Читать книгу Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг. - Аляксандр Гужалоўскі - Страница 5
Спачатку было слова
Тэарэтычныя пошукі ў Савецкай Беларусі
ОглавлениеАдным з найбольш дасведчаных спецыялістаў у БССР у галіне марксісцкага вырашэння «жаночага пытання» была С. С. Шамардзіна. Яна ўзначальвала жаночы аддзел ЦК КП(б)Б у час, калі пасаду загадчыка аналагічнай структуры ў ЦК УКП(б) у Маскве займала А. М. Калантай. Як і яе старэйшая па пасадзе і па ўзросце калега, Шамардзіна была гарачай прыхільніцай бытавой роўнасці, грамадзянскага шлюбу, лёгкіх разводаў, а таксама абортаў. У сваіх шматлікіх тагачасных выступах яна канструюе вобраз «новай жанчыны», вольнай ад маральных абмежаванняў і старой маралі. Гэтая «новая жанчына» сваёй галоўнай задачай лічыць служэнне грамадству, а таксама самаўдасканальванне, у тым ліку ў галіне адносін з процілеглым полам. Адвечныя сацыяльныя ролі жонкі і маці для яе з’яўляюцца другаснымі.
Напрыклад, 5 кастрычніка 1921 г., выступаючы на дэлегацкім сходзе работніц Мінска з дакладам «Аб шлюбна-палавой маралі», Шамардзіна тлумачыла жаночым актывісткам: «Цяпер, падчас пераходнага перыяду, адбываецца ломка старой сям’і. Жанчыны ўжо маюць роўныя правы. Эканамічная залежнасць жанчыны ад мужчыны адпадае. Выхаванне дзяцей робіцца грамадскім. Цяпер цяжка вызначыць, якія формы набудуць сямейна-шлюбныя адносіны, але дваістасці маралі буржуазнай сям’і больш не будзе. Мужчына і жанчына будуць адрознівацца толькі паламі»[49]. Падобную рыторыку, накіраваную на разбурэнне традыцыйнай сям’і, мы знаходзім і ў наступніц С. С. Шамардзіной на пасадзе загадчыцы жанаддзела. М. Ф. Муратава, выступаючы 2 мая 1923 г. на сходзе дэлегатак з дакладам «Аб новых формах быту работніц», наўпрост заявіла: «Жанчына павінна вызваліцца ад цяжару сямейнага жыцця. Неабходна ўцягнуць у жанаддзел жонак рабочых, якія дапамогуць разбурыць стары быт, сям’ю рабочага»[50].
Новыя ідэі, накіраваныя на разбурэнне традыцыйнай сям’і, актыўна абмяркоўваліся на старонках тагачаснага савецкага друку, у тым ліку беларускага. Галоўная газета рэспублікі «Звязда» змяшчала артыкулы ў падтрымку жанчын, якія наважыліся кінуць выклік старой маралі, пакінуць нялюбага мужа і рушыць насустрач новаму, вольнаму каханню[51]. Абмяркоўваліся на старонках «Звязды» таксама практычныя пытанні ўладкавання новага быту. Напрыклад, напрыканцы 1925 г. газета змясціла артыкул жаночай актывісткі Ц. Камінскай у падтрымку ідэі А. М. Калантай аб неабходнасці ўвядзення невялікага падатку на халастых і бяздзетных, які пойдзе на калектыўнае выхаванне дзяцей[52].
Прыхільнікам новых, вольных адносін паміж паламі давалі слова таксама рэдактары беларускіх рэгіянальных газет. У 1923 г. гомельскі спецыяліст па ахове мацярынства і маленства Г. Серман у спецыяльным артыкуле, прысвечаным барацьбе за падобныя адносіны, пісаў: «Можа быць, гэтыя новыя формы сям’і ўжо знойдзены. Можна меркаваць, што арганізацыя грамадскага харчавання, дзяржаўнага выхавання дзяцей адыграе пэўную разбуральную ролю. Нам трэба падобныя з’явы ўзмацняць і паглыбляць. І гэтую ролю павінны ўзяць на сябе Саветы»[53]. У тым самым годзе карэспандэнт газеты «Палеская праўда» выступіў з рэзкай крытыкай класічных і эстрадных танцаў. Крытыкаваў ён танцы з зусім нечаканага боку, а менавіта як пошлую, мяшчанскую прэлюдыю да кахання. На яго думку, новая савецкая моладзь, у адрозненне ад мяшчанскай, не была павінна «…хаваць сваё каханне, сваё здаровае імкненне адно да аднаго ад цэлай арміі дурных і дробных забабонаў»[54].
