругу паведамляецца аб пададзенай заяве, таксама высылаецца копія запісу аб скасаваньні шлюбу па адрасе, азначаным заяўшчыкам. УВАГА: Калі адрас другой стараны невядомы, то ў памяшканьні ЗАГС вывешваецца апавяшчэньне аб тым, што справа будзе разгледжана празь месяц. Няяўка не прыпыняе разгляду справы. Такое самае апавяшчэньне зьмяшчаецца ў мясцовай або цэнтральнай афіцыйнай газэце.

5. Незабясьпечаны і непрацаздольны супруг у выпадку разводу мае права на палучэньне ўтрыманьня ад другога супруга, калі толькі апошні, паводле прызнаньня суда, можа даваць яго.

6. Права на ўтрыманьне мае ня толькі няпрацаздольны разьведзены супруг, але і працаздольны ў часе яго безпрацоўя, аднак у працязе ня больш году з дню разводу. Увага: у выпадку наўмыснага ўхіленьня ад працы разьведзенага супруга другі бок можа падаць іск аб вызваленьні яго ад гэтага абавязку.

7. Права на ўтрыманьне маюць таксама асобы, якія знаходзіліся ў фактычным, не запісаным шлюбе, як гэта пазначана ў артыкулах 5 і 6.

8. Умаўленьне паміж развадных супругаў аб тым, пры кім зь іх і хто зь дзяцей застаецца на выхаваньне, хто зь іх і якую долю расходаў на іх утрыманьне і выхаваньне возьме на сябе і разьмер утрыманьня незабясьпечанаму супругу запісваецца органам ЗАГС у асобы пратакол. Выдаецца яго асобнік кожнаму з супругаў. Рашэньне ЗАГС можна дамагацца зьмяніць у працэсуальным парадку праз суд.

Старшыня ЦВК А. Хацкевіч. За старшыню ЦВК З. Чарнушэвіч.

Старшыня СНК Я. Адамовіч»[95].

15 лістапада 1928 г. выйшаў сумесны цыркуляр Наркамюста і НКУС «Пра парадак уручэньня павестак аб разводзе асобам, якія пражываюць за межамі Саюзу ССР», адпаведна якому шлюб паміж грамадзянінам СССР і замежнікам скасоўвалі па жаданні аднаго з бакоў пры адсутнасці замежнага сужэнца на агульных падставах. Судовае рашэнне высылалася за мяжу праз савецкае консульства[96].

Сумеснай пастановай наркаматаў юстыцыі і аховы здароўя РСФСР, прынятай 18 лістапада 1920 г., было дазволена штучнае перапыненне цяжарнасці ў медыцынскіх установах незалежна ад таго, пагражае ці не здароўю жанчыны далейшае выношванне плода. Такім чынам, Савецкая Расія (а разам з ёю і Савецкая Беларусь) стала першай краінай свету, якая дазволіла ўласным грамадзянкам рабіць аборты без абмежаванняў. Гэты дазвол разглядаўся ўладай хутчэй як часовы захад, непазбежнае сацыяльнае зло, чым медыка-юрыдычная норма, якая дазваляла жанчынам самастойна прымаць рашэнні рэпрадукцыйнага характару.

Першы Крымінальны кодэкс РСФСР 1922 г. (які дзейнічаў таксама на тэрыторыі БССР) прадугледжваў досыць мяккае пакаранне за такія віды сэксуальных злачынстваў, як згвалтаванне (не менш 3 гадоў) і разбэшчванне непаўналетніх (да 5 гадоў). Артыкул 170 Кодэкса прадугледжваў за прымушэнне да заняткаў прастытуцыяй не менш 3 гадоў зняволення са строгай ізаляцыяй. Артыкул 171 за зводніцтва, утрыманне прытонаў распусты, а таксама вярбоўку жанчын для заняткаў прастытуцыяй таксама не менш 3 гадоў са строгай ізаляцыяй. У выпадку ўцягвання ў заняткі прастытуцыяй непаўналетніх тэрмін зняволення павялічваўся да 5 гадоў. Са старога, імперскага Укладання аб пакараннях у савецкі Крымінальны кодэкс не перайшлі артыкулы, якія прадугледжвалі ссылку ў Сібір за мужаложства і скаталожства[97].

