Читать книгу Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг. - Аляксандр Гужалоўскі - Страница 4
Спачатку было слова
Класікі кідаюць выклік
ОглавлениеУжо першыя сацыялісты даволі хутка зразумелі, што сям’я будучыні не можа быць саюзам індывідуальнасцей. Арыентацыя традыцыйнай сям’і на падтрымку волі індывіда ад пачатку супярэчыла інтарэсам калектыву і класа. Таму сацыял-рэфарматары кшталту Б. П. Анфантэна ўжо ў першай палове ХІХ ст. паставілі за мэту ператварыць сэксуальна-сямейнае партнёрства ў вольнае каханне-сяброўства. Іх тэорыі і практычныя эксперыменты ў камунах паўплывалі на тое, як сямейна-шлюбныя адносіны разумелі заснавальнікі марксізму.
Ужо ў «Камуністычным маніфесце», выдадзеным у 1848 г., стваральнікі камуністычнай тэорыі, якія дакладна не былі панылымі ханжамі, палемізуюць з крытыкамі сацыялізацыі жонак. «Зрэштай, няма нічога сьмяшнейшага, як высока-моральнае абурэньне нашых буржуёў проціў нібыта офіцыяльнай супольнасьці жанок пры комуністычным ладзе. Тымчасам, комуністым няма патрэбы заводзіць супольнасьць жанок, бо гэтая супольнасьць была бадай што заўсёды». Наступны пасаж класікаў крыху прыўздымае завесу над таямніцай адносін палоў пры камунізме: «У рэчавістасьці буржуазнае малажонства (шлюб) зьяўляецца супольнасьцю жанок. Комуністых можна было б упікнуць хіба ў тым, што яны хочуць паставіць адкрытую супольнасьць жанок на месца брыдкай, патаемнай»[30]. Акрамя абмеркавання вяртання да палігамных адносін пры камунізме, К. Маркс і Ф. Энгельс на адной са старонак свайго праграмнага дакумента паведамляюць пра намер камуністаў замяніць хатняе выхаванне дзяцей грамадскім. Пазней, у 1884 г., Ф. Энгельс вярнуўся да абмеркавання адносін паміж паламі ў камуністычным грамадстве ў сваёй працы «Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы». Ахарактарызаваўшы сучаснае яму грамадства як патрыярхальнае, заснаванае на ўладзе бацькі, аўтар прапанаваў наступную сямейную мадэль будучыні: манагамны саюз, заснаваны на вольным каханні, і лёгкі развод у выпадку, калі яно сышло[31].
Тэму вольнага кахання ў камуністычным грамадстве ў 1879 г. у сваёй працы «Жанчына і сацыялізм» развіў вядомы барацьбіт за правы жанчын, германскі сацыял-дэмакрат А. Бебель. Ён, у прыватнасці, лічыў, што «задавальненне палавой патрэбы – такая ж асабістая справа кожнага чалавека, як задавальненне ўсякай іншай натуральнай патрэбы. Ніхто не павінен даваць у гэтым справаздачу іншаму і не пакліканы сюды ўмешвацца»[32]. Акрамя таго, А. Бебель развіў марксісцкую думку пра разбурэнне традыцыйнай сям’і шляхам сацыялізацыі дзяцей, а менавіта пра іх грамадскае выхаванне з ясельнага ўзросту супольнымі камітэтамі, куды павінны ўваходзіць бацькі і педагогі.
Бальшавікі не мелі дакладнай праграмы ў галіне сэксуальнай і сямейна-шлюбнай палітыкі. Іх рыторыка на гэты конт зводзілася пераважна да сацыяльна-эканамічнага вызвалення жанчыны і пераадолення гендарнай няроўнасці. Меркавалася, што на месца традыцыйнай сям’і павінны былі прыйсці квазісямейныя формы арганізацыі людзей, звязаныя не кроўнай еднасцю, а вытворчымі абавязкамі. У. І. Ленін, як і яго папярэднікі, разумеў «буржуазную» сям’ю як перашкоду на шляху рэалізацыі сацыялістычнага эксперыменту. У той жа час Ленін здагадаўся, што ў сэксуальнай свабодзе хаваецца небяспека індывідуалізму. Так, у 1915 г. ён рэзка раскрытыкаваў план артыкула І. Ф. Арманд, прысвечанага сям’і, жаночаму пытанню і свабодзе кахання: «Патрабаванне свабоды кахання раю зусім выкінуць, гэта не пралетарскае, а буржуазнае патрабаванне»[33].