У 1925 г. рэдакцыя віцебскай газеты «Зара Захаду» паведаміла чытачам пра гурток быту, які дзейнічаў пры ёй. На яго паседжаннях абмяркоўваліся пераважна пытанні барацьбы са спадчынай мінулага ў выглядзе ненармальных адносін паміж мужчынамі і жанчынамі – прастытуцыі, абортаў, венерычных захворванняў, палавых вычварэнняў. Разам з тым сябры гуртка быту не маглі ўстрымацца ад таго, каб зазірнуць у будучыню. Так, на паседжанні гуртка 8 лютага 1925 г. было вырашана ўвесці «…прастату, нармальную, натуральную неабходнасць у палавыя зносіны… якія працягваюць заставацца сакрэтна-забароненым, таямнічым, пра што гавораць шэптам, чаго дамагаюцца хітрыкамі»[55]. У студзені 1925 г. сябры гуртка ў поўным складзе наведалі лекцыю-дыспут «Як і навошта мы бярэмся шлюбам», што адбылася ў Віцебскім гарадскім тэатры[56]. У снежні таго ж года Віцебскі тэатр не ўмясціў усіх, хто жадаў праслухаць лекцыю «Палавое рабства», прачытаную вядомым дзеячам расійскага рэвалюцыйнага руху У. А. Пасэ, падчас якой ён «сакавіта і вобразна» распавядаў пра паэтыку палавога акта[57].
Дыскусія аб узаемаадносінах палоў у сацыялістычным грамадстве выходзіла на вышэйшую партыйную трыбуну рэспублікі. Так, на адным з паседжанняў Х з’езда КП(б)Б, якое адбылося 8 студзеня 1927 г., прыбылы з Масквы начальнік Усходняга аддзела АДПУ, па сумяшчальніцтве член Камісіі партыйнага кантролю пры ЦК УКП(б) Я. Х. Петэрс ухіліўся ад прамога адказу на пытанне аб стандартах сэксуальных паводзін камуністаў. Прадстаўнік «партыйнай інквізіцыі», праз чые рукі прайшлі сотні спраў членаў УКП(б), якія адмовіліся ад уласных жонак і дзяцей, сказаў, што яму цяжка дакладна высветліць характар адносін жанатых камуністаў з іншымі жанчынамі і як гэтыя адносіны стасуюцца са знаходжаннем у партыі. І дадаў: «Жыццё ў нас надзвычай ненармальнае. Я не ведаю, як камуністы будуць жыць пры камунізме»[58].
Новы тэарэтычны складнік у дыскусію аб адносінах палоў пры сацыялізме прапанавала маладая беларуская сацыялогія. Прафесар БДУ С. Я. Вальфсон прысвяціў гэтаму пытанню асобную манаграфію пад назвай «Сацыялогія шлюбу і сям’і». Пачынаючы з 1926 г. малады сацыёлаг змяшчаў фрагменты з яе ў перыядычным друку. Ужо ў першай падобнай публікацыі ён праводзіць думку пра ўмоўнасць, часовы характар маральных норм у чалавечым грамадстве, пачынаючы ад сораму дэманстраваць уласнае аголенае цела і сканчаючы сорамам імкнення да палігамных сэксуальных зносін. На яго думку, у адрозненне ад жывёл, якія спрадвеку падзяляліся і будуць падзяляцца на манагамных і палігамных, чалавечае грамадства «…ня знае адвечных і якія раз на заўсёды вызначаюцца маральных прынцыпаў… Сягоньня маральны прынцып – моногамія, учора і пазаўчора – полігамія, поліандрыя, дзясяткі іншых шлюбных форм, якія асьвечвала для свае эпохі сучасная мараль… пад ціскам экономічнай патрэбы»[59].