Усе пазначаныя артыкулы перайшлі ў Крымінальны кодэкс БССР, прыняты ў 1928 г. Васьмігадовая судовая практыка прымусіла беларускіх заканатворцаў змяніць пакаранні за сэксуальныя злачынствы ў бок іх узмацнення. Так, артыкул 233 «Палавыя зносіны з асобамі, якія не дарасьлі да палавой сьпеласьці» цяпер выклікаў пазбаўленне волі без строгай ізаляцыі да 3 гадоў, артыкул 235 «Палавыя зносіны з фізычным гвалтам» – да 5 гадоў, артыкул 236 у частцы А «Прымушэньне займацца прастытуцыяю, зводніцтва, утрыманьне прытонаў распусты, а таксама ўцягваньне жанчын у прастытуцыю» – да 5 гадоў са строгай альбо без строгай ізаляцыі, у частцы Б «Такія самыя дзеяньні, калі ўцягнутыя ў прастытуцыю былі непаўналетнімі» – са строгай ізаляцый да 8 гадоў. Акрамя таго, у беларускую судовую практыку ўводзілася пакаранне да 3 гадоў без строгай ізаляцыі за наўмыснае заражэнне цяжкой венерычнай хваробай (за неданясенне асоб, да таго абавязаных, уладам аб выпадках венерычных захворванняў быў прадугледжаны штраф да 300 рублёў альбо прымусовыя працы)[98]. Сацыяльна-эканамічныя рэаліі эпохі НЭПу вымагалі рэфармавання савецкага шлюбнага заканадаўства. Для яго рэфарматараў асноўная праблема хавалася ў няпэўным і ўразлівым статусе жонак, якія знаходзіліся ў незарэгістраваным, так званым фактычным шлюбе. Падобныя шлюбы былі пашыраны сярод расійскай рэвалюцыйнай інтэлігенцыі, прадстаўнікі якой не жадалі брацца царкоўным шлюбам па ідэалагічных альбо канспіратыўных матывах. Нягледзячы на тое, што фактычныя шлюбы не згадваліся ў Кодэксе 1918 г., яны атрымалі шырокае пашырэнне, пераважна ў гарадах. Фактычныя шлюбы былі выгодныя для мужчын. Адпаведна, іх ахвярамі ў большасці выпадкаў рабіліся жанчыны з дзецьмі, бо факт бацькоўства ў судзе даказаць было вельмі цяжка. Праз падзел маёмасці падчас разводу ахвярамі рабіліся і тыя жанчыны, якія знаходзіліся ў зарэгістраваным шлюбе.

Праект уласнага беларускага Кодэкса законаў аб шлюбе, сям’і і апецы быў вынесены на спецыяльнае абмеркаванне на жнівеньскай (1926 г.) сесіі ЦВК БССР. Падчас абмеркавання, якое праходзіла пад старшынствам А. Р. Чарвякова, высветліліся два супрацьлеглыя падыходы да галоўнага пытання – фактычнага шлюбу. Думкі тых, хто падтрымліваў яго заканадаўчае афармленне, агучыла ў сваім выступе загадчыца жанаддзела ЦК КП(б)Б, рэдактар часопіса «Беларуская работніца і сялянка» М. Ф. Муратава. Яна нагадала, што фактычны шлюб на заканадаўчым узроўні ўжо існуе ў РСФСР і з пэўнымі абмежаваннямі[99] ва Украінскай ССР. Назваўшы зарэгістраваны шлюб «перажыткам буржуазнага мінулага», прыхільніца тэорыі «крылатага Эраса» паведаміла, што ў БССР ужо каля 100 тыс. чалавек жывуць фактычным шлюбам. Сведчаннем дэградацыі зарэгістраванага шлюбу, на яе думку, была яго хуткабежнасць – нядаўна «адзін чалавек быў зарэгістраваны 13 разоў». Муратава мела моцнага саюзніка ў асобе намесніка старшыні СНК БССР М. М. Каркліна, які адначасова з’яўляўся старшынёй Камісіі заканадаўчых прапаноў пры СНК. Ён падтрымліваў прынцып неабавязковасці рэгістрацыі шлюбу, лічыў, што фактычны шлюб нараджае тыя ж маёмасныя правы і абавязкі сужэнцаў, што і шлюб зарэгістраваны[100].