Калі рэвалюцыя разбурыла традыцыйныя нормы і рэгулятары сэксуальных паводзін – царкву, шлюб і нават само паняцце кахання, – замяніць іх не было чым. У 1920 г. у размове з К. Цэткін У. І. Ленін высунуў цьмяную думку пра тое, што сэксуальнай рэвалюцыі папярэднічае рэвалюцыя сацыяльная: «У галіне шлюбу і палавых зносін набліжаецца рэвалюцыя, сугучная пралетарскай рэвалюцыі». Разам з тым, паводле ўспамінаў нямецкай камуністкі, ён не ўхваляў празмерныя захапленні тэорыяй полу, увагі да палавых адносін, заклікаў моладзь займацца фізічнымі практыкаваннямі замест сэксу. У той жа размове з К. Цэткін Ленін назваў шкоднай думку аб тым, што пры сацыялізме задаволіць палавую смагу будзе гэтак жа проста, як выпіць шклянку вады[34].
Найбуйнейшым спецыялістам у галіне гендарных адносін у рускай сацыял-дэмакратыі была А. М. Калантай, погляды якой уяўлялі сабой складаны сімбіёз фемінізму і марксізму. Яна лічыла, што толькі вольныя і, як правіла, шматлікія сэксуальныя сувязі дазволяць жанчыне захаваць уласную індывідуальнасць у грамадстве, дзе гаспадараць мужчыны. Першую сур’ёзную тэарэтычную працу на гэтую тэму пад назвай «Сацыяльныя асновы жаночага пытання» яна напісала ў 1909 г. Сярод вялікага фактычнага матэрыялу, які характарызаваў працу і быт жанчын у Расійскай імперыі, мы знаходзім у гэтай кнізе пакуль што яшчэ вельмі няпэўныя контуры новых сэксуальных адносін пры сацыялізме: «Пасля пераносу выхавальніцкай функцыі з сям’і на грамадства знікне апошняе замацаванне сучаснай закрытай сямейнай ячэйкі… На змену сучаснай прымусовай форме шлюбу ідзе вольны саюз свабодных індывідуумаў… Ідэал вольнага кахання несумненна адпавядае той норме зносін паміж паламі, якую ўсталюе калектывісцкае грамадства»[35]. У рэчышчы крытыкі «буржуазнай сям’і» і «буржуазнай падвойнай маралі» А. М. Калантай выказвае ўпэўненасць, што ў недалёкай будучыні «палавая маральнасць зробіцца справай асабістага сумлення кожнага»[36].
У разгар грамадзянскай вайны А. М. Калантай піша брашуру «Новая мараль і рабочы клас», дзе развівае свае погляды на каханне і сэксуальныя адносіны ў новым грамадстве. Гэтая брашура была напісана пад уплывам папулярнай кнігі нямецкай феміністкі Г. Мейзель-Хес «Сэксуальны крызіс» (1911), дзе сцвярджалася, што сучасная палавая мараль – фікцыя, а традыцыйны шлюб супярэчыць прыродзе чалавека і забівае каханне. Напачатку Калантай малюе партрэт жанчыны з будучыні, сканцэнтраванай на працы, але разам з тым не варожай да «зямных радасцей». Гераіні Калантай – не ўласніцы. Паважаючы пачуцці іншых, яны чула ставяцца да саперніц і патрабавальна да мужчын, даруючы ім здраду, але не ігнараванне іх духоўнага пачатку.
А. М. Калантай выступае супраць трох асноўных форм сэксуальных адносін: легальнага шлюбу, які, на яе думку, супярэчыць мабільнай чалавечай псіхіцы, вольнага саюзу, што вымагае зашмат выдаткаў часу і духоўных сіл, а таксама прастытуцыі. Замест гэтых старых форм яна прапануе там, дзе адсутнічае вялікае каханне (а яно, як вядома, адсутнічае ў абсалютнай большасці людзей), практыкаваць «каханне-гульню» альбо «эратычнае сяброўства». Гэтая форма сэксуальных адносін уяўлялася як «назапашванне любоўнай патэнцыі», «школа кахання», якая не замінае грамадскаму і асабістаму жыццю партнёраў[37]. Ідэал Калантай – гэта манагамны саюз, заснаваны на «вялікім каханні». Але «не бяссменны» і не застылы. Чым больш складаная псіхіка чалавека, тым больш непазбежныя «змены». Таму, на яе думку, найбольш пашыранай формай палавых адносін пры сацыялізме будзе «канкубінат», альбо «паслядоўная манагамія». Побач з гэтай формай будзе існаваць цэлая гама разнастайных відаў адносін у межах «эратычнага сяброўства»[38].