У іншай публікацыі, прысвечанай такой форме палавой забароны, як экзагамія, Вальфсон моцна крытыкуе З. Фрэйда за яго спробы вытлумачыць сэксуальныя паводзіны людзей з дапамогаю «механістычных заалагічных прыпадабненняў». Прычым робіць ён гэта з дапамогаю цытаты з працы Ф. Энгельса «Паходжанне сям’і, уласнасці і дзяржавы»[60], якая дапамагла аўтару зразумець вытокі поглядаў бальшавікоў на сэксуальна-шлюбную сферу: «Узаемная ж цярпімасць дарослых самцоў, адсутнасць рэўнасці была першаю ўмоваю для ўтварэння такіх буйных і моцных груп, у асяроддзі якіх толькі і магло адбыцца пераўтварэнне жывёлы ў чалавека»[61].
У 1929 г. у выдавецтве БДУ выйшла «Сацыялогія шлюбу і сям’і», у якой С. Я. Вальфсон аб’яднаў усе свае папярэднія напрацоўкі па вызначаным пытанні. Коратка галоўную думку гэтай кнігі можна выкласці наступным чынам. Падзенне капіталізму вядзе да трансфармацыі сям’і. Пабудова сацыялізму нясе з сабою адміранне сям’і і сацыялізацыю выхавання дзяцей. Пасля пабудовы сацыялістычнага грамадства дэзінтэграцыя сям’і дасягне свайго поўнага завяршэння. Кажучы пра правядзенне сэксуальнай рэвалюцыі на Беларусі, дзе ў той час сяляне ўтваралі больш за 80 % насельніцтва, Вальфсон з задавальненнем адзначае, што «…пасля рэвалюцыі пазашлюбная палавая сувязь зрабілася ў вёсцы даволі звычайнай з’явай… нарадзіўшая ў дзявоцтве – не закляймёная, як гэта было раней… развод стаў у савецкай вёсцы звычайнай з’явай»[62]. Свае словы пра крызіс сямейных адносін («развесціся ў нас у пэўных выпадках лягчэй, чым адзначыцца выбылым у дамовай кнізе») ён ілюструе наступнымі лічбамі: з 1924 па 1927 г. колькасць шлюбаў на 100 тыс. насельніцтва ў БССР скарацілася з 1120 да 850, а разводаў – наадварот, павялічылася з 60 да 180[63].
На старонках кнігі С. Я. Вальфсона мы знаходзім водгукі дыскусіі, што адбывалася на гэты конт па ўсёй краіне на працягу 1920-х гг.
Ён уступае ў завочную палеміку з праціўнікамі сэксуальнай рэвалюцыі. Так, выступаючы супраць вульгарна-матэрыялістычнага звядзення адносін паміж паламі да голай фізіялагічнай сувязі, супраць тэорыі «шклянкі вады», ён рэзка крытыкуе «Дванаццаць палавых запаведзяў рэвалюцыйнага пралетарыяту» А. Б. Залкінда, якія называе «дабрачынна-пастырскімі пропаведзямі»[64]. Аўтар таксама звяртае ўвагу чытача на небяспечную з’яву, што пачала набіраць моц сярод праціўнікаў новай палавой маралі, а менавіта на ўваскрашэнне царкоўнага шлюбу. У заключэнне Вальфсон прызнаецца, што не ведае, якімі будуць новыя формы палавых адносін у сацыялістычным грамадстве. На яго думку, можна толькі меркаваць, што ў іх не будзе ні эканамічнага разліку, ні прымусу, яны не будуць абавязкова звязаныя са шлюбам і сям’ёй, для іх будзе неабавязковым сумеснае пражыванне партнёраў. А адзіная праява дзяржаўнага кантролю палавых адносін грамадзян сацыялістычнага свету будзе мець еўгенічны характар у выглядзе забароны рэпрадукцыі па медыцынскіх паказчыках[65].
