Читать книгу Алёнкіны казкі - АлёнКа - Страница 4

Прыкметы і павер»і

Оглавление

Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш.

У. Караткевіч

Прыкметы і павер’і, якія мы заўважаем на дадзены момант, ёсць адлюстраванне нашай падсвядомасці. Калі мы думаем, што захварэем ад таго, што ў памяшканні скразняк, ці ад таго, што мы самі сябе сурочылі, выхваліўшыся, што ў гэтым годзе ніводнага разу не хварэлі, мы абавязкова захварэем. Калі нам здаецца, што сённяшні паход ў краму скончыцца нічым, то так яно і будзе. Калі мы падсвядома жадаем ад кагосьці-чагосьці пазбавіцца (напрыклад, ад надакучыўшых адносін), то і прыкметы будуць сустракацца адпаведныя: вылеціць цагліна з печы, двор пачне хутка зарастаць крапівай, крумкач праляціць з карканнем над дахам у бок могілак… Прыкметы нібыта пацвярджаюць наша падсвядомае жаданне, апошняе ўзмацняецца, і смерць, хвароба, здрада, безграшоўе не прымусяць сябе доўга чакаць. Варта ж толькі падумаць аб каханні, шчасці, здароўі – і гэтыя думкі неўзабаве быццам магнітам прыцягнуць да вас шчасце ўзаемнага кахання, а дзеля таго, каб быць здаровым, дастаткова ўпэўнена сказаць сабе «я здаровы» і «як верыце, так яно і будзе».

Закрануўшы паняцце веры, неабходна адзначыць, што так, калі вы свята верыце ў тое, што перабегшы дарогу чорны кот прыносіць удачу, то не трэба шукаць абходныя шляхі – вам ніякая небяспека не пагражае. Сапраўды, калі вы спакойна ставіцеся да сустрэчы з чалавекам з пустымі вёдрамі – ніякія непрыемнасці, дзякуючы гэтаму спатканню, вас не напаткаюць, ваша «чаша» застанецца такой жа поўнай, як і раней, а калі вы ідзяце па справе, то яна, безумоўна, удасца. Вера ў тое, што пустыя вёдры азначаюць, што вы справіцеся са ўсім так жа лёгка, як важаць ненапоўненыя вёдры, а не марнуеце час дарма, займаючыся не той справай, прынясе ўдачу. Безумоўна, калі вы запраграмавалі сваю падсвядомасць на тое, што левая рука чухаецца да грошай, то вы абавязкова будзеце іх атрымліваць пасля такой няхітрай рэакцыі арганізма на прыток грашовых сродкаў. Але калі вы дамовіліся з самім сабой, што гэтае ж дзеянне азначае, што з грашыма прыйдзецца развітацца, то неўзабаве вы іх аддасцё або, калі вы не верыце ні ў першае, ні ў другое, жаданне пачухаць рукі будзе сігналізаваць аб тым, што пара ўжо іх памыць.

Аднак калі вам не лішне было б даведацца, якога выніку чакаць ад прыняцця важнага рашэння, дазвольце сабе раскошу звярнуцца да традыцыйных, вякамі ўсталяваных прыкмет і павер’яў, якія здольны ўказаць на выбар правільнага шляху, даць неабходную параду, аказаць дапамогу. Гэтак жа няма нічога дрэннага і ў выкарыстанні прыёмаў белай магіі ва ўласных утылітарных мэтах. Але тут трэба памятаць: магія, нават белая, адносіцца да той катэгорыі рэчаў, за якія рана ці позна прыйдзецца заплаціць. Гэта нармальна, плацім мы і за іншае. Напружанне выклікае толькі той факт, што кошт загадзя невядомы. Бадай што, бяспройгрышным варыянтам у такім разе будзе звяртанне з просьбай да памерлых родзічаў, да любых прадстаўнікоў таго свету (і святых, у тым ліку), папярэдне пачаставаўшы іх рытуальнай ежай ці выканаўшы ахвярапрынашэнне, любое іншае дзеянне, дзе вы спачатку расплачваецеся за тое, што атрымаеце потым. Ёсць толькі адна акалічнасць: вы ўпэўнены, што на самай справе ведаеце, чаго хочаце?!

Не раю з толькі што сказанага зрабіць няправільны вынік, што, калі вы не будзеце ведаць дрэнных прыкмет, то нічога благога з вамі не здарыцца. Гэта вы разумна разважаеце, што нічога такога не ведаеце, а ваша падсвядомасць, у многім заснаваная на памяці роду, лічыць зусім наадварот і, калі яе асэнсавана не перапраграмаваць, а для гэтага, як мінімум, трэба ведаць, што можна і ці варта было б нешта перайначыць, спрацуе гэтак жа добра, як многа вякоў таму дапамагала вашаму далёкаму продку «падсцяліць саломкі» там і тады, дзе і калі было патрэбна.

Якія робім высновы? Так, трэба абавязкова прыслухоўвацца да голасу народнай мудрасці, але пры гэтым памятаць, што вера стаіць над ёй. Вера знаходзіцца на парадак вышэй за любыя прыкметы, павер’і, варожбы, вопыт прошлых пакаленняў. Але не сляпая, а заснаваная на ведах, таму што безагаворачна паверыць, паверыць на самай справе, можна толькі таму, што сам перажыў.