Пазіцыю праціўнікаў фактычнага шлюбу на абмеркаванні выказаў наркам юстыцыі М. А. Сегаль, які выступаў за моцны, зарэгістраваны ў дзяржаўных органах шлюб. Яго галоўным аргументам быў неаспрэчны факт, што ў выніку распаду фактычнага шлюбу абараняць уласныя правы даводзіцца слабому боку – жанчыне і дзецям. Былі ў наркама і іншыя аргументы: «Калі прыраўнаем фактычны шлюб да зарэгістраванага, то можна сутыкнуцца з такой акалічнасцю: уявеце сабе, што калі хто-небудзь мае 3–4 фактычныя жонкі і гэты шлюб прыроўніваецца да зарэгістраванага юрыдычнага шлюбу з усімі вынікамі… гэта вядзе да мнагажонства. Па такім шляху мы йсці ня можам», «суды завалены справамі аб аліментах».

У якасці альтэрнатывы легалізацыі фактычнага шлюбу Сегаль прапанаваў дэталёвую працэдуру ўсталявання бацькоўства: цяжарная жанчына ці маці нованароджанага на працягу месяца пасля нараджэння падае заяву ў ЗАГС з указаннем імя таго, хто з’яўляецца бацькам. ЗАГС на працягу 7 дзён паведамляе пра гэта бацьку і дае яму месяц на роздум і афіцыйны адказ. Калі меркаваны бацька адмаўляецца прызнаць дзіця, ён павінен падаць заяву ў суд і аспрэчваць заяву ў судовым парадку. Калі падобнай заявы няма – ён аўтаматычна лічыцца бацькам. У гэтым выпадку аспрэчваць бацькоўства давядзецца ў агульнапозыўным парадку[101].

Супрацоўнік Наркамата РСІ–ЦКК КП(б)Б К. Ф. Бенек, канстатуючы, што «робіцца страхацьцё, распуста цьвіце, няма ніякіх межаў… трэба налажыць цуглі як на мужчыну, так і на жанчыну», выступаў за роўнасць зарэгістраванага шлюбу з фактычным, прапанаваў усю маёмасць сужэнцаў, нажытую да шлюбу паасобку і разам у шлюбе, пасля разлукі дзяліць папалам, звярнуў увагу прысутных на цяжкавыканальнасць пункта 42 праекта Кодэкса, дзе размова ішла пра спагнанне аліментаў з некалькіх мужчын, з якімі жанчына жыла разам (у канчатковым выглядзе Кодэкс законаў аб шлюбе прадугледжваў спагнанне аліментаў з аднаго канкрэтна вызначанага бацькі). Дэпутат Калінін выказаўся за фактычны шлюб для горада і зарэгістраваны для вёскі, а таксама супраць таго, каб абкладаць аліментамі сялянскую гаспадарку ў выпадку, калі бацька-селянін плаціць іх не ў стане («сын дзесьці бадзяўся, зрабіў алімэнт, а бацька за яго плаці»). Дэпутат Нікіфарэнка прапанаваў абмежаваць колькасць шлюбаў трыма, бо «…ёсьць у нас такія, што ня толькі па 7 жон мелі, але і па 12». Дэпутат Іванькова адзначыла, што сэксуальная свабода мужчын вядзе да «пашырэньня і разьвіцьця простытуцыі як на вёсцы, так і ў горадзе», і дадала, што ведае толькі адзін выпадак, калі на судзе мужчына прызнаўся і сказаў: «Але – гэта маё дзіця»[102].

З боку дэпутатаў-жанчын, большасць якіх падтрымала пазіцыю М. Ф. Муратавай, гучалі прапановы ўзаконіць фактычны шлюб («селянін будзе ведаць – няма чаго гуляць з нейкай дзяўчынай, бо яго маёмасць у аднолькавай небяспецы як у зарэгістраваным, так і ў фактычным шлюбе»), а таксама абмежаваць максімальную колькасць шлюбаў трыма. Мужчыны пераважна выказалі падтрымку толькі зарэгістраванаму шлюбу, звяртаючы ўвагу прысутных на небяспеку маніпуляцый з боку нядобрасумленных жанчын («жаночую нагласьць»)[103].