Не абмежаваўшыся публікатарскай дзейнасцю, С. Я. Вальфсон прасоўваў ідэі новай маралі ў жывой аўдыторыі. У лютым 1929 г. ён выступіў на камсамольскім дыспуце «Ці патрэбна нам сяброўства?», які адбыўся ў Мінску з удзелам прэзідэнта Беларускай Акадэміі навук У. М. Ігнатоўскага. У сваім уступным слове дакладчык заклікаў зал распрацоўваць новыя формы сяброўства[66], «…падпарадкаваныя клясе і рэволюцыі»[67]. У кастрычніку 1929 г. на запрашэнне рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» ён рыхтаваўся да ўдзелу ў дыскусіі «Якой павінна быць камсамольская сям’я». Але па загадзе зверху яна была спынена, так і не распачаўшыся[68].
Новы погляд на псіхалогію сэксуальнасці прапанаваў беларускаму грамадству вучань С. Я. Вальфсона, з 1923 г. выкладчык, а з 1929 г. прафесар БДУ Б. Э. Быхоўскі. На адно з найбольш актуальных пытанняў для савецкіх вучоных 1920-х гг. пра магчымасць сумяшчэння фрэйдызму і марксізму ён даў станоўчы адказ, але з пэўнымі абмежаваннямі. Пры вывучэнні феномена сям’і малады беларускі сацыёлаг выкарыстоўваў метад псіхааналізу, які лічыў матэрыялістычным, маністычным і дыялектычным вучэннем. У 1923 г. ён выступіў у падтрымку тэорыі сублімацыі палавой энергіі ў сацыяльную дзейнасць, а таксама патлумачыў сэксуальныя неўрозы і фізіялагічную рэгрэсію чалавека прычынамі сацыяльнага характару[69]. Быхоўскі працягваў даследаваць з пазіцый фрэйдызму сацыялогію шлюбу і сям’і, што не перашкаджала яму крытыкаваць стваральніка псіхааналізу, напрыклад, за біялагізацыю сацыяльных з’яў. Ён, у прыватнасці, пісаў, што «…для нас сэксуальнае заўсёды з’яўляецца сацыяльнай праблемай, яно ўплывае на культуру, трансфармуецца ў залежнасці ад канкрэтных грамадскіх умоў… табу і падобныя да яго культурныя з’явы – сацыягенныя»[70]. У 1926 г. у Мінску выйшла кніга «Метапсіхалогія Фрэйда», у якой першы беларускі фрэйдамарксіст выдзеліў прымальныя і непрымальныя кампаненты (у тым ліку прынцыпы працы псіхічнага апарату) вучэння З. Фрэйда, вызначыў перспектывы яго выкарыстання і развіцця ў рамках марксісцкага вучэння[71].
Але ўпершыню магчымасць публічнага выказвання ўласных поглядаў на будучыню сямейна-шлюбных адносін 20-гадовы Быхоўскі атрымаў 7 кастрычніка 1921 г. у Мінску на пасяджэнні ячэйкавых арганізатараў жанаддзелаў. Студэнт БДУ вельмі красамоўна і дасведчана для свайго ўзросту тлумачыў актывісткам жаночага руху: «Палавое каханне – гэта цалкам здаровая і натуральная з’ява, і нам, камуністам, трэба глядзець на яго менавіта так. Гэта – не нізкае, жывёльнае. Сапсаванай трэба называць жанчыну, якая ўстрымалася, а не тую, што здзейсніла палавы акт. Не можа быць ніякіх дэкрэтаў аб каханні. Каханню трэба даць вольнае натуральнае развіццё. Камуністы – не прарокі, мы не ведаем, што з гэтага атрымаецца. Чалавек па натуры шматшлюбны. Гісторыя нам гэта даказвае. Адна з форм шматшлюбнасці – гэта асабістае вольнае каханне як лепшы сродак таварыскай спайкі. Мне могуць запярэчыць, што гэта прастытуцыя. Але мы раз і назаўсёды ўстанавілі, што прастытуцыяй з’яўляецца акт продажу жанчынай ці мужчынам уласнага цела. Рэўнасць асуджана на знікненне пры камуністычным ладзе разам з сям’ёй і шлюбам». Не ўсе з прысутных былі гатовыя пагадзіцца з падобным радыкальным пераглядам традыцыйнай палавой маралі. У пратаколе пасяджэння мы чытаем: «Крэйндзель, Сапун, Меляхавіцкая запярэчылі лектару, што не можа быць шматшлюбнасці, не можа каханне быць заснавана выключна на палавым сужыцельстве»[72].
