Читать книгу Алёнкіны казкі - АлёнКа - Страница 9
Ваўкалакі – міф або рэчаіснасць, або што было спачатку: яйка ці курыца?
Оглавление«Што было спачатку: курыца ці яйка?» – не адно пакаленне вучоных задае сабе гэта пытанне і так і не можа прыйсці да адзінай высновы.
Адказ, між тым, ляжыць на паверхні. Спачатку была качка.
Чаму менавіта качка? Таму што да яе была толькі вада, а качка, як вядома, птушка вадаплаваючая. Калі гэты довад вас не задавальняе, тады варта ўспомніць міф аб утварэнні Сусвету.
Спачатку была вада, потым прыляцела качка, якая, мабыць, вядомая інстынктам прадаўжэння роду, вырашыла адкласці яйка. Дзеля гэтага ёй патрэбна было звіць гняздо, што яна і пачала рабіць, б’ючы лапкамі па вадзе. Так атрымалася суша.
Неверагодна? А вы вазьміце трохлітровы слоік падагрэтага дамашняга малака і патрасіце яго хвілін сорак. Што ў вас атрымалася? Ну вядома ж, кавалак масла, акружаны малаком меншай тлустасці або шчыльнасці. Таму – факт.
Такім чынам, атрымліваецца своеасаблівы ланцужок: вада-суша-яйка, выседзеўшы якое, качка дала жыццё ўсяму жывому.
Тады адкуль узяўся чалавек?
Глава невыпадкова мае двайную назву. І Дарвін не вельмі памыляўся, калі лічыў, што чалавек пайшоў ад малпы. Яго памылка змяшчалася толькі ў адным слове —«малпа». Замяніце яго агульным паняццем «жывёла» – і вось вам гатовая карціна нашага з вамі паходжання. Нездарма першапачатковымі рэлігіямі ўсяго чалавецтва былі анімізм і татэмізм. А гэта значыць, што ўсё: чалавек, жывёлы, расліны, камяні маюць душу.
Ну што, шаноўныя жанчыны, вам усё яшчэ хочацца атрымаць на дзень нараджэння шыкоўны венік з некалькіх дзясяткаў забітых кветак?
Слова «татэмізм» азначае, што кожны род мае свой татэм і пакланяецца той жывёліне, ад якой узяў пачатак. Так што ваўкалакі ніякі не міф, а самая што ні на ёсць сапраўдная рэчаіснасць.
Вось тое, што датычыцца паходжання мужчын.
Адкрытым застаецца пытанне: адкуль пайшла жанчына? У Бібліі і больш позніх міфах сцвярджаецца, што з рабра. Але раней нашы продкі лічылі, што жанчына ўтварылася з пляўка мужчыны. Чым ён пры гэтым пляваўся, гісторыя замоўчвае, але наўрад ці сліной: аплюйце вы хоць усё наваколле – чалавек ад гэтага не народзіцца. Такім чынам, атрымліваецца, што продкі мелі на ўвазе плявок іншай часткі цела мужчыны. А менавіта той, па якой мы адрозніваем, хлопчык нарадзіўся ці дзяўчынка. Пры гэтым, наўрад ці чалавека-воўк займаўся самазадаволеннем. Хутчэй за ўсё ён скарыстаўся для гэтай мэты звычайнай ваўчыцай (ці можа мядзведзіцай, не гэта галоўнае). У выніку такога вось «свяшчэннадзейства» і ўтварылася жанчына.
Добра гэта ці дрэнна, а з усяго вышэй сказанага выцякае, што чалавек не «вянец тварэння», а вынік генна-храмасомнай мутацыі шэрагу жывёл. Магчыма, таму ён з’яўляецца менш дасканалай істотай за звяроў. Бо як тады растлумачыць тое, што яны нас разумеюць, а мы іх, у большасці сваёй, не. А роздумы пра дабро і зло – вынік палёту хворага ўяўлення. Яшчэ сафісты гаварылі: «Дабро ёсць зло, для зла». Таму такіх паняццяў, як дабро і зло не існуе, ёсць толькі наша суб’ектыўнае меркаванне аб тых ці іншых з’явах, як аб добрых або дрэнных.
На тое, што чалавек узяў сваё паходжанне ад жывёл, указваюць не толькі нашы паданні пра пярэваратняў, але і главы з паэмы Авідзія «Метамарфозы», дзе расказваецца пра Эака, для якога Зеўс стварыў працалюбівых гараджан з мурашак, і пра Кадма, дзе з зубоў змяі ўтвараюцца воіны і, больш за тое, дзе Кадм сам разам з жонкай пераўтвараюцца на змей; апошняе адбываецца згодна іх пажаданняў.
Вяртаючыся да ваўкалакаў. Аляксандр Гарбоўскі ў кнізе «Жыццё, смерць, бессмяротнасць?..» выказвае цікавае меркаванне, што ў стане трансу можна выходзіць са свайго цела і ўсяляцца ў цела жывёлы. Жывёла ж, утрымліваючая адразу дзве сутнасці – сваю і чалавека, будзе з’яўляцца пярэваратнем, адным з магчымых яго ўвасабленняў. А калі так (калі казаць без жартаў), то, распавядаючы сваю версію паходжання чалавека, нашы продкі, верагодна, хацелі ўсяго толькі намякнуць нам на магчымасць перасялення душ. Татэмізм, у такім выпадку, указвае на тое, што душа кожнага з жывучых сёння людзей змяшчалася некалі ў целе жывёлы.
Так што, калі сустрэнеце дзесь на ўскрайку лесу тры ўторкнутых побач нажы – не чапайце іх, пашкадуйце свайго суродзіча ваўкалака – не ўсё незразумелае і непадуладнае сярэднестатыстычнаму чалавечаму розуму з’яўляецца благам.