Читать книгу Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917–1929 гг. - Аляксандр Гужалоўскі - Страница 3
Спачатку было слова
ОглавлениеСтаўленне да сэксу ў еўрапейскім грамадстве да пачатку ХХ ст. грунтавалася перадусім на сплаве традыцыйнай і хрысціянскай маралі. У такім грамадстве сэкс быў непрымальны па-за шлюбам, як непрымальныя былі таксама кантрацэптывы і аборты. Развіццё навуковых ведаў, падзенне аўтарытэту царквы, а таксама пераход ад аграрнага да індустрыяльнага грамадства прывялі да размывання маральнага канона. З’яўленне на мяжы ХІХ і ХХ стст. руху суфражыстак і яго лагічнага працягу – фемінізму прывяло да таго, што масы жанчын адчулі сябе роўнымі мужчынам. Гэта кардынальна адбілася на сэксуальных зносінах.
Сацыялісты ўключылі вырашэнне гендарных праблем у сваю праграму, прычым адразу ж абвясцілі сацыялізм адзіным вучэннем, здольным канчаткова іх вырашыць. Яны тлумачылі, што большасць праблем ва ўзаемаадносінах паміж паламі выкліканы заняволеннем жанчыны, а таксама падзелам працы і прыватнай уласнасцю. Праз адсутнасць сродкаў да існавання эксплуатаваная капіталістычным грамадствам жанчына вымушана прапаноўваць сябе мужчынам у якасці прастытуткі, утрыманкі альбо жонкі. Прычым буржуазная мараль прымушае жанчын хлусіць пра каханне нават тады, калі яны кіруюцца халодным разлікам. Згодна з марксісцкім вучэннем, жанчыны цярпелі двайны прыгнёт – ад капіталу і буржуазнай сям’і. Пралетарская рэвалюцыя мусіла знішчыць прыватную ўласнасць на сродкі вытворчасці, а разам з ёю і буржуазную сямейную ячэйку.