Можна меркаваць, што тэматыка прац першай паловы 1920-х гг. іншага беларускага сацыёлага – С. З. Кацэнбогена была таксама вызначана новай дзяржаўнай сямейна-шлюбнай палітыкай. У іх загадчык кафедры сацыялогіі і першабытнай культуры БДУ, які да таго часу паспеў заняць шэраг высокіх пасад у беларускай савецкай выканаўчай уладзе, закрануў найбольш вострыя праблемы генеаноміі – раздзела сацыялогіі, які вывучае развіццё форм шлюбу і сям’і. Да гэтых праблем ён адносіў неўпарадкаваныя палавыя адносіны, групавы шлюб, экзагамію, матрыярхат, а таксама ўзростава-палавыя класы альбо групы. Пра іх Кацэнбоген распавёў 30 кастрычніка 1923 г. у сваёй актавай прамове на ўрачыстым сходзе БДУ, выдадзенай тады ж у выглядзе асобнага артыкула. Не менш увагі прамоўца надаў у сваім выступе завочнай палеміцы з прыхільнікамі тэорыі адвечнасці парнага шлюбу, манагаміі. Адстойваючы погляд на палігамію як на ўніверсальны для ўсіх этнасаў перыяд у іх развіцці, Кацэнбоген разумеў яе як неад’емны складнік першабытнага камунізму. Ён даводзіў, што гэтая форма сямейна-шлюбных адносін была ўласцівая не толькі экзатычным паўднёвым культурам, але і старажытным кельтам, германцам і славянам. З гэтага натуральна вынікала непазбежнасць вяртання да палігамных адносін чалавечай супольнасці на новым узроўні на камуністычнай стадыі яе развіцця[73].
Больш разняволенай, чым на ўрачыстым сходзе БДУ, была атмасфера пасяджэння гісторыка-сацыялагічнай секцыі навуковага таварыства пры ўніверсітэце, якое адбылося 11 лютага 1923 г. С. З. Кацэнбоген прапанаваў удзельнікам сходу даклад, у якім зрабіў сацыялагічны аналіз «этнаграфічнага рамана» французскага пісьменніка афрыканскага паходжання Р. Марана «Батуала»[74]. Даклад выклікаў «жывыя і цікавыя дэбаты», бо Кацэнбогена ў рамане прыцягнула не яго антыкаланіяльная накіраванасць, а «суцэльная свабода палавых адносін у адсталых плямёнаў падчас значных гадавых свят, асабліва падчас свята прысвячэння юнакоў і дзяўчат у сапраўдныя, дарослыя члены племені»[75]. Увесь пафас выступу Кацэнбогена быў накіраваны на падтрымку тэорыі першабытнага грамадства Л. Г. Моргана («моргана-энгельсаўскай канцэпцыі»), у прыватнасці яго тэзіса аб неўпарадкаваных палавых адносінах, што і даказваў раман Р. Марана. Адначасова малады беларускі сацыёлаг крытыкаваў заходніх вучоных на чале з адным з заснавальнікаў сэксалогіі Э. А. Вестэрмаркам, якія лічылі, што ў першабытным грамадстве існаваў «абасоблены шлюб» (Sonderehe).