У 1920 г., пасля смерці І. Ф. Арманд, А. М. Калантай на непрацяглы час заняла пасаду загадчыцы жаночым аддзелам ЦК УКП(б). Такім чынам яна атрымала магчымасць не толькі прапагандаваць свае радыкальныя марксісцка-феміністычныя погляды праз друк і лекцыі, але і ўкараняць іх у жыццё адміністрацыйнымі метадамі. Пра эвалюцыю гэтых поглядаў сведчыць апошняя праца Калантай на тэму сэксуальнай маралі «Дарогу крылатаму Эрасу!»[39], адрасаваная, паводле яе падзагалоўка, працоўнай моладзі. У гэтай працы яна паспрабавала пераадолець надта абагуленыя ўяўленні расійскіх марксістаў пра новыя адносіны палоў пры сацыялізме, асэнсаваўшы, што рэвалюцыя – гэта толькі іх зыходная кропка.
Гутарка ў артыкуле ідзе пра неабходнасць змены ментальнасці людзей і як вынік гэтага – пабудовы новых адносін паміж мужчынам і жанчынай у выглядзе разнастайных любоўных саюзаў вольных і раўнапраўных членаў працоўнага калектыву. У прыватнасці, яна піша: «Каханне стала шматгранным, шматструнным… Усё цяжэй пры такой складанасці адценняў кахання ўсталяваць непасрэдную сувязь паміж “Эрасам бяскрылым” (цялеснай цягай) і “Эрасам крылатым” (цялеснай цягай, змяшанай з душэўнымі эмоцыямі)»[40]. Далей Калантай наступным чынам развівае ўласную думку пра шматграннасць кахання: «Аднаго жанчына кахае вярхамі душы, з ім сугучны яе думкі, імкненні, жаданні; да другога яе цягне цялесная моц. У адносінах да адной жанчыны мужчына саспытвае пачуццё ашчаднай пяшчоты, у іншай ён знаходзіць падтрымку і разуменне ўласнага “Я”. Якой жа з дзвюх ён павінен аддаць паўнату Эраса? І чаму ён павінен ірваць, нявечыць сваю душу, калі паўнату быцця дае толькі наяўнасць першай і другой духоўнай повязі?» Такім чынам, на яе думку, «ключ да вырашэння праблемы загадкавага кахання да двух і да трох, якая была не па зубах прадстаўнікам буржуазнага грамадства, цяпер апынуўся ў руках пралетарыяту»[41].
Папярэджваючы моладзь ад захаплення выключна «бяскрылым Эрасам», аўтарка ў той жа час тлумачыла ёй: «Мараль рабочага класа… адкідае знешнюю форму любоўных адносін палоў. Для класавых задач рабочага класа зусім абыякава, набывае каханне форму працяглага і аформленага саюзу альбо выражаецца ў форме сувязі, якая мінае. Ідэалогія рабочага класа не ставіць аніякіх фармальных межаў для кахання»[42]. Падкрэслім, што, паводле Калантай, якая ўпершыню аб’яднала марксізм і сэксуальнасць, падставай для адмовы ад «фармальных межаў» было менавіта каханне, а не лёгкія спарванні, сэнс якіх – улада над іншым. Яна выступала супраць буржуазнага вольнага кахання гэтак жа зацята, як і супраць буржуазнага шлюбу. Такім чынам, тэорыя кахання Калантай, збудаваная на марксісцкім сацыяльна-эканамічным падмурку, уключала новыя этычныя катэгорыі і паняцці.
Увасабленню ў сэксуальных адносінах шчырасці, асабістай незалежнасці і эратычнай радасці былі павінны спадарожнічаць новыя формы агульнага жыцця і выхавання дзяцей. У 1920 г. Калантай падтрымала заканадаўчую легалізацыю абортаў у РСФСР (і адпаведна ў БССР), якую лічыла часовай з’явай. Яна выступала за перадачу дзяцей, са згоды маці, на выхаванне ў дзяржаўныя ўстановы, дзеля чаго насельніцтва трэба было абкласці спецыяльным падаткам. Важнай умовай пабудовы новага быту з’яўлялася супольнае пражыванне ў звязаных з вытворчымі калектывамі дамах-камунах, дзе вядзенне гаспадаркі ўскладалася на спецыялістак.