Па выніках абмеркавання члены ЦВК БССР вырашылі вынесці праект беларускага Кодэкса законаў аб шлюбе, сям’і і апецы на разгляд шырокіх мас. Але беларускія вучоныя пачалі абмеркаванне гэтага пытання яшчэ да жнівеньскай сесіі ЦВК БССР. У лютым 1926 г. прыхільнік стрыманай пазіцыі гісторык-эканаміст, выкладчык БДУ І. В. Герчыкаў, які выступаў за стварэнне манагамнай сацыялістычнай сям’і, заснаванай на каханні і супрацоўніцтве, а таксама сацыялізацыю толькі дашкольнага выхавання дзяцей, пазнаёміў чытачоў часопіса «Полымя» з ходам абмеркавання новага праекта расійскага Кодэкса[104].

Абмеркаванне ж уласна беларускага Кодэкса распачаў прафесар БДУ, вядомы спецыяліст у галіне грамадзянскага і сямейнага права М. В. Грэдынгер. З’яўляючыся прыхільнікам меркаванай легалізацыі фактычнага шлюбу, ён уступіў у палеміку з заходнееўрапейскімі юрыстамі, якія характарызавалі практыку падобных шлюбных адносін як вяртанне ў першабытнае грамадства. Размову пра беларускі праект Кодэкса законаў аб шлюбе, сям’і і апецы аўтар вёў, параўноўваючы яго з аналагічнымі праектамі, распрацаванымі ў РСФСР і УССР[105].

Прыхільнік фактычнага шлюбу і лёгкага разводу, а таксама «парасткаў новага быту» дацэнт кафедры канстытуцыйнага права БДУ М. А. Канаплін высунуў наступныя аргументы на карысць уласнай пазіцыі: «Апрача таго, што [у выніку легалізацыі толькі зарэгістраванага шлюбу. – А. Г.] на сцэну зьяўляюцца дзеці першае і другое катэгорыі… у кожным разе лік задушаных і ў студні кінутых або проста “падкінутых” дзяцей павялічыцца, колькасьць абортаў і сьлёз матак, трэба думаць, таксама ня зьменшыцца»[106].

Уласнае разуменне маёмасных узаемаабавязкаў мужа і жонкі ў сацыялістычным грамадстве прапанаваў асістэнт кафедры грамадзянскага права БДУ Ф. І. Гаўзэ[107].

Неўзабаве пасля пачатку абмеркавання праекта Кодэкса законаў аб шлюбе ў сталіцы дыскусія перайшла на старонкі акруговага перыядычнага друку. Вось як яна адбывалася ў Бабруйску. Першым у мясцовым друку на азначаную тэму выказаўся акруговы суддзя Іваніцкі, які паставіў пад сумненне неабходнасць узаконення фактычнага шлюбу, бо за яго трохгадовую практыку было толькі два выпадкі, калі суд не прызнаваў фактычны шлюб. На яго думку, правы сужэнцаў былі добра абаронены пастановай «Аб парадку разбору спраў аб скасаванні шлюбаў і аб выдачы ўтрымання жонкам і дзецям, якія маюць у гэтым патрэбу», прынятай ЦВК БССР 29 мая 1925 г.[108]

Па меркаванні селькора бабруйскага «Камуніста» Пукінскага, «…калі маці сужэнцавала зь некалькімі мужчынамі адначасова, дык плаціць на ўтрыманьне дзіця павінны альбо ўсе гэтыя мужчыны, альбо ніводны зь іх, другі спосаб нават лепшы». Тэму лёсу дзяцей, што нарадзіліся ў выніку палігамнага жыцця, працягнуў карэспандэнт газеты М. Корзун: «Вельмі сур’ёзнае пытаньне, каго лічыць бацькам дзіця? Калі з жанчынай сужэнцавалі некалькі мужчын, дык чаму бацькам лічыць толькі аднаго з іх, і калі аднаго, дык чаму менавіта таго, а не іншага з тых, хто сужэнцаваў? У такіх выпадках, калі ніхто ня можа ведаць, хто бацька дзіця, дзіцю трэба даць прозвішча маці і адправіць у дзіцячы дом на выхаваньне. А для ўтрыманьня такіх дзетак добра было б увесьці адмысловы падатак на халасьцякоў звыш 30 гадоў». Іншыя карэспандэнты выказвалі засцярогу, што ў выпадку спагнання аліментаў з усіх меркаваных бацькоў «…як бы ў нас не зьявіліся спэцыялісткі-алімэнтшчыцы»[109].