Разняволенасці пасяджэння навуковага таварыства пры БДУ 11 лютага 1923 г. паспрыяў падбор цытат з рамана Р. Марана, якія прапанаваў дакладчык яго ўдзельнікам. Вось адна з іх, дзе апісваецца абрад ініцыяцыі ў цэнтральнаафрыканскім племені: «Усе гэтыя крыкі, усе гэтыя бязладныя танцы павінны былі толькі падрыхтаваць тое, што ўсе чакалі: танец кахання, які танчаць толькі ў гэты вечар, калі дазволена аддавацца распусце… На Ясігінджы быў надзеты велічэзны фалус з размаляванага дрэва… Драўляны фалус падскокваў пры кожным яе руху… Мужчыны скінулі кавалкі матэрыі, якія апяразвалі іх сцёгны, жанчыны скінулі свае пярэстыя фартухі, у каго яны былі. Грудзі – мужчынскія і жаночыя – удараліся адна аб адну. Дзеці пераймалі рухі дарослых… завязвалася барацьба, чуліся хрыплыя воклічы. Часам целы выцягваліся на зямлі, паўтараючы ўсе рухі танца… Над усімі ўладна панавала толькі жаданне»[76]. У іншым месцы свайго выступлення С. З. Кацэнбоген прапанаваў погляд на абразанне[77] як на абрад ініцыяцыі хлопчыкаў-падлеткаў: «…старажытны і сівы, як само чалавецтва»[78]. Вучоны працягваў даследаваць палігамныя формы адносін на канкрэтна-гістарычным матэрыяле ў некаторых іншых працах[79].
Арыгінальны погляд на ўзаемаадносіны палоў праз прызму маралі прапанаваў у 1926 г. аспірант кафедры фізіялогіі жывёл БДУ Я. Я. Кіпель. Як і многія іншыя вучоныя-прыродазнаўцы, ён быў прыхільнікам натуралістычнага падыходу, які лічыў чалавечую мараль працягам законаў прыроды, у прыватнасці біялагічнай эвалюцыі. Знаходзячыся пад уплывам ідэй Г. Спенсэра і Ч. Дарвіна, Кіпель лічыў, што мараль іншымі сродкамі (сацыяльнымі, культурнымі) вырашае тыя ж задачы, якія вырашаюцца з дапамогай біялагічных механізмаў на больш нізкіх прыступках развіцця жыцця. Дапамога слабым і хворым, узаемадапамога, супрацоўніцтва, салідарнасць, эмпатыя, нарэшце, каханне – усе гэтыя рысы сустракаюцца ў свеце жывёл, асабліва ў вышэйшых і «грамадскіх» (г. зн. тых, што жывуць у зграі альбо статку). У рэфераце, абароненым у 1926 г. у БДУ і ў дапрацаваным выглядзе выдадзеным у 1953 г. у Нью-Ёрку, Кіпель піша: «Нагляданьні над жыцьцём жывёлінаў паказалі, што сям’я ў стварэньні маральных праяўленьняў ня мае значаньня. Калі ў вароньняй сям’і забіць саміцу, дык самец пакідае дзяцей і адлятае. Значыць, яму патрэбна толькі саміца, але не сям’я»[80]. Падобны натуралістычны погляд на каханне дэрамантызаваў яго, пазбаўляў гэтае тонкае пачуццё таямніцы і загадкавасці.
Нягледзячы на шматлікія спасылкі на творы Маркса, рэферат, у якім Я. Кіпель выклаў свае погляды на паходжанне маралі, выклікаў шматлікія спрэчкі спачатку на кафедры фізіялогіі, а потым у парткаме ўніверсітэта. «Доўга мне ўспаміналі гэты рэферат: нават на судзе пракурор цвердзіў, нібы я меў намер рэвізаваць вучэнне Маркса»[81].
Тэарэтычныя пошукі ў галіне адносін паміж паламі ў Савецкай Беларусі падсумавала навукова-папулярная брашура беларускага ўрача-гігіеніста З. Ц. Шміта, падрыхтаваная ў 1930 г. У ёй аўтар, паводле яго слоў, спалучыў сацыялагічны і біялагічны падыходы да асэнсавання вызначаных праблем. Мінскі ўрач прапанаваў чытачам ужываць слова «каханне» толькі ў двукоссі як буржуазнае (са спасылкай на Стэндаля ён называе чатыры тыпы гэтага састарэлага пачуцця: каханне-пал, прыгожае каханне, пачуццёвае каханне, нарэшце, ганарлівае каханне). Фізіялагічнай асновай шлюбу, на думку Шміта, з’яўляецца «плоцьны поцяг». Дзетанараджэнне ён разглядаў як «прадукт біолёгічнага падзелу працы». У ліку найважнейшых умоў стварэння камуністычнай сям’і аўтар называе: вызваленне жанчыны з «кухонных путаў», перанясенне функцыі выхавання дзяцей у калектыў і ўцягванне жанчыны ў вытворча-грамадскую працу. Як урач Шміт выступаў за сэксуальнае выхаванне дзяцей, а таксама забарону ўступаць у шлюб па медыцынскіх паказчыках.