Брытанскі гісторык-марксіст Э. Хобсбаўм адзначаў, што яму «…невядомы ніводны рэвалюцыйны рух альбо рэжым, які б не развіваў пурытанскую тэндэнцыю; не выключэнне і марксісцкі рух, дактрына заснавальнікаў якога была далёка не пурытанская»[43]. Нямала прыхільнікаў падобнай пурытанскай тэндэнцыі – апанентаў А. М. Калантай было ў савецкай дзяржаўнай і партыйнай эліце. Сярод апошніх мы знаходзім наркама асветы А. В. Луначарскага, члена Палітбюро ЦК УКП(б) М. І. Бухарына, наркама аховы здароўя РСФСР М. А. Сямашку, сакратара Цэнтральнай кантрольнай камісіі УКП(б) Е. М. Яраслаўскага, сакратара Выканкама Камінтэрна Д. З. Мануільскага, загадчыка жанаддзела ЦК УКП(б) С. М. Смідовіч і інш. Усе яны, адкрыта альбо схавана палемізуючы з А. М. Калантай, выступалі супраць нястрыманасці ў зносінах паміж паламі, тлумачачы сваю пазіцыю тым, што непераборлівасць у сэксе ўласціва буржуазнаму грамадству, яна вядзе да шкодных грамадскіх наступстваў і да т. п. Разам з тым усе яны будавалі ўласныя развагі па праблемах выхавання палавой маралі вакол тэорыі новага кахання А. М. Калантай, якая набыла вялікую папулярнасць у грамадстве, асабліва – сярод моладзі.
Так, Д. З. Мануільскі, не прапануючы ніякіх новых мадэляў сэксуальных паводзін, заклікаў моладзь звярнуцца да аскетычнай маралі старых бальшавікоў-падпольшчыкаў, а таксама больш вучыцца, чытаць, працаваць. Е. М. Яраслаўскі разглядаў развагі пра крылаты і бяскрылы Эрас у адным шэрагу з буржуазнымі тэорыямі кахання.
У маі 1925 г. чытачы гомельскай «Палескай праўды» маглі азнаёміцца з артыкулам М. І. Бухарына, прысвечаным упарадкаванню быту моладзі. Абмеркаванне праблемы на падобным высокім узроўні сведчыла пра яе сур’ёзны характар. Бухарын заклікаў савецкую моладзь спыніць сэксуальную рэвалюцыю, тлумачачы ёй, што ад баявой, разбуральнай працы дзяржава перайшла да мірнага будаўніцтва. Ён, у прыватнасці, засцерагаў маладых чытачоў: «Чулі, напрыклад, некаторыя нашы юнакі і дзяўчаты, што вельмі рэвалюцыйным лічылася пляваць на ўсялякія сарамлівасці ў галіне палавых адносін. Тады гэта быў рэзкі пратэст супраць сляпых забабонаў грамадства, супраць агідных законаў так званага сямейнага права, супраць прыніжэння жанчыны. Але людзі не разумеюць гэтага і па-ранейшаму лічаць, што максімум неўрэгуляванасці – самы святы закон»[44].
У 1926 г. рэдакцыя віцебскай «Зары Захаду» змясціла вытрымку з лекцыі А. В. Луначарскага «Якім будзе сацыялістычны быт». З яе вынікала, што шлюб пры сацыялізме павінен быць парным, дзяцей павінны выхоўваць іх бацькі. Наркам асветы пагаджаўся з Калантай у пытанні аб неабходнасці вызвалення жанчын ад быту і ўцягнення іх у будаўніцтва сацыялізму, але палемізаваў з ёй адносна вольных адносін паміж паламі і ўвядзення 5-рублёвага падатку на калектыўнае выхаванне дзяцей[45]. У наступныя гады пазіцыя Луначарскага ў палавым пытанні стала яшчэ больш кансерватыўнай. Ён прапанаваў глядзець на асобу, якая мае 5–6 разводаў, як на злодзея, што мае за плячыма 5–6 крадзяжоў са ўзломам. Гэтыя думкі, выкладзеныя ў спецыяльнай брашуры, прысвечанай пытанням быту[46], Луначарскі агучыў на сваёй публічнай лекцыі ў Мінску 18 лістапада 1928 г. У прыватнасці, народны камісар асветы заклікаў адмовіцца ад погляду на жанчыну як на прадмет асалоды, а таксама выступаў супраць тых «новых» адносін, якімі «хванабэряцца многія маладыя шчалкапёры». «Які ж рецэпт мы можам даць моладзі ў адказ на яе пытанне аб тым, як ёй наладзіць свае палавое жыццё?» – рытарычна пытаў А. В. Луначарскі сваю аўдыторыю. І адразу ж даваў адназначны адказ: «Устрыманне. Устрыманне для моладзі зусім не шкодна»[47].