***

Аб тым, як веданне прыкмет дапамагло мне, будзе прыклад.

У свой час я выйшла замуж, як кажуць, «па залёце». Мы не любілі адзін аднаго, але ж «гады ідуць», «дзіцяці патрэбен бацька»… Карацей, усе гэтыя стэрэатыпы спрацавалі. Да чаго гэта прывяло? Я амаль не страціла не толькі мужа, але і дачку. Як гэта адбылося? Зараз раскажу. Кожны чалавек хоча быць шчаслівым. Узнікненню такога самаадчування на той час перашкаджалі дысгарманічныя адносіны з нелюбімым чалавекам. І падсвядома я заўсёды хацела яго пазбавіцца. Жаданне паступова даходзіла да Бога. Як вынік, у хаце пачалі здарацца незвычайныя рэчы: спачатку заляцела ў пакой сініца, потым засохла яблыня, трэснула шкло ў акне, з печкі абсыпалася цэгла. І калі Насця, нарэшце, пабудавала з кубікаў помнік, потым паклала пад яго ляльку, намаляваўшы спачатку ёй на шыі чырвоную паласу, у мяне на галаве заварушыліся валасы. Я запытала, што яна робіць. Насця адказала, што дзяўчынку збіла машына, і яе трэба пахаваць, таму яна і зрабіла ёй помнік.

Згодна добра вядомых мне народных павер’яў, спярша я павінна была страціць мужа, а потым і дачку. Прычым тут дачка, запытаеце вы, калі я хацела пазбавіцца ад мужа? Тут амаль не спрацаваў яшчэ адзін стэрэатып: «Хочаш пазбавіцца нямілага, Бог забярэ любімага». Мяне ахапіў жах. Трэба было нешта рабіць, і хутка. І я зрабіла. Падала на развод, забрала дачку і пераехала з ёй да бацькоў. Зараз мне сустракаюцца толькі добрыя прыкметы. Бо я так хачу. Я здолела перавярнуць усё ў сваім жыцці, каб распачаць зноўку. А вы?

***

Неўзабаве пасля азначаных падзей, падчас майго знаходжання на сесіі, сябар распавёў мне легенду. Сутнасць яе заключалася ў тым, што два чалавекі, жадаючы даведацца аб сваім далейшым лёсе, пайшлі да прадказальніка. Аднаму з іх ён напрарочыў, што праз год той стане князем, а другому сказаў, што праз год яго ўжо не будзе ў жывых. Той, якому нагадалі ўладу і багацце, вырашыў, што, паколькі яго чакае такі выдатны лёс, не варта больш працаваць над сабой і пусціўся ва «усе цяжкія»: пачаў піць, гуляць… Другі ж вырашыў, што раз жыць яму засталося ўсяго нічога, трэба зрабіць за гэты час усё, што ў яго сілах, для самаўдасканалення, каб паміраць было не сорамна.

Роўна праз год сябры сустрэліся. Ідуць яны па беразе ракі, разважаюць, што вось, ні ў аднаго, ні ў другога прадказанне не збылося. Раптам з лесу выскачылі злодзеі. Атрымалася так, што таго, хто павінен быў стаць князем, яны зарэзалі, а таго, хто павінен быў памерці, толькі паранілі.

Чаму так атрымалася? Таму што першы растраціў дадзеныя яму жыццёвыя сілы марна, а другі працягваў працаваць над сабой з яшчэ большай упартасцю і напружаннем.

На наступны дзень пасля таго, як я пачула гэту легенду, мне патэлефанавала маці. Аказваецца, напярэдадні ў бальніцу трапіла мая дачка. Ангіна дала ўскладненні, і ў яе раптоўна пачаўся ацёк гартані. Насця пачала задыхацца. Машына хуткай дапамогі прыехала своечасова: усяго некалькі хвілін аддзялялі маю дачку ад смерці.

І тут я зразумела, што ў мяне на самай справе атрымалася адкруціць сітуацыю з тым, каб зрабіць работу над памылкамі.

Не трэба браць з мяне прыклад і чакаць, пакуль сітуацыя стане крытычнай. Пачніце працаваць над сабой зараз.

***

Пасля апошняга здарэння мінуў месяц. Я не папярэдзіла: у маёй дачкі на працягу апошняга года балелі ножкі. То адна, то другая. Не памятаю зараз, якая болей. Я тады не магла зразумець: чаму? А зараз вось здагадалася – «да зямлі яе цягнула», у зямлю, пад зямлю, да таго свету. Пару месяцаў назад балець перасталі. А два дні таму зноў пачалося. Праўда, на гэты раз балела толькі адна, але вельмі моцна. Гэта доўжылася каля чатырох гадзін. Потым усё прайшло. А сёння, 31 кастрычніка 2010 года, я сустрэлася з сяброўкай. Яна мне паведаміла, што якраз два дні таму майму цяпер ужо былому мужу стала дрэнна. Яго забрала машына хуткай дапамогі. Некалькі гадзін ён знаходзіўся пад кропельніцай – роўна столькі, колькі ў Насці балела правая ножка. Правая – адказваючая за правае, мужчынскае, за здароўе бацькі. Зараз з ім усё добра.

Прыемна бачыць вынікі сваёй працы – працы над сабой.

Алёнкіны казкі

Подняться наверх