Разам з тым аўтар, адчуваючы паварот у дзяржаўнай сямейна-шлюбнай палітыцы, кажа пра новую сацыялістычную манагамію, права маці на сямейнае выхаванне дзяцей, а таксама пра сублімацыю сэксуальнай энергіі. Ён пэўны, што хутка прыйдзе той час, калі «чалавецтва ачалавечыць свае жывёльныя палы, яно адмовіцца ад налётчыкаў любові, растратчыкаў плоцьнай энэргіі і будзе пераключаць гэту сваю энэргію на ток высокага напружаньня грамадзкае творчасьці»[82].
Такім чынам, на працягу 1920-х гг., разам з іншымі савецкімі рэспублікамі, БССР стала палігонам для выпрабавання розных тэорый і канцэпцый, якія прапаноўвалі новыя альбо тлумачылі старыя ўзаемаадносіны палоў[83]. Яны ствараліся сацыёлагамі, біёлагамі, урачамі і, вядома, кіраўнікамі маштабнага эксперыменту – партыйнымі ідэолагамі. Унутры палітычнай і навуковай эліты ў той час яшчэ маглі суіснаваць розныя погляды на «палавое пытанне». Пра плюралізм думак сведчыла адпраўка летам 1926 г. з СССР у Афрыку экспедыцыі прафесара І. І. Іванова з мэтай «вырашэньня аднаго з буйнейшых пытаньняў, што стаяць перад чалавечым розумам», а менавіта «скрыжаваньня чалавека з малпаю»[84]. Спробы вытлумачыць матывы і асаблівасці сэксуальных паводзін чалавека з дапамогай марксісцкай тэорыі карысталіся вялікім попытам і даверам перш за ўсё ў гарадскога насельніцтва, пераважна моладзі. Дзякуючы публічнай дыскусіі сэксуальныя адносіны паступова набывалі новае, палітычнае вымярэнне.
Тэарэтычныя пошукі ў галіне новых сямейна-шлюбных адносін знайшлі сваё ўвасабленне ў савецкай нарматворчасці, заканадаўчых актах.
49
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 1. Спр. 603. Арк. 150.
50
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 1. Спр. 1195. Арк. 59.
51
Гл. напр.: Правдин. Женщина, которая осмелилась… // Звезда. 1927. 21 апр. № 91. С. 2.
52
Каминская Ц. О ликвидации дел «алиментных» // Звезда. 1925. 19 дек. № 291. С. 3.
53
Серман. Советы и борьба за быт // Полесская правда. 1923. 30 нояб. № 1061. С. 2.
54
Иркутов А. Где мы теряем время и силы // Полесская правда. 1923. 14 июля. № 946. С. 3.
55
Круглов Ф. Почему мы ставим половой вопрос // Заря Запада. 1925. 8 февр. № 31. С. 3.
56
Круглов. Лекция-диспут Жернова // Заря Запада. 1925. 14 янв. № 10. С. 5.
57
Заря Запада. 1925. 2 дек. № 274. С. 3.
58
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 1. Спр. 3083. Арк. 452.
59
Вольфсон С. Лёс чалавечай маралі // Полымя. 1926. № 6. С. 59–73; № 7. С. 65–81. С. 69.
60
Ва ўводзінах да сваёй кнігі «Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці», якая выйшла ў знакавым 1937 г., С. Я. Вальфсон быў вымушаны прабачацца за «…рад няправільных сцвярджэнняў і памылковых установак па пытаннях, звязаных з развіццём сям’і», у тым ліку за інтэрпрэтацыю думак Ф. Энгельса, здзейсненую ў сярэдзіне 1920-х гг. Вальфсон С. Я. Сям’я і шлюб у іх гістарычным развіцці. Менск, 1937. С. 4.
61
Вольфсон С. Экзогамия // Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску. 1928. № 20. С. 13.