Але галоўным апанентам А. М. Калантай стаў псіханеўролаг-марксіст А. Б. Залкінд, які ў сярэдзіне 1920-х гг. у шэрагу артыкулаў паспрабаваў сфармуляваць новую савецкую мадэль сэксуальных паводзін моладзі. Адпаведна ёй, клас пралетарыяў у мэтах рэвалюцыйнай мэтазгоднасці меў права ўмешвацца ў палавое жыццё яго асобных прадстаўнікоў. Палавое прыцягненне пралетарыя да тых, хто паходзіў з эксплуататарскіх класаў, Залкінд прапанаваў разглядаць у якасці аднаго з відаў палавых вычварэнняў, як прыцягненне «да кракадзіла, да арангутанга». У адносінах паміж мужчынам і жанчынай не павінна было быць флірту, заляцанняў, какецтва і іншых форм «палавога заваявання». Сэксуальная прыцягальнасць чалавека вызначаецца яго класавай прыналежнасцю.
У 1924 г. выйшла папулярная праца А. Б. Залкінда з ашаламляльнай назвай «Дванаццаць палавых запаведзяў рэвалюцыйнага пралетарыяту», якая выклікала абмеркаванні, спрэчкі, водгукі ў друку. Яе пафас быў накіраваны на ўпарадкаванне сэксуальнага жыцця савецкіх мужчын і жанчын на аснове класавай, пралетарскай этыкі. У рэчышчы фрэйдысцкай тэорыі сублімацыі псіханеўролаг-марксіст прапанаваў маладым будаўнікам сацыялізму не спяшацца брацца шлюбам, устрымлівацца ад выпадковых сувязей, эканоміць сэксуальную энергію для грамадскіх спраў, шукаць сэксуальных партнёраў па класавай прыкмеце, пазбавіцца ад рэўнасці і, нарэшце, дазволіць класу карэктаваць палавое жыццё сваіх індывідаў[48].
Характарызуючы розныя погляды прыхільнікаў пурытанскага спосабу вырашэння палавога пытання, трэба адзначыць, што іх аб’ядноўваў агульны погляд на сэкс як на нешта другаснае, на тое, што пасля пабудовы базісу сацыялізму вырашыцца само сабою. Аднак толькі асуджэнне апалагетыкі сэксуальнай разняволенасці не давала адказаў на важныя жыццёвыя пытанні, якія абмяркоўваліся на шматлікіх камсамольска-моладзевых сходах. Напрыклад, як ставіцца да кахання паміж мужчынам і жанчынай па-за межамі новага грамадзянскага шлюбу?
30
Маркс К., Энгельс Ф. Комуністычны маніфэст / Пер. Я. Лёсіка. Менск, 1924. С. 41.
31
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы. Мінск, 1970. С. 119.
32
Бебель А. Женщина и социализм. Пг., 1918. С. 442.
33
Ленин В. Полное собрание сочинений. Изд. 5-е. Т. 49. М., 1964. С. 51.
34
Цеткин К. Воспоминания о Ленине. М., 1925. С. 15.
35
Коллонтай А. Социальные основы женского вопроса. СПб., 1909. С. 219.
36
Коллонтай А. Социальные основы… С. 171.
37
Коллонтай А. Новая мораль и рабочий класс. М., 1919. С. 43.
38
Коллонтай А. Новая мораль… С. 46.
39
Гэты артыкул быў напісаны А. М. Калантай у Нарвегіі неўзабаве пасля заканчэння бурлівага кахання і трагічнага расстання з матросам-балтыйцам П. Я. Дыбенкам, адносіны з якім ставілі пад сумненне практычную значнасць яе тэарэтычных пошукаў.
40
Коллонтай А. Дорогу крылатому Эросу! (письмо к трудящейся молодежи) // Молодая гвардия. 1923. № 3. С. 120.
41
Коллонтай А. Дорогу крылатому Эросу… С. 121.
42
Коллонтай А. Дорогу крылатому Эросу… С. 122.
43
Hobsbawm E. Revolutionaries. L., 2011. Р. 252.
44
Бухарин Н. Об упорядочении быта молодежи // Полесская правда. 1925. 31 мая. № 122. С. 2.
45
Полесская правда. 1926. 11 дек. № 286. С. 3.
46
Луначарский А. О быте. М.-Л., 1927.
47
Зьвязда. 1928. 21 ліст. № 267. С. 4.
48
Залкинд А. Двенадцать половых заповедей революционного пролетариата // Философия любви. В 2-х т. Т. 2. М., 1990. С. 224–255.