Жыхары беларускіх вёсак, мястэчак, гарадоў мелі магчымасць выказаць свае думкі адносна праекта Кодэкса законаў аб шлюбе, сям’і і апецы не толькі ў перыядычным друку, але і ў адкрытых дыскусіях. Адна з іх, прысвечаная ўзаконенню фактычнага шлюбу, адбылася 28 жніўня 1926 г. у памяшканні 1-га віцебскага драмтэатра[110]. Трэба адзначыць, што найбольш актыўны ўдзел у абмеркаванні праекта Кодэкса як у друку, так і ў публічных дыскусіях бралі мужчыны. Большасць жанчын, выконваючы сваю традыцыйную гендарную ролю, сціпла трымаліся ў ценю. Выключэннем былі жанчыны-дэлегаткі, якія са старонак часопіса «Беларуская работніца і сялянка» на працягу 1926 г. рэгулярна патрабавалі ўскладнення працэдуры разводу.

Намаганні рэфарматараў шлюбна-сямейнай сферы ўвасобіліся ў беларускім Кодэксе законаў аб шлюбе, сям’і і апецы, які зацвердзіла ІV сесія ЦВК БССР VІІ склікання 27 студзеня 1927 г.[111] У цэлым Кодэкс працягваў ліберальную традыцыю ў сферы сям’і і сямейных адносін, якая склалася ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. У ім у значнай ступені ўвасобіліся ідэі прыхільнікаў вызвалення «крылатага Эраса». Так, ён адрозніваўся ад Кодэкса 1918 г. тым, што незарэгістраваныя, фактычныя шлюбы прыраўноўваліся па юрыдычных абавязках мужа і жонкі да зарэгістраваных шлюбаў. Наяўнасць фактычнага шлюбу ў выпадку разводу пазоўніку трэба было даказаць у судзе. Акрамя таго, уся маёмасць, нажытая мужам і жонкай у шлюбе, прызнавалася агульнай. У выніку муж ці жонка, нават калі не мелі падчас сумеснага пражывання самастойнага прыбытку, атрымалі права на частку сямейнай маёмасці. Дзеля заахвочвання зарэгістраваных шлюбаў была яшчэ больш спрошчана працэдура разводу. Стала непатрэбна тлумачыць яго прычыны, спрачацца, даказваць, прыцягваць сведкаў. Такім чынам, Кодэкс 1927 г. замацаваў у якасці юрыдычнай нормы зарэгістраваны грамадзянскі і незарэгістраваны фактычны шлюб, развод, магчымасць стварэння сям’і без дазволу бацькоў і апекуноў. За заведама ілжывыя заявы аб устанаўленні бацькоўства належала крымінальная адказнасць.

Жыхары беларускай вёскі ў сваёй масе адмоўна паставіліся да Кодэкса 1927 г., найперш з прычыны фінансавай уразлівасці сялянскай гаспадаркі ў выпадку распаду шлюбнага саюзу. Жансаветы крытыкавалі яго за недастатковую абарону правоў жанчын. Таму ўжо ў 1928 г. Наркамюст БССР быў вымушаны ўнесці ў Кодэкс папраўкі, якія ўзмацнялі абарону маці і дзіцяці. Так, пад пагрозай крымінальнай адказнасці бацька дзяцей быў абавязаны паведамляць маці аб перамене свайго месца жыхарства і працы. Айчым ці мачыха, якія ўжо некаторы час утрымлівалі дзяцей, былі абавязаны даваць сродкі на іх утрыманне і надалей. Судам дазвалялася прыпыняць справы аб выдзеле з сельскай гаспадаркі, калі асоба, якая выдзялялася, рабіла гэта з мэтаю ўнікнуць уплаты аліментаў. Акрамя таго, усталёўваўся мінімальны ўзрост уступлення ў шлюб для абодвух палоў – 18 гадоў[112].

Заканатворцы першага дзесяцігоддзя савецкай улады прадэманстравалі радыкальныя падыходы да мадэрнізацыі сям’і, шлюбу, сэксуальных узаемаадносін. Скасаванне саслоўных, рэлігійных, маёмасных абмежаванняў для ўступлення ў шлюб, абвяшчэнне прынцыпаў добраахвотнасці шлюбу, роўнасці сужэнцаў, легалізацыя фактычнага шлюбу на практыцы прывялі да няпэўнасці і супярэчлівасці заканадаўчых норм, расхіствання асноў традыцыйнай сям’і.