62
Вольфсон С. Социология брака и семьи (опыт введения в марксистскую генеономию). Минск, 1929. С. 401.
63
Вольфсон С. Социология брака… С. 411.
64
Вольфсон С. Социология брака… С. 382.
65
Вольфсон С. Социология брака… С. 444–449.
66
Пафас прамовы С. Я. Вальфсона быў сапсаваны наступнай запіскай з залы: «Скажэце, як мне паступіць, як ацаніць такое сяброўства. Я – рабочая дзяўчына, сябравала з хлопцам-камсамольцам. Ён быў лепшы мой сябра на працягу некалькіх месяцаў. І што ж, чым скончылася наша сяброўства? Як толькі ён узяў мяне – ён больш не ведаў, не здароваўся, не гутарыў са мной. Я была ім ашукана. Мне стала ясна, што хлопец толькі дамагаўся свайго. Як жа паступіць з ім, як назваць такое сяброўства».
67
Каліта А. Ці патрэбна нам сяброўства? // Чырвоная зьмена. 1929. 24 лют. № 44. С. 4.
68
Чырвоная змена. 1929. 15 кастр. № 235. С. 2.
69
Быховский Б. О методологических основаниях психоаналитического учения Фрейда // Под знаменем марксизма. 1923. № 11–12. С. 158–177.
70
Быховский Б. Генеономические воззрения Фрейда // Под знаменем марксизма. 1926. № 9–10. С. 190.
71
Быховский Б. Метапсихология Фрейда. Минск, 1926.
72
НАРБ. Ф. 4п. Воп. 1. Спр. 602. Арк. 81.
73
Каценбоген С. Спорные вопросы генеономии // Працы Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту. 1923. № 4–5. С. 283–304.
74
Раман Рэнэ Марана «Батуала» быў першым франкамоўным мастацкім творам, напісаным цемнаскурым аўтарам. У 1921 г., адразу ж пасля выхаду, атрымаў прэмію братоў Ганкур і адначасова трапіў пад моцную крытыку за асуджэнне дзеянняў французскай каланіяльнай адміністрацыі ў Цэнтральнай Афрыцы. У 1923 г. перакладзены на рускую мову.
75
Каценбоген С. Первобытный человек. Опыт социологического анализа этнографического романа Ренэ Марана «Батуала». Минск, 1923. С. 22.
76
Каценбоген С. Первобытный человек… С. 26.
77
Неўзабаве абрад абразання будзе згадвацца ў публічным дыскурсе толькі ў кантэксце судовай медыцыны. Гл.: Левін А., Чэрвакоў В. Абразаньне ў асьвятленьні навуковай экспэртызы // Працы Беларускага дзяржаўнага інстытуту крыміналёгіі, крыміналістыкі судовай экспэртызы НКЮ БССР. Вып. ІІ. Менск, 1932. С. 139–178.
78
Каценбоген С. Первобытный человек… С. 24.
79
Гл.: Каценбоген С. Спорные вопросы генеономии: Сложная форма брака у народа Арусси-Галласов в Абиссинии. Минск, 1923.
80
Кіпель Е. Аснова маралі. Нью-Ёрк, 1953. С. 11.
81
Кіпель Я. Эпізоды. Мінск, 2013. С. 105.
82
Шміт З. Род і здароўе, шлюб і сям’я. Менск, 1931. С. 17, 23, 29, 48.
83
Разам з айчыннымі наватарскімі даследаваннямі тагачаснай савецкай, у тым ліку і беларускай чытаючай публіцы былі даступны найлепшыя ўзоры заходняй сэксалагічнай думкі, такія як класічная праца доктара Т. Г. Ван-дэ-Вельдэ, аўтар якой без усялякага сэксуальнага эксперыментатарства, шчыра і адказна імкнуўся дапамагчы людзям дасягнуць доўгатэрміновага шчасця ў манагамным шлюбе, заснаваным на фізіялагічнай і псіхалагічнай гармоніі і, пажадана, каханні. Гл.: Ван-де-Вельде Т. Г. Техника брака. Совершенный брак – опыт исследования и техники. Харьков, 1928.
84
Чырвоная зьмена. 1926. 8 ліпеня. № 77. С. 4.