85

Декрет ВЦИК, СНК РСФСР от 18.12.1917 «О гражданском браке, о детях и о введении книг актов гражданского состояния». [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.lawmix.ru/docs_cccp.php?id=8234.

86

Декрет ВЦИК, СНК РСФСР от 19.12.1917 «О расторжении брака». [Электронный ресурс]. Режим доступа: http://www.lawmix.ru/docs_cccp.php?id=8230.

87

Кодекс законов об Актах гражданского состояния, Брачном, Семейном и Опекунском праве // Собрание узаконений и распоряжений рабочего и крестьянского правительства. № 76–77. 22 окт. 1918 г. С. 933–959.

88

Звезда. 1924. 16 июля. № 162. С. 6.

89

Звезда. 1922. 30 мар. № 75. С. 4.

90

Звезда. 1922. 28 мая. № 125. С. 4.

91

У ліпені–жніўні 1922 г. праходзіла пашпартызацыя жыхароў БССР.

92

Звезда. 1922. 25 июля. № 174. С. 4.

93

Врач Е. Ш-н. Здоровый брак // Звезда. 1923. 17 авг. № 191. С. 5.

94

НАРБ. Ф. 4п. Воп. 1. Спр. 2378. Арк. 2.

95

НАРБ. Ф. 6. Воп. 1. Спр. 564. Арк. 13–14.

96

НАРБ. Ф. 99. Воп. 2. Спр. 662. Арк. 94.

97

Уголовный кодекс РСФСР. С предисловием Д. И. Курского. М., 1924. С. 624–626.

98

Крымінальны кодэкс Б.С.С.Р. (прыняты 19 кастр. 1928 г.) // Збор законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага Ўраду Б.С.С.Р. № 30. 12 ліст. 1928 г. Аддзел 1. С. 897–899.

99

Ва УССР фактычным шлюбам лічылася сумежнае пражыванне асоб рознага полу тэрмінам больш двух гадоў, альбо на працягу меншага тэрміну, калі жанчына зацяжарыла ці нарадзіла дзіця. Падобнае вызначэнне фактычнага шлюбу ставіла больш пытанняў, чым давала адказаў. Вось некаторыя з тых, што прагучалі на жнівеньскай (1926) сесіі ЦВК БССР: чаму менавіта двухгадовы тэрмін сумеснага пражывання ператварае сужыцце ў шлюб? Ці з’яўляецца цяжарнасць у выніку выпадковага сэксуальнага кантакту падставай для кваліфікавання апошняга як фактычнага шлюбу?

100

НАРБ. Ф. 99. Воп. 2. Спр. 536. Арк. 66–73.

101

НАРБ. Ф. 99. Воп. 2. Спр. 536. Арк. 222–327.

102

Матэрыялы па пытаньні аб шлюбе, сям’і і апецы. Менск, 1926. С. 18, 32, 39.

103

НАРБ. Ф. 99. Воп. 2. Спр. 536. Арк. 300.

104

Герчыкаў І. Новы асаблівы дакумэнт соцыялістычнай праватворчасьці // Полымя. 1926. № 2. С. 67–77.

105

Грэдынгер М. Найважнейшыя моманты ў будучым заканадаўстве аб сям’і // Полымя. 1926. № 8. С. 145–154.

106

Канаплін Н. Два пытаньні (Да дыскусіі аб шлюбе і сям’і) // Полымя. 1926.

№ 8. С. 157.

107

Гаўзэ Ф. Маёмасныя адносіны супругаў па кодэксах законаў аб шлюбе, сям’і і апецы БССР, РСФСР і УССР // Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску. Факультэт права і гаспадаркі. 1928. № 21. С. 53.

108

Иваницкий. О семье, браке и опеке // Комуніст. 1926. 20 кастр. № 122. С. 3.

109

Комуніст. 1926. 22 кастр. № 123. С. 2.

110

Заря Запада. 1926. 22 авг. № 192. С. 3.

111

Кодэкс законаў аб шлюбе, сям’і і апецы Б.С.С.Р. Менск, 1927.

112

Зьвязда. 1928. 1 ліст. № 253. С. 4.

Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг.

Подняться наверх